Фарбы і адценні сонечнага святла

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Аляксандр Пятровіч Мазалёў (1910 — 1970) належыць да савецкага пакалення беларускіх мастакоў першай паловы — сярэдзіны ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/mast/37/628/last.jpg

Аляксандр Мазалёў. На канікулах. Алей. 1966.

На жыццёвы шлях гэтых людзей, якія вылучаліся прынцыповым характарам і дакладнай грамадзянскай пазіцыяй, выпалі вялікія гістарычныя пераўтварэнні і шматлікія выпрабаванні: кастрычніцкая рэвалюцыя, індустрыялізацыя, калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна, сталінскія рэпрэсіі.

Творчы шлях мастака Мазалёва фарміраваўся ў складаных умовах. Ён паходзіў з сям’і беднага селяніна вёскі Рудня Магілёўскай губерні (цяпер Смаленская вобласць), пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1927 годзе паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе вучыўся ў жывапісца Уладзіміра Хрусталёва, але хутка з-за грашовых цяжкасцей вярнуўся ў Рудню, дзе загадваў хатай-чытальняй. Калгас «Запаветы Ільіча» ў 1931 годзе накіраваў Мазалёва ў Ленінградскі інстытут пралетарскага мастацтва, былую Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Там ён спачатку навучаўся ў прафесара Аляксандра Савінава, потым у Аляксандра Асмёркіна, а дыплом абараняў у вядомага баталіста Рудольфа Фрэнца. Пасля заканчэння інстытута ў 1938 годзе Мазалёў едзе выкладаць у Варашылаўградскае мастацкае вучылішча, а ў 1939-м па запрашэнні Упраўлення па справах мастацтва БССР — у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе ён працаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У варожым тыле, у Рудні, Мазалёў прымаў удзел у дзейнасці падпольнай арганізацыі, яго кватэра служыла месцам сувязі партызан і падпольшчыкаў. У 1942 годзе ў выніку здрады падпольная арганізацыя была раскрыта, пасля катаванняў Мазалёў трапіў у канцлагер.

У 1944 годзе ён уступіў у рады Чырвонай Арміі, але ваяваў нядоўга, у баі пад Вільнюсам быў цяжка паранены, і да апошніх дзён жыцця мастака мучыў галаўны боль, часам проста нясцерпны.

З 1948 года Аляксандр Мазалёў жыў у Мінску, актыўна прымаў удзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках, выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, а з 1956-га па 1970 год — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Студэнты ім захапляліся: маэстра працяглы час разглядаў натуру, пасля паварочваўся да планшэта і рабіў накід па памяці. Малявальшчык ён быў унікальны — дакладны і віртуозны. Меў моцную рэалістычную школу, адметны талент і адораных, сур’ёзна падрыхтаваных вучняў.

Аляксандр Мазалёў працаваў у розных жанрах жывапісу: гістарычная карціна, бытавы жанр, пейзаж, партрэт, нацюрморт. Творчая спадчына мастака багата і на эцюды, накіды, замалёўкі.

У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Мазалёў прадстаўлены жывапісным творам «На канікулах» 1966 года. Сюжэт твора вельмі просты: босы хлопчык утульна ўладкаваўся за сталом і чытае кнігу. Летнія канікулы — безумоўна любімая дзіцячая пара. Светлы інтэр’ер, вялікае акно, белы абрус, яблыкі і кветкі на стале, футбольны мяч каля вялікага люстэрка... У гэтай простай кампазіцыі вельмі ёмка сканцэнтраваны настрой, пачуцці і адносіны аўтара да тэмы шчаслівага савецкага дзяцінства. Звонкае каларыстычнае гучанне, дынамічны мазок, мастацкая выразнасць твора адпаведныя свайму часу. Сёння цяжка ўявіць, якое значэнне мела гэта тэма для свядомасці людзей 1960-х гадоў, калі на долю моладзі выпала сапраўднае шчасце жыць без галечы, голаду, рэвалюцыі і вайны. Старэйшае пакаленне, да якога належаў сам мастак, добра разумела кошт такога жыцця. У Аляксандра Мазалёва былі зусім іншыя дзяцінства і маладосць. Менавіта ў такіх, сапраўдных творах мастацтва найбольш ёміста ўвасабляюцца характэрныя прыкметы свайго часу і галоўныя грамадскія ідэалы.

Вольга Архіпава