Аляксандра Дзятлава

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Афарбаваная полымем

/i/content/pi/mast/37/620/33.jpg

Дзьмутыя аўтарытэты. Дэкаратыўная пластыка. Шамот, аксіды, высокі абпал. 2000.

Творы яе — вольна ці не — бачыў амаль кожны мінчанін: пластыку ў магазіне «Шкло. Фарфор», на жаль, ужо знішчаным, роспіс і пластыку ў фіта-аптэцы Траецкага прадмесця, рэльефы ў гасцініцах «Кастрычніцкая», «Арбіта» і «Планета»...

Сціплыя звесткі пра Аляксандру Дзятлаву ўмяшчаюцца ў пару радкоў юбілейнага выдання да 60-годдзя Беларускага саюза мастакоў: «...нарадзілася ў Алма-Аце, скончыла тэатральна-мастацкі інстытут у 1976 годзе, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, працавала на Барысаўскім мастацкім камбінаце, манументальныя творы... камерныя творы... » Жанчына фарфоравай знешнасці, унутры якой — цвёрды стрыжань. Яна нагадвае адзін са сваіх твораў — металічную галінку сакуры, тонкую, гнуткую і нязломную прыгажосць. Маленькая, але моцная, упэўненая ў сабе, але расчараваная. Яе невялікая і ўтульная майстэрня стала месцам працы не толькі для самой мастачкі, але і для яе выхаванцаў, студэнтаў кафедры ДПМ. Месца няшмат, на палічках шчыльна ціснуцца адна да адной далікатныя белыя анёльскія галоўкі, рэшткі-
напаміны аб працы над іканастасам у Доме міласэрнасці.
На рабочым стале — пластылінавыя целы экзатычных птушак, што ўпрыгожаць інтэр’ер басейна, над якім мастачка працуе зараз па замове, на сцяне — яркія эскізы Бакста
да дзягілеўскіх балетаў...

Фаўн і Пэры

— Паводле канцэпцыі архітэктара Нацыянальнага Вялікага тэатра Людмілы Івановай, будынак павінна была ўпрыгожваць пластыка, якая б распавядала пра шматвяковую сусветную гісторыю тэатра оперы і балета. Мне трэба было перадаць дух балета — той, якім мы яго ведаем, які існуе ўжо другое стагоддзе, — і я абрала фарфор і дзягілеўскія «Рускія сезоны». Матэрыял дазваляў вельмі добра перадаць характар твораў Леона Бакста, каларыт, надаць тэатральнасці за кошт аўтарскай інтэрпрэтацыі вобразаў.

«Пэры» і «Фаўн» выкананы з каляровага фарфору. Бакст рабіў эскізы касцюмаў непасрэдна для Наталлі Труханавай і Вацлава Ніжынскага — у маіх работах гэта партрэтнае падабенства захавана.

Колер — не за кошт глазураў: я адразу рабіла адліўкі з каляровага фарфору і ўжо пасля першага абпалу пакрывала бескаляровай глазурай. Арнамент і пропісь былі зробленыя золатам і плацінай. Фарфоравых скульптур метровага памеру і такой складанасці выканання ў нашай краіне няма. Іх стварэнне ад самага пачатку было эксперыментам...

Парваныя ніткі

— Таццяна Пятроўская, Зарына Раўко (на жаль, яны ўжо пайшлі з жыцця), Тамара Сакалова, Тамара Кіршына, Мікалай Байрачны, Валянцін Прыешкін, Валянціна Буціна, Алена Кудраўцава — я магу назваць 20 — 30 сур’ёзных творцаў, якія сфарміравалі школу беларускай керамікі і аказалі моцны ўплыў на наступныя пакаленні. Іх творчую манеру пераймалі многія.

На жаль, калі раней яшчэ займаліся дымлёнай, чорнаглянцаванай керамікай, зараз ёю — сапраўднай — амаль ніхто не цікавіцца, яна сапсавана сучаснымі тэндэнцыямі і тэхналогіямі. Ніткі рвуцца. Самае смешнае, што сусветныя тэндэнцыі беларуская кераміка таксама «не даганяе» — менавіта з-за адсутнасці матэрыяльнай базы. Існуючую колькасць праблем можа вырашыць толькі заможны чалавек, а не малады спецыяліст, нядаўні выпускнік Акадэміі.

Ненароджаныя дзеці

— На ўзровень студэнтаў вельмі адмоўна ў свой час паўплывала цэнтралізаванае тэставанне. Быў увогуле жудасны перыяд, калі пры паступленні ўлічваўся яшчэ і сярэдні бал атэстата і гэта адзнака ўваходзіла ў агульны бал уступных іспытаў. І што мы атрымлівалі ў творчай ВНУ? Чалавек добра прайшоў тэставанне па мове, але які ён мастак? Што ў яго за мысленне? Бал высокі, а кампазіцыя слабая... Проста бацькі адпраўлялі дзіцёнка, які, на іх думку, добра маляваў лялечак, у мастацкую вучэльню — матэматыку і фізіку там выкладалі дрэнна, замежную мову — так сабе, ну, можа яшчэ пашчасціць з настаўнікам па літаратуры, а хімія і біялогія там пагатоў непатрэбныя. Куды ісці? У Акадэмію. Студэнты не задумваюцца, што будуць рабіць з гэтай адукацыяй потым, і пасярэдзіне навучання ўзнікаюць праблемы, расчараванні, параўнанні з іншымі спецыялізацыямі, перапрафіляванне, курсы вэб-графікі... Вопыт, набыты за час вучобы, павісае за плячыма. Гэта — як ненароджанае дзіця. Паспрабуй пахадзіць з цяжарнасцю ўсё жыццё...

Дачка галоўнага архітэктара горада Мінска

— Мае бацькі-архітэктары думалі, што «будзе лагічна», калі дачка пойдзе па іх слядах, але я сказала: «Не хачу быць дрэнным архітэктарам, хачу быць добрым мастаком». Малявала з трох гадоў: мяне займалі тым, што давалі стос паперы, алоўкі, фарбы — і я была «пры справе». Наведвала мастацкую школу толькі гады два, яшчэ — студыю Сяргея Пятровіча Каткова ў Палацы піянераў. Два месяцы перад паступленнем хадзіла да дызайнераў-першакурснікаў вучыцца маляваць натуру на пастаноўках. Вось і ўся падрыхтоўка.

Знаёмыя мастакі, якія бачылі мае працы, рэкамендавалі ісці на графіку. Прыйшла падаваць туды дакументы, але цераз сілу. У прыёмнай камісіі паглядзелі мае работы: «Няблага, але сёлета ідзе такі моцны выпуск з вучэльняў, што вы проста дарма змарнуеце час... Можа, пойдзеце на прыкладное?..» А мне ж так хацелася на прыкладное! І не тое, каб я вельмі разумела — куды, але мяне вяла дзіцячая інтуіцыя. Маёй сяброўцы, што збіралася на графіку, таксама параілі ісці на прыкладное. Яна села перапісваць заяву засмучоная, а я — шчаслівая...

Тэорыя

— Быў перыяд, калі на кафедры працавалі такія педагогі, як Іван Конан, Вольга Сазыкіна, Андрэй Дубінін. Мы ездзілі, слухалі, даведваліся пра новае ў Германіі, Польшчы, Расіі, абмяркоўвалі цікавыя спосабы выкладання, удалыя заданні... Мая методыка ўтрымлівае больш за дваццацігадовы вопыт — не толькі ўласны, але і вопыт калег — і пастаянна абнаўляецца. Намагаюся развіваць крэатыўнае мысленне сваіх студэнтаў. Яны не павінны працаваць на ўзроўні інтуіцыі. Мастак, што скончыў ВНУ, — не саматужны творца, якому і густу хопіць, — ён ужо «сапсаваны» інфармацыяй. Каб стаць майстрам, неабходна адказнае стаўленне да таго, што ты робіш, і разуменне, чаму ты робіш так, а не інакш. Зручна, калі ў кагосьці ручкі спраўныя і ён можа спрытна-акуратненька зрабіць якую-небудзь прыгожую мулечку. Але ўсё гэта другасна, бо няма ўласнай ідэі, з якой і пачынаецца мастацкі твор.

Практыка

— Студэнт атрымлівае заданне пазнаёміцца з прадпрыемствам. На 3 — 4 курсах за 24 дні практыкі ён павінен зрабіць сервіз ці яго частку — мінімум тры прадметы. Увесь тэхналагічны працэс навучэнец праходзіць сам: робіць чарцяжы, точыць мадэлі, здымае з іх формы, прыязджае на завод і там пачынае адліваць, абпальваць, спрабаваць колер... Пакуль работы сохнуць, студэнту даюць практыкаванні па дэкарыраванні на вытворчых формах.

На кафедры для практычных заняткаў няма адпаведнай базы. Ёсць электрычны муфель, якому 36 гадоў, і толькі адзін гіпсамадэльны станок. Студэнты займаюцца малюнкам і жывапісам, праектуюць, працуюць з гіпсам, пластылінам, глінай і глазурамі ў адной майстэрні!

Я магу паказаць вучням, з чаго пачынаць, як шукаць і выбіраць шлях, развіваць ідэю і будаваць увесь творчы працэс, але было б больш карысна, калі б яны мелі магчымасць не толькі слухаць. Ім трэба бачыць вынікі сваёй працы. Атрымліваецца, што праект зроблены, але з-за адсутнасці вопыту студэнты не ведаюць, як ён будзе выглядаць у жыцці.

Камбінат

— На Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва адпрацавала 18 гадоў. Там былі два накірункі — мастацкая кераміка (яна ёсць і зараз, толькі ледзь жывая), тэкстыль — габелены і яшчэ  трыкатажны цэх, куды размяркоўваліся нашы мадэльеры. Камбінат прымаў заказы і горада, і краіны, і ўсяго СССР. Быў такі абавязковы артыкул расходаў, як добраўпарадкаванне і культурнае ўладкаванне аб’ектаў — дзіцячых садкоў, бальніц, кафэ, крамаў і г.д. Штогод у бюджэт прадпрыемства дзяржава закладвала суму на арганізацыю культурнай прасторы — афармленне інтэр’ераў, набыццё мастацкіх твораў. Падрадчыкамі на заказы заўсёды былі Мінскі і Барысаўскі камбінаты. Архітэктары і дызайнеры распрацоўвалі інтэр’ер, адзначалі месцы, дзе павінны быць выяўленчыя, манументальныя ці дэкаратыўныя творы. Мы — мастакі са спісачнага складу Барысаўскага камбіната — мусілі выконваць план: 2-3 эталоны для вытворчасці ў месяц. Рабілі і манументальныя працы, і адзінкавыя рэчы — «ганчарку», роспіс, невялічкія сувеніры, вазы і кашпо.

Тандэмы

— У маім жыцці былі два вельмі ўдалыя творчыя тандэмы. З Валянцінай Буцінай — ёй няма роўных у фігуратыўнай пластыцы! — мы працавалі над інтэр’ерамі гасцініц «Планета» і «Кастрычніцкая». З Іванам Конанам выкладалі разам на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а наша творчае супрацоўніцтва пачалося з іканастаса для Дома міласэрнасці. Іван рабіў макет, Царскую браму, бакавыя вароты, крыж, сам ляпіў распяцце... Пасля я запрасіла яго ў сваю майстэрню, і ўсе астатнія творы, звязаныя з металам, мы выконвалі разам: я займалася праектнай часткай і пластыкай, ён пераводзіў усё ў матэрыял.

1984

— Адна з першых любімых прац — гарэльеф «Дабравешчанне» для Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. Шамот, вельмі высокі абпал, палітра глазураў, плаўленае шкло для празрыстага блакіту нябёс, сусальнае золата для німбаў... Рабіла яе з вялікім натхненнем можа яшчэ і таму, што на Дабравешчанне, літаральна толькі пачаўшы працаваць над гарэльефам, зачала сына.

У 1984 годзе работа была ўжо напалову зроблена, і раптам мне забаранілі займацца ёю, маўляў, гарэльеф — твор рэлігійнага мастацтва. Я якраз нядаўна нарадзіла, калі з камбіната паведамілі, што выйшаў загад працу спыніць, твор разбіць і выкінуць на звалку, а мяне выключыць з Саюза. На месцы цэха, дзе ішла праца, планавалі адкрыць сталярную майстэрню. Быў шок, бо заказ аформілі афіцыяльна, рабіўся ён праз камбінат... Праўда, канфлікты былі і раней: для дзвярэй у епархіі я рабіла абрамленні, упрыгожаныя крыжамі. На пытанне членаў мастацкага савета: «Вы разумееце, якая гэта сімволіка?» — я адказала: «Разумею. Але ж вы не ружы малюеце на варотах ваенкамата, а пяціканцовыя зоркі. Тут я не магу зорку зрабіць, а толькі крыжы, бо гэта епархія». Тады ўдалося перамагчы, а вось гэтым разам... Было вельмі шкада сваёй працы, я паспела захапіцца ёю, як дзіцёнак. Патэлефанавала Георгію Паплаўскаму параіцца. Ён сказаў: «Табе што больш важна — твой твор або меркаванне гэтых таварышаў “зверху”?» — «Канешне, твор». — «Так ідзі і працуй». Майстар манументальнага цэха — усё жыццё буду яму ўдзячна — узяў на сябе адказнасць і даў мне яшчэ месяц, каб я зрабіла другую скульптуру і знайшла месца для заканчэння працы. Да 1990 года, калі я «здавала» краму «Шкло. Фарфор», нікому, акрамя блізкіх сяброў, пра лёс «Дабравешчання» не расказвала. Напамінае пра ўсе гэтыя падпольныя прыгоды «грамадскае ганьбаванне», што засталося ў маёй асабістай справе.

Гербарый з твораў

— У мяне ёсць тэма, якую я развіваю ў сваіх творчых калекцыях: поўня, пераходныя прыродныя станы, няпэўнасць, хістанне, памяць... Адна з серый такіх прац называецца «Гербарый» — гэта свайго роду гербарый памяці. Засохлыя лісты, садавіна, дзюны, летняя складзеная мэбля, чайка, што сядзіць на пяску ... Напамін пра шчаслівае лета, уражанні пасля Дзінтары...

Праца «Дзьмутыя аўтарытэты» выклікала шмат размоў і водгукаў. Дзьмутыя аўтарытэты існавалі ва ўсе часы, галоўнае — убачыць іх сапраўдную прыроду. Яны заўсёды стаяць на катурнах, павялічваючы сваю значнасць. Прарэхі на іх керамічных целах паказваюць пустоты ўнутры. Адзін — больш ваяўнічы — пакрыты шыпамі-шышкамі, але ўсё роўна носіць на галаве каўпак блазна. Кавалкі іх адзення груба змацаваныя белымі ніткамі.

Калі я працую з функцыянальнай прасторай, інтэр’ерам «на замову», то не магу ўсюды прапаноўваць рашэнне праз «сваю манеру». Напрыклад, інтэр’ер фіта-аптэкі ў Траецкім прадмесці быў вырашаны як стылізацыя пад XVII стагоддзе. Я распісвала плітку, зрабіла адмысловую калекцыю фарфоравага посуду «Фармацэя», падлогавыя вазы, кашпо... Уся работа выканана ў вельмі стрыманай і высакароднай гаме колераў — блакітным, сінім, карычневым і белым...

Тэксты

— Выстава «Тэксты» — нямецка-беларускі праект — праходзіла ў музеі Акадэміі. У мяне атрымаліся два абсалютна канцэптуальныя творы, без прыкмет дэкаратыўнасці. Я працавала з аб’ёмамі, перадавала рытм, структуру і форму тэкстаў, уласнае іх бачанне і прачытанне.

«Малітва» ўяўляла сабой конус з тонкага шамоту, у сячэнні якога знаходзіўся роўнастаронні трохкутнік — сімвал Троіцы. Чаму конус, а не піраміда? Бо ў духоўным росце няма пачатку і няма канца — гэта бясконцы шлях, па якім пакаленні ідуць за пакаленнямі. Колер конуса атрымаўся толькі за кошт абпалу: верхняя яго кропка — самая яркая — афарбавана полымем. Самы высокі малітоўны стан — экстатычны, гэта момант духоўнага гарэння, пік. Малітва ўзносіць: конус стаіць на шкле, шкло таксама прыпаднятае над зямлёю падстаўкай. Сакральныя словы нібы застываюць у паветры.

Чытала аднойчы кніжачку «Духоўныя вершы» (яна складалася не толькі з кананічных, але і народных — штосьці кшталту эпасу — твораў). Падчас працы якраз згадаўся верш «Евангелистая песнь» — як у дзіцячай казцы, у ім ішлі паўторы фраз па нарастанні: «Вы люди оные, рабы поученые, над школами выбраны! Поведайте, что есть Един? — Един сын у Марии, царствует и ликует Господь Бог над нами. — ...Поведайте, что есть Два? — Два тавля Исеевы; Един Сын на Сионской горе, царствует и ликует Един Бог над нами...». Лік ішоў да дванаццаці. У сваёй рабоце я адлюстравала структуру тэксту: узяла белы, чысты фарфоравы модуль — конус — як сімвал Хрыста, потым два конусы, тры, чатыры... У выніку атрымаўся роўнастаронні трохкутнік, з кожнага яго кута было 12 модуляў. Ён выкладваўся на шкле, таксама выразаным у форме трохкутніка, — і, падобна на абрыўкі тэлеграм ці дыханне, конусы суправаджалі цытаты «... адзін сын у Марыі...», «... тры патрыярхі на зямлі...».

Я — сама

— Часта размяшчаю свае працы ў пастаянных экспазіцыях (на аб’ектах, у інтэр’ерах), і нават калі хочацца сказаць «нешта акрамя», мяне фізічна на гэта не хапае. Але намагаюся ствараць калекцыі — гэта моцны фактар самавыражэння. Мяне ніхто не фінансуе. Я ўсё раблю сама — каб забяспечыць годны ўзровень жыцця, аплаціць майстэрню. Але ўсе работы, якія выконваю на заказ, — творчыя. І заўсёды — шчырыя.

Стараюся не рабіць халтуру, гэта не мае сэнсу. Стаўлю задачу па максімуме свайго разумення — і вырашаю яе па максімуме сваіх магчымасцей. Зразумела, не буду прапаноўваць брыльянты заказчыку, які можа заплаціць толькі за простае шкло. Я захоўваю канцэпцыю і магу распрацаваць інтэр’ер з разлікам на больш бюджэтныя матэрыялы — гэта нават складаней, чым у сітуацыі з заможным заказчыкам, калі можна не абмяжоўваць сябе ў рашэннях.

Алена Каваленка