Максім Тымінько.

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

Са свету ценяў у рэальнасць

Знаёмства з беларускімі творцамі, якія жывуць за мяжой, — выдатная магчымасць спазнаць іншы досвед, іншы погляд на праблемы беларускай і сусветнай культуры. Улучэнне іх творчасці ў кантэкст арт-працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне, дапаможа значна пашырыць межы беларускага актуальнага мастацтва.

На жаль, у нашым асяроддзі існуе тэндэнцыя не лічыць гэтых творцаў сваімі і ігнараваць іх досвед. Але Беларусь — невялікая краіна, і распыленне сілаў дрэнна адбіваецца на дасягненні вынікаў у любой сферы. Прыйшоў час збіраць камяні.

Герой сённяшняй гутаркі — Максім Тымінько. Ён закончыў мінскае мастацкае вучылішча і Акадэмію медыя-мастацтва ў Кёльне, жыве і працуе ў Амстэрдаме.

Максім пачаў сваю творчую дзейнасць з жывапісу, праз эксперыментаванне з рознымі тэкстурамі і паверхнямі прыйшоў да работ з разнастайнымі медыямі. Мастак імкнуўся вылучыць часавы аспект у сваіх работах, таму працаваў галоўным чынам з мастацкімі формамі, заснаванымі на часавых параметрах: фільмам, перформансам і асабліва — відэа. У апошнія гады ён усё больш цікавіцца даследаваннем змен, якія прынёс у мастацкую практыку тэхналагічны бум.

Сяргей КІРУШЧАНКА

 

Калі і як да цябе прыйшла ідэя заняцца відэа?

— У мяне заўсёды быў інтарэс да недаўгавечных выяўленчых сродкаў. Нават для сваіх жывапісных прац я выкарыстоўваў паперу ці тонкую кальку. Было цікава працаваць з тым, што існуе толькі цяпер і не застаецца на стагоддзі. Кіно і відэа цалкам адпавядаюць гэтай мімалётнасці. І больш таго: яны даюць мастаку яшчэ адзін вельмі магутны сродак выражэння — час. Магчыма, менавіта часавага складніка мне заўсёды бракавала ў традыцыйна нерухомым жывапісе.

Ты стаў усвядомлена займацца відэа-артам, калі паступіў у Кёльнскую медыя-школу?

— Пачаў асвойваць фільм і відэа задоўга да вучобы ў Кёльне. У сярэдзіне і канцы 1990-х мае відэа-працы можна было ўбачыць на выставах у Мінску. Я ўдзельнічаў у некалькіх фестывалях, але толькі ў Кёльнскай школе больш глыбока зразумеў адметнасці маёй мастацкай дзейнасці.

У цябе былі выдатныя педагогі, напрыклад, англійскі відэа-мастак Дэвід Ларчэ...

— Менавіта працы Дэвіда Ларчэ, якія я ўпершыню ўбачыў на фестывалі ў Вроцлаве ў 1997 годзе, раскрылі мне вочы на відэа-арт. Пры гэтым амаль не наведваў яго семінары, сапраўдная вучоба адбывалася ў нефармальных стасунках. Іншы мой педагог — вядомы польскі рэжысёр Збігнеў Рыбчынскі — вучыў тэхналогіі, вельмі тонкаму разуменню матэрыялу. Ён падштурхнуў мяне да заняткаў праграмаваннем, бо для сваіх фільмаў Рыбчынскі сам піша праграмы і стварае адмысловыя складаныя прыстасаванні. Я і сам часта сутыкаюся з сітуацыямі, калі немагчыма карыстацца гатовымі прыладамі, зробленымі людзьмі, далёкімі ад мастацтва, ад тых задач, якія творца ставіць перад сабой.

Якое значэнне мае відэа-арт у сённяшнім актуальным мастацтве?

/i/content/pi/mast/36/599/26.jpg

Опера «Beguiling Orpheus». Сцэна «Сад» .Відэапраекцыя Максіма Тымінько. 2006.

— Ён вельмі модны. Не толькі відэа, але і ўсе астатнія новыя «тэхналагічныя» жанры выяўленчага мастацтва, такія як камп’ютарнае, сеткавае, светлавое мастацтва, віртуальная рэальнасць і г.д., змяняюць уяўленні пра магчымасці выяўленчага мастацтва і пра сферы яго ўплыву. Гэты працэс можна параўнаць з часам, калі мастакі атрымалі ў сваё распараджэнне да таго моманту невядомую тэхналогію алейнага жывапісу на палатне. Новая тэхналогія патрабуе іншага падыходу ва ўзаемаадносінах паміж творцам і яго гледачом, пакупніком. Мне здаецца, што пакуль ніхто як след не ведае, што рабіць з гэтымі ўсімі новымі медыя. Узнікае вельмі шмат пытанняў. Як прадаваць, калекцыянаваць, захоўваць ці рэстаўраваць медыя-твор? Новыя віды носьбітаў інфармацыі імкліва змяняюць ранейшыя. Як паказаць відэа-фільм, запісаны на «U-matic» касету (вельмі папулярны фармат у 80-х), калі сёння больш не вырабляецца абсталяванне, якое яго можа прайграць? Якім чынам трэба архіваваць такі твор, каб данесці да нашчадкаў?

Шматлікія музеі і арт-інстытуцыі праводзяць даследаванні, распрацоўваюць праграмы і стратэгіі. Адна з іх мне вельмі падабаецца. Ідэя заключаецца ў тым, што замест таго, каб спрабаваць захаваць фізічныя элементы твора: маніторы, плёнкі, цвёрдыя дыскі і г.д., неабходна пайсці па шляху, даўно вядомым у музыцы як нотны запіс. Захоўваецца не сам твор, а запісаная паводле адмысловых правіл інструкцыя пра тое, як гэты твор узнавіць. Пры гэтым параўнанне медыя-мастацтва з музыкай цалкам дарэчнае. І тое, і іншае з’яўляецца так званым time based art — мастацтвам, заснаваным на часе, жывым працэсам, які знікае ў момант, калі сціхае апошні акорд ці выключаецца манітор.

Па заканчэнні вучобы ў Кёльне ты з Глебам Шутавым зрабіў оперу па матывах твора Крыстафа Вілібальда Глюка «Арфей і Эўрыдыка». Гэта велізарная праца, свежая і новая.

— Наша версія звалася «Зачараваны Арфей» («Beguiling Orpheus»). Гэта 60-хвілінная манаопера, дзе спявачка, якая выконвае партыю Арфея, узаемадзейнічае з відэа-персанажамі, а ўсё дзеянне разгортваецца на экране, змешчаным у яе за спінай. Галоўная ідэя гэтага праекта: асэнсаванне ўзаемаадносін паміж медыя-мастаком і яго творам. Арфей ідзе ў замагільны свет, у свет ценяў, каб ажывіць сваю памерлую Эўрыдыку, але на зваротным шляху азіраецца, і яго каханая зноў знікае. У гэтай гісторыі мы кожнага персанажа, кожнае дзеянне амаль літаральна змясцілі ў кантэкст медыя-мастацтва.

Арфей — сімвал мастака, а Эўрыдыка — твора?

— Так, а свет ценяў — усё медыя-мастацтва. Такі вакуум, у якім мастацкія (медыя) творы існуюць у сваёй бесцялеснай форме, лунаюць як цені ў празрыстым і прамяністым эфіры. Падчас працы над операй я знаходзіўся пад уражаннем уласнага адкрыцця: пакуль ты працуеш, не пакідаючы прасторы свайго камп’ютара, свайго манітора, твой твор жыве ў нейкай ідэальнай сітуацыі, усё атрымліваецца і выглядае незвычайна хораша. Але калі яго трэба выставіць і паказаць іншым, то пачынаюцца сур’ёзныя праблемы. Ты спрабуеш упіхнуць свой любімы твор у рамкі тэхнічных стандартаў. Работа, якая ў камп’ютары была такой лёгкай і жывой, ператвараючыся ў праекцыю ці інсталяцыю, траціць выразнасць, мяняе колеры, памяншаецца ў памерах. Таму ў мяне і паўстала аналогія з Эўрыдыкай, якую трэба вывесці са свету ценяў у свет рэальны, не азіраючыся на тэхналагічныя перашкоды.

Галівудскае кіно ўяўляе для цябе нейкую цікавасць? Напрыклад, «Аватар» 3D?

— Хутчэй — сама тэхналогія, якую немагчыма вырабіць нідзе, акрамя як у Галівудзе з яго шматмільённымі бюджэтамі. Аднак 3D у тым выглядзе, у якім яно скарыстана ў «Аватары», — ілюзорныя трохмерныя малюначкі, — мяне не вельмі вабіць.

Але ў двухмерных малюнках ты выбудоўваў глыбокія класічныя перспектывы...

— Мяне заўсёды цікавіла, якім чынам мы ўспрымаем глыбіню і трохвымернасць на плоскасці.

3D тут прапануе абсалютна новыя магчымасці...

— Калі кажуць пра 3D, я адразу ўяўляю барока. Згадайце ілюзорна-аб’ёмную баракальную карціну, насычаную бясконцымі прасторамі...

Ці задумваешся ты над тым, куды ідзе сучаснае мастацтва, у чым яго плюсы і мінусы? Калі я прыязджаю ў Еўропу, то бачу не толькі шмат добрага, але і шмат не зусім правільнага. Асноўным трэндам называюць неабарока, хоць часта гэта дэканструктывізм і развал. Ці знаходзішся ты ў гэтым трэндзе?

— Не думаю, што гэта асноўная тэндэнцыя. Напэўна, мае ранейшыя працы можна назваць неабарочнымі, але насамрэч мяне ніколі не цікавілі трэнды і стылі самі па сабе, асабліва з прыстаўкай «неа». Я гляджу і захапляюся добрымі творамі мастацтва па-за залежнасцю ад таго, да якой эпохі яны адносяцца.

Куды ідзе мастацтва? Мяркую, яно нікуды не ідзе. Мяняецца форма, але сутнасць застаецца... Вельмі важна вызначаць тое, што цябе сапраўды хвалюе, і рухацца ў гэтым кірунку.

Распавядзі пра свой праект з хорам беларускіх мастакоў.

— Праект завецца немудрагеліста: «Пяць лірычных песень пра фізіку. Пяцьдзясят мастакоў і два мастацтвазнаўцы спяваюць у суправаджэнні раяля і тэрменвокса».

У аснове праекта ляжыць невялікі харавы канцэрт, дзе беларускія мастакі і мастацтвазнаўцы выконваюць пяць песень, прысвечаных розным фундаментальным фізічным і матэматычным тэорыям. Песні для гэтага праекта былі адмыслова напісаны Сяргеем Пукстам.

Мяне даўно цікавіла сувязь мастацтва і навукі. Два віды чалавечай дзейнасці, якія нібыта не падобныя адзін на аднаго, аднак маюць шмат агульнага. Напрыклад, у сучасным мастацтве сталі нормай такія паняцці, як даследаванне, эксперымент. З іншага боку, сучасныя фізікі і матэматыкі ў сваёй аргументацыі часта засноўваюцца на эстэтычных крытэрах, такіх як вытанчанасць, прыгажосць.

Адзін са стваральнікаў квантавай механікі, вялікі англійскі фізік Поль Дзірак сказаў у 1930-х гадах, што для таго, каб пабудаваць новую фізіку, дастаткова стварыць прыгожую матэматычную мадэль. І няважна, калі яна на першы погляд не злучана з рэальнымі фізічнымі з’явамі: галоўнае, каб гэтая мадэль была насамрэч прыгожай — тады яна напэўна будзе дакладнай. Ён абвясціў прыгажосць галоўным прынцыпам развіцця фізікі, прытрымліваючыся якога любы даследнік немінуча стане на шлях прагрэсу. Я думаю, што дзякуючы Полю Дзіраку прыгажосць цяпер пераважае ў навуцы.

Адна з наступных маіх прац будзе прысвечана думкам сучасных навукоўцаў пра такое суб’ектыўнае і недакладнае паняцце, як прыгажосць.

Пэўна, гэтае паняцце больш складанае, чым класічная прыгажосць: тут ёсць элементы дэканструкцыі і канструкцыі. Мікра- і макракосмас. Натуральна, і мастацтва цяпер стала складаным, але пра слова «прыгажосць» важна не забыць.

— Для мяне стала адкрыццём, што, хоць мастацтва і выцясняе (ці ўжо выцесніла) са сваёй мовы паняцце прыгажосці, яно не забыта, а проста выкарыстоўваецца людзьмі іншай прафесіі...

І ты яго вярнуў у мастацтва?..

— Не, ні ў якім разе. Мяне цікавіла не прыгажосць сама па сабе, а змена парадыгмаў у мастацтве і навуцы. Ці засталася паміж імі мяжа? Ці можна сказаць, што мастацтва і навука сплаўляюцца ў нейкую новую форму творчасці? Наогул, уся праца пабудавана на суцэльных проціпастаўленнях, супастаўленнях і кантрастах.

Адметна, што сабралася такая вялікая колькасць людзей, якія па спецыфіцы сваёй прафесіі не з’яўляюцца ярка выяўленымі калектывістамі. Я страшна ўдзячны тым асобам, якія без празмернай падазронасці ўспрынялі маю прапанову, знайшлі час і паўдзельнічалі ў праекце. Калі на першай рэпетыцыі ўсе заспявалі, нейкая хваля пракацілася па зале... Я нават не чакаў, што мастакі без якой-небудзь адмысловай падрыхтоўкі могуць так спяваць...

Як ты ацэньваеш сучаснае беларускае мастацтва? У чым яго моцныя і слабыя бакі?

— Падчас падрыхтоўкі харавога праекта мне давялося размаўляць са многімі творцамі. Узрадавала тое, што ёсць нейкая колькасць людзей, якія адкрыты свежаму і новаму і не замкнёны на ўласнай — вынайдзенай «персанальнай» — творчасці. Але яны хутчэй выключэнне з правіла. Прыкладаў іншага роду значна больш. Асабліва дзіўна сустракаць маладых людзей, якія не па гадах закансерваваліся і не жадаюць успрымаць нічога новага. Самыя вялікія праблемы — творчая самаізаляцыя і адсутнасць самаіроніі. Здольнасць да развіцця і зменаў — важная якасць для мастака.

Так, і мне б хацелася пажадаць чытачам часопіса быць адкрытымі для ўсяго новага. Мне здаецца, што гэта і была тэма гутаркі: уменне ўважліва і свабодна глядзець на свет.