Тыдзень з Чэхавым

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Зорныя далягляды

/i/content/pi/mast/38/629/3.jpg

Сяргей Макавецкі (Вайніцкі), Марыя Бярдзінскіх (Соня).

У шэрагу міжнародных праектаў гэтай восені Тэатральны тыдзень з Белгазпрамбанкам «Глядзім Чэхава» стаўся адным з самых яскравых і ўражальных. Той, хто два гады таму далучыўся да імпрэзы «Глядзім Шэкспіра», чакаў новага прэзентацыйнага паказу з асаблівай нецярплівасцю. Пазалетась перад пачаткам спектакля «Атэла» ў пастаноўцы Эймунтаса Някрошуса публіка стаяла шчыльнымі радамі ад станцыі метро «Кастрычніцкая» да ўвахода ў Дом афіцэраў, так што шчаслівым уладальнікам квіткоў надзвычай праблематычна было патрапіць у глядзельную залу. На тым паказе была зададзена надзвычай высокая мастацкая планка — паспрабуй канкурыраваць з геніямі! — якой нават гіпатэтычна вельмі складана зноў адпавядаць. І ўсё ж... Новы Тыдзень прынёс новыя ўражанні.

Галоўнае, што старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка пацвердзіў сур’ёзнасць намераў у адносінах да тэатра і публічна паабяцаў праекты працягваць. Да таго ж у ягоных вуснах Тэатральны тыдзень набыў змястоўнае абгрунтаванне: «Магчымасці ўздзеяння тэатра на розум і сэрца чалавека бязмежныя. Пры гэтым адна з задач нашага Тыдня — пазіцыянаваць Беларусь як культурную дзяржаву, гатовую да адкрытага дыялога з рознымі краінамі. Асабліва важна падтрымліваць міжнародныя тэатральныя кантакты».

 /i/content/pi/mast/38/629/Untitled-1.jpg
 «Дзядзька Ваня» Антона Чэхава. Сцэна са спектакля.
Так бы мовіць, брэндам і трэндам Тэатральнага тыдня «Глядзім Чэхава» сталася расійская «Залатая маска». Яе прысутнасць на айчыннай глебе была выключна своечасовай: толькі што заснавана Нацыянальная тэатральная прэмія ў Беларусі, і багаты культурны досвед «Залатой маскі» для нас надзвычай карысны. Беларусь пакуль што робіць у гэтай справе свае першыя, але вельмі неабходныя нашаму тэатру захады. А вось шматвектарнасць «Залатой маскі» насамрэч уражвае. Дастаткова сказаць, што кожны год яе экспертны савет (штораз у новым складзе) праглядае каля пяцісот спектакляў у многіх расійскіх гарадах. У зоне абавязковай увагі — драма, опера, балет, мюзіклы, аперэта, лялькі. Правядзенне выніковага фестывалю і цырымонія ўручэння прэмій адбываецца вясной у Маскве. Апрача таго, «Залатая маска» ажыццяўляе шэраг буйных тэатральных праектаў, сярод якіх «Легендарныя спектаклі і імёны ХХ стагоддзя», «Рашэн кейс», тэатральны рынак «ПРО-Тэатр», «Новая п’еса», пазаконкурсная праграма «Маска Плюс» з удзелам спектакляў замежных краін. Прэзідэнт Фестывалю «Залатая маска» Георгій Тараторкін падчас знаходжання ў Мінску наступным чынам вызначыў яе духоўныя і эстэтычныя арыенціры: «Тэатр — гэта з’ява, што жыве вымярэннем часу, і свой час ён абавязкова вымярае. Змяняецца толькі кантэкст. “Залатая маска” — прафесійная прэмія. У гэтым яе асаблівасць. Яна ў добрым сэнсе — працоўная. Цудоўна, калі прэмія грунтуецца на працы. Ёсць адзін адмысловы аўтар: пад назвай “выдатны спектакль”. Змястоўны, звернуты да свядомасці і душы. Ён нікога не абслугоўвае, але крочыць па сцежцы служэння. І адкрывае гледачам у самай дарагой і інтымнай прасторы душы тое, чаго чалавек пра сябе пакуль не зразумеў. У гэтым унікальнасць тэатра».

Сёлета на Тэатральным тыдні з Белгазпрамбанкам «Глядзім Чэхава» Беларусь далучылася да міжнароднага праекта «Залатой маскі» «Лепшыя спектаклі ў гарадах Расіі і краінах Балтыі». У Мінск пасля гастроляў у Таліне і Рызе прыехаў Акадэмічны тэатр імя Яўгенія Вахтангава з чэхаўскім «Дзядзькам Ванем». З усіх паказаных спектакляў менавіта гэты дапоўніў «залатую калекцыю» Тэатральнага тыдня і ўмацаваў традыцыю прэзентацыі лепшых пастановак сучаснасці.

На спектаклі «Дзядзька Ваня», які праходзіў у памяшканні Музычнага тэатра, насамрэч яблыку не было дзе ўпасці. Публіка ў Мінску цікаўная і дасведчаная. Ды толькі, пры ўсім іншым, людзі, безумоўна, ішлі паглядзець на знакамітасцей: Сяргея Макавецкага, Людмілу Максакаву, Уладзіміра Сіманава, Уладзіміра Удавічэнкава, на легенду Вахтангаўскага тэатра Галіну Канавалаву. Але ж сапраўдным індыкатарам поспеху таго ці іншага сцэнічнага калектыву ў нас з’яўляецца наяўнасць на спектаклі тэатралаў, так бы мовіць, прафесійных гледачоў. Тут важкасць падзеі ўжо вызначаецца па-іншаму. Галоўнае — рэжысёр. Рымасу Тумінасу ў Беларусі свой імідж пацвярджаць не трэба. Дастаткова было згадаць пранізлівы і па-эстэцку вытанчаны лермантаўскі «Маскарад», сусветна знакаміты спектакль Малога тэатра Вільнюса, які ў свой час моцна ўразіў і мінскіх тэатралаў. На «Дзядзьку Ваню» многія таксама прыйшлі паглядзець.

«Дзядзька Ваня» пакуль яшчэ толькі намінуецца на «Залатую маску», вынікі якой будуць падведзены вясной 2011-га. Але поспех у Маскве спектакль мае надзвычайны, хоць тэатру і рэжысёру ён каштаваў вельмі дорага. Можна сказаць, што такое цудоўнае дзіця нарадзілася пасля бурных унутрытэатральных спрэчак і канфліктаў. І зусім не адразу зрабілася дзіцём кахання. Так або іначай, але гэты дзіўны сімбіёз рускай душэўнасці і літоўскай эстэцкай фарматворчасці абярнуўся захапляльным тэатральным досведам. Феноменам, дзе разгорнутае ў адкрытай сцэнічнай прасторы чэхаўскае слова напоўнена надзвычайным смуткам і безвыходнай трагічнасцю. Дзе акрэслены рэжысёрскі прыём натуральна спалучаецца то з выяўленым, то з глыбока прыхаваным чалавечым пачуццём. Дзе страсць і трагізм маюць ледзяную касмічную інтанацыю, таму, з пункту гледжання вечнасці, не каштуюць анічога. І дзе ад спачування чалавеку да болю перахоплівае горла.

Рымас Тумінас увасабляе сваё ўяўленне пра іншую — чэхаўскую — рэальнасць з вытанчаным і вылічаным хараством і амаль матэматычнай дакладнасцю. На сцэне нічога лішняга, ніякіх люстрацый рэчаіснасці. Нешта накшталт выяўленых мрояў пра чэхаўскую «сусветную душу», якая сама па сабе халодная, далёкая, недасягальная. (Парафраз чэхаўскай «Чайкі»?) Толькі якім чынам у гэтым царстве касмічнага холаду адтайвае, а потым курчыцца ад болю жывая чалавечая істота? Чорная — без меры глыбіні — прастора адсечана ад пляцоўкі, дзе адбываецца жывое існаванне. На памежжы — свеціцца лямпа. У вышыні — магчыма, пад каласнікамі — месяц, які не знікае ніколі. (Думаю, што раніца ў гэтым прытулку смутку так і не надыдзе.) Адтуль, з бясконцай цемры, сюды, пад цёплы колер штучнага асвятлення, выходзяць арганізаваным марудлівым шэрагам героі — муж і жонка Серабраковы... Красуецца ў зафіксаваных паставах, штораз змяняючы нахіл цела, Алена Андрэеўна (Ганна Дуброўская). Яна насамрэч мае «русалчыну кроў», ды ад яе халоднага хараства немагчыма адвесці вочы. А ў яе смертаносных гульнях на хвалях кахання непрыкрытая небяспека. Такая цягне за сабой у багну і нікога не шкадуе. Капрызліва-пагардлівы Серабракоў (Уладзімір Сіманаў) і ягоная жонка — аднаго поля ягады. Разам па жыцці. Ніхто для іх не мае значэння. Уражвае маці Серабракова (Людміла Максакава), запакаваная, нібы ў кокан, ва ўласную непахісную сутнасць. Гэтак сама, як і ў сцэнаграфіі, між персанажамі існуе палярны падзел. Толькі там — святло і цемра. А тут — зло і дабро. На пытанне, хто перамагае, Рымас Тумінас не спяшаецца адказваць. Урэшце, нават здаецца, што проста ўнікае адказу. Гледачы нібы натыкаюцца на праявы чалавечай цеплыні. На штосьці жывое, зямное, вабнае. Вось дзядзька Ваня (Сяргей Макавецкі), няўклюдны і пазнавальна добразычлівы; Астраў (Уладзімір Удавічэнкаў) — асуджана харызматычны; адданая, любая Нянька (Галіна Канавалава); паглыбленая ў адчай, як у хваробу, насамрэч непрыгожая Соня (Марыя Бярдзінскіх)... У кожнага ўмоўна станоўчага персанажа прысутнічаюць хваравітыя, звыродлівыя, няправільныя рысы. І ўсё ж, такі варыянт інтэрпрэтацыі чэхаўскай п’есы Рымасам Тумінасам варта было б назваць «Соня». Бо менавіта праз гэтую гераіню найбольш выразна прачытваецца не змест, а мэта спектакля — пракрычаць у пустату пра адчай і безнадзейнасць, марнасць чалавечага існавання.

Гэтак жа, як і з’явіліся, гарызантальным шэрагам, з лялечнай пластыкай, адыходзяць у глыбіню сцэны Серабраковы. Прамень святла апускаецца на паставы шырокім конусам, і яны проста раствараюцца ў цемры. Гэтак сама сыходзяць у Нішто астатнія персанажы. Астраў. Дзядзька Ваня. Толькі Соня выгукне, амаль канвульсіўна і так, што сэрца зашчыміць, — пра неба ў дыяментах...

Магчыма, сёння самае каштоўнае, што можа вынесці з тэатра публіка, гэта пытанні, на якія ніхто не адказаў…

Людміла Грамыка