«Трамвай у Парыж». Ганна Палупанава (Валерыя Сташынская), Станіслаў Дужнікаў (Аляксей Іванавіч). Рэжысёр Дзмітрый Лось.
Нацыянальны кінафестываль — падзея больш рэдкая, чым міжнародны. Ён ладзіцца з меншай пышнасцю, без глядацкага і журналісцкага ажыятажу, на ім невялікая колькасць запрошаных «зорак», звычайна рэспубліканскага маштабу. Стаўленне да яго абсалютна хатняе, свойскае.
Захацелі — правялі раз у два гады, а захацелі — раз у тры. Раней форум адбываўся ў верасні, сёлета — у чэрвені. На адным фестывалі — пэўны рэгламент і вызначаная колькасць прызоў,
а на другім — усё ўжо змянілася. Аўтары, якія прысутнічаюць у кіназале, не лічаць абавязковым прадстаўляць уласныя творы, а пра такую фестывальную норму, як прэс-канферэнцыі, няма
і гаворкі. На гэтым форуме ўсё неяк залішне проста, без захавання пратакола.
Ці стала прэм’ера кінападзеяй?
Сёлета «пратакольнасць» акрэслілася, мабыць, у адным выпадку — на прэм’ерным паказе фільма «Брэсцкая крэпасць», створанага пры ўдзеле ТРА (Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі) Саюзнай дзяржавы, кампаніі «Цэнтрал Партнёршып» і кінастудыі «Беларусьфільм» (рэжысёр Аляксандр Кот). Усё было дакладна і арганізавана — ад даты і часу паказу (ноч 22 чэрвеня) да колькасці раздадзеных гасцям прэс-рэлізаў, пляшак і плашч-палатак. На прэм’еры была «ўся журналісцкая раць» і вялікая колькасць афіцыйных асоб.
Гэты фільм чакалі, да яго з самага пачатку адчувалася не толькі цікавасць, але і павага. Трагічнасць сітуацыі ў Брэсцкай крэпасці ў першыя дні вайны відавочна не размываецца часам — наадварот, наша разуменне гэтай драмы становіцца ўсё больш вострым і патрабавальным. Напэўна, таму ад фільма хацелі не паўтарэння таго, што вядома яшчэ па знакамітай кнізе Сяргея Смірнова, а адкрыцця новага, аўтарскага погляду ў асэнсаванні трагедыі асобы і народа. Менавіта гэтага, чалавечага пачатку не хапіла фільму. Ёсць дзейныя асобы, знаёмыя са школьных падручнікаў, — камісар Фамін, маёр Гаўрылаў, лейтэнант Кіжаватаў, але няма гісторыі чалавечага жыцця. Няма той запаветнай праўды, той шчырасці ў раскрыцці характараў, што маглі б праліць новае святло на знаёмы сюжэт, дакрануцца да яго не абстрактна, а сардэчна.
Фільм зроблены па ўсіх лякалах маштабных забаўляльных блакбастараў. Такое адчуванне, быццам нас у чарговы раз хацелі забавіць рэкамі крыві, гарой трупаў, дынамічным рытмам эпізодаў. У фільме ёсць усе элементы штучнага, неабходныя для таго, каб канчаткова знік давер да экрана: камп’ютарныя бомбы, дэкаратыўная кроў, піратэхнічны дым, намаляваныя заднікі. Знарочыстая «зробленасць», як парушынка ў воку, не дае магчымасці разгледзець і адчуць сутнасць таго, што адбываецца. А шкада, усё-такі гэта асаблівая тэма — Брэсцкая крэпасць…
Ці ёсць у нас кіно?
Сістэмны прагляд «усяго і адразу» прыкметна адрозніваецца ад разавых праглядаў асобна ўзятых кінатвораў. Калі глядзіш некалькі дзён запар пэўную колькасць фільмаў з брэндавай маркай «Беларусьфільм», дык разумееш, што працэс ідзе і айчыннае кіно ёсць. Магчыма, не зусім беларускае, не вельмі камерцыйнае і прыбытковае, але нарастанне колькаснага кінапатэнцыялу, здольнага перайсці ў плоскасць іншых якасных параметраў, назіраецца. За 4 дні ўбачана 12 ігравых, 24 дакументальныя, 12 анімацыйных, 6 студэнцкіх фільмаў. Карціна калі не ўражвае, дык цалкам абнадзейвае.
Вядомы старшыня журы ігравога кіно Пеэтэр Сім заўважыў, што ў Эстоніі сітуацыя падобная: такая ж колькасць стужак з такім жа якасным поспехам. Эстонскія крытыкі, як і беларускія, не вельмі шануюць родны кінематограф. Але ўсім вядома, каго не бывае ў сваёй айчыне. І хоць мясцовыя крытыкі на ролю прарокаў не падыходзяць, факт бясспрэчны — мастацкіх адкрыццяў сусветнага (ці постсавецкай прасторы) узроўню ў нас пакуль не здарылася.
Чатырохдзённая панарама дала падставу сцвярджаць: у нас на самай справе ствараецца разнастайнае па тэмах і жанрах кіно. Заклікі інфантыльных маладых гледачоў перастаць здымаць фільмы на ваенную тэму сведчаць не пра стомленасць аўдыторыі, а хутчэй пра ступень няведання цяперашняга беларускага кінематографа.
Нашы ігравыя стужкі апошніх трох гадоў — гэта экзістэнцыяльная драма («Інсайт»), крымінальная драма («Зграя»), ваенная драма («Дняпроўскі рубеж»), гарадская меладрама («Трамвай у Парыж»), гістарычна-псіхалагічная драма («Ваўкі»), баявік («Крапавы берэт», «Снайпер. Зброя адплаты»), эксцэнтрычная камедыя («Дасціш фантасціш», «На спіне ў чорнага ката»), музычная казка («Навагоднія прыгоды ў ліпені»). Вызначыцца з жанрам — значыць мець уяўленне не толькі пра форму, але і пра стыль. Іншым разам пачуццё стылю, як і пачуццё меры, падводзіць нашых аўтараў. Тады, незалежна ад жанру, знікае давер да экрана, бо ў любой форме павінны захоўвацца натуральнасць і дакладнасць. Гаворка ідзе не пра дакументальную дакладнасць, а пра мастацкую праўду. Але пра гэта крыху пазней.
Да прыемных уражанняў можна аднесці праславутае кадравае пытанне. Кадры вырашаюць калі не ўсё, то многае. Гэта своечасова зразумелі на нацыянальнай кінастудыі, калі паставілі за мэту вярнуць беларускіх рэжысёраў, раскіданых па расійскіх гарадах. І не прагадалі. Напэўна, брэсцкі кінафестываль быў бы абдзелены, калі б там не аказалася фільмаў Аляксандра Колбышава, Дзмітрыя Лася, Аляксандра Канановіча. (А на будучым форуме згадаем пра яшчэ аднаго «вернутага», Андрэя Кудзіненку.) Інакш кажучы, неяк усё склалася — фільмы, аўтары, атмасфера. Працэс сапраўды ідзе…
Асаблівасці нацыянальнага кінаадкрыцця
Галоўным фільмам фестывалю былі названы «Ваўкі» Аляксандра Колбышава. Зрэшты, у яго яшчэ адна вельмі важная і прэстыжная ў прафесійным плане ўзнагарода — прыз за лепшую рэжысуру. Гэтая ацэнка вельмі справядлівая. У фільме таксама ўсё супала і з’ядналася найлепшым чынам. Аднайменная аповесць вядомага беларускага дакументаліста Аляксандра Чакмянёва, якая праляжала амаль паўстагоддзя без руху, прыйшлася якраз да месца і да часу. У даўняй гісторыі аднаго чалавека, які пасля вайны трапляе пад махавік рэпрэсій і спрабуе ўцячы да родных з цягніка, што вязе такіх, як ён, у суровую далячынь, Аляксандр Колбышаў здолеў разгледзець гісторыю як краіны, так і кожнага з нас, убачыць тэмы, што маюць дачыненне і да сучаснага жыцця. Рэжысёр знайшоў вобразны код, з дапамогай якога колішняя сітуацыя набыла сэнс шматмернай і пазачасавай прыпавесці. «Ваўкі» — фільм пра супрацьстаянне бяздушнасці і чалавечнасці, пра імгненныя набыткі і сапраўдныя каштоўнасці. Гэта фільм пра цярпенне і ахвярнасць, пра веру і любоў, пра здольнасць заставацца чалавекам у нечалавечых абставінах.
Калісьці Аляксандр Колбышаў зняў дыпломны фільм са сцвярджальнай назвай «Ахвота жыць». Драматызм «Ваўкоў», асаблівасці ўвасаблення характараў можна цалкам вызначыць імператывам «жыць!». Але глыбіня аўтарскага разумення сітуацыі, гісторыі суадносіцца з чалавечым імператывам «жыць, але не любой цаной». Катэгорыя жыцця ў фільме як святланоснай энергіяй прасякнута духоўным сэнсам біблейскіх паданняў. Жыццё чалавечага духу не рэгламентуецца строгімі законамі дзяржаўнай машыны, не карэктуецца загадамі ачумелых начальнікаў, не накіроўваецца ў зададзенае кімсьці рэчышча.
Фільм «Ваўкі» — сапраўды мастацкі твор, таму што захавана «граматыка» мастацкай мовы. Выява дакладна перадае вобраз часу і прасторы (аператар-пастаноўшчык Павел Зубрыцкі, мастакі-пастаноўшчыкі Антон Гвоздзікаў, Ігар Хруцкі). Заснежаная тэрыторыя тайгі, холад зімовага паветра і прасёлкавых дарог — усё стварае адчуванне безвыходнасці і бездапаможнасці чалавека, які спрабуе вырвацца з кайданоў абыякавай да яго сістэмы. Дэталі кінапрасторы ўвасабляюць фактуру і атмасферу часу, святочная пухнатасць снегу, які падае, узмацняе ступень трагічнасці таго, што адбываецца. Як быццам з таго часу і сціплае начынне вясковай хаты, дзе дрэва прапахла цяплом печкі і сціплым побытам. Натуральнае шэра-белае, як старыя фатаграфіі, асяроддзе ўзрывае «раскіданы» дзе-нідзе чырвоны колер: чырвоная зорка паравоза, сцяг над царквой. Расстаўленыя плямы, як сцяжкі пры аблаве на ваўкоў, канкрэтныя і абсалютныя ў сваёй семантычнай адназначнасці: гэта сімвал пралітай крыві, знак бяды як прадчуванне трагічнай безвыходнасці.
Натуральнай часткай візуальна-вобразнага асяроддзя з’яўляецца музыка (кампазітар Алег Федасееў). Кожная падзея мае ўласную гукавую танальнасць. Аднак у музычнай шматстайнасці няма разнабою, усё аб’яднана адной мелодыяй, у якой праз гукі надрыўнага болю, сусветнай трагедыі прабіваюцца акорды надзеі і радасці. Хтосьці сказаў, што таленавіты твор з’яўляецца тады, калі збіраецца каманда таленавітых людзей. Фільм «Ваўкі» — таму пацвярджэнне.
Новыя тэхналогіі ў беларускім кінакантэксце
Няшмат вады сплыло з таго часу, калі пісалі, што кінематаграфісты як калючкі прычапіліся да сёдлаў камп’ютарных качэўнікаў і заехалі на новыя тэрыторыі. Мінула некалькі гадоў — і ўсё памянялася месцамі. Цяпер кіно займела ўласную прастору для лічбавага балявання. На сусветным узроўні выкарыстанне новых тэхналагічных і тэхнічных магчымасцей больш не з’яўляецца навіной. За сціслы тэрмін прызвычаіліся да 3D і 5D-экранаў.
У беларускім кіно камп’ютарная прастора толькі пачынае актыўна асвойвацца. Часам гэта падобна на нястрымную радасць валодання новай цацкай. Як, напрыклад, у дзіцячым фільме «Навагоднія прыгоды ў ліпені». Рэжысёр Алена Турава вельмі творчы, багаты на фантазіі і выдумкі аўтар. Фільм уяўляе прыгодніцкі гармідар юных герояў у віртуальнай прасторы, дзе ўсё магчыма: сустрэча з матэрыялізаванымі выявамі камп’ютарнага заэкрання Глюкам і Спамам, паядынак са злыднем віртуальнага свету Гала-Вірусам.
У фільме захоўваюцца архетыпічныя коды знаёмых чароўных казак: вандраванне, пераадоленне перашкод, барацьба са злом, дапамога сяброў, шлях да перамогі. Толькі ўсё гэта адбываецца на тэрыторыі манітора, такога знаёмага сучаснаму дзіцяці. Рэжысёр шчодра ўводзіць у свой фільм элементы новай экраннай культуры: кліпавы рытм, сайтавы варыянт запаўнення прасторы, каляровую дынамічнасць. Па сутнасці, «Навагоднія прыгоды ў ліпені» зрабіліся першым фільмам у айчынным кіно, які пазначыў пераход да новай экраннай відовішчнасці. Падобна, што пераход ад cinema да screenema здзяйсняецца і на беларускай тэрыторыі. Важна толькі, каб найноўшыя тэхналогіі не былі самамэтай. І дзецям, і дарослым усё роўна трэба распавядаць гісторыі, дзе было б усё папраўдзе.
Героі не нашага часу
Паняцце «герой» у кіно заўсёды было вельмі важным. На іх, як правіла, трымаюцца кінасюжэты. За некалькі дзесяцігоддзяў мы крыху адвыклі ад герояў, на якіх засяроджаны кінааповед. Адкрыты, пазітыўны, прыгожы, дужы, адважны, годны — такіх асоб не хапае не толькі ў кіно, але і ў жыцці.
«Снайпер. Зброя адплаты» (рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў), «У чэрвені 41-га» (рэжысёр Аляксандр Франскевіч-Лае) — у гэтых фільмах глядацкую ўвагу прыцягваюць галоўныя персанажы, якія з’яўляюцца наратыўна-сэнсавым і драматургічна-кампазіцыйным цэнтрам. І снайперу Яшыну (Дзмітрый Пяўцоў), і памежніку Бураву (Сяргей Бязрукаў) нададзены рысы не столькі людзей, колькі супермэнаў, у характарыстыках якіх выкарыстоўваюцца параметры міфа-герояў: у вадзе не тонуць, у агні не гараць, не адзін раз адраджаюцца, як птушка Фенікс. Яны з самага пачатку запраграмаваны на перамогу. Гэта героі дзеянняў, а не псіхалагічных перажыванняў. Для ўвасаблення такіх імклівых персанажаў, што перамагаюць і пераадольваюць усе перашкоды, спатрэбіўся зорны склад расійскага акцёрскага цэха.
У пэўнай ступені герой з’явіўся і ў фільме «Кадэт» (рэжысёр Віталь Дудзін). Аднак у гэтай карціне ёсць лініі Метыка (Руслан Чарнецкі) і кадэта (Андрэй Сенькін), якія нібы расцягваюць у розныя бакі драматургію аповеду. Невыпадкова назва фільма мянялася — ад «Метыка» да «Кадэта». Ды і прыкметная статычнасць і аднастайнасць герояў пазбаўляе іх унутранай змястоўнасці і энергетычнай насычанасці. Тым не менш спроба прадставіць сітуацыю не проста праз цэнтральнага персанажа, а праз героя, што мае міфалагічныя рысы, выклікае цікавасць і спараджае надзею, што наша кіно ў будучыні далучыцца да камерцыйнага мэйнстрыму.
Гарадскі раманс па-беларуску
У савецкі час на экраны выйшаў фільм «Гарадскі раманс». Ён асабліва нічым не вылучаўся: ні вытанчаным малюнкам, ні незвычайнай драматургіяй, ні трывалай рэжысурай. А вось помніцца дагэтуль. Фільмаў, якія выклікаюць прыемныя ўспаміны, нямала. Нешта ў іх было... Можа, прывабная прастата і зразумеласць, можа, натуральная інтанацыя або тое, што супадала з індывідуальным вопытам. Шчырая, немудрагеліста-даверлівая гутарка для нас часам важнейшая за гучныя прамовы і напышлівыя сказы. У «гарадскіх рамансах», як, напрыклад, і ў раманах Вікторыі Токаравай, заўсёды прысутнічае пачатак іранічна-вядомы, падобны на лубачны варыянт «Папялушкі». Прыблізна такая жаноча-казытлівая гісторыя была прадстаўлена ў фільме «Трамвай у Парыж» (рэжысёр Дзмітрый Лось). Гэткая меладраматычная «дробязь», хоць і «дробязі» часам дадаюць сваю інтанацыю ў мелодыю жыцця.
Візуальная блытаніна
А цяпер пра тое, чаго ў нашым кіно аж занадта, хоць наогул быць не павінна. Калісьці на «Беларусьфільме» сфарміравалася сапраўдная школа высокай выяўленчай культуры. Якаснае беларускае кіно 1960 — 80-х гадоў — гэта імёны не толькі рэжысёраў, але абавязкова і аператараў, і мастакоў. Да таго, што павінна застацца ў кадры, адносіліся з надзвычайнай увагай і разуменнем справы. Вобраз фільма ў цэлым і ў дэталях быў захаваны ў эскізах, раскадроўках. Мастакі-пастаноўшчыкі да самых дробных нюансаў вывяралі адпаведнасць кожнай дэталі таму ці іншаму часу, атмасферы, стылю.
Цяпер усё куды больш проста і груба. Спрошчаны падыход выяўляе відавочную халтурнасць, абыякавасць і непрафесіяналізм. Не можа быць, каб герой, лезучы праз акно, адшморгваў адну фіранку, а зашморгваў іншую («Крапавы бярэт»). Такі ж «прыём» у фільме «На спіне ў чорнага ката»: герой уваходзіць у гасцініцу «Беларусь» і аказвацца... у холе «Еўропы». Не можа быць, каб у першыя дні вайны людзі рухаліся няспешна, спакойна, як у запаволенай здымцы — чыста апранутыя, у светлых хустачках, белых шкарпэтках, акуратных гарнітурах («Дняпроўскі рубеж»).
У фільме «Зграя», напрыклад, колькі ні глядзі, не здагадаешся, калі адбываецца дзеянне, бо катэгорыя часу адсутнічае наогул. З паняццем «час», важным мастацкім элементам у кінатворы, справа дрэнная. Ну не павінна такога быць, каб у момант здымкі бамбёжкі аператар «выпадкова» выхопліваў аб’ектывам дах сучаснага дома з чырвонай металачарапіцы («Дняпроўскі рубеж»)! А ў фільме «У чэрвені 41-га», тут дзеянне таксама адбываецца падчас вайны, адзін з персанажаў рэжа каравай хлеба — рыхтык «Нарачанскі» з суседняй крамы.
Ёсць фільмы, дзе прыкметная адсутнасць такіх прафесій, як «асістэнт рэжысёра», «асістэнт аператара», «асістэнт мастака-пастаноўшчыка», «дэкаратар», «грымёр» і іншых. Калі б усё ішло як трэба, то не здараліся б у масоўках такія ляпы, як усмешлівыя абліччы тых, каго фашысты гоняць па дарозе, ці твары распранутых «немцаў», якія збянтэжана спрабуюць схавацца ад камеры. Такіх праколаў хапае. Калі да кіно ставіцца сур’ёзна, то гэтак жа сур’ёзна варта думаць пра ўсе яго складнікі.
Можна асобна казаць пра драматургічныя пралікі і неадпаведнасці, прыкметныя, як белыя ніткі на чорным, але яны, на жаль увогуле ўспрымаюцца звыкла...
Ці заўсёды рэклама — рухавік?
У сучасным беларускім кіно з’явілася яшчэ адна небяспека — рэкламныя слоганы і вобразы. Як толькі ў фільме справа даходзіць да распівання спіртнога, дык абавязкова з’яўляецца бутэлька гарэлкі «Бульбашъ», якая знарок паказваецца буйным планам. А калі выпіваецца не алкаголь, тады гэта «Пратэра — жывая вада». Відавочна, што ў розных фільмаў адны і тыя ж фундатары, але ці варта гэтак аднастайна выказваць сваю ўдзячнасць?
Кінаштампы як люстэрка непрафесіяналізму
Як бы хутка ні развіваліся кінатэхналогіі, пры праглядзе некаторых айчынных фільмаў узнікае адчуванне нейкага часавага зруху. Незразумела: гэта кіно створана цяпер або нашмат раней? Звыклая атрыбутыка замежнага жыцця нам усім была добра вядомая па савецкіх фільмах: нестандартныя бутэлькі, млявыя дзяўчыны, сігары, урэзаны стрыптыз. Аналагічнае жыццё капіталізму, «які загнівае», мы бачым і цяпер. У фільмах «Зграя» і «Крапавы берэт» у «кепскіх» герояў усё больш сытнае, смачнае і надзвычай «замежнае».
Ва ўсіх стужках на ваенную тэму сустракаюцца адны і тыя ж эпізоды: хтосьці з «нашых» абавязкова будзе адкрываць нажом нямецкую тушонку або глядзець у бінокль на пазіцыі ворага. З фільма ў фільм будзе рухацца ўсё той жа танк. Кінаштампамі, на жаль, зрабіліся эпізоды, дзе шмат крыві — чырвонага колеру розных адценняў столькі, што гэта ўжо даўно не знак трагедыі, а звыклы стандарт, які сведчыць пра адсутнасць густу і пачуцця меры.
P.S. Несумненна, пэўная колькасць фільмаў у Беларусі здымаецца. Больш за тое, галіна набірае абароты: робіцца стаўка на жанравае, тэлевізійнае кіно. У планах «Беларусьфільма» — экранізацыя прозы Уладзіміра Караткевіча. А ўсё адно ёсць сумненні: ці будзе гэта тое беларускае кіно, якое і самім не сорам, і чужым у радасць? Ці дапаможа яно лепш зразумець і сябе, і іншых? Ці атрымаецца такое кіно, якое не толькі пацешыць, але і распавядзе нам пра штосьці вельмі важнае? Пакуль адказаў няма...
Людміла САЯНКОВА