Героі нашага часу

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

«Офісны планктон» у Купалаўскім

/i/content/pi/mast/38/641/24.jpg

Вікторыя Чаўлытка, Павел Харланчук, Сяргей Рудзеня, Міхаіл Зуй, Вольга Скварцова ў спектаклі «Офіс».

Ці ж не праўда, што, бадай, кожны рэжысёр марыць пра тое, каб знайсці паразуменне са сваім гледачом, адчуць, што яго хвалюе, і паспрабаваць даць адказы на актуальныя для яго пытанні? У тым ліку і праз увасобленага на сцэне персанажа, якога можна было б назваць героем нашага часу.

У пошуках гэтага героя на беларускім драматургічным матэрыяле рэжысёры аказаліся заціснутымі паміж двума полюсамі. На адным з іх — напалову міфалагічныя меладраматычныя гісторыі з жыцця князёў ды каралёў, закліканыя завабіць гледача сюжэтамі пра сівую даўніну і ўцягнуць яго ў гульні (часам — у абедзве адразу) пад назвамі «Усе мы — нашчадкі Вітаўтаў ды Радзівілаў» і «Багатыя таксама плачуць». І хаця на першы погляд падобныя гісторыі мусяць выклікаць рамантычна-ўзнёслыя пачуцці суперажывання ды патрыятычнага гонару за ўласных продкаў, на паверку галоўным чынам думаецца пра тое, што «страшно далеки они от народа» са сваімі праблемамі, падкрэслена стылізаванымі пад даўніну. На другім жа полюсе — новадрамныя аповеды з жыцця сучасных маргіналаў, якія, здаецца, больш адпавядаюць пошукам і душэўным перажыванням нашага сучасніка, але пры гэтым аказваюцца афарбаванымі тоўстым слоем ненарматыўнай лексікі ды іншых чарнушных «прыўкрас». Не дзіва, што падобныя гісторыі ўспрымаюцца гледачамі з рознай ступенню здзіўлення: маўляў, які мне інтарэс пераймацца праблемамі-перажываннямі алкаголікаў ды наркаманаў з бамжамі?

І вось, вырваўшыся з гэткага палярна-безальтэрнатыўнага кола выбару, яны, героі нашага часу, нарэшце з’явіліся на айчыннай сцэне — у спектаклі «Офіс» Інгрыд Лаўзунд Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, пастаўленым рэжысёрам Кацярынай Аверкавай. Тыя, каго адны з ледзь улоўнай інтанацыяй зайздроснага прыдыхання называюць «менеджарамі», а іншыя, з непрыхаванай пагардай, — «офісным планктонам». І ў працяг улюбёных беларускіх дыскусій-дэмагогій адносна сучаснасці тых ці іншых сцэнічных твораў «Офіс» паказвае нам, што галоўным крытэрыем у гэтым мусіць быць не проста дэманстрацыя таго, што і ў нашы часы пэўная праблема не страціла сваёй актуальнасці (як тое робяць многія рэжысёры, звяртаючыся да п’ес класічнага рэпертуару). Дакладнае і тонкае адчуванне чалавека сучаснага, яго мар і ідэалаў — вось тое сілавое поле, здольнае прыцягнуць да сябе ўвагу гледача «тут і зараз».

/i/content/pi/mast/38/641/25.jpg
 
У гэтым сэнсе рэжысёрскі зварот Кацярыны Аверкавай да твора «Пазваночная грыжа» нямецкамоўнага драматурга Інгрыд Лаўзунд бачыцца не выпадковым. Сама структура п’есы ўяўляе для нашага тэатра інтарэс, у першую чаргу тым, што прапаноўвае адрозную ад класічнай і характэрную для новай драматургіі (не блытаць з новай драмай) форму пабудовы канфлікту: паміж навакольным светам і псіхалагічнай інфантыльнасцю герояў, якія мараць, каб, у духу Андрэя Макарэвіча, «свет прагнуўся пад іх», але пры гэтым не могуць уцямна адказаць, у які бок і пад якім вуглом гэты свет мусіць змяняцца. І таму «бесхрыбетнасць» — гэта не толькі жанр спектакля, абазначаны рэжысёрам, але і стыль мыслення сучаснага чалавека, які часта нават не ведае, хто ён, чаго жадае ад гэтага жыцця і ў якім абліччы зможа пачуваць сябе камфортна і натуральна. Яго жыццё струменіцца паміж чарговым прыходам на працу, чарговым кубачкам кавы з кававаркі, чарговым выклікам да начальніка «на дыван», чарговай неабходнасцю прадэманстраваць, абазначыць сваё месца ў калектыве і... чарговай спробай зразумець, чаму ж свет круціцца не вакол яго, такога старанна-правільнага і адпаведнага існуючым стэрэатыпам пэўнага «месца і часу».

«Офіс» Кацярыны Аверкавай уяўляе сабой своеасаблівы працяг тэмы, абазначанай Яўгенам Карнягам у спектаклі «Cafe “Паглынанне”»: якім чынам здараецца так, што пэўныя стэрэатыпы сучаснага жыцця і, здавалася б, модныя сацыяльныя ролі аказваюцца «над» людзьмі, паглынаючы і знішчаючы іх індывідуальнасці, асабістыя жаданні, прыватнае жыццё і ўсё тое, што вызначае і характарызуе чалавечую істоту як асобу? Але калі Яўген Карняг даследаваў гэтую тэму ў прасторы начнога клуба — асяродка, знаёмага толькі невялічкай аўдыторыі, Кацярына Аверкава змяшчае «пад мікраскоп» сферу, блізкую бадай што кожнаму, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу, — месца працы, дзе людзі праводзяць трэцюю частку ўласнага жыцця.

Перад намі пяцёра супрацоўнікаў офіса і — пяць мадэляў паводзінаў сучаснага паспяховага чалавека. Пяць стэрэатыпаў, навязліва прапагандуемых сучасным грамадствам. Урэшце, пяць правераных шляхоў да таго, каб, стаўшы на сцяжыну самаўдасканалення, страціць індывідуальнасць і ператварыцца з чалавека ў... прыдатак да кававаркі: «Містар поспех» — Павел Харланчук, «Свой хлопец-гаварун» — Міхаіл Зуй, «Затурканая ахвяра» — Сяргей Рудзеня, а таксама «Лэдзі з галавы да пят» — Вікторыя Чаўлытка і «Класная дзяўчына» — Вольга Скварцова. На працягу сцэнічнай дзеі яны перад намі, бы пасьянс, раскладваюць самыя розныя сітуацыі-схемы, пазнавальныя і характэрныя для падобнага «набору» персанажаў. Тут і барацьба за месца пад сонцам, і прага да прызнання праз пошукі ўніверсальных спосабаў самапрэзентацыі, і спробы прыцягнуць увагу да сябе праз пратэст і адмаўленне правілаў і «ўмоў гульні»... І кожны чарговы раўнд гэтай схваткі з сістэмай, з «міфалагічнымі», існуючымі адно толькі ў свядомасці правіламі — як вонкавым, так і ўнутраным, душэўным дрэс-кодам — заканчваецца аднолькава: дэманстрацыяй уласнай бесхрыбетнасці, цалкавітай адсутнасцю магчымасці вылузацца з гэтай схемы. З аднаго боку, таму што ніхто з персанажаў не прыстасаваны да іншага, свядомага існавання ў прасторы, да жыцця, дзе ты сам адказваеш за наступствы, з якімі даводзіцца сутыкацца. А з іншага — таму што і самім персанажам у гэткай сістэме каардынат... утульна і зручна, за гэткай грамадскай інфантыльнасцю яны пачуваюць сябе натуральна, і нават сцэны іх пратэсту аказваюцца ўсяго толькі часткай тых сацыяльных роляў, якія яны апранаюць на сябе.

Магчыма, камусьці, звыкламу да «добрага» тэатра, не хопіць у гэтым спектаклі нейкага гуманістычнага пафасу і традыцыйнага славянскага хэпі-энду, прасвятлення адносна немагчымасці падобнага існавання, але ж Кацярына Аверкава цалкам свядома не пакідае для гэткага фіналу аніякай мажлівасці. Даводзячы нам, што як не можа вырасці хрыбет у бесхрыбетнай істоты, так і людзі, для якіх натуральнай з’яўляецца форма жыцця як біялагічнага і сацыяльнага функцыянавання, ад прыроды сваёй не здольныя падысці да яго па-іншаму — праз актыўнае, адказнае прыняцце альбо не прыняцце тых ці іншых паводзінаў і стварэнне ўласных каштоўнасцей і прыярытэтаў. І ўскосным доказам гэтага становіцца той факт, што на працягу ўсёй сцэнічнай дзеі ніводзін з гэтых персанажаў так і не можа нарадзіць ідэю, спарадзіць нешта новае — тое, што з’яўляецца плёнам працы чалавечага інтэлекту. Бо перад намі — трыумф грамадства спажыўцоў, а значыць — істот, не прыстасаваных і не здатных да вытворчых працэсаў, не важна, датычыць гэта стварэння матэрыяльных аб’ектаў альбо нараджэння новых ідэй. І нават тыя маналогі, якія нібыта закранаюць душэўныя глыбіні персанажаў, даючы нам надзею на тое, што ўрэшце і яны нешта зразумелі пра сутнасць гэтага жыцця (у кожнага з персанажаў маецца такі выхад-прасвятленне), на паверку аказваюцца ўсяго толькі формай падтрымання балансу ўнутры той ці іншай сацыяльнай маскі. Зрэшты, ці маскі? Яе, як вядома, рана ці позна ўсё ж можна зняць. Але наўрад ці варта спадзявацца, што персанажам спектакля тое калі-небудзь удасца: як вядома, для гэтага неабходна, каб пад маскай існавала яшчэ што-небудзь: калі не ўласнае аблічча, то хаця б нейкая «форма», «матэрыя». Перад намі ж, як аказваецца, — штампаваныя на канвееры сучаснасці балванкі-загатоўкі для стварэння пэўных патрэбных грамадству выканальнікаў тых ці іншых функцый. Іншымі словамі — планктон нашага часу.

 

Таццяна КОМАНАВА