Жывапісец, архітэктар, інжынер...

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Сучасныя рэаліі для будучых сцэнографаў

/i/content/pi/mast/37/624/45.jpg
. Вольга Шчарбінская. «Шчаўкунок» Пятра Чайкоўскага. Макет дэкарацыі
Аддзяленне тэатральна-дэкарацыйнага жывапісу, якое выхоўвае мастакоў тэатра, адносіцца да кафедры жывапісу мастацкага факультэта, але не менш правоў на гэтых будучых спецыялістаў мае і факультэт тэатральны. Гэтая супярэчнасць абумоўлена спецыфікай прафесіі сцэнографа, які павінен валодаць навыкамі жывапісца, архітэктара, інжынера і мець веды не толькі па святлатэхніцы ды найноўшым тэхнічным дасягненням, але і па гісторыі тэатра, касцюма, грыму, павінен умець працаваць з драматургіяй, разумець спецыфіку ўспрымання тэатральнай прасторы, быць здольным увасобіць задуму рэжысёра, адчуць гарманічную сувязь паміж сцэнічным асяроддзем і акцёрам.

Спецыфіка відовішчных мастацтваў — у калектыўнай сатворчасці: вобраз не можа быць увасоблены аўтарам без удзелу выканаўцы, так што ў кожным канкрэтным выпадку мяркуецца наяўнасць элементаў інтэрпрэтацыі. Спектакль — гэта вынік сумеснай дзейнасці драматурга, рэжысёра, сцэнографа, артыстаў, кампазітара, асвятляльнікаў, машыністаў сцэны і г. д. Чым большую колькасць кампанентаў аб’ядноўвае ў сабе цэлае, тым складаней ажыццявіць іх арганічнае спалучэнне.

У бінарных мастацкіх структурах непарыўная сувязь двух элементаў залежыць толькі ад здольнасці аднаго з іх падпарадкаваць сабе іншы. Для ўзнікнення шматэлементных сістэм неабходна з’яўленне нейкай спецыфічнай энергіі, якая б арганізоўвала ўсе часткі і звязвала іх. У тэатры гэтую ролю традыцыйна выконвае творчасць рэжысёра.

Галоўным памагатым рэжысёра ў пластычным увасабленні першакрыніцы на сцэне з’яўляецца мастак, які выбудоўвае канчатковы бачны вобраз спектакля. Ён зводзіць разам дэкарацыі, касцюмы, грым, бутафорыю, святло, стварае арганічнае цэлае ўсіх складнікаў сцэнічнага дзеяння. Авалодваць гэтымі навыкамі можна доўгі час. Але аснову — базу і фундамент — студэнты аддзялення тэатральна-дэкарацыйнага жывапісу атрымліваюць за шэсць гадоў навучання ў Акадэміі.

Першы выпуск айчынных мастакоў тэатра з вышэйшай прафесійнай адукацыяй адбыўся ў 1962-м. За гэты час беларуская школа сцэнаграфіі, заснаваная на лепшых расійскіх і заходнееўрапейскіх традыцыях тэатральна-дэкарацыйнай творчасці, назапасіла ўласны вопыт і выпрацавала мастацкія прынцыпы. Ля вытокаў школы стаялі выдатныя творцы, сярод якіх народны мастак Беларусі Аскар Марыкс — выпускнік Акадэміі мастацтваў у Празе і Варшаўскай школы прыгожых мастацтваў (менавіта ён заклаў падмурак беларускай прафесійнай сцэнаграфіі); народны мастак Беларусі Павел Масленікаў, які скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча і Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Ільі Рэпіна ў Ленінградзе; заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, Літвы, Таджыкістана, народны мастак Беларусі Яўген Чамадураў — выпускнік Ленінградскай акадэміі мастацтваў. З 1995 года ўжо некалькі пакаленняў тэатральных мастакоў выхоўваецца пад кіраўніцтвам вучня Яўгена Чамадурава і Паўла Масленікава, народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Яго вучні з поспехам працуюць у тэатрах Беларусі і па-за яе межамі.

Барыс Федасеевіч — сапраўдны майстар з неацэнным досведам, ён дагэтуль не страціў жывога імкнення да ўвасаблення сапраўды цэласнага твора мастацтва. З 1976 года працуе галоўным мастаком у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Герлавана можна назваць сааўтарам шматлікіх пастановак, якія ўпрыгожылі беларускую сцэну: «Раскіданага гнязда» і «Тутэйшых» Янкі Купалы, «Радавых» Аляксея Дударава, «Страсцей па Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева. Адначасова ён працягвае сваю педагагічную дзейнасць.

Па прызнанні саміх студэнтаў, навучанне не заўсёды ідзе гладка. Барыс Герлаван — безумоўны аўтарытэт для моладзі, але вучні могуць і не пагаджацца з яго поглядамі і пазіцыяй (хаця ў рэшце рэшт разумеюць, што ён мае рацыю). Гэта адкрыты чалавек, які імкнецца падзяліцца вопытам і ведамі, але ўжо іншая справа, на якім узроўні змогуць будучыя сцэнографы ўспрыняць і выкарыстаць тое, што жадае перадаць ім настаўнік.

Барыс Герлаван разглядае сцэнічную пляцоўку як вобраз Сусвету, надаючы ёй містычна-метафарычнае значэнне. У кожнай сваёй працы мастак знаходзіць адпраўную форму, якая б адпавядала ідэі ўсёй пастаноўкі. Падобныя рысы праглядаюцца і ў творчасці лепшых яго вучняў. Сярод іх варта вылучыць такіх запатрабаваных тэатральных мастакоў, як Алеся Сарокіна, Дар’я Волкава, Таццяна Мацэвіч, Андрэй Меранкоў, Ігар Анісенка, Вольга Мацкевіч, Валянціна Праўдзіна...

Сёння на курсе навучаюцца пяць студэнтаў: Аляксандр Балдакоў, Вікторыя Гаўрыленка, Святлана Кавалеўская, Мікіта Шаршнёў, Вольга Шчарбінская. Настаў адказны пераддыпломны год. Простыя заданні, накшталт афармлення беларускай казкі, ускладняюцца. У мінулым годзе студэнты пачалі працаваць над опернымі і балетнымі пастаноўкамі, а сёлета паспрабуюць зрабіць макеты і эскізы да спектакляў па драматургіі Уільяма Шэкспіра. Пэўна, толькі ў перыяд навучання будучыя мастакі могуць безаглядна даць волю сваёй буйнай фантазіі: пакуль што яны самастойна выбіраюць п’есу, маюць магчымасць не падладжвацца пад умовы існавання канкрэтнага тэатра, пад жаданні рэжысёра, акцёраў. У той жа час гэта ўтрымлівае і пэўныя складанасці, пра якія кажуць і самі студэнты.

Праблема палягае ў недахопе практычных навыкаў менавіта тэатральнага мастака. Калі жывапіснай практыкі хлопцы ды дзяўчаты маюць дастаткова, то папрацаваць на рэальнай тэатральнай сцэне з рэжысёрам і акцёрамі атрымліваецца толькі ў адзінак. Натуральна, кожнаму студэнту было б карысна стаць часткай пастановачнага арганізма, але такой практыкі няма. Выходзячы з Акадэміі, здавалася б, гатовымі спецыялістамі, сцэнографы вымушаны самастойна змагацца з рэальнымі праблемамі існавання сучаснай тэатральнай прасторы, вучыцца працаваць не толькі з тэхнічнымі службамі, але і з рэжысёрам.

Дарэчы, у Акадэміі навучэнцы маюць выдатную магчымасць спазнаць творчую кухню пастаноўшчыка, але, на жаль, часта не выказваюць такога жадання. Студэнты рэжысёрскага аддзялення толькі зрэдку наведваюць майстэрню сцэнографаў, а да творчага супрацоўніцтва справа даходзіць яшчэ радзей. Ведаючы станоўчыя прыклады практыкі расійскіх ВНУ сумяшчаць курсы рэжысёраў і мастакоў, досыць цікава пафантазіраваць на гэтую тэму ў сістэме беларускай тэатральнай адукацыі. Бо неразуменне пастаноўшчыкам прызначэння і ролі сцэнаграфіі ў сучасных рэаліях, недахоп навыкаў супрацоўніцтва, адсутнасць адзінства поглядаў у мастака і рэжысёра прыводзяць да зніжэння якасці пастановак.

Сцэнаграфія ў сучасным тэатральным працэсе займае найважнейшае месца. Яна з’яўляецца не толькі візуальным, але вобразным і формаўтваральным элементам спектакля. Недакладнае разуменне мастаком рэжысёрскай задумы і ідэі драматурга здольна нанесці сцэнічнаму твору вялікую шкоду.

Якой бы самабытнай ні была сцэнаграфія, у адрыве ад сцэнічнага твора яна непазбежна становіцца дэкаратыўным пано. Але і пастаноўка без адпаведнага мастацкага абагульнення не набудзе гарманічнай завершанасці.

Змены ў поглядах на функцыю і значэнне дэкарацыі як з боку творцаў, так і з боку гледачоў прыводзяць да з’яўлення новых падыходаў да традыцыйных ідэй, але наватарскіх рашэнняў часта не прыносяць. Тое звязана і з існаваннем нязменнай статычнай сцэны-каробкі, і з выкарыстаннем звыклых выразных матэрыялаў, а нярэдка і з састарэлымі поглядамі саміх творцаў на прызначэнне сцэнаграфіі, вынікам чаго становіцца неўраўнаважанасць у суадносінах складнікаў пастаноўкі. Ідэя, зразумела, можа нарадзіцца ў кагосьці аднаго, але развіваць яе павінны ўсе стваральнікі спектакля.

Тым не менш, нягледзячы на ўсе складанасці, найбольш моцныя, працаздольныя і таленавітыя асобы паспяхова пераадольваюць перашкоды, утвараючы ў выніку ядро сучаснай беларускай сцэнаграфіі, якая сёння мае розныя напрамкі і адгалінаванні. Працягваюць з’яўляцца спектаклі, заснаваныя на сінтэзе відовішчнай вобразнасці і мастацкай функцыянальнасці, якія становяцца вызначальнымі для тэатра і знамянуюць новы этап у яго развіцці.

 Ксенія КНЯЗЕВА, аспірантка акадэміі мастацтваў