Па-за межамі графічнага аркуша

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Дыялогі на роўных

/i/content/pi/mast/37/627/55.jpg

Уладзімір Савіч. Старыя камяніцы. залаціста-чырвонае святло. Акрыл, алей. 2010.

Да майстэрняў кафедры графікі дабрацца складана: праз другі корпус трапляеш на апошні паверх новага будынка Акадэміі мастацтваў. Якраз ідзе прагляд па выніках летняй практыкі. Пераходжу з майстэрні ў майстэрню — ад работ першага да апошняга курсаў. Выразна бачна, як сталеюць студэнты з цягам вучобы, як кшталтуецца іх уласная індывідуальнасць. Вось памяшканне з творамі будучых выпускнікоў: іх практыка — пераддыпломная. Ярка чытаецца адметнасць кожнага — выразны почырк, свабода творчай манеры... Прыслухваюся да каментарыяў выкладчыкаў, якія выстаўляюць адзнакі. Пад канец прагляду становяцца зразумелымі крытэрыі: першы і безумоўны — прафесійны рост. Адзнакі моцнага і крыху слабейшага вучня могуць супасці, калі апошні зрабіў відавочны крок у сваім развіцці. Важны крытэрый — пошук, разнастайнасць формаў творчага выяўлення. Зразумела, чаму вучні так вольна раскрываюцца падчас сваёй пераддыпломнай практыкі... Гэтым летам студэнт абараняўся работамі ў тэхніцы ляўкасу, на восеньскім праглядзе выкладчыкі параілі будучаму выпускніку зрабіць серыю краявідаў алеем. Прыслухацца да парады ці не — асабістая справа кожнага. Зрэшты, пра ўзаемадачыненні вучняў і настаўнікаў і пайшла гутарка на кафедры графікі.

Мяне чакалі два выкладчыкі — дацэнт Валянціна Сідарава і прафесар кафедры Уладзімір Савіч, якія запрасілі сваіх былых вучняў — Марыну Мароз, Анастасію Лебядзінскую
(выпуск 2008 года) і Аляксандру Іванову (выпуск 2010 года).

Алеся Белявец: Калі я папрасіла вас паклікаць менавіта сваіх уласных вучняў, для вас гэта аказалася праблемай? Чаму?

Валянціна Сідарава: Мы працуем з усімі студэнтамі кафедры, бо выкладаем самыя розныя дысцыпліны. Гэта добра, што педагогі мяняюцца, бо ў кожным чалавеку ёсць пэўная абмежаванасць: тое, што раскрые ў вучню адна асоба, другая дапоўніць.

Алеся Белявец: Вашы студэнты могуць выбраць толькі кіраўніка дыплома. Ёсць і іншая традыцыя, калі студэнт выбірае і свайго педагога. Ці добра гэта для вучня, калі настаўнікі розныя?

Марына Мароз: Кожны з іх — сам па сабе цікавы творца. Ад кожнага ты можаш узяць нешта, уласцівае толькі яму.

Алеся Белявец: У творчай аўтабіяграфіі любога мастака ёсць радок: «мае настаўнікі». Якімі якасцямі павінен валодаць выкладчык, каб трапіць у гэты спіс?

Анастасія Лебядзінская: Выдатна, што настаўнік у нас не адзін, гэта дае пэўную свабоду (пры ўмове, што ты сам можаш сябе кантраляваць). Мастакі заўсёды адчуваюць блізкую ім натуру, таму, калі яны падыходзяць да дыплома, то могуць выбраць сабе кіраўніка, з якім адбудзецца супрацоўніцтва. Не ўсё можна ў творчасці растлумачыць, таму патрэбен чалавек, які разумее цябе на нейкім падсвядомым узроўні.

Уладзімір Савіч: Некалі (да крызісу кніжных выдавецтваў) на кафедры графікі існавала наступная сістэма: да трэцяга курса студэнты вучыліся разам, а пасля размяркоўваліся па трох спецыялізацыях: кніжная графіка, станковая графіка і плакат. Кожны ведаў, якога кшталту работу будзе рабіць на дыплом. Сёння — выбар за студэнтам.

У маю бытнасць загадчыкам кафедры мы спрабавалі арганізаваць майстэрні мастакоў па заходнім узоры (калі вучань сам выбірае сабе настаўніка). Нашу ініцыятыву не падтрымалі іншыя кафедры. Акрамя таго, на графіцы шмат розных спецыяльных дысцыплін: шрыфты, праца ў матэрыяле, жывапіс, фармальная кампазіцыя, фотаграфіка.

Калі студэнт падыходзіць да дыплома, мы глядзім, да чаго ён больш схільны, і пачынаем паціху яго скіроўваць да нейкай тэмы. Ён мае права не пагадзіцца і выбраць сваё. Яны яшчэ не да канца разумеюць, што не ўсё прыдуманае ў галаве і абгрунтаванае словамі можна выказаць выяўленчай мовай.

/i/content/pi/mast/37/627/54--.jpg

Аляксандра Іванова. Павуцінне інтрыг. Дыпломны праект. Каляровы лінарыт. 2010.

Аляксандра Іванова:
Самым складаным пры падрыхтоўцы дыплома было знайсці канкрэтныя вобразы для маёй філасофскай тэмы. У галаве круцілася штосьці глабальнае, але ў канкрэтныя формы яно не ўкладалася. Тое, што я паказала на папярэдніх праглядах, выклікала сумненні ва ўсіх педагогаў. Падказка прыйшла выпадкова: мы з маім кіраўніком Валянцінай Сцяпанаўнай Сідаравай гарталі кнігі і знайшлі рашэнне: лялька! Высокія сэнсы я ўвасобіла праз гэты вобраз.

Пакуль шукалася рашэнне, я паказвала Валянціне Сцяпанаўне свае даволі абсурдныя малюнкі. Аднак яна, як дыпламатычны чалавек, не выказвала свайго меркавання, а спрабавала перавесці мяне на іншы шлях, прыносіла шмат кніг з работамі, якія мне былі пластычна блізкія. Калі вобразы знайшліся, узніклі новыя цяжкасці, бо з’яўлялася шмат паралельных ідэй, а прытрымлівацца трэба было тых, што ёсць.

Валянціна Сідарава: І гэта выдатна, так ствараецца запас для наступных серый. Абарона дыплома — толькі пачатак... Цікава назіраць, як з нясмелых дзяцей яны ператвараюцца хоць і не ў зусім спелых, але ўжо майстроў. За гэты пераддыпломны год студэнты вырастаюць. Перад імі стаіць суперзадача, і яны мабілізуюць усе свае сілы. Выкладчыкі — таксама. І ў гэткім тандэме выспявае вынік.

Анастасія Лебядзінская: На дыплом я рабіла серыю пейзажаў і хацела, каб работы былі кампазіцыйна цікавыя, знакавыя. Дасягнуць моцнага ўздзеяння твора стала больш важным, чым вырашыць глабальную тэму. У пошуку кампазіцыйных рашэнняў мне вельмі дапамог кіраўнік Уладзімір Пятровіч Савіч. Пасля я доўга працавала над выкананнем іх у матэрыяле. Стаяла задача паказаць барацьбу святла. Таму я ўзяла тэхніку мецца-тынта, у якой выява паступова праяўляецца з цёмнага фону.

Уладзімір Савіч: Дыпломная работа — сур’ёзная заяўка: новы творца з’яўляецца на артыстычным небасхіле. Насця імкнулася дасягнуць таго, каб святло стварыла знак. Яна нібы нырнула ў гэту стыхію пошукаў і пачала працаваць з незвычайным задавальненнем. Атрымалася сугучча таго, што хочацца, падабаецца, і таго, што атрымліваецца.

/i/content/pi/mast/37/627/54.jpg

Валянціна Сідарава. Святло. Фота. 2010.

Валянціна Сідарава:
Поспех дыпломніка не толькі ў добрай адзнацы. Важна, што ён пераадолеў перашкоды, прыйшоў да добрага выніку і зразумеў, што можа нешта рабіць. Гэта дае сілы. Педагог павінен разумець: трэба не толькі навучыць, але і зрабіць так, каб пасля абароны малады творца не прапаў, не сышоў у іншую прафесію. Падчас актыўнай работы над дыпломам узнікае многа паралельных тэм, ад якіх трэба ўмець адмовіцца ў гэты момант, але пакінуць іх на будучае.

Алеся Белявец: Ці можна сказаць, што менавіта на дыпломе мастакі знаходзяць сваю пластычную мову, якую могуць развіваць далей?

Уладзімір Савіч: І пры выкананні кампазіцый таксама шукаецца ўласная стылістыка. Выдатна, што ў нас на кафедры няма ні двух Савічаў, ні двух Славукоў. Студэнты развіваюць сваю індывідуальнасць, а не падстройваюцца пад некага. За апошняе іх не пахваляць.

Валянціна Сідарава: Так. Мы свядома ставім перад імі мэту знайсці ўласную непаўторнасць, абвастрыць свае асаблівасці, развіць і трансліраваць свету. Гэтае ўменне, аднак, прыходзіць да чалавека само сабой, у выніку ўнутранай працы. Ёсць няўпэўненыя ў сабе людзі, якіх трэба падтрымаць і нават даказаць, што яны — незвычайныя.

Уладзімір Савіч: Мяне часта пытаюць, ці ёсць у нас таленавітыя вучні. Гэтага слова для характарыстыкі вучняў я не ўжываю. Магу даць ацэнку толькі ўзроўню яго прафесійнай падрыхтоўкі. Першая прыступка да таленту праходзіцца тады, калі ён зрабіў дыплом, выйшаў з Акадэміі і стаў самастойна працаваць.

Існуе сур’ёзная праблема, якую мы на кафедры не можам вырашыць: дыпломнікі, што абараняюцца на самым высокім узроўні, выходзяць — і губляюцца. Мы лічылі б поспехам, калі б палова выпускнікоў актыўна працавала і выстаўлялася.

Калі я сустракаю сваіх былых студэнтаў і яны пачынаюць мне тлумачыць, што, маўляў, вось зараблю грошай і буду працаваць як мастак, я адказваю: «Ніколі творча ты працаваць ужо не будзеш, бо ад пачатку прыняў не тое рашэнне».

/i/content/pi/mast/37/627/54-3.jpg

Анастасія Лебядзінская. Свята сустрэчы дзвюх зорак. Дыпломны праект. Мецца-тынта. 2008.

Анастасія Лебядзінская:
З часу заканчэння Акадэміі мінулі два гады, але жадання персанальна выстаўляцца пакуль няма. Бо адразу ўзнікла пытанне, як працаваць самастойна, у якім кірунку весці пошук. Наконт грошай... Так, спачатку было вельмі цяжка. Але падтрымлівала думка: раз я графік, то графічным мастацтвам і буду займацца.

Марына Мароз: Самы цяжкі выбар стаіць напачатку: як знайсці працу, што будзе прыносіць табе сродкі для існавання, і захаваць час для творчасці. Але калі ў цябе ёсць думкі і жаданне, ты знаходзіш і час, і магчымасці.

Алеся Белявец: Мне падаецца, што дылема «мастацтва або грошы» — штучная. Калі сапраўды ёсць думкі і жаданне і нешта ўнутры цябе настойліва патрабуе сваёй рэалізацыі...

Уладзімір Савіч: ...Тады мы выказваемся — выяўленчай мовай. Тады хоча не хоча мастак, а працуе. І грошы з’яўляюцца... Мы павінны гэту патрэбу творчага азарту закласці ў сваіх вучнях.

Алеся Белявец: Калі мастак выходзіць з Акадэміі і знікае, гэта значыць, што вы не распалілі ў ім агеньчык? Ці проста асоба была недастаткова моцная?

Уладзімір Савіч: Так, не было ў чалавека ўнутранага стрыжня.

Аляксандра Іванова: Відаць, любому мастаку час ад часу даводзіцца прымушаць сябе працаваць. Працаваць, каб пастаянна развіваць сваё ўнікальнае бачанне, свае ідэі. Раз не зафіксуеш, другі — і ўсё... Адна ідэя вядзе за сабой іншую, а калі перастаеш увасабляць свае думкі, аказваецца, што ў тваёй унутранай скарбонцы нічога няма.

Алеся Белявец: Наколькі прадказальны працэс выхавання мастака? Ці часта слабыя студэнты па-добраму вас здзіўляюць?

Уладзімір Савіч: Так, здараецца. Складаны выбар адбываецца падчас уступных экзаменаў: заўсёды заўважныя два-тры лідары, але астатнія працуюць прыкладна на аднолькавым узроўні. Майстэрства экзаменатара ў тым, на каго паставіць. Іншы раз — карту выцягнуў, глядзіш — не тая. Ці студэнт нечага дасягае на працягу некалькіх гадоў вучобы, і ты разумееш, што гэта яго максімальны ўзровень. А бывае, як Дзяніс Сінюгін... Зорка, па дзвесце твораў за семестр выдаваў, як лепшы студэнт паехаў вучыцца на тры месяцы ў Мюнстэрскую акадэмію. Час рабіць дыплом, а ён не заяўляе тэму: «Не хачу больш маляваць. Увогуле! І абараняцца не буду!» Крычаў на яго, угаворваў. Неяк абараніўся. Але чаго гэта нам каштавала! А бывае, як Нікас Грыцонас, студэнт з Грэцыі... Як ён прагульваў, як не хацеў маляваць! Але аднойчы на жывапісе зрабіў цікавую па колеры пастаноўку, мы яго пахвалілі, яго гэта ўразіла — і як ён пачаў працаваць! На дыплом зрабіў дзесяць палотнаў і сёння ён — вядомы мастак на сваёй радзіме.

Валянціна Сідарава: Выкладчыцкая праца — як у садоўніка. Адна яблынька халадоў баіцца, другую паліваць трэба… Вучань, выконваючы розныя заданні, нібы прымяраецца: тут мне ўтульна, а тут не, тут я сябе рэалізую, а гэта мне чужое. Пасля робіць выбар. Да выкладання трэба падыходзіць вельмі ўважліва. Але галоўнае: мы вучым правілам адно дзеля таго, каб нашы выпускнікі навучыліся іх парушаць. Толькі так вырастае творчая асоба.

Алеся БЕЛЯВЕЦ