Уладары дум ці медыйныя зоркі?

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Азбука пастаноўшчыка

У свой час кафедра рэжысуры вылучылася ў Акадэміі як асобная вучэбная
структура. Сёння можна гаварыць пра відавочны плён гэтага рашэння.
Навучанне рэжысуры ў нас традыцыйнае і не залежыць ні ад якіх навамодных павеваў: для таго, каб у будучыні выпускнік мог пры жаданні стаць эксперыментатарам і наватарам, ён мусіць цвёрда засвоіць асновы, азы сваёй прафесіі.

Іншая справа, што ў ХХІ стагоддзі гэта прафесія ў пэўнай меры страціла свой высокі сацыяльны статус. Маё пакаленне яшчэ заспела часы, калі тэатральныя рэжысёры былі сапраўднымі «ўладарамі дум» і збіралі аншлагі на кожную новую пастаноўку. Цяпер у грамадстве распаўсюджаны іншы падыход, зарыентаваны, найперш, на паспяховасць, камерцыйную прывабнасць таго ці іншага занятку. Таму нярэдка маладыя людзі, якія абіраюць рэжысуру, мараць пра тое, каб стаць папулярнымі медыйнымі асобамі, «зоркамі», ды ідуць у прафесію зусім не таму, што збіраюцца рэалізоўваць свае творчыя памкненні. Гэта агульная тэндэнцыя грамадства і ў многіх іншых сферах.

Рэжысура традыцыйна лічыцца прафесіяй мужчынскай, але, як паказвае практыка апошніх гадоў, найбольш ярка праяўляюць сябе ў рэжысуры дзяўчыны. Сучасныя юнакі вельмі часта аказваюцца інфантыльнымі, аморфнымі — у адрозненне ад дзяўчын, больш адукаваных, з развітой фантазіяй і творчымі амбіцыямі.

Часам даводзіцца чуць, што педагогі Акадэміі павінны актыўна працаваць з абітурыентамі ў рэгіёнах, вышукваць маладых людзей, здольных да рэжысёрскай прафесіі, і свядома арыентаваць іх на гэта. Мы прыглядаемся да нашых патэнцыяльных студэнтаў і, заўважаючы адораных, схільных да занятку рэжысурай маладых людзей, працуем з імі. Але справа гэта «кропкавая» і заўсёды індывідуальная, яе проста нельга лічыць панацэяй і страхоўкай ад усіх наступных педагагічных пралікаў і няўдач. Спытаю: чаму ніхто не ездзіць па краіне і не адбірае юрыстаў, медыкаў, педагогаў і гэтак далей?.. Ды таму, што чалавек, які абірае для сябе ў якасці жыццёвага шляху рэжысуру, мусіць сам зрабіць крок насустрач ёй, зразумець, што тут ніхто не прынясе яму «на талерачцы» ўласную будучыню. Для таго каб стаць рэжысёрам, патрэбна гэтак жа, як і ў спорце, мець волю да перамогі. Пасіўнасці і няпэўнасці наша прафесія не даруе.

А далей уключаюцца правілы школы: ад простага да складанага. Такі індывідуальны працэс, як навучанне рэжысуры, залежыць у значнай меры ад двух асноўных фактараў. Першы — наколькі той ці іншы чалавек працаздольны і захоплены сваім заняткам. Другі — наколькі багаты агульны культурны слой ён мае. Без любога з гэтых фактараў нельга разлічваць на тое, што чалавек зможа сфарміравацца ў цікавага і яркага рэжысёра. Нават калі ў яго ёсць жаданне і творчы азарт, але недастаткова культурнага слоя, ён можа стаць хіба што «бегуном на кароткія дыстанцыі».

Як мы гэта пераадольваем? Самыя вядомыя і самыя дзейсныя спосабы, што актыўна выкарыстоўваюцца ў музыцы, танцах, — жорсткія ўмовы работы і жалезная творчая дысцыпліна, пра якую гаварыў яшчэ Станіслаўскі. Зразумела, што мы маем справу з такім тонкім механізмам, як чалавечая душа, але ж іншых спосабаў прывіваць нашым навучэнцам працаздольнасць, прывучаць да неабходнасці пастаяннай самадысцыпліны ва ўсіх пытаннях свайго творчага і будучага прафесійнага існавання ў нас няма.

Найвялікшая праблема для студэнтаў узнікае тады, калі перад імі паўстае неабходнасць пастаноўкі пераддыпломнага і дыпломнага спектакляў. Далёка не ўсе тэатры ідуць на супрацоўніцтва з маладымі, бо «не маюць права рызыкаваць». Але ж гэта шанц і для маладога рэжысёра, і для самога тэатра. Нярэдка даводзіцца чуць, што дыпломныя спектаклі маюць кароткі век. Тут усё залежыць ад канкрэтнага тэатра. Два гады таму наша выпускніца Дар’я Лебедзева паставіла ў Брэсце спектакль, які ідзе ў рэпертуары і да гэтага часу, з іншых прыкладаў — пастаноўка Дзяніса Фёдарава ў Слоніме, якая таксама ідзе на сцэне па сёння.

Нагадаю пра тое, што многія ігнаруюць або проста не ведаюць: мы рыхтуем спецыялістаў па дзвюх спецыяльнасцях. У дыпломах побач з «рэжысёрам» стаіць «педагог»: разам з практычнымі навыкамі рэжысуры нашы выпускнікі валодаюць і педагагічнымі ведамі — гэта дазваляе захоўваць лепшыя тэатральныя традыцыі.

Калі звярнуцца да статыстыкі, магу сказаць, што за ўвесь час існавання Акадэміі з яе сцен выйшла 150 рэжысёраў. Толькі 45 з іх прыйшлі працаваць у тэатр. Працэнт, здавалася б, не такі высокі. Але з гэтых 45-ці засталіся ў прафесіі чалавек 20 — амаль палова. І тут ужо справа паварочваецца іншым бокам. Узгадаю і тое, што за апошнія 10 гадоў трое з шэрагаў нашых выпускнікоў узначалілі айчынныя тэатры. Самы апошні прыклад — Кацярына Аверкава, якой прапанавана пасада галоўнага рэжысёра ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Але ж гэткае прафесійнае прызнанне — справа не аднаго дня. Для таго, каб малады рэжысёр меў магчымасць праявіць сябе ў творчасці, трэба, па-першае, каб ён трапіў у прафесійны калектыў, дзе наладжана сістэма працы. А па-другое — яму проста неабходна працаваць з добрай драматургіяй. Лічу, што крэда любога кіраўніка тэатра павінна быць наступным: не даваць маладым рэжысёрам ставіць казкі за «пяць капеек», а толькі сур’ёзныя, паўнавартасныя спектаклі, на якіх яны і змогуць расці. Пры спрыяльных умовах гадоў праз пяць мы зможам убачыць сапраўдныя творчыя парасткі, якія выдадуць у маладым рэжысёру прафесіянала. Гаварыць жа пра тое, што майстар можа выгадавацца ў стэрыльных умовах аўдыторыі, немагчыма — ён павінен фарміравацца з улікам канкрэтных тэатральных рэалій. Толькі пастаянная творчая праца без прастояў і «халтур» дае падставы для творчага росту. Іначай — не бывае.

Сваім студэнтам я заўсёды кажу, што калі яны жадаюць стаць сапраўднымі прафесіяналамі, то мусяць не заседжвацца ў сталіцы ў чаканні шчаслівага выпадку, а ехаць працаваць у рэгіёны. Розніцы паміж сталічнымі і рэгіянальнымі тэатрамі, па сутнасці, няма, і адрозніваюцца яны хіба што сумамі, якія выдаткоўваюцца на пастаноўкі. Аднак усім вядома, і практыка гэта пацвярджае, што ўзровень спектакля як твора тэатральнага мастацтва, а не як аднаго з элементаў шоу-бізнесу, амаль не залежыць ад грошай. Нашмат важней — і гэта бадай што галоўнае ў нашай прафесіі — наяўнасць у рэжысёра творчай ідэі, якая і дасць штуршок для стварэння спектакля.

Рыгор БАРАВІК, загадчык кафедры рэжысуры, прафесар