Тры грацыёзныя музы

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Haute couture ў Белдзяржфілармоніі

/i/content/pi/mast/38/636/15.jpg

Фрагмент праекта «Тры музы — тры грацыі».

Адной з найбольш яркіх падзей фестывалю мастацтваў «Рускія сезоны ХХІ» стаўся праект «Тры музы — тры грацыі», паказаны ў Белдзяржфілармоніі. Ён меў і ўдакладненне — «Мода. Музыка. Балет».

Тое, што ў філармоніі гучыць музыка і паказваюцца харэаграфічныя сцэны, зразумела. Але ці натуральна да іх далучыцца мода? Гэтая інтрыга і выклікала найбольшую цікавасць. Хоць ніхто не спрачаецца, што мода — мастацтва, у дадатак з’ява надзвычай відовішчная і праз сваю маляўнічасць блізкая да тэатра (нездарма існуюць выразы — «высокая мода», «тэатр моды»). На прэс-канферэнцыі, што папярэднічала паказу, аўтар вядомага праекта «Млын моды» Саша Варламаў расказаў, што і ён, і айчынныя мадэльеры, чые новыя калекцыі прэзентуюцца на вечарыне, ставіліся да акцыі з вялікім хваляваннем. Яно нараджалася і ад суседства са славутымі гасцямі (рэжысёрам-пастаноўшчыкам праекта выступіў Андрыс Ліепа) і знакамітымі айчыннымі выканаўцамі, сярод якіх ансамбль «Класік-авангард» (мастацкі кіраўнік Уладзімір Байдаў) і лаўрэат міжнародных конкурсаў піяніст Канстанцін Красніцкі.

Думаю, што хваляванне Варламава было дарэмным. Па сутнасці, ён зрабіў адкрыццё і вынайшаў новы жанр, што ў мастацтве з’ява рэдкая: калі ў аўтараў ёсць густ, дык усё можна спалучаць з усім. Бясспрэчна, знаходкі праекта «Тры музы — тры грацыі» ў бліжэйшы час растыражуюць. Чаму? Нечакана высветлілася, што тры свабодныя і абстрактныя віды мастацтваў лёгка і натуральна яднаюцца. Што класічная музыка, мазуркі, полькі, паланэзы Станіслава Манюшкі, Фрыдэрыка Шапэна, Канстанціна Тызенгаўза (напісаныя не толькі для філармоніі, але і для гучання ў салоне, на балі, свяце, падчас танцавальнай вечарыны) вельмі добра стасуюцца з грацыёзнасцю мадэлек і фантазійнасцю ўбораў. (Заўважу, што сюіта з балета «Шчаўкунок», увасобленая Красніцкім, такога адчування гармоніі не нараджала.)

Калекцыі айчынных дызайнераў Веранікі Кукалкі, Кацярыны Бурак, Карыны Галсцян, Кацярыны Голікавай выклікалі захапленне. Прываблівалі назвы — напрыклад, «Вясновым ранкам ты мяне пакліч...» Суцэльная паэзія! Багацце колеравай гамы адзення, канструктыўных рашэнняў, разнастайнасць выкарыстаных тканін і матэрыялаў нараджалі зрокавыя вобразы, якіх не хапае слухачу падчас успрымання камернай музыкі. Не хачу быць заўважанай у празмерным патрыятызме, але нашы дызайнеры падаліся больш цікавымі ў сваіх пошуках, чым расіянка Аліна Бормашава. Мо, справа ў тым, што айчынныя куцюр’е прапаноўвалі святочныя мадэлі, а ў расійскай калекцыі пераважала адзенне, блізкае да паўсядзённага?

У другой частцы праекта быў паказаны фільм-балет «Вяртанне Жар-птушкі», які выклікаў розныя пачуцці. Ён цікавы чалавеку, які ўпершыню судакрануўся з балетным тэатрам. Цудоўна, што зафіксавана майстэрства Ніны Ананіяшвілі ў часы яе росквіту. Але дасведчаны глядач, што бачыў шмат спектакляў і фільмаў-балетаў, успрымае «Вяртанне Жар-птушкі» як своеасаблівы рэкламны ролік.

Кульмінацыяй усяго праекта сталася калекцыя адзення «Чорны лебедзь», прысвечаная рускаму балету і створаная сёстрамі Парфяновіч спецыяльна для «Рускіх сезонаў ХХІ». Шоўк, пёры, арганза — такое ўражанне, што гэтым мадэльерам даўно трэба трапіць у акадэмічны тэатр і працаваць з прафесійнымі балетмайстрамі. Успрыманне калекцыі ўзмацнялася арыгінальнай харэаграфічнай пастаноўкай, ажыццёўленай Вольгай Скварцовай і Дзмітрыем Залескім. Сучасная пластыка, імпульсіўная і нервовая, адрасавана сучаснаму чалавеку — і гэтым вабіць.

Такія сумесныя праекты, як «Тры музы — тры грацыі», надзвычай карысныя. Па многіх параметрах. Думаю, шматлікія міжнародныя кантакты Андрыса Ліепы (у тым ліку і з легендарным П’ерам Кардэнам) дапамогуць нашым дызайнерам трапіць на прэстыжныя тыдні моды. У дадатак акадэмічную сцэну філармоніі пачынаеш успрымаць і як подыум, месца паказу сучасных, маладзёжных, авангардных калекцый. Так што пачакаем новых праектаў «Млына моды», сумесных з музыкантамі і харэографамі.

Таццяна Міхайлава