На сцэне і на плошчы

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

На ХV «Белай Вежы» паказалі трыццаць дзевяць спектакляў з дзевятнаццаці краін свету

Год за годам

 /i/content/pi/mast/38/646/41-.jpg
 «Нашэсце іншапланецян». Тэатральная група KUD Ljud (Любляна, Славенія).
Чарговая «Белая Вежа» падсумавала ўражанні і абнародавала вынікі. І тое, што зрабілася яе безумоўным здабыткам, мусіць быць зафіксавана для тэатральнай гісторыі. Магчыма, для некага гэта толькі звычайныя факты і ўжо звыклая статыстыка. Але для асоб зацікаўленых — нешта большае, вартае асэнсавання і аналізу. Сёлета ў Брэсце на ХV «Белай Вежы» сцэнічныя калектывы з дзевятнаццаці краін свету паказалі трыццаць дзевяць спектакляў на трынаццаці сцэнічных пляцоўках. На іх прысутнічалі 11860 гледачоў. Упершыню «Белая Вежа» працавала на выездзе і яе спектаклі ўбачылі жыхары Брэстчыны. Праграму фестывалю разнастаілі пяць вулічных спектакляў і тры лялечныя. Упрыгожвалі жанры «мона», оперы, пластычныя спектаклі, тэатр  танца, рок- і джаз-канцэрты. Зразумець, якім чынам удакладняецца фестывальная канцэпцыя, нескладана. «Белая Вежа» перадусім імкнецца да своеасаблівай тэатральнай таталізацыі (па аналогіі з некалі папулярным вызначэннем «татальны тэатр»). Яе дырэктар і мастацкі кіраўнік Аляксандр Козак марыць пра існаванне ў Брэсце буйнога і ўплывовага міжнароднага фестывалю зусім не рэгіянальнага значэння. Падобныя амбіцыі хоць і не агучваюцца, але выразна акрэсліваюцца цягам некалькіх апошніх гадоў. Невыпадкова ў фестывальных кулуарах можна пачуць, што на міжнароднай тэатральнай прасторы «Белая Вежа» спрабуе сцвердзіцца колькасцю запрошаных краін-удзельніц, а не якасцю паказаных падчас фестывалю спектакляў. Насамрэч гэта не зусім так. На сённяшні дзень «Белая Вежа» — самы буйны міжнародны тэатральны фестываль у Беларусі. У той жа час — дастаткова мабільны па еўрапейскіх мерках. Думаю, што яе арганізатары не маюць на мэце абавязкова збіраць у Брэсце тэатральныя шэдэўры. Пятнаццацігадовая фестывальная гісторыя — рух і бег з перашкодамі, які далёка не кожны здатны вытрымаць. Дый наіўна было б чакаць ад Аляксандра Козака беспадстаўнага рамантызму пры фарміраванні фестывальнай афішы. Бо ён дакладна ведае, што і дзеля чаго робіцца, а нам даводзіцца толькі канстатаваць відавочнае. На «Белай Вежы» выразна акрэсліваюцца абрысы сучаснага тэатра на вялізнай сусветнай прасторы. А тут дарэчы і тэатральныя здзяйсненні, якія ў яе праграме абавязкова прысутнічаюць. Фестываль — гэта не толькі адкрыццё новых сцэнічных калектываў і спосабаў засваення тэатральнай рэчаіснасці, гэта адкрыццё новых і згадванне добра знаёмых імёнаў. Дарэчы, каралевай тэатральнага жанру ў Брэсце па-ранейшаму застаецца драма. Хоць не менш цікава бывае ўбачыць сучасны сусветны тэатр у ягоных разнастайных сцэнічных праявах і шматаблічнай пярэстасці.

Пляц, на пляцы, па-за пляцам...

 /i/content/pi/mast/38/646/41.jpg
 «Сляпыя» паводле Хасэ Сарамагі. Тэатр КТО (Кракаў, Польшча).
Пра тое, што вулічныя паказы — ягоны ўлюбёны тэатральны жанр, Аляксандр Козак гаворыць адкрыта. Упарта падкрэслівае яго асаблівае значэнне і месца ў агульнай праграме, якое, дарэчы, штогод змяняецца. Спачатку тэатральная публіка падключалася да вулічных спектакляў млява і з неахвотай. Але Козак настойліва пашыраў іх прысутнасць у фестывальнай афішы, падбіраў уражальныя відовішчы, запрашаў выбітныя калектывы. Нават паклапаціўся пра тое, каб глядзець спектаклі было зручна, — і для самай зацікаўленай публікі паставіў лаўкі і крэслы. Пасля таго як некалькі гадоў таму «Вішнёвы сад» Львоўскага тэатра «Уваскрэсенне» выбухнуў на плошчы ўначы яскравымі сцэнічнымі эфектамі і атрымаў Гран-пры, вулічныя паказы на «Белай Вежы» занялі асаблівае месца. Іх больш не пазбягаюць крытыкі і з нецярплівасцю чакае шырокая публіка. Сёлета Тэатральная група KUD Ljud з Любляны (Славенія) адкрывала праграму ў першы дзень фестывалю. Проста на плошчу ў вялікі натоўп народу ўехала не самая шыкоўная іншамарка. З яе акон высунуліся дзіўныя ружовыя істоты, і шоу распачалося з непрадугледжанага канфузу. Работнікі ДПС, якія прысутнічалі на вуліцы для захавання парадку, не былі загадзя папярэджаны і прынялі артыстаў за парушальнікаў правіл дарожнага руху. Міні-праследаванне надало пікантнасці відовішчу і насамрэч было вартым уключэння ў сцэнарый дзейства. Далей доўга ўсталёўваліся кантакты «прадстаўнікоў незямной цывілізацыі» з фестывальным людам з дапамогай дотыкаў і нават пацалункаў. Інтэрактыў стаўся непрадказальным, вясёлым, бударажыў і забаўляў прысутных. У якасці яшчэ аднаго незапланаванага бонуса на плошчы ў маляўнічых касцюмах з песнямі і танцамі з’явіліся акцёры Арт-групы «Акіян» з індыйскага горада Курукшэтра. Паразуменне паміж артыстамі і гледачамі было поўным, панавала ўсеагульнае захапленне. Фестываль адразу набраў уражальныя абароты.

Сёлета сярод пляцавых паказаў зноў вылучыўся спектакль нешараговы — «Сляпыя» ў пастаноўцы Кракаўскага тэатра КТО (Польшча). Рэжысёр, аўтар інсцэніроўкі і музычнага афармлення Ежы Зонь разам з акцёрамі выпрабоўвалі вулічны жанр віхурам псіхалагічных перажыванняў, пашыралі нашы ўяўленні пра ягоныя візуальныя магчымасці і сілу ўздзеяння. Для польскіх акцёраў не існуе пачуццёвага перанапружання. Захапляе іх здатнасць даводзіць эмоцыю да магчымай чалавечай мяжы без бачных слядоў акцёрскай ігры. Мера паглыблення чалавека ў самога сябе вабіць з надзвычайнай моцай, не дае адвесці ад выканаўцаў вочы. А ім падуладныя любыя сэнсавыя парогі. «Сляпыя» Кракаўскага тэатра КТО, пастаўленыя паводле твора лаўрэата Нобелеўскай прэміі Хасэ Сарамагі, кіруюцца законамі прыпавесці і ўдала іх выкарыстоўваюць. Гісторыя пра эпідэмію, што ахапіла значную частку насельніцтва Зямлі і прывяла да масавай страты зроку, трымаецца на сэнсавым абагульненні. І на звычайным чалавечым вопыце, зразумелым кожнаму... На побытавых асацыяцыях... А што, калі б... Я? Вялізная вулічная прастора, вызваленая для спектакля, нібыта памнажае, узмацняе, тыражуе сілу акцёрскіх пачуццяў. Спектакль распасціраецца ў жахліва-прыгожым трагічным палёце над начным горадам. Недзе ў цемры знікае апошняя надзея на выратаванне, а потым нараджаецца зноў. Здольнасць бачыць вяртаецца да людзей. Катарсіс. Але... Застаецца толькі адна сляпая дзяўчына з доўгім белым шастом у руках, пасярод цемры. Чаму яна? І каго яшчэ ўрэшце можа спасцігнуць няўмольна-бязлітасны рок? Мяне?

Асаблівая тэрыторыя

Сёлета ў фестывальнай структуры была вылучана асаблівая тэрыторыя, абмінуць якую не ўяўляецца магчымым. Нават на афішы быў зроблены моцны акцэнт: «Да 150-годдзя з дня нараджэння драматурга стагоддзя Антона Паўлавіча Чэхава». Падобная катэгарычнасць хоць і здзівіла (чаму менавіта стагоддзя?), але ж адразу скіравала праграму ў адметнае рэчышча. Ці спраўдзіліся ў сувязі з гэтым асаблівыя чаканні? У пэўным сэнсе — так. Арганізатары фестывалю зрабілі надзвычай карысную справу. Бо хваля цікавасці беларускага тэатра да чэхаўскай драматургіі апошнім часам відавочна пайшла на спад. Але ж падчас усеагульнага тэатральнага штурму твораў геніяльнага пісьменніка, які адбываўся ў Беларусі прыкладна пяць гадоў таму, мастацкія вышыні так і не былі заваяваны. На ХV «Белай Вежы» цягам фестывальнага тыдня можна было паглядзець амаль усяго беларускага Чэхава. Прынамсі, за дужкамі засталося зусім няшмат. Атрымаўся своеасаблівы фестываль у фестывалі. «Вяселле» Купалаўскага тэатра, «Чайка» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, «Мядзведзь» Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета адкрывалі новыя магчымасці ў засваенні класічных твораў. Арыгінальнасць увасаблення — без боязі штосьці зрабіць не так — уласцівая гэтым пастаноўкам. Можна сказаць, што тут рэжысёрская смеласць набывае стратэгічнае значэнне. Пастаноўшчыкі рухаюцца невядомымі шляхамі да толькі ім вядомай мэты і ўрэшце трапляюць у патрэбнае месца. Спектаклі выклікаюць палеміку, узрушаюць і захапляюць нечаканасцю тэатральных прапаноў. Ці прысутнічае, як прынята казаць, у іх дух Чэхава? Безумоўна прысутнічае, дакладней, лунае ў свабодным палёце па-над гэтымі па-панібрацку самаўпэўненымі аўтарскімі ўвасабленнямі, у якіх ад Чэхава, магчыма, толькі і застаецца, што дух. Ды зусім не літара. Бо тэкст адмыслова прачытаны і нібыта зноў накрэслены між чэхаўскіх радкоў, на палях ягоных твораў... Дзе заўгодна. Хто сказаў, што сёння гэтага замала?

«Вяселле» ў пастаноўцы Уладзіміра Панкова падзяліла гледачоў не на дзве, як звычайна, а на тры раўназначныя часткі. Як зразумець, хто тут мае большую рацыю? Нехта катэгарычна спектакль не прымае, нехта — у бязмежным захапленні, а хтосьці ўвогуле не ведае, як да ўсяго паставіцца. Ды толькі гэты жахліва-імклівы постмадэрнісцкі кругаварот — праспяваны, пратанцаваны, выгукнуты, выкладзены чалавечымі паставамі — імчыцца насустрач выдатнаму Акцёрскаму з’яўленню, да фіналу. Праз выразныя... драматычныя... змястоўныя ўвасабленні — Ігара Дзянісава, Зінаіды Зубковай, Генадзя Гарбука; кропкавыя ўдары — да шчымліва-трагедыйнага сола Генадзя Аўсяннікава, Вясельнага генерала. Калі гэта не Чэхаў, кіньце ў мяне каменем!

Упершыню пакладзеная Сяргеем Картэсам на музыку аднаактоўка «Мядзведзь» у аднайменнай оперы ўразіла найперш надзвычайнай пластычнасцю і музыкальнасцю чэхаўскай фразы. У выдатным спалучэнні — слова, музыкі, арый, камедыйнага сюжэта, тонкай іроніі, перададзенай выканаўцамі Аленай Бундзелевай, Юрыем Балацько, Станіславам Трыфанавым, — прысутнічае далікатная і гарэзлівая гульня з самімі жанравымі магчымасцямі. Хто можа быць супраць?

Нарэшце, «Чайка» РТБД — нібыта выкінутая рэжысёрам Валерыем Анісенкам на вольную прастору з цесных падмосткаў. Дзе самі праўдзівыя дэкарацыі пад высокім купалам неба ўжо маюць на мэце зусім іншы спосаб акцёрскага існавання. Гэта — адмысловая гульня з жывой прасторай, працятая подыхам халоднага паветра. Прынамсі, так было падчас вераснёўскага паказу ў Брэсце, дзе праз хвіліну пасля самазабойства Трэплева на гледачоў абрынуўся праліўны дождж. Вось вам і новыя формы, панове.

Так, апошнім часам на тэатры мы задавальняемся нямногім. Ды толькі ж трэба нейкім чынам пачынаць ізноў, упарта вышукваючы крупінкі «тэатральнага рэчыва», на падставе якіх калі-небудзь... магчыма... Зрэшты, «Чайка» Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра ад дэкарацый, касцюмаў — да рэжысуры і акцёрскага выканання — суцэльная сцэнічная вампука. Ускосна пацвярджае, што ў сучасных тэатральных стасунках чэхаўская драматургія даруе ўсё, апрача банальнай тэатральнай пустэчы. З гэтага гледзішча пастаноўка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы «Тры сястры» — не вельмі пераканальная спроба рэжысёра Цімафея Ільеўскага знайсці ўласныя кропкі судакранання з класічным тэкстам. Галоўным пры гэтым становіцца своеасаблівы эпатажны рамантызм. Магчыма мімаволі, але рэжысёр відавочна больш засяроджваецца на знешніх абставінах п’есы і на вонкавым вырашэнні спектакля. Пабудове эфектных мізансцэн, сцэнічным касцюмам, эмацыйнаму напаўненню слова надаецца большая ўвага, чым уласна зместу твора і ягоным сэнсавым кодам. Здаецца, што, гучна выгукнуўшы, джын рэжысёрскага тэатра вырваўся з даўно і надзейна закаркаванай бутэлькі. І ўласна рэжысуры зусім не падлягае распрацоўка ўнутранага дзеяння, а матывацыя ўчынкаў герояў уяўляецца дзіўнай. (Нельга ж сур’ёзна, як гэта сцвярджае сам тэатр, усё звесці да імкнення сясцёр «кахаць усім сэрцам».) Прыёмы, прыёмы, прыёмы... Не спалучаецца тое, што проста неабходна спалучыць, а драматургія Чэхава відавочна не дазваляе няўважлівага стаўлення да сябе. Чэхаўскія тэксты ніколі не былі самаігральнымі. Таму, калі дзеянне на сцэне спыняецца, перастае рухацца, акцёры актыўна дапамагаюць сабе выказвацца — рукамі, брывамі, вачыма, галавой... Зрэшты, галоўнае пытанне застаецца без адказу: пра што гэта яны, такія загадкавыя і непрадказальныя чэхаўскія сёстры?

Яшчэ некалькі гадоў таму здавалася, што Чэхава ў беларускім тэатры раскусілі. Раскрылі з магчымай сілай страсці — ламаючы дзесяцігоддзямі сфарміраваныя стэрэатыпы і штампы. Сёння ён зноў выпрабоўвае нашы тэатры на сталасць. І больш нагадвае таямнічую постаць у велізарнай прасторы, да якой амаль немагчыма наблізіцца, каб як след разглядзець. Зрэшты, можна гаварыць пра спробу рэжысуры адкрыць для чэхаўскай драматургіі новую тэатральную прастору.

Залатое тэатральнае рэчыва

Сярод уражальнага шэрагу спектакляў, адпаведна, спрэчак і меркаванняў, якія даволі цяжка сістэматызаваць, а калі-нікалі і прымірыць, нечакана з’явіўся спектакль, які быў з захапленнем успрыняты ўсімі ўдзельнікамі «Белай Вежы» — крытыкамі, членамі журы, публікай. Зрэшты, каму толькі ў нашых тэатрах не апладзіравалі стоячы? Ды толькі заміралі ад здзіўлення, ладзілі авацыі, сыходзілі з пачуццём асаблівай удзячнасці не вельмі часта. Да таго ж, рашэнні журы рэдка бываюць аднагалоснымі — хутчэй гэта плён шматфігурнай камбінацыі. Мабыць таму з імі часам складана пагадзіцца. Гэтым разам пагадзіліся ўсе прысутныя на фестывалі. Гран-пры, а таксама прыз за лепшую мужчынскую ролю паехалі ў Расію. Ганараваны Пермскі тэатр «Каля моста» за спектакль «Калека з Інішмана» па п’есе Марціна МакДонаха. Рэжысёр Сяргей Фядотаў. Ролю калекі Білі выканаў Васіль Скіданаў.

Сышлося ўсё: глыбокая, з надзвычайным чалавечым пасылам п’еса сусветна вядомага драматурга набыла адэкватнае сцэнічнае прачытанне і была ўвасоблена ў дасканалай тэатральнай форме. У спектаклі цяжка знайсці хоць якія-небудзь хібы або пустыя зоны. Сцэнічны твор, зроблены з такім прафесійным майстэрствам, у сучасным тэатры рэдкасць. (Прынамсі, у беларускім...) Здаецца, для таго, каб пра яго распавесці, спатрэбяцца ўсе магчымыя эпітэты, параўнанні і шмат клічнікаў у канцы кожнага сказа. На першы погляд, вонкава, — нічога асаблівага. Адзіная сцэнічная ўстаноўка — стары драўляны дом (ніхто не верыў, што дэкарацыі былі пазбіваны перад спектаклем у Брэсце), сапраўдны рэквізіт, здабыты і прывезены з Ірландыі. Усё выканана з любоўю. Але галоўнае — акцёрскія работы, вобразы, увасобленыя з прыкметамі рамяства, на падставе якога расцвітае мастацтва. Перад гледачамі разгарнулася няспынная плынь жыцця (тры гадзіны без антракту!), ад якой ні на хвіліну немагчыма было адарвацца. Выплеценыя цудоўнымі і вельмі маладымі акцёрамі псіхалагічныя карункі — узор таго класічнага метаду, якім мы пафасна захапляемся і якога часам самаўпэўнена выракаемся. Усё проста, зразумела, паводле Станіслаўскага. І фізічнае дзеянне, і звышзадача, перспектыва сцэны і ролі... А яшчэ надзвычай высокая моўная культура. Не ў сэнсе звычайнага вымаўлення, а ў сэнсе рытмічнай пабудовы сказа, гукаўзнаўлення і характарыстык персанажаў. Карацей кажучы, усё зразумела — паўтарыць складана. Сам Сяргей Фядотаў пазіцыянуе свой Тэатр каля Моста — як містычны. Нібыта нешта незямное яму дапамагае. Магчыма. Прынамсі таму, што ў асобных сцэнах з цёткамі Білі, штораз пры з’яўленні самога Білі, з кожным з’яўленнем новых персанажаў на сцэне — сэрца абрываецца, і здаецца, гэта тваё жыццё вылятае ў трубу. Боль, шчасце, надзея — для Білі, ніякай надзеі — для Білі. Скалечаная, перакручаная істота, што рухаецца як велізарнае членістаногае насякомае... Але ж чаму ад бледнага, вытанчанага, адухоўленага твару героя немагчыма адвесці вочы?.. У фінале, калі, пад руку з каханай, ён адкідвае мыліцы, коштам неверагодных высілкаў выпроствае ногі і ўзнімаецца ў поўны рост — глядзельная зала замірае. І калі заслона апускаецца, не кожны здатны адразу перастаць думаць, перажываць, яшчэ і яшчэ раз пражываць усе салодкія, горкія, кпліва-іранічныя імгненні гэтага паказу.

Бываюць у праграме фестывалю спектаклі, якія адразу даюць адказы на ўсе пытанні — пра чалавека, пра мастацтва, пра тэатр... І ўвогуле — пра ўсё: дзеля чаго і навошта...

Пра Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» — таксама.

Людміла Грамыка