Новая гісторыя старых карцін

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

«Прыватная калекцыя» ў галерэі Шчамялёва

Фёдар Іванавіч Дарашэвіч (1905 — 1986) быў майстрам пейзажа, партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны. Яго творы можна назваць дакументамі эпохі, сведчаннем самабытнасці і непаўторнасці беларускай культуры.

Увасабляючы ў сваіх творах запатрабаваныя тэмы сацыялістычнай рэчаіснасці, ён здолеў тонка адчуць дух часу, праз віртуознасць святлаколеравых суадносін перадаў паветра, цяпло і чысціню ў выявах прыроды і чалавека. Выпускнік Ленінградскай акадэміі мастацтваў, паплечнік Валерыі Жоўтак, Валянціна Волкава, Андрэя Бембеля, настаўнік Іосіфа Белановіча і Барыса Казакова, Фёдар Дарашэвіч так і не атрымаў заслужанага прызнання пры жыцці.

/i/content/pi/mast/36/603/43.jpg

Вяча. Алей. 1960-я.

Творчасць Фёдара Дарашэвіча — каштоўная частка культурнай спадчыны краіны. Місія яе захавання ўскладзена як на яго сваякоў, так і на музейшчыкаў, галерыстаў, прыватных калекцыянераў. Менавіта з такой мэтай у сценах Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва сфармавалася своеасаблівая «арт-брыгада» ў асобе дырэктара галерэі Таццяны Бембель, вядомага калекцыянера Аляксандра Радаева і дачкі мастака Людмілы Баравіцкай (Дарашэвіч).

Галерэйны праект «Прыватная калекцыя» лучыць продкаў і нашчадкаў дзеля захавання культурнай спадчыны. У першую чаргу ён арыентаваны на пераемнасць і стваральна-асветніцкі ўзровень мерапрыемства, адным са шматлікіх вынікаў якога павінна стаць недапушчэнне «замарожанасці» гістарычных працэсаў, звязаных з падтрымкай нацыянальнага мастацтва.

У пачатку верасня ў рамках гэтага праекта ў галерэі Шчамялёва адкрылася выстава, прымеркаваная да 105-годдзя з дня нараджэння Фёдара Дарашэвіча. Пра стаўленне да гэтага маштабнага па сваёй асветніцкай каштоўнасці мерапрыемства я распытала ўсіх траіх удзельнікаў-арганізатараў. 

У кожнага з вас свае чаканні ад гэтага праекта, але ўсе вы аб’яднаны адной дабрачыннай мэтай. З чаго пачалося ваша супрацоўніцтва, чым была выклікана гэта ідэя?

Людміла Баравіцкая: Я звярнулася да Таццяны Алегаўны Бембель з прапановай арганізаваць выставу пасля таго, як пачула яе выступ па радыё. Гэта мастацтвазнавец высокага ўзроўню — прафесіянал, якому можна давяраць. А калі яны з Аляксандрам прыехалі да мяне глядзець працы, высветлілася, што ў яго калекцыі ўжо ёсць творы майго бацькі. Я нават і не здагадвалася...

Аляксандр Радаеў: У нашым сямейным зборы яшчэ з 2005 года ўзнікла асобная тэма: «Творчасць беларускіх мастакоў эпохі сацыялізму». На слэнгу калекцыянераў гэта гучыць як «аднапалчане». У іх шэраг адразу патрапіла прозвішча Фёдара Дарашэвіча як аднаго з яркіх прадстаўнікоў беларускага жывапісу таго перыяду. Першыя пакупкі адбыліся ў мінскіх мастацкіх галерэях. Адну працу набылі праз аўкцыён «Paragis», які калісьці працаваў у нашай сталіцы. У нас знаходзіцца 13 твораў гэтага майстра, і я мяркую, што дзякуючы асабістаму знаёмству са спадчыннікамі Фёдара Дарашэвіча мы перасягнём гэты чортаў тузін.

Таццяна Алегаўна, чым вас, як дырэктара галерэі, заінтрыгавала магчымасць правядзення выставы Фёдара Дарашэвіча?

Таццяна Бембель: Я задаволена тым, што мы не змяншаем ні заяўлены з самага пачатку тэмп, ні ўзровень праграмы «Прыватная калекцыя», якая адкрылася ў 2007 годзе экспазіцыяй «Back in the USSR». У гэтым праекце мы паказваем — выстава за выставай — творчасць беларускіх жывапісцаў эпохі сацрэалізму. Тое, што Людміла Фёдараўна Баравіцкая, дачка мастака, прыйшла да нас з прапановай выставіць працы бацькі, чарговае пацвярджэнне добрай зваротнай сувязі, а таксама —рэпутацыі. З самага пачатку праграма «Прыватная калекцыя» задумана як партнёрская і камунікацыйная паміж галерэяй, калекцыянерамі і ўладальнікамі збораў (такімі часта з’яўляюцца спадчыннікі мастакоў). Людміла Фёдараўна — захавальніца памяці пра бацьку, з яе дапамогай мы пазнаём невядомыя падрабязнасці жыццёвага і творчага шляху Дарашэвіча, ператвараем гэту інфармацыю ў тэксты і захоўваем для будучых даследчыкаў. Гэткае супрацоўніцтва варта ўсяляк заахвочваць і стымуляваць. Ініцыятыўная група, якая сфармавалася вакол праекта «Прыватная калекцыя», пашыраецца. Можа, дзякуючы выставе твораў Фёдара Дарашэвіча (як чарговаму прыкладу сумеснага праектнага імпэту галерэі, калекцыянераў і сваякоў) мы далучым яшчэ каго-небудзь да «новага адкрыцця» ў гісторыі беларускага мастацтва старых імёнаў. Хтосьці павінен рабіць гэта, інакш сувязь часоў перарвецца.

/i/content/pi/mast/36/603/41.jpg

На новую зямлю. Эвакуацыя завода. Алей. 1943.

Якімі прынцыпамі і меркаваннямі вы кіраваліся пры адборы прац для выставы?

Таццяна Бембель: Трэба было паказаць тэматычную і жанравую шматстайнасць гэтага мастака, бо Фёдар Дарашэвіч з тых, хто ў розныя перыяды рэзка мяняецца, становіцца непазнавальным. Варта было б зрабіць некалькі блокаў, але ў нас не вельмі вялікая зала для зменных экспазіцый. Мы свядома абмяжоўваем шырыню ахопу і аддаём перавагу руху «ў глыбіню», паказваючы больш дакладна і прапрацавана адзін з аспектаў. Прыйшлі да ідэі «выстаў-серыялаў». У другой серыі пакажам графіку.

Людміла Баравіцкая: Я ў адборы наўпрост не ўдзельнічала, гэтым займаліся Аляксандр і Таццяна. Відавочна, што яны хацелі прадставіць мастака як працавітага пейзажыста. Фёдар Дарашэвіч вельмі грунтоўна падыходзіў да стварэння той ці іншай карціны. Захавалася шмат эскізаў да адной і той жа работы, некалькі яе варыянтаў. Такія напрацоўкі таксама будуць паказаны ў экспазіцыі, бо гэта ў нейкай ступені «сляды» яго разважанняў і шуканняў.

Шлях гэтага мастака быў не з лёгкіх: праца ўдалечыні ад радзімы, крытыка, нават арышт... Мне здаецца, усё гэта супярэчліва паўплывала на яго творчасць: з аднаго боку, перашкаджала, замінала развіццю, але з іншага — выявіла ўнікальныя якасці яго жывапісу.

Людміла Баравіцкая: У выставах бацька пачаў удзельнічаць яшчэ з 1930-х гадоў, як толькі скончыў Омскую мастацкую вучэльню. А потым, у 1939-м, практычна адразу ж пасля абароны дыплома ў Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе, быў арышт па артыкуле «здрада радзіме» — хтосьці напісаў на яго ананімку. І хоць у турме ён правёў усяго 7 месяцаў, гэты злашчасны напамін цягнуўся за ім потым усё жыццё.

Здрада радзіме? Чаму менавіта такое абвінавачванне?

Людміла Баравіцкая: Бацька родам з горада Камянец Брэсцкай вобласці. Падчас Першай сусветнай вайны лінія фронту праходзіла па гэтай тэрыторыі, таму многіх вывозілі, іншыя беглі... Так ці інакш, сям’я бацькі апынулася ў Сібіры. Там дзядуля працаваў на чыгунцы. Бацька яшчэ хлопчыкам яму дапамагаў. Потым, калі грамадзянская вайна скончылася, яны вярнуліся назад на радзіму. А тут мяжу ўсталёўваюць — краіну разрэзалі, з’явіліся Заходняя і Усходняя Беларусь... У Сібіры, у Омску, у бацькі засталася сястра. Да таго часу ён ужо вырашыў стаць мастаком і з’ехаў у Омск паступаць у мастацкую вучэльню. Пасля паехаў у Ленінград вучыцца далей. Там яго арыштавалі. У ананімцы было напісана, што бацька — польскі шпіён, хоць, як з’ехаў з Беларусі, ён да польскай мяжы не набліжаўся... А ўжо потым, пасля арышту, мы ўсёй сям’ёй перабраліся на Урал — у Перм, гэта было якраз падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Але ўсё ж вялікую частку жыцця ён правёў у Беларусі, быў ушанаваны менавіта тут...

Людміла Баравіцкая: Так, у Мінск мы вярнуліся пасля вайны — у 1950 годзе. Гэта былі вельмі цяжкія часы і для бацькі, і для ўсіх нас. Спачатку мы жылі ў Белановіча — вучня бацькі па Пермскай вучэльні, потым пасяліліся на вуліцы Някрасава каля вытворчага камбіната ў маленькай хаце. Адно крыло займалі мы, а другое — Крохалеў. У той час, я вельмі добра памятаю, да нас часта прыходзілі мастакі, у тым ліку і Валянцін Волкаў, і Андрэй Бембель... Яны горача разважалі пра мастацтва, спрачаліся, дзяліліся ўражаннямі. Меркаванне бацькі заўсёды мела вагу, яго паважалі і шанавалі ў мастацкім асяродку. Калі ён яшчэ жыў у Пермі, выкладаў там і займаўся агітацыйна-прапагандысцкай працай у калектыве ўральскіх творцаў, выявіў сябе як майстар высокага ўзроўню. У мяне нават захавалася кніжачка пра дасягненні пермскіх мастакоў — там яго імя згадваецца некалькі разоў. А ў Беларусі ён стаў вядомы як пейзажыст...

Як апісальнік беларускай прыроды, філосаф настрою, тэхнічны віртуоз...

Таццяна Бембель: І не толькі. У лепшых працах Дарашэвіча бачная вялікая, відавочна немясцовая — у сэнсе крыніцы набыцця — прафесійная культура. Гэта адважны жывапісец, востры графік, драматургічна тонкі майстар сюжэтнай карціны. За тым, як ён падыходзіць да рашэння сваіх творчых задач, бачная моцная, не адным пакаленнем вымераная традыцыя. Падобна, што, вярнуўшыся на радзіму ў 1950-я гады, Фёдар Дарашэвіч застаўся тут чужынцам, а таму — не цалкам рэалізаваным мастаком. І ўсё ж яго несумненныя поспехі такія яркія, свежыя, вольныя і нечаканыя, што хочацца падкрэсліць лепшае, найболей значнае.

Выстава Фёдара Дарашэвіча па сутнасці з’яўляецца мемарыяльнай, бо прымеркавана да 105-годдзя з яго дня нараджэння. Я ведаю, што ў галерэі ёсць адмысловы праект «Memorum», прысвечаны памяці мастакоў, якія сышлі ад нас. Чаму ж гэтая выстава аднесена менавіта да праекта «Прыватная калекцыя»?

Таццяна Бембель: «Прыватная калекцыя» — больш спецыялізаваны праект, накіраваны найперш на вызначаную аўдыторыю, у шырокім сэнсе — культурна-прафесійную. Адзін і той жа персанаж (я маю на ўвазе мастака, чые працы экспануюцца на выставе) можа быць прадстаўлены ў залежнасці ад канцэпцыі абранай праграмы зусім па-рознаму. Праекты серыі «Memorum», прысвечаныя памяці параўнальна нядаўна памерлых творцаў (дзе мы ўспамінаем і мастака, і чалавека ў роўнай ступені), якраз і носяць у нас такі «зборны» характар, дзе разнапланавыя творы суседнічаюць адзін з адным і даюць хутчэй агульны агляд творчай індывідуальнасці. Гэта прынцыпова іншая задача, чым архітэктанічна выбудаванае візуальнае даследаванне, — як гэта мае месца ў «Прыватнай калекцыі».

Значыць, у дадзеным выпадку прыватнае калекцыянаванне і захаванне культурнай спадчыны — паняцці, у добрым сэнсе, прапарцыйныя?

Таццяна Бембель: Роля прыватных калекцый вельмі важная для функцыянавання сучаснай сферы мастацтва і культуры, для захавання тых фондаў нацыянальнай культуры, якія музеі проста не ў стане цалкам ахапіць. Не варта забываць, што большасць знакамітых музеяў і галерэй свету гістарычна развіліся ад прыватных калекцый, і можна смела сказаць, што прыватныя калекцыі — гэта насенне будучых Луўраў і Траццяковак. Таму мы паважаем іх і дапамагаем чым можам.

Аляксандр Радаеў: Калекцыянаванне мастацкіх твораў было, ёсць і будзе ва ўсе часы. Заўсёды знойдуцца людзі, якім будзе цікавая тая ці іншая сфера мастацтва і якія досыць прафесійна падыдуць да гэтага пытання. Музеі сапраўды не ў стане змясціць у сабе ўсю культурную спадчыну, якая пакідаецца кожным пакаленнем мастакоў. Вось тут і пачынае адыгрываць сваю ролю інстытут прыватнага калекцыянавання.

Як праходзіць праца па захаванні спадчыны Фёдара Дарашэвіча ў Камянцы, на яго радзіме? Я чула, там планавалася стварэнне мемарыяльнага музея ці галерэі?

Людміла Баравіцкая: У Камянцы захавалася хата, дзе нарадзіўся бацька. Там ёсць мемарыяльная дошка, якую, дарэчы, зрабіў мясцовы мастак — ён быў адным з хлапчукоў, захопленых творчасцю бацькі. У 2006 годзе мы зрабілі невялікую выставу ў Брэсце, бо ў Камянцы на той час не было магчымасцей. Тады я падарыла роднаму гораду Дарашэвіча 14 яго прац — шыкоўных пейзажаў, прысвечаных Камянцу. Па іх літаральна можна чытаць гісторыю горада, бо многіх месцаў, якія пісаў мастак, ужо даўно няма. Частка гэтых прац знаходзіцца ў Брэсцкім краязнаўчым музеі, частку змясцілі ў бібліятэцы ў Камянцы. Але я не трачу надзеі, што калі-небудзь выстава ўсё ж адбудзецца на яго радзіме.

Так у чым жа палягае асветніцкая каштоўнасць, культурная важнасць выставы — не толькі для яе арганізатараў, але і для зацікаўленай публікі?

Таццяна Бембель: У гэтым свеце ўсё вельмі хутка мінае і вельмі хутка забываецца. Гэта абумоўлена, у прыватнасці, пранікненнем маркетынгавага мыслення ў сферу культуры. «Добры тавар = новы тавар» — вось дэвіз сённяшняга часу. Каштоўнасць нашых праектаў і, у прыватнасці, дадзенай выставы ў тым, што яны ламаюць гэты стэрэатып у той сферы, дзе яму не месца. Ёсць рэчы, якія існуюць па-за часам. Ёсць людзі, якія робяць жывапіс не толькі для таго, каб яго прадаць. Мастацкая галерэя — адно з месцаў, дзе можна і трэба казаць пра, так бы мовіць, вечнае. Гэта складана, гэтаму трэба вучыцца. Таму для пачатку ў асветніцкіх і выхаваўчых мэтах мы кажам не пра вечнасць, а пра час, пра нядаўнюю гісторыю мастацтва — а часткай яе і з’яўляецца мастак Дарашэвіч са сваімі творамі.

Людміла Баравіцкая: Ведаеце, перад самай смерцю ў 1986 годзе бацька збіраўся зрабіць выставу, якая б падвяла вынік усёй яго дзейнасці. У яго назапасілася велізарная колькасць матэрыялу — уральскія і беларускія пейзажы, работы на індустрыяльную і ваенную тэмы... Усяго 45 гадоў творчасці... Але ўвасобіць гэта пры жыцці ён не паспеў. Тады мы зрабілі невялікую пасмяротную выставу ў Палацы мастацтва. І цяпер, калі паўстала пытанне пра захаванне культурнай спадчыны бацькі, я хачу, каб яго працы засталіся ў Беларусі, каб людзі бачылі і разумелі каштоўнасць мастацтва Фёдара Дарашэвіча.

■ ■ ■

Выстава — заўсёды важная падзея ў жыцці мастака, у большасці выпадкаў яна з’яўляецца нейкім істотным звяном — вынікам ці пачаткам творчай рэалізацыі, пошукам новых шляхоў. У нашым выпадку выстава Дарашэвіча, прадстаўленая ў серыі «Прыватная калекцыя», імкнецца ахапіць усе гэтыя «звёны» і этапы ў нашай сучаснасці, нават па сканчэнні дваццаці з лішнім гадоў пасля смерці мастака. Яго імя занесена ў спіс старэйшын беларускага жывапісу, а сёння ўключана ў шэраг арт-адкрыццяў сучаснасці.

Марыя МІХАЙЛАВА