Дваццаць гадоў на пераломе эпох

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

«Зямля пад белымі крыламі»: выстава і праект

/i/content/pi/mast/38/645/37-.jpg

Уладзімір Хадаровіч. Бацькава скрыпка. Алей. 1998.

Рэспубліканская выстава «Зямля пад белымі крыламі» паказала плён развіцця беларускага мастацтва апошніх двух дзесяцігоддзяў. Яе правядзенне было прымеркавана да 85-годдзя
І Усебеларускай мастацкай выставы, якая прайшла ў Мінску ў 1925 годзе.

Мерапрыемствы, аб’яднаныя адзіным маштабным праектам, пазнаёмілі гледача з разнастайнымі з’явамі нашага мастацтва: вялікія рэгіянальныя экспазіцыі адбыліся ў абласных цэнтрах, калектыўныя і індывідуальныя выставы — на дзяржаўных і прыватных пляцоўках Мінска.

Рэгіёны змаглі пазнаёміцца з мастацтвам суседзяў, а калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея былі паказаны за межамі Мінска, напрыклад, творы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі —
у Бялынічах, а Івана Хруцкага — у Полацку, Вільнюсе і Парыжы.

Своеасаблівым падагульненнем гэтага грандыёзнага агляду беларускага мастацтва стане ІІ біенале жывапісу, графікі і скульптуры, што будзе доўжыцца ў мінскім Палацы мастацтва
на працягу снежня.

Апошняе дваццацігоддзе безумоўна з’явілася вызначальным для развіцця беларускага мастацтва, галоўным чынам таму, што да пачатку гэтага перыяду яно разгортвалася ў межах савецкай эстэтыкі, хоць і з элементамі нацыянальнай своеасаблівасці. Сённяшні этап сінхранізаваны з агульным працэсам сацыяльна-эканамічных змен, таму яго спецыфіка шмат у чым абумоўлена наяўнымі рэаліямі — адсутнасцю ў краіне арт-рынку з уласным механізмам экспертызы, нікчэмна малой колькасцю выставачных залаў і галерэй рознага статусу і канцэпцый, глыбока ўкаранёнай у падсвядомасці творцаў звычкай быць «кіраванымі».

Сучаснае беларускае мастацтва часта папракаюць у тым, што савецкая спадчына з’яўляецца яго неадчэпным ценем, што арт-стагнацыя, кансерватыўнасць і інерцыя правінцыйных уяўленняў абцяжарваюць інтэграцыю ў еўрапейскую і сусветную прастору. Гэтыя прэтэнзіі збольшага справядлівыя — змена рэалій у многіх выпадках не выклікала перабудовы мастацкага мыслення, што дазваляе пазначыць цяперашні этап як пераходны. І хоць сёння мастацкая сітуацыя, у адрозненне ад 1990-х, не вылучаецца бурнымі падзеямі, менавіта такія перыяды даюць магчымасць спакойна асэнсаваць дасягнутае і ацаніць перспектыву далейшага развіцця.

На самай справе працэс сцвярджэння нацыянальнай школы на сусветнай арт-сцэне яшчэ і не пачынаўся. Нашаму мастацтву ўласцівы хутчэй эвалюцыйныя, чым рэвалюцыйныя механізмы развіцця, пэўная культуралогія мыслення, што часта прымаецца за кансерватыўнасць. Абнаўленне ўжо ідзе, але наўрад ці атрымае характар выбуховых стылістычных мутацый — хутчэй яно будзе плаўным.

Дваццаць гадоў — тэрмін па мерках гісторыі мастацтваў невялікі, аднак ён прадстаўляе даследчыку шырокі спіс імёнаў, твораў і падзей. Шырокамаштабную выстаўку «Зямля пад белымі крыламі», паказаную Нацыянальным мастацкім музеем, можна лічыць першай спробай выяўлення і сістэматызацыі вялікага матэрыялу, што стала хоць і не поўным, але досыць адэкватным адлюстраваннем сучасных працэсаў і з’яў.

Мастацкі ландшафт сёння фарміруюць два пакаленні — творцы, якія пачалі актыўна ўдзельнічаць у выставачным жыцці ў 1980-я, але ўжо паспелі стаць мэтрамі, і прадстаўнікі 1990-х, частка якіх усведамляе сябе якасна іншай генерацыяй і не жадае быць звязанай з традыцыямі, пераемнасцю і ідэнтычнасцю. Экспазіцыя была складзена галоўным чынам на аснове збору музея, таму можна лічыць яе пэўным зрэзам іерархічнага пласта імёнаў і рэпутацый, які ўключае як знакавыя для беларускага мастацтва постаці (Віталь Цвірка, Міхаіл Савіцкі, Гаўрыіл Вашчанка, Віктар Грамыка, Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі...), так і вядомых творцаў пакалення 1970–1980-х (Уладзімір Тоўсцік, Валерый Славук, Уладзімір Савіч, Зоя Літвінава, Мацвей Басаў...) і прадстаўнікоў таленавітай моладзі, якая ў той ці іншай ступені ідзе па шляху традыцыйнай выяўленчасці.

Такі шырокі спектр дае магчымасць вылучыць шэраг тэндэнцый у суадносінах творчасці розных пакаленняў. Арганізатары імкнуліся паказаць размаітасць жанраў і кірункаў, уключаючы авангардныя. Выстава атрымалася неаднастайнай (многія работы былі несупастаўнымі па характары, задачах, стылі), але цікавай і досыць цэльнай, галоўным чынам таму, што шмат у якіх майстроў прасочваецца пераемнасць развіцця — як на фармальна-пластычным, так і на зместавым узроўнях.

/i/content/pi/mast/38/645/37.jpg

Алег Скавародка. Зямля Васіля Быкава. Алей. 2004.

У значнай ступені гэтая пераемнасць, нават своеасаблівая замкнёнасць традыцыі выявілася ў графічнай частцы экспазіцыі, якая прадэманстравала не толькі высокі ўзровень прафесійнай культуры нацыянальнай школы, што склалася яшчэ ў савецкі перыяд у творчасці такіх вядомых майстроў, як Сяргей Волкаў, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, Георгій і Наталля Паплаўскія, але і стылістычную агульнасць сучаснай беларускай графікі, якая валодае пазнавальным і па-свойму завершаным абліччам. Па-ранейшаму значнае месца займаюць выкананыя ў традыцыйнай манеры «класічнай» акварэлі пейзаж і нацюрморт (Генадзь Шутаў, Аляксандр Мемус, Яўген Саковіч, Уладзімір Кароткі, Мікалай Аўчыннікаў, Ларыса Журавовіч). Дамінуюць камерныя станковыя кампазіцыі, адзначаныя пэўнымі асаблівасцямі: прыхільнасцю да друкаваных тэхнік са стараннай прапрацоўкай фактур і паверхняў, манахромнасцю, рашэннем фону як умоўна-дэкаратыўнага асяроддзя. Вядучую ролю ў беларускай графіцы працягвае захоўваць сярэдняе пакаленне (Уладзімір Савіч, Яўген Шатохін, Юрый Якавенка, Юрый Хілько, Рыгор Сітніца...), у працах маладых (звярталі на сябе ўвагу стыльныя ілюстрацыі Паўла Татарнікава) акцэнт усё часцей ссоўваецца ў бок тэхнічнай і фармальнай выразнасці ў процівагу літаратурнай ці сімволіка-метафарычнай сюжэтнай аснове, якая пераважае ў працах старэйшага і сярэдняга пакаленняў. Аднак за дыхтоўнасцю выканання і роўным прафесійным узроўнем хаваюцца і некаторыя інерцыйныя моманты, прыкметныя сёння на рэспубліканскіх выставах: пэўная манатоннасць інтанацый, абмежаванасць жанраў, тэхнік і матэрыялаў, дэфіцыт эксперымента, стыхійна-эмацыйнага пачатку і асабістай самабытнасці, якія асабліва чакаюцца ад маладога пакалення.

Сучасная беларуская скульптура ў цэлым застаецца праграмна-традыцыйнай. У экспазіцыі можна было ўбачыць шэраг прац у рэчышчы літаратурнай і ідэалагічна-асветніцкай парадыгмаў: гэта партрэты Івана Міско, Аляксандра Заспіцкага, неакласічны рэалізм Льва Гумілеўскага, творы Паўла Лявонава, Аляксандра Дранца, Аляксандра Батвінёнка. Аднак змены прыкметныя і тут. Не адмаўляючыся ад класічных установак, скульптурная пластыка апошніх дзесяцігоддзяў арыентуецца на больш пашыранае разуменне традыцыі з уключэннем розных стылістычных арыентацый — рамантызму, архаікі, досведу мастацтва ХХ стагоддзя з усімі супастаўленнямі і алюзіямі (Галіна Гаравая, Андрэй Вараб’ёў, Максім Пятруль, Канстанцін Селіханаў, Аляксандр Шыла...).

Дэкаратыўна-прыкладнае мастацтва валодае выразным абліччам і высокай культурай выканання: гэта керамічная скульптура малых формаў, пластыка, шкло, габелен (Уладзімір Мурахвер, Таццяна Малышава, Ларыса Густава, Людміла Мягкова, Ніна Пілюзіна...).

У цяперашняй культурнай сітуацыі найбольш няпэўнай прасторай з невыразнымі межамі з’яўляецца жывапіс, у якім сённяшні і заўтрашні дзень ужываюцца (не заўсёды мірна) з учарашнім і пазаўчарашнім. Часцей за ўсё прэтэнзіі ў кансерватыўнасці і вонкавай апісальнасці прад’яўляюцца пейзажу і нацюрморту, хоць іх патэнцыял у беларускім мастацтве яшчэ не вычарпаны. Актуальнасць у гэтых сапраўды кансерватыўных па вобразнай структуры жанрах звязана не з уражальнымі тэхнічнымі навацыямі, а з асобасным імпульсам, спалучэннем дакладна ўжытага рэалістычнага прыёму і адхіленнем ад яго. Таму абсалютна своечасовымі ўспрымаюцца абагульнена-дэкаратыўныя пейзажы і нацюрморты Леаніда Шчамялёва, тонкае фактурнае нюансаванне жывапісу Анатоля Бараноўскага і Барыса Казакова (нядаўна музей прадстаўляў яго рэтраспектыву), адухоўленае ўспрыманне натурнага матыву ў Васіля Сумарава ці графічны лаканізм пейзажаў Аляксандра Грышкаўца. Азіраючыся на мінулае дваццацігоддзе, нароўні з вышэйзгаданым умоўна «рэалістычным» кірункам (Валерый Шкаруба, Віктар Ціханаў, Кастусь Качан, Марыя Ісаёнак...) можна выявіць некалькі стылістычных плыняў, якія захаваліся яшчэ з 1980-х, але не сталі пануючымі: абагульнена-манументальная (Гаўрыіл Вашчанка, Леанід Шчамялёў, Уладзімір Пракапцоў...), жывапісна-пластычная (Юрый Гаўрын, Зоя Літвінава, Мікалай Бушчык, Мікалай Кірэеў...), авангардная (Аляксандр Пашкевіч, Леанід Хобатаў, Анатоль Кузняцоў) і літаратурна-сімвалічная з элементамі сюррэалізму (Эдуард Рымаровіч, Віктар Альшэўскі і інш.). Такі падзел даволі схематычны, бо гэтыя плыні ўзаемапранікаюць, пераплятаюцца і асімілююцца (напрыклад, літаратурна-сімвалічныя сюжэты Уладзіміра Тоўсціка бяруць свой пачатак не толькі ў рэнесанснай эстэтыцы, але і ў абагульнена-манументальным жывапісе 1960–1970-х). Як пра агульную тэндэнцыю ў мастакоў розных кірункаў можна казаць і пра змешванне мастацтва з дызайнам, пра распаўсюджанне дэкаратывізму (з усвядомленым заніжэннем змястоўных прэтэнзій), рэтраінсцэніровак, канструявання ўласных замкнутых «гульнёвых» светаў — усё гэта разнавіднасці пошуку пачуцця ўнутранай свабоды, страчанага папярэднімі пакаленнямі.

Найбольш неадназначнае ўражанне пакідаў «маладзёжны» жывапіс. Як рознаскіраваныя метады пераадолення інерцыі станковага мыслення ўспрымаліся сучасная інтэрпрэтацыя манументальнага пано ў Дзяніса Чубукова і па-філасофску рамантычны абстрактны пейзаж Кацярыны Сумаравай. Паміж імі размяшчаўся цэлы шэраг не пазбаўленых адоранасці і творчага патэнцыялу маладых жывапісцаў (Галіна Конанава, Вольга Мельнік, Юрый Брэль, Марына Напрушкіна, Наталля Ельчанінава, Алеся Скарабагатая) — нягледзячы на розніцу манер, яны падобныя вонкава эфектнай падачай працы, спалучанай з інфантыльнасцю мастацкай думкі. Здаецца, што малодшае пакаленне, якое сфарміравалася ў сітуацыі, калі адкрытасць да сусветнай культуры і магчымасць выбару любой традыцыі з’яўляюцца дадзенасцю жыцця, далёка не заўсёды гэтым карыстаецца. У шматлікіх працах занадта яўна прачытваліся адаптаваныя да сучасных эстэтычных стэрэатыпаў імёны і стылі, якія паслужылі зыходным матэрыялам: ад салоннага варыянту «югендстылю» (Вольга Мельнік) і экспрэсіянізму (Юрый Брэль) да кампазіцыйных і тэхнічных прыёмаў, наўпрост запазычаных з фота і камп’ютарнай графікі (Таццяна Кандраценка, Алеся Скарабагатая).

Нягледзячы на вельмі прадстаўнічы склад удзельнікаў і колькасць прац (243 творы 148 аўтараў), за межамі экспазіцыі застаўся вялікі пласт імёнаў і падзей, звязаных з так званым «актуальным мастацтвам», паняццем у нашых умовах пакуль яшчэ няпэўным і недастаткова адрэфлексаваным. Маштабна гэта з’ява была прадстаўлена на леташняй прэзентацыі «Неафіцыйнага беларускага павільёна на 53-й Венецыянскай біенале» на БелЭкспа — паказу, які аб’яднаў 30 мастакоў (у тым ліку такіх вядомых асоб, як Руслан Вашкевіч, Сяргей Грыневіч, Антаніна Слабодчыкава, Сяргей Кірушчанка і інш.). Трэба адзначыць, што брак у тым праекце інавацыйных тэхналогій і арт-практык з лішкам кампенсаваўся жывапісам і графікай — не цалкам актуальнымі (блізкімі хутчэй постмадэрнізму, які, па сцвярджэннях крытыкаў, на Захадзе завяршыўся яшчэ гадоў дзесяць таму) і не цалкам канцэптуальнымі (калі не лічыць канцэптуалізмам павярхоўныя ідэі і гульні з беззмястоўнымі формамі), часам нават з налётам салоннай прыгажосці. Актуалістаў аб’ядноўвае глыбокая незадаволенасць наяўным становішчам і стаўленне да мінулага: тое, што яны адмаўляюць і ад чаго адштурхваюцца, лучыць іх больш, чым тое, што яны сцвярджаюць сваёй творчасцю. Такі падыход не дае новай выявы свету, а толькі герметычна замыкае мастацтва на негатыўных пабудовах. Парадаксальна, што сёння тэндэнцыя накіроўваць айчыннае мастацтва па адным шляху перайшла ад «правых» да «левых», апошнія змянілі састарэлыя ўстаноўкі андэграўнднай свядомасці на сцвярджэнне ўласнай інтэлектуальнай і эстэтычнай перавагі. Прадстаўнікі актуальнага мастацтва любяць паразважаць пра тое, што прафесійнае майстэрства і акадэмічная сістэма адукацыі не лічацца ў Еўропе сучаснымі, абвяшчаюць «выклік усяму айчыннаму культурнаму асяроддзю» і «пазіцыю актыўнай адсутнасці», у той жа час непаслядоўна патрабуючы прыярытэтнага афіцыйнага прызнання і падтрымкі з боку гэтага асяроддзя. Маргінальнасць беларускага актуальнага мастацтва тлумачыцца рознымі чыннікамі: тым, што авангардная традыцыя ў краіне на доўгі час была перапынена, а актуальныя візуальныя формы патрабуюць пэўнай адаптацыі — без яе яны загадзя паўстаюць у якасці атракцыёна. Дадатную ролю ў гэтай адаптацыі сыгралі б пашырэнне кола прафесійных выданняў пра мастацтва, павелічэнне колькасці выставачных пляцовак рознай скіраванасці і адкрыццё Цэнтра сучаснага мастацтва (неабходнасць гэтага ў роўнай ступені ўсведамляюць і «справа», і «злева»), а ў выніку — генераванне і аналіз уласных ідэй, а не імпарт гатовых стандартаў. Слабое месца актуальнага мастацтва — яго адарванасць ад рэальнасці, асяроддзя, ігнараванне гісторыі, якая сведчыць пра немагчымасць сусветнага прызнання творчасці, заснаванай толькі на эксплуатацыі інтэрнацыянальнага стылю, без асобаснай і нацыянальнай ідэнтычнасці. Асаблівасці беларускага мастацтва, якія сёння замінаюць яму «на роўных» увайсці ў еўрапейскі кантэкст, у недалёкай будучыні цалкам могуць стаць істотнай крыніцай яго своеасаблівасці і абнаўлення. Невыпадкова поспеху, у тым ліку і камерцыйнага, дамагліся ў Еўропе беларускія мастакі, якія не ідуць за «сусветнай модай», а прафесійна робяць якасны і пазнавальны прадукт — Андрэй Задорын, Ігар Цішын, Раман Заслонаў, Наталля Залозная і інш. Магчыма, ва ўмовах культурнага двоеўладдзя традыцыяналізму і актуалізму мастацтва эпохі пост-постмадэрну пачынае ўсведамляць патрэбу не ў сцверджанні новых стэрэатыпаў, а ў наяўнасці думаючых і інтэлектуальных мастакоў, якія імкнуцца пашырыць рамкі прафесіі, а не змяніць яе радыкальна.

Марына Эрэнбург