У люстэрку і ў залюстроўі

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

Восеньскі роздум пра летні «Славянскі базар»

/i/content/pi/mast/36/600/31.jpg

На канцэрце кампазітара Кіма Брэйтбурга выступалі беларускія, расійскія і ўкраінскія зоркі эстрады.

Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» — гэта калейдаскапічнае чаргаванне канцэртаў розных жанраў і кірункаў, спектакляў, выставак, кінапаказаў, вулічных дзей, а для журналістаў — яшчэ і прэс-канферэнцыі, прэзентацыі, творчыя сустрэчы.

З кожнага такога віравання праектаў і ўражанняў я звычайна вяртаюся з яркім вобразам-сімвалам, што застаецца ў памяці паэтычнай «праекцыяй» усяго фестывалю. У розныя гады такімі вобразамі-сімваламі былі карабель, валошка, верталёт, коні, паветраныя шарыкі, лялькі... Сёлета ж агульны, усёабдымны вобраз доўгі час не ўтвараўся — хоць, здавалася, усе яго складнікі даўно вызначаны. У тым ліку з дапамогай саміх арганізатараў, якія яшчэ да пачатку форуму закцэнтавалі ўсе ноу-хау. Прычыну зразумела толькі тады, калі вобраз усё ж узнік. Ён аказаўся не рэальна-прадметным, як раней, а філасофскі-фантазійным.

Падаецца, што галоўным на свяце сталі не новая «тэлекарцінка» і кірунак на самаакупляльнасць, пра што шмат гаварылася, а замацаванне альтэрнатывы. Нельга сказаць, што ў мінулыя гады яе зусім не было. Але сёлета яна не проста больш заўважная, а — прынцыпова важная. Літаральна кожная фестывальная з’ява мела сваё супрацьлеглае адлюстраванне. Усё пачалося з канцэпцыйна-правакацыйнай фразы дырэктара Радзівона Баса: «Думаю, эстрадныя зоркі Юрый Антонаў і Стас Міхайлаў дапамогуць развіццю класічнай музыкі» (і сапраўды, іх сольнікі дапамаглі — фінансава!). А калі ўсё на сёлетнім «Славянскім базары» як быццам утварала гэткія бінарныя апазіцыі, яшчэ раз сцвярджаючы вядомы закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцей, дык чаму б не параўнаць яго з залюстроўем?

Між тым, самі арганізатары наўрад ці бачылі хоць нейкія паралелі з «Алісай...» Льюіса Кэрала. Ім уяўлялася ўрачыстая, часам гуллівая, рамантызавана кідкая паэма «Дзевятнаццаць» —

вядома, не перайначаныя рэвалюцыйныя вершы Аляксандра Блока, а лічбавая сімволіка ўсё таго ж Радзівона Баса. На ХІХ «Славянскім базары ў Віцебску» было запланавана акурат 19 канцэртаў у Летнім амфітэатры. На кожны з конкурсаў — дарослы і дзіцячы — былі адабраны прадстаўнікі ад 19 краін. Астатнія ж фестывальныя лічбы перавышалі ўсялякія планы. На 450 мільёнаў беларускіх рублёў больш, чым летась, было вылучана на арганізацыю і правядзенне фестывалю з рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: сума склала
2,5 мільярда. Акрамя таго, больш за 24 мільёны расійскіх рублёў, паводле традыцыі, выдзеліла Саюзная дзяржава. Больш за 9 мільёнаў расійскіх рублёў дадала Расія. Украіна фінансавала прыезд сваёй дэлегацыі.

У фестывальную скарбонку пайшлі грошы і ад продажу білетаў. Сёлета залы былі запоўнены ледзь не на 100 працэнтаў, а летась — усяго на 62. Апраўдалі сябе і два канцэрты («Зоркі “Еўрабачання”» і сольнік Дзімы Білана) на адноўленай плошчы Перамогі, якая па сваіх памерах (16 гектараў агульнай плошчы, 10 — «карыснай») займае 3-е месца ў Еўропе, 6-е — у свеце і можа змясціць да 200 тысяч чалавек. У два разы павялічыліся прыбыткі ад турызму, на 230 працэнтаў узраслі зборы ад аказання платных паслуг.

І гэта пры тым, што ў праграму, і без таго насычаную (за фестывальны тыдзень на 16 пляцоўках — 70 мерапрыемстваў), не змясцілася ажно 30 цікавых творчых праектаў, якія будуць рэалізаваны ў наступныя гады. Упершыню ў віцебскім форуме ўдзельнічалі Куба, Панама, Чарнагорыя. Усяго ж ён сабраў больш як 5 тысяч удзельнікаў і гасцей з 34 краін свету. Адных толькі журналістаў — больш за 500 з 11 краін.

Што ні кажыце, лічбы ўражваюць. Але толькі не заўсёднікаў «Славянскага базару»! Здаралася, колькасць мерапрыемстваў зашкальвала далёка за сотню і ўшчыльняць, «прэсаваць» форум яшчэ больш было ўжо немагчыма. Таму адметнасцю сёлетняга стаўся рост углыб і ўверх.

Іншымі словамі, імкненне не да колькасці, а да якасці, амаль па-ленінску: лепей меней, ды лепей. Пры гэтым ніхто не скарачаў мерапрыемствы наўмысна, «дзеля скарачэння», але ва ўсім дзейнічалі законы логікі ўспрымання. Калі віцябчане стаміліся ад начных канцэртаў, што ў былыя гады доўжыліся да світанку, дык іх пакінулі толькі два, у ночы на суботу і нядзелю. Астатнія ж замянілі вячэрнімі, а 18-й гадзіне. Крыху скарацілася і працягласць гала-канцэртаў, яны сталі больш кампактнымі і лепей зрэжысіраванымі.

А вось выстаў, уключаных непасрэдна ў фестывальную праграму, магло б быць і болей. Па-за межамі фестывальных буклетаў засталіся, да прыкладу, такія адметныя экспазіцыі, як «Арт-механізмы» ў краязнаўчым музеі і «Беларускі, або Мігценне вечнасці» — у мастацкім. На першай — унікальныя скульптуры і пано, зробленыя з... паламаных, выкінутых на сметнік рэчаў: тут і афарміцельскі дызайн — карціны, складзеныя з манетак, ключыкаў, і характарныя персанажы — жывёлы, героі казак, літаратурных твораў, і канцэптуальна-філасофскія працы, багатыя на асацыяцыі. Другая выстаўка — жывапіс па дрэве італьянскага мастака Эмануэле Вентані. Той так натхніўся нашымі прыгажунямі, што вырашыў намаляваць, вобразна кажучы, беларускую Джаконду, узгадаўшы тэхніку пісьма эпохі Адраджэння, калі спачатку фарбай наносяцца цёмныя тоны, а потым на іх «праціраюцца» святлацені. Адзін з самых вялікіх, ледзь не ва ўсю сцяну, партрэтаў — Анжалікі Агурбаш. Уражвалі і шматлікія «падвойныя» выявы — не толькі з адбіткам у люстэрку, але і адначасова анфас і ў профіль. А яшчэ — з адчуваннем Залюстроўя, калі гераіня быццам бачыць сябе ў тых жа паставе і адзенні, але з крыху іншым настроем і выразам твару. Такая выстаўка — быццам сон аб беларускасці наяве.

І гэтая беларускасць, за якую не тое што не сорамна, а, наадварот, якой можна ганарыцца, — таксама адна з галоўных адметнасцей і заваёў сёлетняга «Славянскага базару...».

Ужо на адкрыцці фестывалю спецыяльным прызам Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» былі адзначаны Уладзімір Мулявін (пасмяротна) і «Песняры». Адбылася цырымонія на Алеі зорак перад амфітэатрам.

У Дзень Беларусі, здавалася, наўмысна было вырашана парушыць усе стэрэатыпы. Сюрпрызы пачаліся ўжо з ранішняй прэс-канферэнцыі. Замест звыклага ўра-афіцыёзу, дзе няма месца ніякім праблемам, — шчырая размова пра набалелае, адстойванне нацыянальных інтарэсаў перад наступам расійскага шоу-бізнэсу. А колькі нешараговага з’явілася на канцэрце Дня Беларусі! Ён прайшоў пад знакам «Песняроў» і развіцця іх традыцый і сабраў не звыклую эстрадную «тусоўку», а вельмі цікавых, хоць і не самых раскручаных, артыстаў, прадстаўнікоў розных жанраў — ад выбітных салістаў-інструменталістаў да парадыйнага фолк-рок-дуэта «Піва ўдваіх» з яго сакавітым беларускім гумарам.

Увогуле ж, гонар за нашых творцаў лунаў у паветры літаральна на кожным канцэрце і творчым праекце — тым больш што многія з іх былі насамрэч сумеснымі. Дзмітрый Хварастоўскі спяваў з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі, дырыжыравалі па чарзе Канстанцін Арбялян і наш Віктар Бабарыкін, які, дарэчы, і адкрываў канцэрт. Знакаміты саліст не шкадаваў для нашых музыкантаў самых высокіх эпітэтаў: «Цудоўны, сапраўды шыкоўны аркестр! Усе артысты маладыя, прыгожыя, таленавітыя, натхнёныя. Бабарыкін — надзвычай яркі дырыжор і ў меру амбітны. З такімі якасцямі і ён, і аркестр дасягнуць многага».

Райманд Паўлс ладзіў творчую вечарыну з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга. Падкрэслю: з аркестрам — і з яго салістамі, у выкананні якіх вядомыя песні майстра гучалі вельмі свежа і таму цікава. Не згубіліся нашы выканаўцы ў канцэрце расійскага кампазітара і прадзюсера Кіма Брэйтбурга, прысвечанага Дню Саюзнай дзяржавы. А салістка Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра Ілона Казакевіч стала сапраўднай зоркай на прэс-канферэнцыі кампазітара, праспяваўшы «на біс» уключаны ў канцэрт раманс княжны Тараканавай з яго мюзікла «Блакітная камея». Ухвалялі нашых музыкантаў і на прэзентацыі джазавай праграмы Міжнароднага фестывалю «Джаз Кактэбель»: арганізатары гэтага штогадовага свята прыехалі ў Віцебск адабраць удзельнікаў ад нашай краіны.

Па-за ўсялякай канкурэнцыяй быў сольнік этна-трыа «Троіца». Тут гарманічна спалучыліся скарбы нашага некранутага фальклору, адметная стылістыка музыкантаў з іх імкненнем да аўтэнтычнасці гучання і, вядома, яркая асоба Івана Кірчука. Як заўсёды, ён сам вёў канцэрт, нязмушана распавядаючы пра кожную песню і — шырэй — пра старадаўнія абрады і глыбінныя нацыянальныя традыцыі беларусаў.

Жывое ўвасабленне народнай мудрасці, практычнасці і творчага пачатку можна было бачыць у Горадзе майстроў, на выстаўцы беларускіх народных абразоў, вырабленых аўтарамі з парушэннем некаторых царкоўных канонаў. Да гістарычных і сучасных рэалій адсылалі палотны Леаніда Шчамялёва: на фестывалі яго ўганароўвалі як лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, да гэтай падзеі была прымеркавана і выстаўка.

Побытавая ж культура нашых сучаснікаў ахоплівала кабарэ, што ўсіх збярэ.

У адным канцэрце, быццам спецыяльна для спаборніцтва, выступілі Алег Скрыпка з яго джаз-кабарэ «Забава» (Украіна) і кабарэ-бэнд «Сярэбранае вяселле» на чале са Святланай Залескай-Бень (Беларусь). Калі ва ўкраінцаў дастаткова было паслухаць некалькі нумароў, каб зразумець, што астатнія зроблены па тых жа мастацкіх лякалах, дык выступ нашага гурта нагадваў рознакаляровы святочны салют. Вядомыя расійскія музычныя крытыкі, спачатку параўнаўшы Беньку, як жартоўна называюць яе калегі, з Жаннай Агузаравай, літаральна праз некалькі тактаў адмовіліся ад такой паралелі. Бо Беньку было не стрымаць: замест аднаго аддзялення яна адспявала-адтанчыла са сваёй групай ледзь не двухгадзінны канцэрт.

Увогуле, адным з паказальнікаў высокай планкі айчынных музыкантаў на сёлетнім форуме стала рэакцыя расійскіх журналістаў, многія з якіх ужо зрабіліся заўсёднікамі фестывалю. Прыязджаючы на «Славянскі базар…», некаторыя мелі звычку наведваць (і такім чынам падтрымліваць у сваіх публікацыях) толькі расійскіх зорак. Але ж сёлета, вырашыўшы зрабіць гэткія спробы кінапробы — пасядзець хвілін дзесяць на фільме «Ваўкі» Аляксандра Колбышава, — не толькі даглядзелі стужку да канца, але і доўга не маглі «адысці» ад яе. Потым нават прызналіся: маўляў, ніколі не думалі, што ў вас здымаюцца такія вострыя і па-мастацку адшліфаваныя карціны. І дадалі: «А ваш фільм — куды мацнейшы за наш».

Параўнанні міжволі напрошваліся яшчэ і таму, што Расія прывезла на фестываль «Адну вайну» Веры Глаголевай, дзе таксама закраналася тэма пасляваенных сталінскіх рэпрэсій. Але калі «жаночы» варыянт яе прачытання аказаўся даволі рамантызаваным, апаэтызаваным, не пазбаўленым уплыву тэорыі бесканфліктнасці з квазішчаслівым фіналам, дык «мужчынскі» падыход да той жа тэмы быў жорсткім, але поўным глыбокіх асацыятыўных сувязей, дзе кожная дробязь выклікае гістарычныя і мастацкія паралелі, у тым ліку з жывапісам Сурыкава, Рэпіна, Левітана.

Параўнанні на нашу карысць узнікалі і пасля прагляду некаторых фестывальных расійскіх спектакляў. Асабліва расчаравала «Шклянка вады» Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра на Фантанцы. Эх, не бачылі расіяне аднайменнага мюзікла нашага Уладзіміра Кандрусевіча! А вось «Сон у летнюю ноч» маскоўскага тэатра «На Паўночным Захадзе» мог бы паспаборнічаць з колішнім купалаўскім спектаклем. Гэтак жа, як і іх «Рэвізор», дзе музыканты сцэнічнага аркестра становяцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі падзей.

Увогуле, сёлетняя тэатральная праграма «Славянскага базару...» была, пэўна, не самай адметнай за ўсе гады. Але і далёка не правальнай, як здаралася. Нават антрэпрызныя пастаноўкі, прывезеныя гэтым разам, былі сыграны на высокім напале эмоцый і бездакорнага прафесіяналізму. Гэта яшчэ адзін плюс на карысць беларусаў: форум такога рангу павінен рабіць адбор, каб падтрымліваць высокі статус не толькі самога фестывалю, але і ўсёй краіны.

Штогод паўставала пытанне і пра тое, што непрадузяты адбор павінен рабіцца і да гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця свята. Сёлета гэтыя канцэрты не толькі стваралі прынцып аркі, але і сведчылі пра цікавыя рэжысёрскія пошукі. Сцэнаграфічныя фантазіі Зіновія Марголіна (дарэчы, таксама беларускага мастака, які апошнім часам жыве і працуе ў Расіі) стасаваліся з новым абсталяваннем, з дапамогай якога «карцінка» змянялася ў кожным нумары, падпарадкоўваючыся яго вобразнаму рашэнню і эмацыйнаму настрою. Тэлевізійнае мысленне Глеба Шапо, які разам з Нінай Осіпавай рэжысіраваў адкрыццё, надало канцэрту імклівасці — за кошт удалага чаргавання песенных эпізодаў з эстраднымі танцавальнымі.

Закрыццё ж фестывалю ўвогуле пераўзышло ўсе спадзяванні. Замест пазбаўленага логікі мільгацення асобных, ніяк не звязаных паміж сабой фрагментаў (а менавіта гэты недахоп, на жаль, тыражаваўся на працягу некалькіх апошніх святаў) віцебскі рэжысёр Марына Раманоўская прапанавала і глыбокую канцэпцыю, і яркую відовішчнасць, і ідэальныя размоўныя звязкі паміж выхадамі артыстаў. А да ўсяго — прынцыповая ацэнка нумароў, якая каштавала ёй многіх нервовых клетак. Можа, «натрэніравалася» на дзецях? Ужо некалькі гадоў запар Раманоўская рэжысіравала дзіцячыя конкурсы, не стамляючыся выдумляць неверагодныя прыгоды, і кожны раз іншыя. І калі ўжо знайшла, як сёлета, канцэпцыйнасць для Нязнайкі, дык скласці дарослы канцэрт на тэму мараў і надзей для яе — не праблема. А вы паспрабуйце адрэпеціраваць тыя канцэпцыі з дзецьмі! Тым больш — ва ўмовах конкурсу.

Вынікі нашых дзвюх удзельніц, у параўнанні з мінулымі гадамі, калі Гран-пры атрымлівалі і Ксенія Сітнік, і Андрэй Кунец (сёлета ён бліскуча вёў конкурсныя прагляды ў ролі Нязнайкі), былі не самымі ўражальнымі. Але і дыплом Ганны Зайцавай, і трэцяя прэмія Златы Ларчанка важаць, насамрэч, значна больш. Бо цяперашні дзіцячы конкурс «Славянскага базару…» дасягнуў папраўдзе надзвычай высокага ўзроўню. Кожны яго ўдзельнік — гэта сапраўдная зорка, галоўны прэтэндэнт на ўсе ўзнагароды на любых спаборніцтвах такога роду.

На жаль, пакуль гэтага не скажаш пра «дарослы» конкурс фестывалю, на якім панавала не столькі ўласна творчасць, колькі судзейскія жарсці.

У выніку размеркаванне ўзнагарод аказалася, мякка кажучы, дзіўнаватым. А на цырымоніі ўзнагароджвання не далічыліся адразу трох членаў журы, што, пагадзіцеся, таксама здараецца не часта. Але якімі б ні былі канчатковыя сумы балаў, на агульным фоне вылучаўся 29-гадовы грузінскі спявак Лаша Рамішвілі. Не сорамна было і за нашага саліста прадзюсерскага цэнтра Гомельскай абласной філармоніі Дзяніса Вяршэнку, яго рыхтаваў да конкурсу вядомы спявак і педагог Алег Сямёнаў. Ягоная 3-я прэмія, падзеленая яшчэ з двума канкурсантамі, важкая ў спалучэнні з ажно чатырма спецыяльнымі прызамі, адзін з якіх — глядацкі, што асабліва каштоўна (раней такія прызы традыцыйна з’язджалі за мяжу). Ну, а калі супаставіць інтэлігентнасць паводзін, высокую культуру спеваў, шляхетнасць самой постаці нашага Дзяніса з безгустоўнымі манерамі і песенькамі некаторых членаў журы (іх выступленне, паводле традыцыі, ідзе адразу пасля канкурсантаў), дык Вяршэнка — увогуле мэтр! За ўсімі гэтымі падзеямі неяк забываўся  сон пра шансон, размеркаваны сёлета ажно па некалькіх канцэртах. Нягледзячы на такі, здавалася б, масіраваны наступ побытавай культуры, зусім не ўзнікала думкі пра яе «засілле». Найперш таму, што хапае альтэрнатывы. Часам нават мільгала здагадка: можа, арганізатары прапаноўвалі такія канцэрты не толькі дзеля касавага прыбытку, але і наўмысна, дзеля параўнання?

Стас Міхайлаў апынуўся ў атачэнні не толькі інтэлігентных, элегантных прадстаўнікоў еўрапейскай эстрады, але і Дзімы Білана, які змяніў імідж. А тую ж Алену Ваенгу (Расія), якая без «штурму тэлескрыні» збірае паўнюткія стадыёны, ураўнаважвала яшчэ адна «басаножка» — Ніно Катамадзэ (Грузія). Абедзве, безумоўна, адораныя, харызматычныя, абедзве спяваюць бы дыхаюць. Толькі ў адной эклектыка няпэўнага густу, а ў другой — суцэльны феерверк думак і пачуццяў.

Што ж, калі і надалей фестываль будзе гэтак жа ўглядацца ў свае люстэркавыя адбіткі (узрост такі, праз год яму будзе 20!), дык і яго залюстроўе стане не тэатрам а толькі пашырэннем прасторы.

 Надзея Бунцэвіч