Формула крэатыву

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

Індывідуальнасць і данс-стандарт

Дзе ў Мінску можна пабачыць мастацтва танца ў шматгалоссі яго вобразных фарбаў, жанраў, стылёвых кірункаў, пададзеных з густам і прафесіяналізмам? Не памылімся, калі адкажам: на справаздачных канцэртах кафедры харэаграфіі БДУ культуры і мастацтваў. Публіка пра гэтае свята ведае, чакае і адгукаецца з аншлагавай удзячнасцю. Справаздачны канцэрт і зрабіўся нагодай для гутаркі пра стан харэаграфіі — народнай, сучаснай, бальнай. Размову вядуць кандыдат філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры харэаграфіі Святлана Гуткоўская і мастацкі крытык Святлана Уланоўская.

Прэзентаваць розныя накірункі

/i/content/pi/mast/36/602/37.jpg

Фрагмент з праграмы «Фармэйшн».

Святлана Уланоўская:
Словазлучэнне «справаздачны канцэрт», змешчанае на афішы, асабіста ў мяне звычайна выклікае нуду. Падобныя мерапрыемствы рэдка дораць асалоду адкрыцця і эксклюзіву. Дый гледачоў на такія імпрэзы часта «зганяюць» дзеля запаўнення залы і падтрымкі «сваіх». Аднак канцэрты кафедры — выключэнне з агульных правіл. Білеты разыходзяцца за лічаныя дні, а сама імпрэза не па-справаздачнаму ўражвае знаходкамі, нечаканымі сюрпрызамі. Як удаецца дасягнуць падобнага эфекту?

Святлана Гуткоўская: Па-першае, падрыхтоўцы такой буйной канцэртнай праграмы папярэднічае доўгая і карпатлівая закулісная работа. І тое, што ўрэшце выносіцца на сцэну, — фіксацыя лепшага са шматлікай колькасці нумароў, якія ствараюцца студэнтамі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў на працягу вучэбнага года. Менавіта гэтая формула — «студэнт плюс выкладчык» — здольная даць нечаканы творчы вынік. Многія нашы выкладчыкі — педагогі-балетмайстры. Яны ведаюць прыроду харэаграфічнага мастацтва, умеюць мысліць танцам і могуць навучыць гэтаму майстэрству сваіх выхаванцаў. Дзякуючы іх удзелу студэнцкі пошук набывае абрысы мастацкага твора.

Святлана Уланоўская: Тры аддзяленні кафедры — народнае, бальнае і эстраднае — адлюстроўваюць шматаблічную панараму развіцця сучаснага танцавальнага мастацтва. Таму ў канцэртах вядуць рэй і фолк-мадэрн, і неакласіка, і contemporary dance, і пластычныя інтэрпрэтацыі эстрадных песень.

Святлана Гуткоўская: У стварэнні сцэнічнай дзеі заўсёды кіруюся крытэрам разнастайнасці — стылёвай, вобразнай, лексічнай. Важна не проста паказаць працу ўсіх аддзяленняў кафедры, але і прадставіць розныя кірункі, што існуюць у харэаграфічнай прасторы сёння. А гэта і фолк, і мадэрн, і эстрадны танец, і бальны, і хіп-хоп, і джаз, і сінтэз названых кірункаў.

Святлана Уланоўская: Падобны жанрава-стылёвы плюралізм для сучаснай мастацкай рэальнасці — норма, а не выключэнне з правіл. Ускладненне ўяўленняў пра чалавека і сусвет, татальная інфарматызацыя грамадства, «поліфанізацыя» і віртуалізацыя чалавечай свядомасці — усё гэта нараджае адпаведныя тэндэнцыі ў мастацтве. Вольнае выкарыстанне разнастайных пластычных сродкаў, здольнасць з’яднаць фуэтэ з брэйк-дансам і фламенка дэманструе славуты Барыс Эйфман у сваіх пастаноўках. Немажлівасць прытрымлівацца якога-небудзь адзінага стылю, канона ў нашым стагоддзі канстатуе Раду Паклітару. І дадае: «Калі мастак жадае быць сучасным».

Мадэрнізацыя і кансервацыя

/i/content/pi/mast/36/602/39.jpg

«Ой, Лявоніха мая...».

Святлана Уланоўская:
Фальклорны накірунак на канцэртах кафедры прадстаўлены найбольшай колькасцю нумароў. Справа ў безлічы падыходаў да інтэрпрэтацыі танцавальнага фальклору, што ў наш час не можа не здзіўляць. Пра крызіс народна-сцэнічнай харэаграфіі ўжо амаль не гаворыцца і не пішацца, бо ягоная наяўнасць стала аксіёмай, бясспрэчным фактам. Праяў гэтага шмат — трафарэтнасць пастановак, аднастайнасць вобразна-эмацыянальных фарбаў, якая зводзіцца да дэманстрацыі павярхоўна-параднага, «глянцавага» патрыятызму, вялікая колькасць трукаў, прыёмаў з арсенала цырка… Насамрэч, што яшчэ новага можна сказаць у рэчышчы народнай харэаграфіі, калі яе «залаты час» прыйшоўся на 1960 — 70-я?

Святлана Гуткоўская: Народны танец заўсёды быў для мяне невычэрпнай крыніцай натхнення. Яго я ведаю глыбока і прафесійна, бо ў свой час скончыла народнае аддзяленне кафедры, абараніла дысертацыю «Танцавальная культура беларускага Прыдняпроўя». Даследаванне, вывучэнне працягваецца і сёння. Фальклор — нібы падводная частка айсберга, у якім больш нябачнага, чым бачнага.

Святлана Уланоўская: Невыпадкова на кафедры сталі стварацца адны з першых у гісторыі нашай харэаграфіі пастаноўкі ў стылі фолк-мадэрн. Не магу не згадаць ваша «Вяселле: эскіз да абраду», адзначанае ўзнагародай XIII  Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.

Святлана Гуткоўская: Пасля «Вяселля» ў нас з’явіўся шэраг новых цікавых фолк-мадэрн-работ. Іх стварэнне служыць галоўнай мэце — даць беларускаму харэаграфічнаму фальклору «другое жыццё». Першымі па гэтым шляху ў сферы народнай песні пайшлі знакамітыя «Песняры», пазней гурты «Палац», «Троіца», «Юр’я», «Крыві», «Яр». Са многімі з іх мы супрацоўнічалі. Нашы педагогі імкнуцца даць студэнтам не толькі шырокія веды ў галіне нацыянальнага танцавальнага фальклору, але і навучыць іх мысліць самастойна.

Святлана Уланоўская: Аднак акрамя народных танцаў, пазначаных навізной інтэрпрэтацыі, канцэрт не абышоўся і без традыцыйнай, культмасава-хітовай «Лявоніхі». Ці патрэбная, на вашу думку, сённяшняму гледачу «Лявоніха», якая даўно ўжо «выйшла ў тыраж» і якую выконваюць амаль у кожным народным ансамблі?

Святлана Гуткоўская: Лічу пытанне не зусім правамерным. Бо праца з фальклорным матэрыялам уключае не толькі мадэрнізацыю, але і захаванне лепшага са спадчыны нашых продкаў. І «Лявоніха» ў гэтым сэнсе — нацыянальная класіка, да якой трэба ставіцца беражліва. Тым больш што нашы студэнты ўвасабляюць адну з бліскучых сцэнічных версій «Лявоніхі», пастаўленую некалькі дзесяцігоддзяў таму народнымі артыстамі Сямёнам Дрэчыным і Валянцінам Дудкевічам. У сваёй педагагічнай дзейнасці імкнуся захаваць не толькі выдатныя ўзоры народна-харэаграфічнай творчасці, але і адрадзіць, увесці ў сцэнічную практыку малавядомае, забытае. На адным з канцэртаў былі выкананыя такія амаль незнаёмыя сучаснаму гледачу гарадскія побытавыя танцы, як «Вераплан», «Пампадур», «Сэра», «Ойра».

Святлана Уланоўская: Сёння, калі сучасны гараджанін, на жаль, амаль цалкам адарваўся ад сваіх каранёў, імкненне да захавання і актуалізацыі «памяці продкаў» нельга не вітаць. Дыялог з мінулым дазваляе адчуць кропкі апоры сярод зменліва-непастаяннай плыні нашага часу, усвядоміць свет у сабе і сябе ў свеце. Невыпадковая назва аднаго з новых студэнцкіх нумароў канцэрта — «Падарожжа да саміх сябе» (пастаноўка Марыі Кушнір і Вольгі Венскай пад кіраўніцтвам Вольгі Шамровай). У лексічным вырашэнні пастаноўкі народныя элементы арганічна паядналіся са стыхіяй сучаснай харэаграфіі і ўвасаблялі ненавязлівы, але ўстойлівы вобраз паэтычнага падарожжа да ўласнай культуры, сваіх этнічных каранёў.

Дарэчы, у прасторы нашай харэаграфіі творы ў фолкмадэрновым стылі — хутчэй эксклюзіў, чым распаўсюджаная з’ява, бо іх стварэнне патрабуе глыбокага ведання як архаікі, так і прыёмаў з тэзаўруса сучаснага танца. Сімптаматычна, што адна з прэмій апошняга IFMC — «Традыцыі і наватарства» — не знайшла лаўрэата. Пад уплывам глабалізацыі і імкнення трапіць у агульнаеўрапейскі кантэкст неафальклорнае рэчышча сёння відавочна абмялела... Найбольш плённа ў гэтай сферы працуе хіба што Ларыса Сімаковіч, кіраўнік фолк-мадэрн-тэатра «Госьціца».

Святлана Гуткоўская: Мне цікавая розная работа з этнічным матэрыялам. Фальклор можа сілкаваць аўтарскія творы. Галоўнае — каб сцэнічная інтэрпрэтацыя не скажала сутнасці архаічнага правобраза і ў той жа час была актуальнай, рэзанавала з сённяшняй мастацкай рэальнасцю.

Contemporary Ego

Святлана Уланоўская: Вамі назапашаны багаты практычны досвед у сферы не толькі народна-сцэнічнай, але і сучаснай харэаграфіі. Пра гэта сведчыць штогадовы ўдзел у Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску — і як члена экспертнай рады, і як кіраўніка Ансамбля кафедры харэаграфіі, што часта прэзентуе новыя пастаноўкі. Калектыў супрацоўнічаў з амерыканскімі харэографамі, дый вы самі стажыраваліся ў лепшых танцавальных студыях Нью-Ёрка. У чым асаблівасці менавіта нашага новага танца? І чаго бракуе айчынным харэографам у параўнанні з замежнымі калегамі?

Святлана Гуткоўская: Тое, што ў замежнай харэаграфіі развівалася паступова, на працягу цэлага стагоддзя, нашымі харэографамі засвойвалася за сціслы тэрмін. Таму ў лексіцы, у авалоданні шматлікімі тэхнікамі сучаснай харэаграфіі мы — вучні. Аднак што датычыцца вобразнага напаўнення, то тут узнікае вялікая прастора для творчасці. У гэтай сферы выяўляецца славянскі менталітэт. У нас іншыя інтарэсы, іншыя ідэі, іншыя героі. Сінтэз нашага светаўспрымання і тэхнік заходняй харэаграфіі дае ўнікальны вынік.

Святлана Уланоўская: Калі разглядаць эвалюцыю беларускага танцавальнага мастацтва персаніфікавана — праз прызму асоб харэографаў, становіцца відавочным, што ні адзін з папярэдніх перыядаў не быў пазначаны такой разнастайнасцю новых імёнаў. Працяглая ізаляцыя ад сусветнага мастацкага працэсу, дэфіцыт інфармацыі спарадзілі ўнікальную сітуацыю — досвед замежнай танцпрактыкі засвойваўся нашымі харэографамі не ў паслядоўным развіцці, а як сума розных стыляў, школ, што існуюць паралельна. Паскораная апрабацыя навацый заходняй харэаграфіі, адначасовае змяшэнне розных кірункаў — мадэрна, постмадэрна і contemporary dance — зрабілі працэс развіцця беларускага новага танца дыскрэтным і супярэчлівым.

Разам з тым айчынны сучасны танец, які напачатку прэзентаваў сябе як з’яву нешараговую, сёння перажывае не лепшыя часы. У 1990-я здавалася, што для ягонага росквіту не хапае, перш за ўсё, тэхнічнага майстэрства выканаўцаў, здатных паўнавартасна ўвасабляць ідэі харэографа. Сёння ж гаварыць на мове contemporary dance навучыліся ўсе. Але «адшліфаваныя» (дзякуючы заходнім майстар-класам) целы цяпер не знаходзяць аўтараў, якія здолелі б напоўніць іх сэнсам, азарыць засвоены данс-стандарт святлом уласнай індывідуальнасці. Сярод новай генерацыі ў расійскім сучасным танцы няма асоб, якіх можна было б супаставіць з такімі легендарнымі першапраходцамі, як Яўген Панфілаў, Мікалай Агрызкаў, Таццяна Баганава...

Святлана Гуткоўская: На жаль, некаторая ўніфікацыя стылю назіраецца і ў нас. Аглядка на тых, каго некалі ўзнагародзілі, імкненне прытрымлівацца вядомых, пракладзеных кімсьці шляхоў — усё гэта нараджае мастацкі канфармізм.

Святлана Уланоўская: «Смерць аўтара» назіраецца сёння паўсюдна, у тым ліку і ў балеце. Да прыкладу, легендарны Ігар Маісееў апошнім вялікім маскоўскім балетмайстрам лічыў... Аляксандра Горскага — харэографа, які тварыў на мяжы XIX — XX стагоддзяў! Не буду ў такой ступені катэгарычнай, але выдатных пастаноўшчыкаў у свеце сёння адзінкі. Большасць з іх або адышлі ад спраў, або ставяць рэдка, як Іржы Кіліян і Матс Эк. Ці ўзначальваюць трупы, як Барыс Эйфман і Джон Наймаер, а гэта патрабуе забяспечваць афішу прэм’ерамі. У выніку галоўныя тэатры свету з года ў год узнаўляюць ужо вядомыя балеты. Менавіта такая сітуацыя вымусіла кіраўніцтва пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра запрасіць у якасці галоўнага балетмайстра Нача Дуата, аднаго з таленавітых харэографаў сучаснасці. Ды яшчэ прапанаваць кантракт на 15 гадоў! Дзякуючы знакамітаму іспанцу тэатр папоўніцца эксклюзіўным рэпертуарам, новымі рэпетытарамі і салістамі, якія адначасна будуць выкладаць у Ваганаўскай акадэміі курс сучаснага балета. А вясной 2011 года ў Санкт-Пецярбургу ўжо запланаваны маштабны фестываль сучаснага танца. Што да нас, то Беларусь, бадай, адзіная з краін былога Саюза, дзе ў Нацыянальным тэатры оперы і балета адсутнічае эксперыментальная сцэна для пастановак неакадэмічнага фармату, а ў ВНУ культуры няма аддзялення сучаснай харэаграфіі. Ці не ўзнікала жаданне стварыць такое аддзяленне на кафедры?

Святлана Гуткоўская: Скажу адназначна — не. Бо гэта звязана не толькі з праблемай працаўладкавання выпускнікоў, але і з адсутнасцю спецыялістаў, якія б маглі выкладаць дысцыпліны такога кшталту, рэгулярна ездзіць на стажыроўкі, браць удзел у майстар-класах, фестывалях, навуковых канферэнцыях... Тут патрэбны пастаянны «допінг», бо contemporary dance — гэта не класіка з яе ўстойлівымі канонамі, тут ўсё развіваецца, трансфармуецца. Без засваення таго, што адбываецца «тут і цяпер», наладжванне прафесійнай сістэмы адукацыі ў галіне сучаснага танца немагчымае.

Святлана Уланоўская: Як і без адпаведнага фінансавання...

Святлана Гуткоўская: Натуральна! І часам ад адсутнасці «матэрыяльнага фактару» робіцца вельмі крыўдна. Менавіта па фінансавай прычыне ў нас сарваўся вельмі цікавы сумесны праект з Мікалаем Агрызкавым. (А цяпер, калі і знойдуцца грошы, то няма ўжо самога выдатнага харэографа. Ён памёр сёлета на 54-м годзе жыцця. — С.У.) Прэтэндаваць на тое, што сучасны танец будзе прызнаны ў маштабе дзяржавы, у бліжэйшы час немагчыма. Такія творы ў нас не запатрабаваныя, і паказваем мы іх толькі падчас IFMC, справаздачных канцэртаў і дзяржаўных іспытаў. Але разам з тым, у адсутнасці грунтоўнай адукацыйнай школы, як ні парадаксальна, — наш паратунак. Нягледзячы на відавочны ўплыў расійскага сучаснага танца, у нас не назіраецца сляпога пераймання заходніх школ, і ў айчынных харэографаў існуе асабісты мастацкі погляд на рэчы.

Святлана Уланоўская: У дачыненні да сучаснага танца таксама вельмі істотнай падаецца праблема стаўлення да яго з боку гледача. Асабліва тут, у сталіцы, дзе моцныя традыцыі так званага «вялікага балета» і народна-сцэнічнага мастацтва.

Святлана Гуткоўская: Пагаджуся. У Віцебску, дзякуючы IFMC, ёсць удзячная публіка, якая любіць і разумее сучасны танец. Што ж да сталіцы, то нам тут не дапамагае ніхто. Такая харэаграфія вымагае падрыхтаванага гледача. А ў наш час масмедыятэхналогій гэта таксама праблематычна, бо тэлебачанне прапануе гледачу лёгказасваяльнае шоу, а мы — прадукт, які патрабуе эмацыйных і інтэлектуальных намаганняў.

Перспектывы і Адкрыты фінал

Святлана Уланоўская: З упэўненасцю можна сказаць, што сёння кафедра харэаграфіі мае свае багатыя традыцыі і гістарычнае мінулае. Заўважыла, што вы актыўна эксперыментуеце і ў сферы бальнага танца...

Святлана Гуткоўская: Так, вельмі цікавы яго сінтэз з іншымі кірункамі і жанрамі харэаграфіі. У перспектыве хачу адкрыць на бальным аддзяленні дзве спецыялізацыі — спартыўнага і сцэнічнага бальнага танца.

Святлана Уланоўская: Сёлетні дзяржаўны іспыт па мастацтве балетмайстра на бальным аддзяленні яскрава засведчыў жыццяздольнасць такой задумы. Бальная харэаграфія падчас спектакля была прэзентавана як шматграннае мастацтва, здольнае не толькі ўслаўляць прыгажосць чалавечага цела, але і адлюстроўваць рухі душы. Творчыя памкненні выяўляліся ў сюжэтна-асацыятыўным вырашэнні агульнай дзеі, у сінтэзе бальнай лексікі з прыёмамі сучаснай харэаграфіі, ва ўдалым выкарыстанні відэаэкрана і ў звароце да нечакана сур’ёзных для забаўляльнай стыхіі бальнага танца тэм. Асабліва ў гэтым сэнсе ўразіў драматычны аповед «Ты і я» (пастаноўка Ксеніі Наліўкінай пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай), герой якога выбірае між дзвюма страсцямі — каханнем да жанчыны і... наркатычнай залежнасцю. Невыпадкова ў якасці музычнай асновы кампазіцыі быў абраны ўрывак з саўндтрэка да культавага фільма «Рэквіем па мары». Сапраўды, такога ў нашай харэаграфіі яшчэ не было!

Здаецца, што можна яшчэ дадаць да кульмінацыйна-гімнічнай «Лявоніхі», паказанай перадапошнім нумарам канцэртнай праграмы? Аднак своеасаблівым шматкроп’ем пасля моцнага клічніка прагучала кампазіцыя «Экзэрсісы» (пастаноўка Святланы Гуткоўскай і Вольгі Шамровай). У ёй з’ядналіся экзэрсісы ўсіх танцавальных кірункаў, што існуюць на кафедры, — класічны, бальны, народны, сучасны. Такім чынам, пошук працягваецца...