Па законах нонканфармісцкіх сусветаў...

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

З калекцыі беларускага авангарда

/i/content/pi/mast/38/643/28.jpg

Ігар Кашкурэвіч. Партрэт з сябрамі. Кардон, тэмпера. 1980.

Выстаўка «Беларускі авангард 1980-х – 1990-х гадоў», якая праходзіла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, уяўляла сабой частку калекцыі Андрэя Плясанава, асобы неардынарнай, апантанай, універсальнай (ён і мастак, і рэжысёр, і музыкант, і кампазітар, і паэт, і ўладальнік іншых калекцый). Збор пачаў сваё існаванне ў 1975 годзе і на сённяшні дзень налічвае больш за тысячу экспанатаў — фрагментаў гісторыі беларускай культуры эпох «застою» і «перабудовы». У экспазіцыю ўвайшлі працы найбольш яркіх прадстаўнікоў беларускага авангарда. Цэнтральнымі ў калекцыі з’яўляюцца творы невялікага фармату на зададзеныя самім Андрэем Плясанавым тэмы «Майстэрня мастака» і «Ню».

Тэрмін «авангард» азначае эксперыментальныя плыні мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў — сукупнасць усіх наватарскіх, рэвалюцыйных, бунтарскіх кірункаў у творчасці, якая ішла насуперак прынцыпам класічнай эстэтыкі і тэорыі мастацтва.

У мастацтве Беларусі 1980-х – 1990-х гадоў таксама адбываліся рэвалюцыйныя працэсы: развіваўся беларускі авангард, які зарадзіўся яшчэ ў 1960-я – 1970-я гады як нонканфармісцкі рух.

У асяроддзі гэтага мастацтва выкшталтавалася асоба, якая ўспрымала творчасць як лад жыцця і спосаб мыслення. У работах з’яўляюцца паралелі з кубізмам, сюррэалізмам, футурызмам, супрэматызмам, абстракцыянізмам, сімвалізмам і прымітывізмам, і тут відавочна высвечваецца аналогія з рускім (і ў тым ліку — з віцебскім) авангардам 1920-х гадоў.

Заканамернасць росквіту «беларускага авангарда» супала з эпохай савецкай «перабудовы» — пераломным этапам гісторыі грамадства. Нефармальныя экспазіцыі пачалі ладзіцца на розных пляцоўках горада: у фае кінатэатраў, у бібліятэках, майстэрнях і кватэрах...

/i/content/pi/mast/38/643/29.jpg

Валерый Мартынчык. Мадэль. Алей. 1978.

Феномен «беларускага авангарда» заключаецца не ў шэрагу твораў, а ў шэрагу імёнаў... Любы з адэптаў гэтай плыні — яркая асоба, якая дэманстравала зусім іншы спосаб свайго існавання. Кожны выбіраў для сябе найбольш прымальныя формы — эпатаж або правакацыю, аскетычны або багемны стыль. І, безумоўна, без такога паняцця, як «тусоўка», немагчыма да канца ўявіць сабе гэтую з’яву. Мастакі не толькі тварылі ў сваіх маленькіх майстэрнях або кватэрах, але абавязкова ўдзельнічалі ў спрэчках і філасофскіх размовах аб мастацтве, жыцці і гісторыі. Тут сутыкаліся погляды, шліфаваліся галоўныя культуралагічныя ідэі, прымаліся стратэгічныя рашэнні аб выставах і вандроўках.

Унутры гэтага мастацкага працэсу вылучаюцца групы творча блізкіх асобаў з агульным бачаннем навакольнага і ўнутранага свету, якія стварылі мастацкія аб’яднанні — «Форму» (Дзмітрый Ярмілаў, Андрэй Бялоў, Віктар Пятроў, Валерый Мартынчык, Уладзімір Лапо...), «Галіну» (Уладзімір Акулаў, Аляксандр Тарановіч, Анатоль Ржэвуцкі...), «Плюраліз» (Аляксей Жданаў, Ігар Кашкурэвіч, Людміла Русава), «БЛО» (Артур Клінаў, Валерый Песін, Віталь Чарнабрысаў) і іншыя.

У кожнай з гэтых суполак распрацоўваліся новыя метады творчай рэалізацыі, фармальныя прыёмы стылізацыі, дэфармацыі. У аснове пошукаў ляжалі ідэалістычныя філасофскія тэорыі мадэрнізму, якія існавалі як эстэтычныя сістэмы ХХ стагоддзя.

Жывапіс, прадстаўлены на выставе «Беларускі авангард 1980-х – 1990-х гадоў», энергетычна ёміста дэманстраваў суб’ектыўны погляд на мастацкія задачы, сціраючы жанравыя межы паміж партрэтам, пейзажам, нацюрмортам, кампазіцыяй. Нягледзячы на вонкава экспрэсіўную манеру, мастакі стваралі працы па законах герметычна замкнёнай сістэмы, якая ў кожнага мела свой індывідуальны характар.

Для тандэма Ігара Кашкурэвіча і Людмілы Русавай былі характэрны канцэптуальныя формы падачы артыстычных інтэнцый. Гэтыя аўтары праз розныя акцыі ўвасаблялі ёмістыя ідэі камунікатыўнымі сродкамі. У якасці прыкладу можна назваць іх перформансы, прысвечаныя Казіміру Малевічу, у якіх мастакі праграмавалі працэс успрымання, напаўнялі яго ясна чытэльнымі асацыяцыямі.

Арыгінальныя сусветы стварылі Уладзімір Акулаў і Аляксей Жданаў. Акулава заўсёды цікавілі экспрэсіўная дэфармацыя аб’ектаў, спрашчэнне фабулы апавядання. Напружаны ўнутраны свет і пачуцці праецыруюцца на твор максімальна суб’ектыўна, змяняючы вобразы, прадметы і з’явы вонкавага свету. Мастак падпарадкоўваў рэчаіснасць, ствараючы з хаосу свой уласны космас.

На карцінах Жданава паўстаюць дзіўныя і нечым «страшныя» людзі — з іх круглымі тварамі, бяздоннымі, напоўненымі бязмежным сумам вачамі. Мастак ствараў згубленую ў часе аўтарскую гарадскую прастору, населеную «мутантамі», якія чэрпаюць свой сэнс у адчуванні сацыяльнага краху мінулага і сучаснага... Гэты сусвет пабудаваны на «падпаленых» пачуццях, на рэальнасці, пераломленай праз святло моцных і неадназначных эмоцый.

Падобнае ўзаемадзеянне з рэчаіснасцю можна назіраць і ў творах Віталя Чарнабрысава, які праз гратэск і індывідуальнае разуменне распрацоўваў магістральныя тэмы: аўтапартрэт, цыганка, музыкант, філосаф і іншыя. Скразныя сюжэты сустракаюцца і ў жывапісе, і ў графіцы, і ў скульптуры. Сам мастак з’яўляецца чалавекам-легендай — вобразам жыцця, вобразам мыслення, вобразам творчасці.

Андрэй Плясанаў, Артур Клінаў, Яўген Буель, Генадзь Хацкевіч з дапамогай мовы фігуратыўнага мастацтва ўвасаблялі на палотнах ірэальныя выявы і прасторы, што ўзнікалі з падсвядомасці. Аўтары ўзнаўлялі свет трывогі, у якім страчаны падмурак, аснова структуры рэальнасці.

У работах Сяргея Лапшы назіраецца супрацьлеглы прыём: ён выводзіў абстрактную мадэль творчасці, якая не суадносілася з канкрэтнай формай аб’ектаў, а станавілася містычнай сутнасцю прадметаў і з’яў. Элементы чыстай абстракцыі — лінія
і плоскасць, што знаходзяцца ў кампазіцыйным руху і будуюць яго, — прыўносяць адчуванне спакою і раўнавагі, якія супрацьстаяць хаосу рэальнасці.

Мастацтва беларускага авангарда набыло вядомасць. Пачалося фарміраванне прыватных калекцый.

Мастакі пераломнага перыяду жылі і тварылі, сплятаючы свой лёс з фрагментамі народжанай імі рэчаіснасці. І такім чынам міжволі склалі гісторыю беларускага авангарда.

Вольга Архіпава,

Вольга РЫБЧЫНСКАЯ