Павел Татарнікаў

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Вобраз і яго слова

/i/content/pi/mast/37/621/35.jpg
Ілюстрацыі да кнігі «Нябесны імператар і дзесяць сонцаў». Змешаная тэхніка. 2010.
Павел Татарнікаў — таленавіты выхаванец графічнай школы Акадэміі мастацтваў. Сваімі настаўнікамі называе Васіля Шаранговіча і Уладзіміра Савіча. Ганарыцца роспісам Мікалая Селешчука ў сваім дыпломе: каліграфічнае «Selia» той паставіў як старшыня Дзяржаўнай камісіі.

Знайсці Паўла гэтай восенню ў Мінску было складана. Абсталяваў сабе майстэрню ў вясковай хаце, там і працуе. Раз на тыдзень наязджае ў Акадэмію мастацтваў: праводзіць заняткі па кампазіцыі для студэнтаў-графікаў.

Летам адбылася яго выстава ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, на якой мастак прадставіў серыю «Брама мінулага», вылучаную на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Уражвае і серыя прац, прысвечаных міфалогіі старажытнага Кітая. Гэты кітайскі гарызонт зрабіў яго графічную мову метафарычна-нешматслоўнай і ёмістай. Знак выяўляе сябе выразна і лёгка. Сачыць за развіццём Паўла Татарнікава сапраўды цікава. Яно адметнае вельмі плённым сплавам інтэлектуальных пабудоў і дотыкам яркай эмоцыі, амаль дзіцячай па свежасці і спелай па глыбіні.

Ён любіць тлумачыць, што графіка вырасла з кнігі, а ілюстрацыя звязана з тэкстам. Яго работы перагукваюцца і ўзаемадзейнічаюць са словам не столькі сюжэтам, колькі рытмам, дынамічнымі пераходамі ад вобраза да знака, ад дэталі да панарамы, ад плоскасці да ілюзорнай глыбіні. Гэтыя вандроўкі па сімвалічных пластах выявы становяцца захапляльнымі прыгодамі нашага ўяўлення. Тэхнічнае майстэрства, віртуознае валоданне акварэллю ўладна падначалена, укладзена ў плынь задумы. Але менавіта выгін лініі ці вольнае цячэнне акварэльнай «ракі» — першае, што безумоўна і адразу захоплівае ў гэтых аркушах і не губляецца пры друку.

Выявы Татарнікава гартаеш нібы старонкі кнігі, паступова дабіраючыся да знака, ці да вобраза, ці да зашыфраванага слова.

Што дае табе выкладанне ў Акадэміі?

— Мне вельмі цікава тут працаваць. Маю ад гэтага практычную карысць: як толькі ты пачынаеш нейкія моманты ў мастацтве тлумачыць словамі, у цябе ў галаве пэўныя разуменні — ад пачатку інтуітыўныя — складваюцца ў структуру. Не ведаю, ці гэта правільна, калі мастак пачынае прагаворваць і асэнсоўваць механізмы, звязаныя з творчым працэсам, але так прасцей разабрацца ў сваіх памылках...

У Акадэміі вучаць рамяству. Сюды прыходзяць вельмі творчыя студэнты, але тут даюць рамесныя навыкі і веды, якія нідзе больш не атрымаеш, толькі ў калектыве і толькі з настаўнікам.

Другая карысць ад гэтай працы — своеасаблівая сацыялізацыя. Шмат гадоў я працаваў дома (за выключэннем таго часу, калі быў мастацкім рэдактарам часопіса «Бярозка»), але ў афіцыйных дакументах мне даводзілася пісаць, што я часова непрацуючы. Такога слова, як мастак, у гэтых дакументах не існуе. У мяне заўсёды былі замовы і кантракты, я плаціў падаткі, але быў, так бы мовіць, «нікім».

Канешне, гэта не галоўная прычына. Мне вельмі падабаецца калектыў, які склаўся на кафедры графікі. Я вяду ў студэнтаў летнюю практыку і кампазіцыю на другім і трэцім курсах, у іх якраз пачынаецца спецыялізацыя — кніга. А гэта мне вельмі цікава тлумачыць. У навучанні мастацтву важны асабісты прыклад і творчая біяграфія. Студэнты, скажам, бачаць, што шыкоўны і таленавіты мастак апусціўся, спіўся, які гэта для іх можа быць прыклад! Ці мастакі без капейкі сядзяць, і яны экстрапаліруюць гэту сітуацыю на сябе. Таксама ніякае навучанне не пойдзе. Іншая справа, калі яны маюць магчымасць хадзіць на твае выставы, бачаць цябе паспяховым творцам.... І ты можаш нешта паказаць ім сам.

А калі студэнт пачне капіраваць тваю манеру?..

— Такія спробы на корані душацца. Стараюся вучыць іх на розных прыкладах, ды яны і самі розныя, але яшчэ не бачаць свае асаблівасці. Трэба паказаць, падкрэсліць, развіць... Для гэтага ёсць методыкі выкладання, многае падрабязна апісана за 500 гадоў існавання акадэмічнай графікі.

Да сябе, да сваёй манеры лёгка прывыкаеш, назіраеш за студэнтамі — самому мяняцца хочацца.

Што робіш тады?

— Я заўсёды шукаю ўражанні, люблю кантактаваць з сябрамі, знаёмымі. Але для зменаў трэба рабіць унутраныя крокі. Ужо часам і цяжкавата. Я не прыхільнік кардынальных перамен, як, напрыклад, Пікаса, што сам сябе прымушаў мяняцца, ці Малевіч, што быў змушаны абставінамі.

Ёсць жаданне рухацца да нейкіх больш выразных формаў, дэфармацый. Я ж не ўсё паказваю, не ўсе кнігі ты бачыла.

Кніга — індустрыяльны прадукт, яе стварае калектыў людзей. Вялікіх рэвалюцый тут не зробіш. Але важна, каб мастак іграў галоўную ролю.

А ёсць настолькі магутная літаратура, што не патрабуе ніякіх ілюстрацый, любыя паралельныя вобразы будуць лішнімі. Я не люблю, напрыклад, ілюстраваць класіку. Лепш яе не чапаць.

Што маеш у планах?

— Вокны ў лазні ўставіць. Калі ты пра творчасць — мой кітайскі праект яшчэ не скончаны. І канешне — улюбёныя гістарычныя выданні: працую над беларускімі легендамі, сабранымі Уладзімірам Ягоўдзікам, над жыццяпісамі літоўскіх князёў Алеся Краўцэвіча. Каб змяніць фармат, малюю ў тэхніцы алейнага жывапісу. Адпачываю ад дэталяў, махаю пэндзлем шырока. У кніжнай графіцы ж без дэталяў ніяк не абыдзешся...

Без слоўнага кантэксту, без суправаджэння тэксту ілюстрацыя выглядае іначай, напрыклад, на сценах галерэі ці музея. Калі робіш станковы твор, сродкі выбіраеш зусім іншыя. Кніга задае свае параметры, свае ўмоўнасці, але ў гэтай абмежаванай прасторы ты можаш разгарнуцца, як хочаш. Чаму ў таталітарным грамадстве так вольна развівалася графіка? Бо ў кнізе дазвалялася тое, чаго нельга было ў станковым творы.

Ты сам выбіраеш фармат кніг, якія ілюструеш?

— Так, сёння маю такую магчымасць. Але гэта не тычыцца нашых выдавецтваў. З імі ў мяне ўвогуле рэдка атрымліваецца супрацоўніцтва. У план нібыта паставяць, а пасля разумееш, што ты ім па вялікім рахунку нецікавы. Прапануеш ім фармат выдання, а ў іх для змены стандарту грошай няма. Прапануеш паперу — той жа вынік. Я прыношу свой варыянт макета — а яны так не робяць, і ўвогуле — у іх свой дызайнер. І мала іх хвалюе, што макеты і наборы, якія яны робяць, — 60-я гады мінулага стагоддзя.

Мастак павінен шчыльна працаваць з дызайнерам і вярстальшчыкам, бо яны ведаюць тэхнічныя навінкі ці новыя матэрыялы.

Часта сутыкаешся з уласнікамі выдавецтваў, рэдактарамі, якія не могуць разабрацца ў тваёй рабоце, але бяруцца падказваць. Бываюць яшчэ аддзелы маркетынгу, дык гэта ўвогуле бяздонная яма... Яны дбаюць пра тое, як лепш прадаць. А прадаецца не тое, што добра зроблена, а тое, што лягчэй спажываецца. Тут можа быць поўнае несупадзенне з мастацкімі якасцямі. Засмучае, калі мастакі кнігі на гэта вядуцца.

Творца павінен бачыць і вырашаць усю цэласнасць кнігі. У нас жа часта як бывае: мастака запрасілі, далі памеры, ён зрабіў ілюстрацыі, а вярстаюць і падбіраюць шрыфты ўжо без яго ўдзелу...

Сёння графіка развіваецца вельмі цікава, з’явіліся электронныя варыянты. Кніга не знікае, іншыя яе формы будуць патрабаваць мастацкага вырашэння. Носьбіты — лічбавыя, а матрыцы ж робяцца людзьмі. Кітайскі эпас я малюю рукамі, а існаваць ён, магчыма, будзе ў лічбавай форме.

Ты выхоўваеш будучых мастакоў кнігі. Якімі якасцямі мусіць валодаць ілюстратар?

— Важныя рысы — акуратнасць, упартасць, дакладнасць. Што тычыцца стыляў: у кнізе працуюць вельмі розныя мастакі: і анархісты, і канструктывісты. Сёння ты можаш што заўгодна стварыць — прыйдзе дызайнер і зробіць кнігу з любога матэрыялу.

Што сёння адбываецца ў графічным мастацтве?

— Крызіс. Але крызіс — гэта таксама працэс: ідзе разбурэнне, пасля якога ўзнікнуць нейкія новыя формы. Відавочны крызіс эстампа. Аматарам гэтага мастацтва, тым, хто збірае калекцыі экслібрысаў і мае вялікія бібліятэкі, зараз ад 70 да 90 гадоў. Старэйшае пакаленне памірае, іх дзеці распрадаюць сямейныя калекцыі. Графіка змяшчаецца на самы верх элітарнасці ў мастацтве. Але адначасова з’яўляюцца «новыя багатыя». У Кітаі, Бразіліі такіх людзей становіцца больш, і яны пачынаюць цікавіцца мастацтвам.

У кніжнай графіцы таксама ёсць свая элітарнасць, гэта сегмент паліграфічнай прадукцыі, аформлены мастакамі.

Ці цікавішся ты арт-кнігай, эксперыментамі з фарматам?

— Так, зрэдку раблю кнігі ў адным экзэмпляры. Ды любы мастак часам гэтым займаецца. Для сябе, для сяброў.

Сам па сабе працэс перагортвання аркушаў нібы закладзены ў нашай падсвядомасці. Ён заварожвае. Кніга — аб’ект вельмі традыцыйны, выразіцца ўнутры яе мастаку можна толькі сродкамі выяўленчымі.

Нетрадыцыйных адкрыццяў табе ў гэтым традыцыйным фармаце...

Алеся БЕЛЯВЕЦ