Матэрыялізацыі інтэрвенцый

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Досведы ў гарадскім асяроддзі

/i/content/pi/mast/38/634/13.jpg

Варкшоп "Часовыя матэрыялізацыі ў гарадской прасторы Мінска"

Прывідная, напаўпразрыстыя галава правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна выплывае з адчыненых дзвярэй Музея-майстэрні Заіра Азгура і на танюткіх ножках крочыць далей, «у масы»...

Шараговы вулічны ліхтар ператварыўся ў вялізны таршэр, які струменіць у змрочнае кастрычніцкае наваколле промні ўтульнасці. Ён вылучае цёплы прыватны куток сярод мокрага горада — абмежаваны кругам жоўтага святла, дзе мінакі здзіўлена запавольваюць рух...

Што з таго, што Ленін зроблены са звычайнага празрыстага скотчу, а абажур — з апалай кляновай лістоты? Галоўнае — адчуванне маленькага цуду (ці лёгкага вар’яцтва?) — крохкага зрушэння з наезджанай каляіны дэтэрмінаванасці і прадказальнасці. Гэткае трымценне рэальнасці, якое заўсёды ўзнікае на перакрыжаванні мастацтва з будзённасцю і ўказвае на тое, што твор перад намі сапраўды «працуе». Менавіта такімі, сапраўднымі, былі вынікі варкшопу «Часовыя матэрыялізацыі ў гарадской прасторы Мінска» ў межах праекта Інстытута імя Гётэ «Raum fur Raum / Арт-горад».

Мы прызвычаіліся да таго, што аб’екты мастацтва, якое існуе ў нашым гарадскім асяроддзі, — манументальныя ці паркавыя або (паводле айчыннай тэрміналогіі) дэкаратыўна-паркавыя. Але ў інтэрнацыянальнай дэфініцыі існуе больш ёмісты тэрмін — «паблік арт», які ахоплівае творы, выкананыя ў любой тэхніцы/стылістыцы/памерах, адмыслова запланаваныя для гарадской прасторы — і ўсеагульнай даступнасці.

Праект «Raum fur Raum» («Прастора за прасторай»), кіраўніцтва якім ажыццяўляе вядомы берлінскі куратар Петра Райхенспергер, каштоўны тым, што дае нам магчымасць дакрануцца да першакрыніц сучаснага мастацтва. Так, ініцыяльнай стадыяй праекта быў семінар для мастакоў і спецыялістаў гарадскіх адміністрацый, дзе адбылася спроба разабрацца, якім можа быць мастацтва ў публічнай прасторы і ці магчымыя ў Беларусі яго іншыя — акрамя бронзавых статуй — формы. Тады нашу краіну наведаў нямецкі куратар, арт-крытык і адукатар Хайнц Шутц, які на працягу доўгага часу быў старшынёй Камісіі па мастацтве ў публічнай сферы Мюнхена, — адзін з вядучых спецыялістаў менавіта ў гэтай галіне.

Цяпер у якасці кіраўніка варкшопу да нас завітаў Георг Цай, член інтэрнацыянальна вядомай групы inges idee. Калабарацыя чатырох мастакоў з Берліна, да якой ён належыць, здзейсніла каля паўсотні работ паблік арта па ўсім свеце. Георг — запатрабаваны творца, які вядзе магістарскую праграму ў Баўхаўсе і мае ўнікальны досвед паспяховага ўдзелу ў міжнародных конкурсах і практычнага стварэння нетрывіяльных праектаў.

Георг Цай сфармуляваў умовы свайго мінскага класа наступным чынам. Для пэўных месцаў у Мінску, індывідуальна абраных кожным з мастакоў, павінны быць задуманы і рэалізаваны маленькія інтэрвенцыі. Лакалізацыі скульптурных інтэрвенцый могуць быць абраны па прыкмеце гістарычнай значнасці ці архітэктурнай асаблівасці. Мастацкае ўмяшальніцтва, разлічанае на кароткі час існавання, павінна абыгрываць спецыфіку месца.

Каб падкрэсліць публічнасць мастацтва ў гарадской прасторы, часовыя мастацкія ўключэнні здзяйсняліся ў малых групах (па 2-4 чалавекі). Пятнаццаць беларускіх удзельнікаў, сярод якіх былі мастакі, архітэктары і нават філосаф, правялі тры дні за планаваннем і стварэннем арт-інтэрвенцый. Базай для варкшопу стаў Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура.

Па словах Георга Цая, сэнс працы ў публічнай прасторы заключаецца ў тым, каб адчуць патэнцыял пэўнай пляцоўкі. Гэта адбываецца ў дыялогу з месцам, якое, у адрозненне ад «белага куба» музеяў і галерэй, з’яўляецца не статычным і пазачасавым, а пастаянна зведвае змены. Мастацтва ў публічнай прасторы можа адсунуць папярэдні кантэкст, каб адкрыць погляд на іншыя аспекты рэчаіснасці. Калі гэта адбываецца, месца становіцца больш цікавым і багатым.

Амаль усе створаныя праекты знайшлі прытулак каля музея. Акрамя згаданых напачатку рэчаў, у скверах і на бульварах з'явіліся люстэркавыя дзіцячыя арэлі, гамак, які перагарадзіў пешаходную дарожку, іншыя сцяжынкі, засыпаныя лістотай, — пры тым, што трава навокал засталася чыстай. Да таго ж побач былі яблыні з пладамі працы самога Азгура — аўтары праекта развесілі на галінах выявы яго скульптур.

Калі я згадваю здзіўленыя твары мінакоў, мне падаецца, што пакуль яшчэ рана казаць аб грамадскім разуменні паблік арта. Але для ўдзельнікаў яго досвед быў безумоўна карысным. Кропля камень точыць — верагодна, дзякуючы гэтым вельмі маладым людзям мы пабачым у нашых гарадах сапраўды цікавыя камунікатыўныя арт-аб’екты.

Немагчыма абысціся без шчырай падзякі ўсім супрацоўнікам Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура і яго дырэктару Аксане Багданавай. Варкшоп стаў магчымым дзякуючы іх цярпенню і звышгасціннасці.

 

Павел Вайніцкі