Як Атлантыда -- з глыбіні мора...

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Валянцін Елізар’еў узначальвае беларускі балет амаль тры з паловай дзесяцігоддзі. Каб усвядоміць маштаб зробленага, трэба параўнаць тое, што маем, з тым, што было.

 /i/content/pi/mast/3/62/Jak-Atlantyda2.jpg

«Легенда пра Уленшпігеля» Я.Глебава. Сцэна з балета.

У 1960-я і на пачатку 70-х балетны тэатр не займаў у жыцці беларускага грамадства таго месца, якое пачаў займаць пазней. Не было тады ні маштабных спектакляў, ні гастроляў па ўсім свеце, ні усеагульнага ажыятажу і перапоўненай на прэм’ерах залы. Добра
памятаю балеты, якія ішлі на беларускай сцэне трыццаць пяць гадоў таму. Нядрэнная, але ўсё ж, па міжнародных мерках, правінцыйная трупа стварала спектаклі пераважна «для ўнутранага карыстання».
В.Елізар’еў прыехаў у Мінск у 1973-м, скончыўшы ў Ленінградзе харэаграфічнае вучылішча і балетмайстарскае аддзяленне кансерваторыі. Малады, амаль нікому не вядомы (хоць к таму часу і лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў), ён быў прызначаны галоўным балетмайстрам нашага тэатра.
Ягонай першай працай на беларускай сцэне сталася аднаактовая «Кармэн-сюіта». Ніводная з прэм'ер, што адбываліся ў папярэднія сезоны, не выклікала такой неверагоднай цікавасці гледачоў і прафесіяналаў, такой шырокай плыні артыкулаў і рэцэнзій.
За мінуўшыя гады В.Елізар’еў паставіў пятнаццаць спектакляў на беларускай сцэне (у тым ліку некалькі ўласных версій класічных балетаў) і сем за межамі Беларусі -- у Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. І якіх спектакляў! «Стварэнне свету», «Ціль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана», «Рамэо і Джульетта», «Страсці» («Рагнеда»), «Вясна свяшчэнная», «Жар-птушка»...
Яны прынцыпова змянілі аблічча тэатра. На іх вырасла некалькі пакаленняў не проста артыстаў, а зорак сусветнага ўзроўню. Л.Бржазоўская, Ю.Траян, В.Саркісьян, Н.Паўлава, І.Душкевіч, У.Іваноў, Т.Шаметавец -- сцэнічны лёс кожнага з іх цесна звязаны з творчай біяграфіяй і спектаклямі балетмайстра.
Дзейнасць В.Елізар’ева як харэографа стварыла трупу міжнароднага ўзроўню, з якой ён аб'ездзіў увесь свет -- звыш трыццаці краін -- і пакарыў многія сапраўды балетныя дзяржавы. Яго балетам апладзіравалі Парыж, Лондан, Токіо, Варшава, Мадрыд, Жэнева, Амстэрдам, Будапешт, Сафія, Афіны, Каір, Дэлі, Стамбул...
Першыя пастаноўкі харэографа ўспрымаліся як асобныя выспы сярод рэпертуару зусім
 /i/content/pi/mast/3/62/Elizarjeu2.jpg

 "Вясна свяшчэнная" І.Стравінскага.
Сцэна са спектакля.

іншага ўзроўню. Потым астравы пачалі злучацца між сабой, утвараючы магутны архіпелаг. За тры з паловай дзесяцігоддзі з дна мора ўзнялася Атлантыда -- дзівосны свет, створаны па законах гармоніі і прыгажосці.
Мастацкая значнасць творчасці В.Елізар’ева не толькі ў свежасці харэаграфічнай мовы, выключнай прыгажосці пластычных ліній і форм, што каштоўна ўжо само па сабе. Гэтая значнасць -- найперш у маштабнасці ідэй і вобразаў. Яго балетам уласцівы эпічны размах, асоба ў іх паказана ў пераломныя моманты гісторыі, многія яго героі жывуць на мяжы фізічных і духоўных сіл.
Спектаклі балетмайстра адлюстравалі сучаснае, дастаткова складанае і шматмернае ўяўленне пра навакольны свет, пра духоўнае аблічча чалавека, пра суадносіны свядомага і падсвядомага ў ягонай асобе.
На маю думку, галоўнай заслугай В.Елізар’ева, яго асноўным творчым дасягненнем з'яўляецца сінтэз мастацкіх заваёў і знаходак сучаснага заходнееўрапейскага балетнага тэатра і славянскай ментальнасці, славянскай культуры. Сінтэз халаднаватай інтэлектуальнасці і паэтычнага запалу, паглыбленасці ў падсвядомае і жывога, трапяткога ўспрымання рэчаіснасці.
Елізар’еў-харэограф, Елізар’еў-чалавек і Елізар’еў-кіраўнік не падобныя адзін на аднаго.
Як мастак ён захапляе ўсім -- маштабам спектакляў, іх паэтычнасцю і ўсясветнай праблематыкай, іх невыказнай пяшчотай і амаль экстатычнай страснасцю.
У Елізар’еве-чалавеку -- дзіўнае спалучэнне непасрэднасці і сарказму, амаль дзіцячай шчырасці і непараўнальнага яхідства. У гутарцы роўна праз дзве хвіліны пераходзіць на балетную тэматыку. Здаецца, што ўсё астатняе яго проста не цікавіць або цікавіць включна ў сувязі з балетам.
Як дырэктар тэатра -- ён з задавальненнем кіруе створанай імперыяй, невялікай, але магутнай балетнай дзяржавай. Цвёрда трымае ў руках «лейцы», дзяржаўнасць мыслення спалучаючы з жорсткасцю рашэнняў. Трупа кожны сезон шмат ездзіць. Не проста паказвае свае маштабныя, з размахам зробленыя пастаноўкі -- зарабляе грошы: для сябе і для дзяржавы. За ўсім гэтым стаяць кантакты з імпрэсарыё, вялікі арганізацыйны і прафесійны досвед дырэктара.
Неадступны клопат мастацкага кіраўніка -- утрымаць велізарную рэпертуарную афішу. Захаваць на ёй найбольш каштоўныя назвы. Таму няма іншага выйсця, як нястомна, сезон за сезонам рыхтаваць усё новых і новых выканаўцаў. І зноў, як шмат гадоў таму, шукаць і знаходзіць таленты ва ўласнай трупе.
 /i/content/pi/mast/3/62/Elizarjeu4.jpg
 «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані. Сцэна з балета.
Дык што? Усё выдатна, выключна, цудоўна? Ніякіх праблем? Не думаю. Кожны другі артыст у трупе скажа, што В.Елізар’еў -- тыран і дэспат. Што часам ён абсалютна немагчымы. Што яго бязмежнага славалюбства хапіла б не тое што на дзесяць -- мо і на сто чалавек. Ён раўнівы да чужога поспеху. І да поспехаў сваіх вучняў -- таксама. Усё гэта ёсць...
Але заўважым: у маштабнай асобы і характар адпаведны. У тэатры заўжды збіраюцца амбітныя, няпростыя людзі. Страсці кіпяць і віруюць не толькі на сцэне, але і за кулісамі. Быць мастацкім кіраўніком -- значыць, вельмі часта прымаць непапулярныя рашэнні. Але калі на шалях -- асаблівасці характару і маштаб здзейсненага, пераважыць, бясспрэчна, другое.
Быць жывым класікам нялёгка. Вышыня дасягнутага вызначае ўзровень будучай працы. Ад цябе ўвесь час чакаюць, што новая пастаноўка будзе лепшая, чым ранейшыя, што яна будзе ўвасоблена яшчэ больш ярка і таленавіта.
Вядома, шкада, што Валянцін Мікалаевіч апошнім часам не ставіць новых спектакляў. Ёсць гэтаму тлумачэнне. Толькі адна арэнда вялікай залы Палаца Рэспублікі толькі на адну рэпетыцыю каштуе некалькі тысяч еўра. Усё так... Але ж існуюць і малыя формы харэаграфіі. Напрыклад, калісьці падчас гастроляў у Францыі калектыў паказаў праграму «Пяць дуэтаў у белым». Сам В.Елізар’еў у такой ступені прывучыў публіку да інтэнсіўнасці ўласных прэм’ер, што балетаманы прагнуць іх.
Ці ўбачым мы абяцаную «Клеапатру», ягоны балет на музыку В.Кузняцова? (Эскізы В.Окунева, вытрыманыя ў чорных з золатам і срэбрам тонах, вельмі ўражваюць.) Калі ўбачым?
Некалі даводзілася чуць ад Валянціна Мікалаевіча нечаканае і нават ганарліва-выхвальнае: «Беларускі балет -- гэта я!» Зрэшты, у іншых сітуацыях гучала і больш мудрае, спакойна-разважлівае: «Я нічога не змог бы зрабіць без беларускага балета!»
У Мінск ён прыехаў, не паставіўшы яшчэ ніводнага поўнаметражнага спектакля. Сёння В.Елізар’еў -- член журы шматлікіх міжнародных конкурсаў артыстаў балета, народны артыст Рэспублікі Беларусь і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі «Бенуа дэ ля данс», заснаванай Міжнароднай асацыяцыяй дзеячаў харэаграфіі, прафесар Беларускай акадэміі музыкі, акадэмік.
«Беларускі балет» -- не толькі назва калектыву. Гэта мастацкі брэнд, які ведаюць і ў нашай краіне, і ў многіх краінах Еўропы і свету. Хіба мала?..
Мастацкаму кіраўніку беларускага балета Валянціну Елізар’еву -- 60. Гэта ўзрост творчасці. А для творчага чалавека межаў не існуе...

Таццяна МУШЫНСКАЯ