Новая генерацыя. Якая яна?

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

З думкамі пра нацыянальную кінашколу

/i/content/pi/mast/37/625/48.jpg

«Вайна». Рэжысёр Дзмітрый Лось.

Ідэя стварэння кінафакультэта абмяркоўвалася ў прафесійных колах даўно, яшчэ падчас існавання Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Нарэшце яна набыла канкрэтныя рысы: адкрыццё новага факультэта адбылося. Гэта важны крок на шляху ўмацавання слаўных традыцый беларускага кіно і назапашвання педагагічнага вопыту. Мэта адзіная — каб нашы стужкі былі цікавымі, каб іх глядзелі і ў кінатэатрах, і на фестывалях.

Калі раней Акадэмія мастацтваў выпускала кіна- і тэлерэжысёраў, рэжысёраў і мастакоў анімацыі, кінатэлеаператараў, кінатэлезнаўцаў, то цяпер да іх далучаюцца сцэнарысты, рэдактары і менеджары. Па сутнасці, з’явілася структура, аналагічная славутаму расійскаму ВГІКу, дзе вучыліся многія вядомыя майстры беларускага кіно. Наконт яе мэтазгоднасці існуюць розныя меркаванні. Адно з іх — навошта капіраваць чужыя ідэі і ствараць другі ВГІК, калі таленавітую моладзь можна накіроўваць на вучобу ці стажыроўку ў Маскву, дзе назапашаны вялікі педагагічны вопыт і ёсць вучэбна-вытворчая база? Так, існуе магчымасць запрашаць вядомых кінамайстроў з Масквы і далёкага замежжа ў Мінск, каб яны чыталі лекцыі, праводзілі майстар-класы і г. д. Вядома таксама, што ў славутым ВГІКу адбыліся значныя перамены, змяніліся эканамічныя, творчыя і вытворчыя абставіны — і не ў лепшы бок. Некаторыя выпускнікі расійскага інстытута, якія працуюць у Мінску, уголас гавораць аб тым, што «ВГІК ужо не такі, якім быў раней». А нацыянальная кінашкола патрабуе стварэння вучэбна-педагагічнай базы на сваёй глебе.

З усіх ВНУ краіны менавіта Акадэміі мастацтваў належыць прыярытэт у стварэнні нацыянальнай кінашколы, якая патрэбна для таго, каб наш кінематограф быў канкурэнтаздольным на рынкавых і фестывальных пляцоўках. Акадэміі ўжо ёсць чым ганарыцца. Болей за 20 гадоў у яе сценах існуе сістэмная падрыхтоўка «кіношнікаў». Сярод майстроў, якія рыхтавалі рэжысёраў ігравога, дакументальнага і анімацыйнага жанраў, такія вядомыя асобы, як Віктар Тураў, Міхаіл Пташук, Вячаслаў Нікіфараў, Віктар Дашук, Ігар Волчак. Дзякуючы іх педагагічнай дзейнасці ў 1990-я гады адбылася значная з’ява — у кіно прыйшло новае пакаленне маладых рэжысёраў. Менавіта гэта прафесія з’яўляецца галоўнай у кінематографе, ад асобы рэжысёра залежыць генерацыя галоўных ідэй, якія ўвасабляе той ці іншы фільм.

Першую спробу гадаваць уласныя кінакадры зрабіў славуты рэжысёр, народны артыст СССР Віктар Тураў, які ў 1993 годзе набраў студэнтаў у сваю майстэрню. Выпускнікі Турава зараз на творчым узлёце, яны самыя вопытныя і аўтарытэтныя. Сярод іх безумоўныя лідары — Аляксандр Колбышаў і Андрэй Кудзіненка.

Незвычайны лёс першага з іх. Ужо сталым чалавекам, прафесійным акцёрам, ён прыйшоў у рэжысуру. Стужак у яго пакуль няшмат, але кожны фільм становіцца падзеяй у айчынным кіно. І невыпадкова. Колбышаў размаўляе з гледачом пра вечныя праблемы маральнага выбару ў экстрэмальных сітуацыях, пра суадносіны сацыяльнага і чалавечага абавязку. Распрацоўка гэтых тэм пачалася з кароткаметражнага фільма «Ахвота жыць». Зусім нядаўна з’явіўся фільм «Ваўкі», які на фоне складанай кінематаграфічнай сітуацыі апошніх гадоў стаў мастацкім дасягненнем. Аўтары звяртаюцца да адносна нядаўняй нашай гісторыі, да падзей 1946 года. Вастрыня чалавечых стасункаў узмацняецца складаным гістарычным кантэкстам, калі ўсе персанажы літаральна скурай адчуваюць страх і небяспеку. Выратаваць сваю душу ці здрадзіць ёй — вырашае кожны з іх. У фінале стужкі моцна гучыць малітва-харал. Прызнанне «Ваўкоў» прафесіяналамі выявілася ў тым, што фільм атрымаў Гран-пры двух міжнародных фестываляў, Бярдзянскага і Брэсцкага. Цяпер слова за гледачамі.

Андрэй Кудзіненка пачынаў з аўтарскіх неігравых стужак. Асаблівы водгук мела ў свой час карціна «Сны В.В.», прысвечаная рэжысёру Валянціну Вінаградаву: калісьці яго фільмы жорстка крытыкаваліся за незвычайныя візуальныя кампазіцыі і прыярытэт формы над зместам. Менавіта гэтыя якасці і прывабілі маладога рэжысёра. Свае эксперыменты Кудзіненка працягнуў у стужцы «Акупацыя. Містэрыі», якая мела неадназначныя водгукі ў грамадстве: на экране паўсталі нязвыклыя вобразы партызан, немцаў, беларускіх жанчын. З’ехаўшы ў Маскву, Андрэй зняў рымейк славутай стужкі «Розыгрыш» з жыцця сучасных школьнікаў. Кінастудыя «Беларусьфільм» запрасіла яго, цяпер вядомага, вопытнага рэжысёра, на новыя праекты. Андрэя цікавяць містыка, гіперрэалізм, віртуальная рэальнасць. Апошняя стужка, «Масакра», атрымалася відовішчнай, таямнічай, але халоднай. Насельнікі старадаўняга маёнтка часам нагадваюць карыкатурныя постаці, амаль гогалеўскіх персанажаў. І аўтары, быццам праз шкло, назіраюць за іх рухамі і ўчынкамі.

Гаворачы пра вучняў Віктара Турава, варта згадаць імёны Ірыны Волах, Рэнаты Грыцковай, Івана Паўлава, Ігара Чацверыкова. Кожны з іх актыўна працуе ў розных кінематаграфічных жанрах, у тэлесерыялах.

Асаблівыя надзеі грамадскасці і прафесіяналаў былі звязаны з выпускнікамі рэжысёрскай майстэрні народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука, дэбюты якіх сведчылі пра творчы тэмперамент, адоранасць і імкненне да самастойнасці. Кінематаграфісты памятаюць той знамянальны дзень, калі вялікая зала кінастудыі была перапоўнена ўсхваляванымі гледачамі. Мы глядзелі дыпломныя працы маладых рэжысёраў і радаваліся: вось яны, таленты, якімі будзе ганарыцца айчыннае кіно! Гэта была сапраўды «выдатная сямёрка» — Дзмітрый Лось (фільм «Вайна»), Людміла Дуброўская («Дзікія звяры свету»), Аляксандр Канановіч («Колер кахання»), Андрэй Голубеў («Казанова»), Дзяніс Скварцоў («Ліка»), Яўген Сяцько («Пайсці і не вярнуцца»), Максім Субоцін («Тыя, што зніклі без весткі»). Галоўным для «пташукоўцаў» была арыентацыя на тэму гістарычнай памяці народа і асобы, патрыятызму і грамадзянскай адказнасці. Сам майстар не паспеў давесці вучняў да дыплома па прычыне заўчаснай смерці, і курс выпускаўся пад кіраўніцтвам Вячаслава Нікіфарава.

Што сталася з гэтымі маладымі рэжысёрамі? Ці зрабілася іх пакаленне з’явай у беларускім кіно, як гэта адбылося з «шасцідзясятнікамі»? Адназначнага адказу няма. Хтосьці з «пташукоўцаў» мае за плячыма ўжо некалькі вялікіх фільмаў, галоўным чынам ваенна-армейскай тэматыкі. Андрэй Голубеў зняў стужкі «Чаклун і Румба» і «Крапавы берэт», Дзяніс Скварцоў — «Шчыт Айчыны» і «Дняпроўскі рубеж». Складана весці гаворку пра высокія мастацкія якасці згаданых фільмаў. Аляксандр Канановіч, які валодае рэдкім дарам камедыёграфа, замахнуўся на самы складаны жанр — камедыю. Атрымаўся кінакапуснік пад назвай «Дасціш фантасціш». Дзмітрый Лось, чыя дэбютная кароткаметражка «Вайна» ўражвала насычанай экспрэсіяй, зрабіў тэлевізійную «дамскую» меладраму «Трамвай у Парыж». Яўген Сяцько працуе пераважна ў дакументальным кіно, Максім Субоцін толькі пачынае свой творчы шлях у Беларусі. Даволі драматычна складваецца творчы лёс таленавітай Людмілы Дуброўскай. Маючы цудоўную адукацыю, атрыманую ў майстэрні Пташука і на Вышэйшых курсах у Маскве, яна зняла некалькі кароткіх стужак, сярод якіх запомніўся фільм «Каханне?..». Людміла напісала сцэнарый «Па слядах Тваіх...» пра Еўфрасінню Полацкую, які можа зрабіцца асновай значнага фільма пра карані нашай духоўнасці. Але пакуль што сцэнарый ляжыць на паліцы і не знаходзіць падтрымкі кіраўніцтва студыі.

Тым не менш, новая генерацыя рэжысёраў ігравога кіно існуе, а вопыт прыходзіць разам са зробленымі работамі. Галоўнае — не спакусіцца на творчыя кампрамісы, слабыя сцэнарыі і вытворчую інерцыю.

Майстэрня народнага артыста Беларусі, славутага рэжысёра дакументальнага кіно Віктара Дашука дала беларускаму кіно сапраўдныя таленты. У 1994 годзе яе скончыў Віктар Аслюк — цяпер вядомы дакументаліст, адзіны сярод нашых рэжысёраў член Еўрапейскай кінаакадэміі. Накірунак яго творчых пошукаў можна акрэсліць радком паэта: «Мой родны кут, як ты мне мілы...» Але за гэтым пачуццём стаіць не замілаванасць, а боль і драматызм. Аслюк — сапраўдны філосаф у кіно. Ён раскрывае асаблівасці этнічнага светапогляду і нацыянальнага характару, стварае шматгранны партрэт беларуса ў фільмах «Край тужлівых песень», «Кола», «Мы жывем на краі», «Андрэевы камяні», «Марыя», «Андрэй». Галіна Адамовіч аналізуе сучасную рэчаіснасць і ідзе ў глыбіню народнага жыцця. Пры гэтым «народ» у яе — не этнаграфічнае паняцце, а складаная еднасць розных людзей — сялян і гараджан, дзяцей і старых, мастакоў і музыкаў. Духоўныя арыенціры чалавека — вось што цікавіць рэжысёра ў фільмах «Канікулы для сіраты», «Жылі-былі», «Божа мой», «Завядзёнка», «Дар». Змест экранных пасланняў рэжысёра адпавядае вядомым словам Андрэя Платонава: «Без мяне народ няпоўны».

Антаніна Карпілава, дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі экранных мастацтваў, менеджменту