Сяргей Кавалёў

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

Павелічальнае шкло міфаў

Цяжка ўявіць вядомага творчага чалавека без амбіцый, якія выплюхваюцца час ад часу вонкі і крычаць: «Я — геній, я — талент. Я лепш за іншых».
Сёння самапіяр у модзе, і многія перакананыя, што толькі так можна заявіць пра сябе, нават калі, мякка кажучы, гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Сяргей Кавалёў доўгі час працуе ціха, захоўвае ў беларускім тэатры пазіцыю неўмяшання і дружалюбнасці ў адносінах да ўсіх без выключэння. Магчыма, менавіта таму ягоныя п’есы сістэматычна з’яўляюцца ў рэпертуары, не выклікаюць гнеўных водгукаў крытыкаў і запаўняюць нікім пакуль не занятую нішу.

Павелічальнае шкло міфаў

/i/content/pi/mast/36/598/21.jpg

«Пясчаны замак». Святлана Залеская-Бень (Голас ветру). Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

У Беларусі засталося зусім няшмат тэатраў, якія ў чаканні шэдэўра беларускай драматургіі не выказваюць цікавасці да п’ес Кавалёва і іх не ставяць. І гэта не праблема павышанай патрабавальнасці або асабліва вытанчанага мастацкага густу. Хоць, магчыма, ён як драматург некаму падаецца традыцыйным, крыху прэснаватым і пазбаўленым скандальнасці. Да таго ж не піша пра сучаснасць.

Ягоная грамадзянская пасіўнасць тлумачыцца палкай цікавасцю да залюстроўя, да таго таямнічага гістарычнага вопыту, які намі страчаны. Ягоная суб’ектыўная аўтарская канцэпцыя заключаецца ў тым, каб беларуская нацыя ўспомніла свае карані і аднавіла гістарычную памяць. Прыблізнасць гістарычнай свядомасці нашай айчыннай тэатральнай інтэлігенцыі ўсё яшчэ не дазваляе (а магчыма, і не хоча) давесці намёк, пункцір, традыцыю да глабальных мастацкіх абагульненняў.

Можа быць, прычына ў тым, што Кавалёў «свой» і да яго не абавязкова ставіцца з асаблівым прыдыханнем — і так сыдзе. Можа, і пэўная недасканаласць драматургічнага матэрыялу мае месца. Фактычна, за пару апошніх дзесяцігоддзяў ніводную з п’ес Кавалёва ні ў адным тэатры не прыўзнялі да вострасучаснага гучання, як не раз гэта рабілі з больш слабымі творамі аўтараў мінулага. Упэўнена, што феномен драматурга Сяргея Кавалёва пакуль не расшыфраваны.

/i/content/pi/mast/36/598/23.jpg
«Саламея». Зоя Белахвосцік (Саламея), Андрэй Гладкі (Адоніс). Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы.
У беларускай драматургіі сярод палкоўнікаў, вясельных генералаў, кашавараў, дзеншчыкоў, сыноў палка і радавых з лініі агню ў Сяргея Кавалёва асаблівае месца (яно вызначаецца ў тым ліку і адметнасцямі ягонай біяграфіі). Без абавязкаў і воінскіх званняў. Ён тут і адначасова там. З чырвонымі і белымі, але не на лініі агню. Над усялякімі спрэчкамі і бітвамі. У меру сябе пазіцыянуе, але амбіцыйны без старання і надрыву. Імкнецца выпускаць кнігі з усімі сваімі п’есамі, дзе з навуковай уніклівасцю афармляе біяграфічныя звесткі, заўвагі і каментарыі.

Мы пазнаёміліся ў зале пасяджэнняў Акадэміі навук, калі нам уручалі дыпломы дактароў філалогіі. Да гэтага моманту прозвішча Кавалёва было вядомае, але звязвалася выключна з тэатрамі лялек. Ды ў яго і не было шумных прэм’ер на асноўных сцэнах краіны. Сам факт абароны драматургам доктарскай дысертацыі, на што здольны далёка не кожны, моцна ўразіў.

Як высветлілася, працуючы над тэмай «Польскамоўная паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу», Кавалёў усё больш і больш паглыбляўся ў вывучэнне не толькі літаратуры, але і філасофіі і герменеўтыкі. Страсць да герменеўтыкі спалучылася з захапленнем старажытнасцю. Гэта дало свабоду не толькі навуковаму, але і мастацкаму мысленню. Ён стаў пісаць часта і шмат. Хваля цікавасці падштурхнула да стварэння міфалагізаваных вобразаў, далёкіх ад сённяшняй рэальнасці. Але рэальнасць усё паставіла на свае месцы.

З 1990-х гадоў Кавалёў пачаў жыць на два дамы, выкладаючы ў Беларусі і Польшчы. З польскамоўнага асяродка спазнаваў яго густы і норавы. Польскі тэатр, як высветлілася, таксама быў зацыклены на герменеўтыцы. Інтарэсы супалі. Мабыць інтуітыўна Кавалёў адчуў, што любы тэкст па вялікім рахунку з’яўляецца своеасаблівым перакладам. Перакладам «на вербаліку» неартыкуляцыйнага свету — папярэдне расколатага, потым склеенага адпаведна розным канонам. Часам рацыянальным, часам — падсвядомым. Думаю, што ў п’есах Кавалёва пануе абумоўлены мысленнем сінтэз. Пераважна рацыянальнага гатунку.

Ён хутка вызначыў уласную нішу і пачаў ствараць новую мадэль драматургіі. Як справядліва заўважыў ягоны сябар і сааўтар Пётр Васючэнка, «на падставе міфалагічна-фальклорных і літаратурных вобразаў». Героі Кавалёва праходзяць амаль усе колы касмічнага пазнання. На сваім шляху яны, праўда, не становяцца высакароднымі, саркастычнымі, сумнымі, якімі, мабыць, павінны былі зрабіцца ад загрузкі ведамі і вопытам. Звычайна яны застаюцца бесстароннімі, эмацыйна стрыманымі. Фіксуючы змены ў навакольным свеце, персанажы п’ес Кавалёва пазбягаюць высноў і прадыктаваных суб’ектыўнай прычыннасцю ісцін.

Як правіла, сур’ёзныя літаратары не пакідаюць крыніц для вывучэння іх асобы і творчасці. Інфармацыя такога кшталту надзвычай дазаваная, скупыя звесткі падаюцца ў строгай адпаведнасці з жаданнем аўтараў. Багатая «літаратура» з гэтай сферы толькі ў самапіяршчыкаў. Яны ж часцей за ўсё застаюцца пісьменнікамі-аднадзёнкамі. З цягам часу пра іх забудуць.

Сяргей — чалавек закрыты. Нават вельмі закрыты. Спажывы для свецкай хронікі не дае. Не ўяўляю сітуацыю, пры якой ён мог бы рвануць на грудзях цяльняшку або проста выйсці з сябе. Так, захоплены люблянскім фестывалем «Канфрантацыя», прапагандуючы там, у Польшчы, нашы беларускія спектаклі, ён чужы ўсялякаму проціборству і сутыкненням. З кім бы то ні было. У яго заўсёды мірная канфрантацыя.

Сяргей Кавалёў уваходзіць у беларускую драматургію ненавязліва, неагрэсіўна, без маніфестаў. У яго, між тым, шмат напісанага і пастаўленага. Чвэрць сотні п’ес, з якіх адзінаццаць для дзяцей. Ён паслядоўны ў распрацоўцы сваёй тэмы — зрабіць актуальнай літаратурную спадчыну мінулага.

Знаўца мастацтва эпохі Адраджэння, ён увёў у кантэкст сучаснай нацыянальнай культуры шэраг дагэтуль незапатрабаваных твораў старажытнасці. Якім найбольш аператыўным і даходлівым шляхам прыцягнуць да сябе ўвагу? Кавалёў зразумеў, што гэта павінен быць тэатр. Мастацтва элітарнае і інтэлектуальнае. Няма сумнення, што хтосьці іншы абавязкова б выбраў тэлесерыялы. Кавалёў пакуль устрымаўся. Архаічныя тэксты зрабіліся бачнымі і пачуццёвымі, калі аказаліся перакладзенымі ў драматургічную форму.

Ягоная гульня з тэкстамі з’яўляецца своеасаблівай містыфікацыяй, што ніякім чынам не перасякаецца з папулярнымі ў тэатры драмамі на гістарычную тэму Аляксея Дударава. Дудараў больш сцэнічны і не надта заклапочаны дакументальнай адпаведнасцю першакрыніцы. Усё ж такі ён найперш пісьменнік. Кавалёў пакуль больш цяжкаважны. Будучы навукоўцам, не можа лёгка ігнараваць існуючыя архіўныя матэрыялы. Амаль заўсёды абірае сутыкненне двух сацыяльна-культурных даляглядаў: эпохі, што пачалася ў ХVI стагоддзі, і таго, да чаго прыйшло стагоддзе ХХІ.

Як і Дудараву, Сяргею Кавалёву дапамагла сцвердзіцца сітуацыя, што склалася ў тэатральнай прасторы. А менавіта — пераарыентацыя на ўнутраны рынак. Калі параўнальна невялікі запас нацыянальнай класікі тэатрамі быў вычарпаны, паўстала пытанне: а што далей? Тады і спатрэбіліся ягоныя герменеўтычныя праекты. Фактычна з галіны тады яшчэ міфалогіі з’яўляюцца на свет рыцарскія раманы ХVI стагоддзя, народныя легенды ў пераказе Яна Баршчэўскага, мемуары Саламеі Русецкай, «Камедыя» Каэтана Марашэўскага, гісторыя Уршулі Радзівіл, казкі для тэатраў лялек. Не стану пералічваць назвы п’ес. Гэты перыяд працягваўся ў Кавалёва больш за дзесяць гадоў. І ніхто не дачакаўся ад яго чаго-небудзь пра сучаснае жыццё беларусаў.

Міфы ў Кавалёва ўзыходзяць да фальклору як радавыя паданні; выводзячы тую або іншую асобу, драматург адразу ж задае ёй маральны ўзор. Калі ягоныя п’есы трапляюць у рукі нашых тэатральных рэжысёраў авангарднага толку — Алега Жугжды, Віталя Баркоўскага, Аляксея Ляляўскага, Рыда Таліпава, — іх сцэнічны вынік прыадчыняе ў творчасці драматурга новыя мастацкія магчымасці. Думаю, што больш дакладна гэтыя магчымасці можна вызначыць так: жыццёвы змест міфалагічнай формы.

Увогуле ў міфах заўсёды фігуруюць вышэйшыя сілы, і чалавек залежыць ад іх. Але ж ці толькі Бог гэты маральны ўзор? У свежую па часе і вельмі пяшчотную п’есу «Пясчаны замак» драматург уводзіць у завуаляванай ад простага разумення, таямнічай форме дзіўнага героя Пясчаніка. Гэтая істота не толькі ўзводзіць пясочныя замкі на беразе мора — Пясчанік перакананы, што іх нехта населіць. Крэда, якое ён спавядае, гучыць так: «Будаваць і спадзявацца, ствараць і верыць». Ён поўны філасофскіх роздумаў: «Гэта несправядліва — ствараць хараство для кагосьці невядомага, так ніколі і не дазнаўшыся, як яны гэта ўспрымаюць і разумеюць. Чаго і каго мы баімся, куды і ад каго бяжым, не ведаючы спачыну? Можа, палохаемся кпінаў і знявагі за сваю працу? Але нельга не заўважыць хараство там, дзе яно ёсць. Калі ж яго няма, дык навошта далей жыць, узводзіць пачварныя гмахі і нясклёпістыя будынкі?»

Мабыць, гэта самая мудрая і паэтычная п’еса Кавалёва на ягоную ўлюбёную тэму пошуку дарогі да Храма. Яна прасякнута не толькі хараством і фантазіяй, на якія Кавалёў майстра, але і зусім сучаснай філасофскай думкай. Хтосьці пастаянна разбурае Храмы, калі яны аказваюцца на шляху да мэты, не проста ад няма чаго рабіць. Храмы (або рукатворныя замкі, як у п’есе) перашкаджаюць атрымліваць асалоду ад неабмежаванай свабоды. Яны нагадваюць пра маральныя ўзоры.

Мяркую, што літаратуразнаўцы або гісторыкі выказваюць Кавалёву прэтэнзіі з нагоды канкрэтна-гістарычнага фону ягоных твораў. Маўляў, здараюцца недакладнасці. Магчыма, яны не ўлічваюць, што супярэчлівы рух гісторыі патрабуе ў мастацтве, а на тэатры асабліва, адкрытых і вольных форм. Па вялікім рахунку, гістарычным постацям не патрэбныя ні замілаванне, ні слязлівае захапленне. Прымірыць міфалагічную бясконцасць з абмежаванай сцэнічнай прасторай нялёгка. Тут патрэбна нешараговае майстэрства тэатра. Ён здольны творча разгарнуць гісторыю ў драме і драму як гісторыю. Тое самае ў міфах.

Калі Віталь Баркоўскі ставіў «Дзённік паэта» ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, яму не вельмі быў важны тэкст аўтара пра Максіма Багдановіча 1915 года і сучасныя літаратурныя спрэчкі пра ягоныя ўчынкі. Гэтым ён вельмі пакрыўдзіў аўтара, але спектакль ад скарачэнняў толькі выйграў, таму што з дапамогай унікальнага пластычнага малюнка распавёў пра мудрагелістую гульню жаданняў, страсцей, інтарэсаў, пазіцый. Рамантычная асоба вялікага паэта саткана з якасцей звычайных людзей, падуладных сумненням і слабасцям.

Кавалёў не перанасычае п’есы даведачнай інфармацыяй і не лічыцца з тым, што глядач не абавязаны быць у курсе, што і як адбывалася на самай справе дзесьці і калісь. Цікава, што ў ягоных п’есах ёсць адчуванне катастрофы, трагічнага зыходу, але фінал, як і чакае ад яго сучасная публіка, у драматурга заўсёды добры.

Найбольш спрэчнай п’есай Кавалёва сталася «Саламея». Драматург, на мой погляд, неапраўдана ўзбуйніў гэтую гістарычную асобу, але дамогся пераканальнасці. З пункту гледжання сюжэта яе жыццё банальнае і марна міфалагізаванае. Кавалёў упэўнены, што, перажыўшы рабства, Саламея пазбегла маральнага распаду. Не ведаю. Сумняваюся, асабліва калі спачатку глядзіш спектакль, а не чытаеш п’есу. Так, рэжысёр Рыд Таліпаў пры пастаноўцы «Саламеі» ў Мінскім абласным тэатры (Маладзечна) не ўнікнуў рамантычнай экзальтацыі, а ў акцёрскім выкананні не ўбачыў элементаў пошласці. Нашмат больш дакладнай аказалася пастаноўка ў Брэсцкім тэатры драмы і музыкі рэжысёра Андрэя Бакірава.

Кавалёў хацеў надаць гераіні дадатковую глыбіню і амаль па Міхаілу Бахціну імкнуўся паказаць чалавека, які «большы за свой лёс». Але зноў жа, на мой погляд, яму не хапіла мастацкіх сродкаў для паказу патаемнай чалавечай сутнасці. У гэтым сэнсе цікавей вырашана жаночая тэма ў п’есе «Навука кахання». Ягоная Уршуля Радзівіл па сутнасці гэткая ж ахвяра, як і Саламея. Яна багатая, адукаваная і нешчаслівая. Яе пазіцыя пасіўная, у адрозненне ад актыўнасці Саламеі. Дзіўным чынам у сваім бяздзеянні яна дамагаецца пераканальных інтэлектуальных пераваг. Паставіў гродзенскі спектакль рэжысёр Алег Жугжда, у якога ў дуэце з Кавалёвым налічваецца амаль дзясятак прац. Пачынаючы з выдатных «Трышчана ды Іжоты» ў Магілёўскім драматычным тэатры, пісьменнік і рэжысёр добра разумеюць і адчуваюць адзін аднаго. Жугжда любіць усё містычнае і па-эстэцку прыгожае. Гэтымі ж якасцямі ён надзяляе п’есы Кавалёва, хоць зусім не імкнецца радыкальна пераасэнсаваць сюжэт.

Для казачнага матэрыялу цудоўна. Але і ў дарослых п’есах драматурга шмат абстрактных кампазіцый, напышлівых слоў, што падкрэсліваюць хараство і дэкаратыўнасць прыёмаў. Ён прыцягвае сюжэты далёкага мінулага, часам афарбаванага для нас арэолам паэтычнай значнасці. Зрэшты, гэта законнае права пісьменніка. Мне думаецца, што Кавалёў не супраць даследаваць эстэтычныя магчымасці гістарычнага ведання. Задача тым больш складаная, што аўтар схільны паказаць гісторыю часткова навукай, часткова мастацтвам і філасофіяй. Праўда, пра гэта мы з ім не гутарылі. Феномен драматурга Сяргея Кавалёва тлумачыцца яшчэ і тым, што цягам стагоддзяў навуковае спасціжэнне мінулага захоўвае генетычную сувязь з мастацкай творчасцю.

Амаль два стагоддзі таму «няўрымслівы Вісарыён» Бялінскі развянчаў рамантычныя і ідэалістычныя творы, заклікаўшы да рэалізму і нават натуралізму. Кавалёў доўга не слухаўся парады спусціцца з нябёс міфаў, казак, прыпавесцей, гістарычных прапаноў на грэшную зямлю. Яго не захапляюць умоўнасць і сённяшняе быццё. Ён углядаецца ў рэлігійныя сюжэты і вобразы летапісаў і не спяшаецца іх кардынальна пераасэнсоўваць. Няхай жывуць сабе ў старых збуцвелых летапісах, няхай адтуль абуджаюць нашу фантазію. Ён, Кавалёў, у рэшце рэшт ужо прызнаны пісьменнік. Як навукоўцу-філолагу яму трэба шукаць крыніцы і рабіць спасылкі. Як мастаку слова прыемна акунуцца ў чароўны свет фантазій і зазнаць радасць свабоды, разрываючы ўсе стрымальныя ніці мыслення.

«Пацалунак ночы» — адна з рэдкіх спроб напісаць п’есу на актуальную сучасную тэму. Скажам так, не вельмі смелая спроба. Чаму? Тэма сусветнай экалагічнай катастрофы (чарнобыльскай аварыі і яе наступстваў) у пэўнай меры ўжо адпрацаваная. Прызначэнне п’есы — тэатр для дзяцей. Знайсці тут штосьці прынцыпова новае дастаткова цяжка.

Сяргей абраў суцяшальна-аптымістычны паварот праблемы: як можна адсунуць і аблягчыць немінучую трагедыю заўчаснай смерці. Не браць пад увагу. Дамагчыся гэтага без хлусні і фальшу. Так з’яўляецца клоўн, а з ім і ягоны асаблівы свет. Вядома, што ў цырку клоўны не проста смешаць. Яны працуюць на трагікамічным вастрыі жарту. Часам і гінуць, захоўваючы на твары ціхамірную ўсмешку. Мастацтва клаўнады паспяхова выкарыстоўваецца ў псіхатэрапіі. У тым ліку і ў рабоце з хворымі дзецьмі. І ўсё ж драматург не ўтрымаўся і ўключыў у п’есу народную казку, фантазіі на касмічныя тэмы. З іх дапамогай героі вандруюць у часе і прасторы, пераадольваючы філасофію адчаю.

Можна ўслед за Эпштэйнам сказаць, што ў культуры ХХ стагоддзя, часткова і нашага, пачалі сплаўляцца рысы літаратуры і міфа. Прадуктыўна, што Кавалёў, ператвараючы міфы ў драматургічныя творы, абапіраецца на нацыянальныя традыцыі і паспяхова рассоўвае рамкі ўзаемадзеяння ўжо змярцвелага хараства з сённяшнімі гледачамі.

 Уладзімір Арлоў