Арт-канікулы: праца ці адпачынак

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

Невыносная спёка гэтага лета прымусіла многіх «вольных мастакоў» пакінуць Горад расплаўленага асфальту і шукаць прытулку на прыродзе: цяністая лістота (якая, зрэшты, таксама дрыжэла ад жару) лепш уплывае на індывідуальныя творчыя здольнасці.

/i/content/pi/mast/36/592/1-t.jpg
Cкульптар Віктар Копач
Прынята лічыць, што з самай раніцы і да апошняга сонечнага промня мастакі бавяць летні час на пленэры. Але ці толькі гэта чыста «сезонная» праца па-за сценамі ўласнага храма — майстэрні — захоплівае сучасных творцаў? Адкрытыя для новых фарбаў, знаёмстваў і тэм, яны ўсё часцей і часцей пускаюцца ў вандроўкі і раз’язджаюць па замежных сімпозіумах, конкурсах, біенале і трыенале.

Для тэатра гэта — «мёртвы час», нібы ў дзіцячым садку: дэкарацыі схаваныя, касцюмы спакваля пакрываюцца пылам, маскі скінутыя... Куды падацца рэжысёру, акцёру, драматургу па новыя ўражанні для далейшай работы? Дзе знайсці крыніцу для будучых азарэнняў? Лецішча, вечар, вогнішча і шчырыя сяброўскія размовы. Паветра паціху робіцца халаднейшым, няпэўнае месяцавае святло адбіваецца ў азёрным люстры, цішыня... І гэтая адвечная і быццам бы да банальнага звыклая маляўнічасць падштурхоўвае да самых патаемных, самых нечаканых думак і слоў пра галоўнае ў жыцці творцы — мастацтва.

Летняй канікулярнай раскошы не могуць сабе дазволіць працаўнікі-музыканты ўсіх масцей. Конкурсы — конкурсы — конкурсы, гастролі — гастролі — гастролі... Мяняюцца аэрапорты і залы чаканняў, чаргуюцца з фантастычнай хуткасцю пункты адпраўлення і прыбыцця. Паспець зарабіць выдатную рэпутацыю за мяжой, каб восенню са спакойнай душою вярнуцца дамоў, павесіць на сцяну чарговы ганаровы дыплом, парадавацца цікавым прапановам пра міжнароднае супрацоўніцтва і выгадным кантрактам і  — зразумела! — пацешыць беларускіх гледачоў шыкоўнымі опернымі, канцэртнымі і балетнымі прэм’ерамі.

Мы прапаноўваем чытачам нашага часопіса тры творчыя леты: музычнае — шумлівае, пярэстае, «замежнае», як на турыстычнай паштоўцы; мастакоўскае — працавітае, пленэрнае, камунікацыйнае, сацыялізаванае, перасоўнае; і тэатральнае — спакойнае, філасофскае, медытатыўнае і запаслівае.

 

Ад Нясвіжа да Ерэвана, ад Сіцыліі да Джэксана

/i/content/pi/mast/36/592/4.jpg
«Спартак» Арама Хачатурана. Сцэна са спектакля.
Існуе распаўсюджаны выраз — «мёртвы сезон». У тэатральных і канцэртных установах так ставяцца да летніх месяцаў. Але знаёмства з дзейнасцю нашых музычных калектываў вядомы тэзіс абвяргае. І пераконвае, што на працягу лета творчае жыццё віруе з яшчэ большай сілай.

У музычным жыцці Беларусі нарэшце адбылася падзея, якую даўно чакалі, пра якую марылі, пра неабходнасць якой неаднойчы пісаў часопіс «Мастацтва». Оперна-балетны фестываль... Яшчэ за савецкім часам буйныя музычныя форумы ладзіліся ў Мінску, да нас прыязджалі славутыя калектывы з лепшымі спектаклямі. Але ў 1990-я разрыў былых культурных сувязяў і фінансавая нестабільнасць разбурылі традыцыю (здавалася, што дашчэнту). Але падобна, яна паступова аднаўляецца і адраджаецца.

Такім чынам, пры канцы чэрвеня ў Нясвіжы прайшлі «Вечары беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў» (кіраўнікі праекта спявак Віктар Скорабагатаў і дырыжор Вячаслаў Воліч). Першы з фестывальных дзён быў прысвечаны опернаму жанру, калі меламаны Нясвіжа і госці горада змаглі ўбачыць камічную оперу «Чужое багацце нікому не служыць», створаную больш за 200 гадоў таму кампазітарам Янам Давідам Голандам і ўпершыню паказаную менавіта ў гэтым замку.

Другі дзень фестывалю быў прысвечаны і оперы, і балету. У ягоную праграму ўвайшлі балет «Шапэніяна» на музыку славутага польскага кампазітара, 200-годдзе якога адзначае сёлета ўвесь свет. У старадаўняй нясвіжскай Ратушы прагучаў камерны канцэрт з удзелам вытанчанага і віртуознага ансамбля інструменталістаў — струннага квінтэта «Серэнада» і салістаў оперы Таццяны Траццяк і Станіслава Трыфанава. А вечарам ва ўнутраным дворыку замка ладзілася праграма «Шэдэўры сусветнай оперы ў замку Радзівілаў», у гала-канцэрце ўзнёсла і рамантычна гучала еўрапейская і нацыянальная оперная класіка.

Шмат прычын і акалічнасцей сышлося ў тым, што месцам музычнага форуму абраны менавіта Нясвіжскі замак. Па-першае, оперныя фестывалі open air даўно зрабіліся шырока распаўсюджанай еўрапейскай традыцыяй, яны надзіва папулярныя, збіраюць меламанаў і турыстаў са многіх краін. У такіх фестывалях неаднойчы ўдзельнічаў і наш тэатр падчас сваіх замежных вандровак. Атмасфера старых замкаў, іх аўтэнтычнасць нараджаюць асаблівую аўру, ствараюць незвычайны настрой у выканаўцаў і гледачоў. Музычныя творы мінулых стагоддзяў іначай успрымаюцца ў натуральных дэкарацыях, у іх гучанні знаходзяцца новыя сэнсы і абертоны, у дадатак закрытыя дворыкі маюць выдатную акустыку. Па-другое, Нясвіж быў адным з тых культурных асяродкаў, дзе квітнела прафесійнае музычнае мастацтва. Айчынная оперная культура нарадзілася менавіта тут — у сценах Нясвіжскага замка, дзе ў XVIII стагоддзі існавалі вялікая калекцыя жывапісу, бібліятэка і драматычны тэатр. Пры апошнім паступова склалася балетная трупа, з’явіўся аркестр. Па-трэцяе, Тэатр оперы і балета і тэлеканал АНТ пачалі ладзіць і трансліраваць на ўсю краіну «Музычныя вечары ў Мірскім замку». Эстафету ў Міра пераймае цяпер Нясвіж...

І хоць у замку яшчэ пэўны час будзе ісці рэканструкцыя, яна не перашкаджае ўспрыманню музыкі. Нясвіжскі замак-музей праектуецца як шматфункцыянальны культурны цэнтр. І апроч музейнай экспазіцыі ў памяшканні, дзе некалі размяшчаўся радзівілаўскі тэатр, будзе існаваць тэатральная зала на 100 месцаў. У замку аднаўляецца трох’ярусная капліца, на адным з ярусаў якой плануецца змясціць арган. Тут (як, дарэчы, і ў Ратушы) таксама магчыма правядзенне канцэртаў.

У наступным годзе тэатр плануе паказаць у Нясвіжы оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, гала-канцэрты і балет «Трыстан і Ізольда», прэм’ера якога яшчэ адбудзецца. Кіраўнікі праекта мараць ажыццявіць ідэю летняга опернага сезона ў Нясвіжы, бо спектаклі і канцэрты тут могуць ладзіцца з мая па верасень. Варта спадзявацца: фестываль, які пакуль мае рэспубліканскі статус, з цягам часу зробіцца міжнародным. Прэстыжным, вядомым далёка за межамі краіны, трапіць куды будуць марыць зорныя і салісты, і калектывы.

Чым жа яшчэ было адметнае гастрольнае лета? У сярэдзіне жніўня беларускі балет скіраваўся ў Італію, каб на сцэне грэка-рымскага «Тэатра Антыка» прадставіць спектаклі «Спартак» і «Жызэль». Паказы адбыліся ў межах фестывалю мастацтваў «Taormina arte», які ладзіцца ў невялікім горадзе Таарміна ўжо чвэрць стагоддзя. Фестываль, які яднае ў праграме музычныя канцэрты, тэатральныя і танцавальныя спектаклі і кінафестываль, — адна з найбольш значных культурных падзей на Сіцыліі. Уявіце сабе, што экспрэсіўная музычна-харэаграфічная фрэска, прысвечаная паўстанню рабоў у Старажытным Рыме, паказваецца на сцэне антычнага тэатра, скажам так, у натуральных дэкарацыях. Вядома, спектакль ад гэтага набывае асаблівы эмацыйны і сэнсавы маштаб. Так што гледачам Сіцыліі мы можам толькі пазайздросціць!

Гарачым атрымалася мінулае лета для Прэзідэнцкага аркестра, яго мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Віктара Бабарыкіна. У жніўні ён працаваў у журы міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў на Тэнэрыфэ (Канарскія астравы). Дырыжор вярнуўся ў Мінск і разам з калектывам адразу выправіўся на гастролі ў Польшчу, дзе аркестр даў канцэрты ў некалькіх гарадах. Адтуль аркестранты скіраваліся ў Берлін, каб выступіць на міжнародным фестывалі «Young euro classic», які сабраў маладыя аркестры з 15 краін. А потым Прэзідэнцкі аркестр вярнуўся ў Польшчу, каб прадоўжыць гастрольны тур... У кастрычніку калектыў, які набывае ўсё большую папулярнасць і прызнанне, будзе выступаць разам з выдатным іспанскім тэнарам Хасэ Карэрасам. Гэты канцэрт павінен адбыцца ў адным з найбольш грандыёзных залаў Беларусі — у «Мінск-Арэне», якая змяшчае 15 тысяч гледачоў.

Не менш яркім, насычаным, багатым на ўражанні і творчыя перамогі было лета і для салістаў Тэатра оперы і балета. Адлік поспехам распачаў тэнар Юрый Гарадзецкі. На VII Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Станіслава Манюшкі (Варшава) ён выступіў сапраўды бліскуча, стаўшы лаўрэатам 1-й прэміі. Лічыце, лепшым! Важкасць перамогі яшчэ больш яскравая ад таго, што сёлета ў спаборніцтве прынялі ўдзел 124 канкурсанты з 17 краін. Манюшкаўскі конкурс лічыцца адным з найбольш прэстыжных у свеце, яго арганізатары — Тэатр Велькі (Нацыянальная опера) і Таварыства аматараў музыкі кампазітара. Заснавальнік і мастацкі дырэктар конкурсу — старшыня Таварыства вядомая спявачка Марыя Фолтын.

Па выніках спаборніцтва Гарадзецкі, выхаванец Беларускай акадэміі музыкі, уладальнік надзіва прыгожага і пяшчотна-кранальнага голасу, атрымаў адмысловы прыз журы за лепшае выкананне твораў польскага рэпертуару і прэмію імя Яна Рэшкі лепшаму тэнару конкурсу. А таксама спецыяльныя прызы — магчымасць удзелу ў пастаноўках Варшаўскай і Вроцлаўскай опер. Зайздросныя перспектывы!

Яшчэ адзін саліст нашай оперы, Ілья Сільчукоў, таксама адзначаны 1-й прэміяй, але ў суседняй Славакіі. Яго багаты, рамантычны, сапраўды «аксамітавы» барытон скарыў журы ХХІ Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Мікулаша Шнайдэр-Трнаўскага, што ладзіцца ў горадзе Трнава. Сёлета ў конкурсе, чыя праграма ўключае выкананне твораў кампазітараў-класікаў, прынялі ўдзел звыш 120 вакалістаў з розных краін. Сільчукоў атрымаў спецыяльныя прэміі ад тэатраў адразу дзвюх краін — Чэшскай нацыянальнай оперы (Прага) і Славацкай нацыянальнай оперы (Браціслава).

Аксана Волкава, харызматычная артыстка і ўладальніца магутнага мецца-сапрана, упэўнена скарае недаступныя іншым вяршыні. Больш за год таму яна зрабілася ўдзельніцай Школы маладых спевакоў пры маскоўскім Вялікім тэатры. Перад тым выйграла не адно вакальнае спаборніцтва. І вось новая перамога! У Саратаве ладзіўся Конкурс конкурсаў вакалістаў імя славутага Леаніда Собінава. Ён лічыцца падзеяй міжнароднага ўзроўню, бо збірае толькі пераможцаў, лаўрэатаў конкурсаў. Сёлета ў спаборніцтве прынялі ўдзел маладыя спевакі з Масквы, Новасібірска, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Кітая.

Аксана заваявала ў Саратаве 1-ю прэмію і зрабілася ўладальніцай Спецыяльнага прыза Саюза тэатральных дзеячаў Расіі — творчай камандзіроўкі ў Марыінскі тэатр. Хто ведае, мо праз некалькі гадоў Волкава будзе выбіраць, дзе працаваць стала — у Вялікім ці Марыінскім тэатры?

Калі звярнуцца да балетнага жанру, дык і ў ім хапае ў нашых салістаў сур’ёзных перамог. Сёлета ў чэрвені — ліпені ў Ерэване ладзіліся VI Адкрытыя маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў-удзельніц СНД, прысвечаныя 65-годдзю Перамогі. Упершыню на гульнях з’явілася намінацыя «акадэмічны танец», у якой выступалі Аляксандра Чыжык і Ігар Аношка, выпускнікі харэаграфічнага каледжа, а цяпер маладыя артысты Нацыянальнага тэатра оперы і балета.

Увогуле Маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў-удзельніц СНД адбываюцца з 2002 года. Сёлета спаборніцтвы праходзілі ў конкурснай і фестывальнай праграмах па 19 намінацыях народнага, класічнага і сучаснага мастацтва. Ігар Аношка атрымаў залаты медаль, а Аляксандра Чыжык — сярэбраны. Перамога тым больш каштоўная, што Дэльфійскія гульні сабралі каля 600 дзеячаў мастацтваў з 16 краін (сярод іх краіны СНД, Францыя, Турцыя, Балгарыя).

У чэрвені Кацярына Алейнік і Канстанцін Кузняцоў, два вядомыя салісты нашага балета, выправіліся ў Амерыку, у штат Місісіпі, дзе ў горадзе Джэксан праходзіў IX Міжнародны конкурс артыстаў балета (International Ballet Competition). IBC, які лічыцца адным з найбольш прэстыжных у свеце, быў заснаваны ў 1978-м Міжнародным тэатральным інстытутам пад эгідай ЮНЕСКА. Цэнтрам сусветнага балета горад становіцца раз у чатыры гады. На конкурс было пададзена больш за 300 заявак, з іх абралі 110 удзельнікаў з 35 краін.

Кацярына Алейнік і Канстанцін Кузняцоў (апошні выступаў у якасці партнёра) у 1-м туры танцавалі па-дэ-дэ з «Дон-Кіхота». У 2-м туры прэзентавалі мініяцюру «Крохкі вечны рай», пастаўленую гродзенскім харэографам Дзмітрыем Каракулавым у стылі мадэрн (парадуемся за балетмайстра, чыя творчасць нарэшце сягнула за межы Еўропы!). Складаная харэаграфія і артыстызм салістаў дазволілі ім прайсці ў 3-ці тур, дзе яны прадставілі па-дэ-дэ са «Спячай прыгажуні» і сучасную кампазіцыю «Мы танцуем Пергалезі» харэографа Раду Паклітару. У выніку Кацярына Алейнік заваявала дыплом і адну з васьмі прэстыжных узнагарод — прыз «Capezio».

■ ■ ■

...Скончылася лета, пачалася восень, але не значыць, што скончыўся час творчых вандровак. Калі нумар часопіса рыхтаваўся да друку, акадэмічная балетная трупа і яшчэ некалькі вядомых калектываў выправіліся на гастролі ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), дзе ладзіліся Дні культуры Беларусі. 23 верасня ў канцэртнай зале «Эміратс Палас» (буйнога гатэля, аформленага ў нацыянальным арабскім стылі, будынка, які з’яўляецца знакам Абу-Дабі), адбыўся паказ балета «Рамэа і Джульета» з удзелам вядучых салістаў. Наша трупа выступала на пляцоўцы на 1100 месцаў, дзе даюць спектаклі знакамітыя еўрапейскія тэатры, напрыклад, Каралеўскі балет Лондана.

У кастрычніку нацыянальны балет выправіцца праз Атлантычны акіян у Паўднёвую Амерыку, у экзатычную Мексіку, дзе наша акадэмічная трупа ніколі не гастралявала. Тут будзе паказаны спектакль «Дон-Кіхот». Так што яркасць і інтэнсіўнасць вандровак і ўражанняў, перанятая ад гарачага гастрольнага лета, будзе доўжыцца ажно да пачатку 2011 года...

Таццяна Мушынская

 

Сезон метабалізму

/i/content/pi/mast/36/592/4-t.jpg
Сяргей Кірушчанка. Метабалізм жывапіснай прасторы. Аб’ект. 2010.
Лета — час камунікацый. Пераважная большасць міжнародных біенале і трыенале прыпадае менавіта на гэты перыяд. Актывізуецца турызм. Паводле апытання брытанскага часопіса Frieze «Як змянілася мастацтва за апошнія сорак гадоў?», асноўны фактар, што ўплывае на яго развіццё, — новыя авіямаршруты і зніжэнне тарыфаў. Адны рэспандэнты не заўважылі нічога дрэннага ў тэндэнцыі, якая змяшчае шоу і кірмашы на першы план, адсунуўшы музеі і майстэрні, іншыя прадбачылі ў ёй наступленне канца мастацтва.

Актывізацыя міжнародных кантактаў -- прыкмета часу. Удзельнічаць у міжнародных біенале — прэстыжна для мастака. Перамагаць — тым больш. Раман Сустаў прывёз Спецыяльны прыз з ІІІ Міжнароднага конкурсу экслібрыса, які адбываўся ў Стамбуле, а Ганна Ціханава атрымала там Ганаровае адзначэнне.

У XIV Вільнюскай жывапіснай трыенале прыняў удзел Руслан Вашкевіч. Адмыслова да фэсту ён напісаў серыю работ «Шкала Рыхтэра», у якой аб’яднаў творчы набытак нямецкага мастака Герхарда Рыхтэра з інтэлектуальным адкрыццём англійскага сейсмолага Чарльза Рыхтэра, што прапанаваў шкалу для ацэнкі сілы землятрусу. Васьмібальную — адсюль колькасць карцін у серыі.

Зоя Луцэвіч таксама патрапіла на свята жывапісу — пленэр у Егіпце. Сённяшні пленэр (у адрозненне ад першапачатковага значэння гэтага слова) не заўсёды мае на ўвазе працу з натуры. У грамадстве відовішчаў ён можа набываць і крайнія формы камерцыялізацыі: мастакі пісалі карціны непасрэдна ў холе шыкоўнага гатэля. «Надзвычай цяжка, калі ў цябе за спінай натоўпамі ходзяць назіральнікі», — згадвае мастачка. Пэўна таму работа Зоі набыла іранічна-салодкае адценне: яна ўвяла ў жывапіс сапраўдныя кавалачкі цукру.

Сяргей Кірушчанка быў запрошаны ў гасцявую рэзідэнцыю аб’яднання мастакоў нямецкага горада Дзюсельдорфа, дзе ажыццявілася яго жаданне папрацаваць з новымі матэрыяламі (плёнкай, люстэркамі) і велізарнымі аб’ёмамі (памер «Метабалізму жывапіснай прасторы» — 4 на 4 метры).

Скульптурны пленэр «Жалудок здзяйсняе мары», ініцыяваны Таццянай Бембель, накіраваны на стварэнне лакальнай арт-традыцыі гэтага невялікага мястэчка. Беларускія (у перспектыве — і замежныя) творцы будуць рэалізоўваць пластычныя мроі на тэмы мясцовай гісторыі і легенд.

VIII Міжнародны пленэр па кераміцы «Арт-Жыжаль» адбыўся ў Бабруйску. На гэты раз арганізатар Валерый Калтыгін вырашыў пашырыць колеравую і вобразную гаму творчых работ, эксперыментуючы з рознымі тэхналогіямі.

Кантакты ў мастацтве неабходныя дзеля паўнавартаснага развіцця. Вынікі гэтага сезона пераканалі: наступнае лета засведчыць, што мы гатовы камунікаваць са светам на роўных.

Алеся Белявец

 

Колькі промняў на сегменты і чарапіцы

/i/content/pi/mast/36/592/6.jpg
Артур Клінаў, Андрэй Вараб’ёў. Патаемная вячэра. Мастацкі праект «Патаемнае жыццё саломы». Інсталяцыя. 2010.
Пытанне «Што цікавае можна наведаць раніцай, днём і ўвечары падчас летніх канікул?» у ліпені вырашалася аўтаматычна: Палац мастацтва! Чарговы раз галерэя БСМ уступіла дах для куратарскага дзецішча Зміцера Юркевіча і Алеся Родзіна. Адзінаццаты «Дах» праходзіў у рамках рэспубліканскага фестывалю «Арт-сегмент».

Праекты куратараў Вольгі Дзмітрыевай «Сучасная скульптура: іншы погляд» і Ганны Самарскай «Фотавымярэнне», якія размясціліся ў зале на першым паверсе, прапаноўвалі ацаніць патэнцыял сучаснай беларускай скульптуры, прадстаўленай творамі Паўла Вайніцкага, Канстанціна Селіханава, Канстанціна Касцючэнкі і іншых, а таксама ўзгадаць скульптурную спадчыну савецкіх часоў, якая фарміруе нашу культурную памяць сёння, абапіраючыся на фотасерыі Ігара Пешахонава «Жалезабетонная матэрыя памяці», Уладзіміра Парфянка «Сад камянёў», Сяргея Кажамякіна «Фантомныя адчуванні». У зале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вольна пачувалі сябе інсталяцыі «Патаемная вячэра» Артура Клінава і Андрэя Вараб’ёва, «Зеляніна прэ!!!» Вольгі Сазыкінай, аб’екты Анастасіі Ганчаровай, Антаніны Фалей, Уладзіміра Макаркова і іншых мастакоў віцебскага праекта «Just now».

...Парадны «саўковы» бюст з бульбы, аголеныя двухметровыя гіпсавыя дзяўчыны, выява вялізнага бронзава-залатога Леніна на фоне неба, знакамітая фрэска да Вінчы, усе персанажы якой былі зроблены з саломы і размясціліся на саломе, ці камода і жаночыя пантофлі, што ашчацініліся зелянінай, — лёгкая размінка, аперытыў перад галоўным блюдам, якое хавалася вышэй, на другім паверсе.

Па цёмнай-цёмнай лесвіцы падымаліся аматары сучаснага мастацтва ў залу жывапісу, каб дакрануцца да самага смелага і «ненеэксперыментальнага». «Дах» знакаміты тым, што акрамя яркай і неадназначай жывапісна-фатаграфічнай экспазіцыі жадаючым прапаноўваецца мноства канцэртаў, творчых сустрэч, кінапаказаў, літаратурных выступаў і перформансаў, шчодра рассыпаных арганізатарамі па фестывальнай праграме. Паўзмрок, ды-джэйскае «туц-туц-туц», вар’яцкія «аб’екты» са смецця і жалезак, гіганцкія вочныя яблыкі, здані, якіх быццам запазычылі з фільма «Чужы», плаваючыя ў акварыумнай вадкасці мазгі з пенапласту, маленькі зямны шарык, які ўтульна качаўся па дне ўнітаза, — усё гэта тагасветнае, вялікае, цёмнае, дзікае накідвалася на гледача і брала ў душны летні палон MAGEIA CEREBRUM — «Цёмных таямніц мозгу».

Алена КАВАЛЕНКА

 

Творчае EGO

 /i/content/pi/mast/36/592/Untitled-1.jpg
 Аляксандр Канавалаў. Манастыр. Змешаная тэхніка. 2010.
Першы Полацкі міжнародны пленэр візуальных мастацтваў «
ART-EGO» сабраў мастакоў з Літвы, Латвіі і Беларусі. Канцэпцыя была закладзена ў самой назве: падзея сабрала мыслячых і схільных да эксперымента творчых асоб.

Аўтарам ідэі і куратарам «ART-EGO» стаў беларускі мастак Аляксандр Канавалаў. Абазначыўшы тэму «Полацк як культурны цэнтр на шляху “з варагаў у грэкі”», ён запрасіў мастакоў з адметным творчым почыркам, жыхароў Беларусі і памежных краін, звязаных адзіным гістарычным гандлёвым шляхам.

Да пленэру ў Полацку запрошаныя мастакі рыхтаваліся даволі сур’ёзна. На выставу «Знаёмства адзін з адным» яны прадставілі па два творы. Акварэлісты Іева Спалвіня і Яніс Спалвіньш, удзельнікі 2-й Міжнароднай біенале акварэлі «Вада + Фарба», адкрылі свае персанальныя выставы.

Натхнёныя Полацкам мастакі за два тыдні стварылі работы, якія сталі візуальным сведчаннем працэсаў, што адбываюцца ў сучасным мастацтве.

Яркі канцэптуальны падыход мае літоўская мастачка па тэкстылі Ліна Ёніке. Ліна засведчыла асаблівую каштоўнасць полацкіх святыняў у філасофскай рабоце «Манашка Клаўдыя»: сандалі манашкі стаяць на верхняй прыступцы лесвіцы, па якой ёй давялося ісці, спасцігаючы ісціны: «Справядлівасць без любові робіць чалавека жорсткім», «Абавязак без любові робіць чалавека раздражнёным» і г.д.

Унікальны гістарычны скарб — ацалелыя фрэскавыя роспісы Спаса-Праабражэнскай царквы ХІІ стагоддзя — натхніў мастакоў на адметнае пераасэнсаванне ўбачанага. Нібы фрагмент сценапісу перакачаваў у работу Віктара Зайцава «Уваход у келлю Еўфрасінні», увасабляючы святло душы, што імкнецца ўвысь. Арачныя праёмы храма ў цёплым, мяккім каларыце старажытных фрэсак знайшлі месца ў акварэлях мастака з Латвіі Яніса Спалвіньша.

Выкарыстанне прыёмаў калажнасці ў рашэнні кампазіцый надало асобным работам сэнсавую неадназначнасць. Чырвоныя і белыя плоскасці ці то гарманізавалі, ці то спрачаліся, афарбоўваючы палавінкі храма ў акварэлі «Адлюстраванне» Іевы Спалвіні, і неназойліва ўводзілі ў далёкае мінулае. Аляксандр Канавалаў стварыў кампазіцыю «Манастыр», здолеўшы расказаць пра жыццё святога прыстанку, яго абароненасць у веры. Роспіс па шоўку «Браткі» літоўскай мастачкі Іаланты Шмідціене — сімвал чысціні і святла полацкіх храмаў.

Наталля Залозная стварыла настальгічныя жывапісныя творы аб шчасці зямным і нябесным. Гораду яна падаравала работу ў выглядзе паштоўкі з выявай мастоў, што злучаюць берагі, землі, людзей, мастацтва. Тэма ракі і мастоў як сімвалаў сустрэч прагучала ў работах Галіны Раманавай і Мадэстаса Малінаўскаса.

Да тэмы гісторыі старажытнага кутка Беларусі звярнуўся Уладзімір Савіч. Ім распачата сур’ёзная серыя — «Абліччы гісторыі і творчасці». Мастак правёў паралель паміж асобамі творчых людзей, якія жывуць сёння, і гістарычным мінулым, сцвярджаючы каштоўнасць бесперапыннага радаводу этнасу.

Павел Вайніцкі працаваў над скульптурай з металалому. Яна паўстала каля ўвахода ў Мастацкую галерэю.

...Ацэньваць тое, што адбывалася на тваіх вачах, нашмат складаней, чым выяўляць рэтраспектыўныя заканамернасці. Але з’яднаныя ў адных сацыяльных, геаграфічных і этнічных умовах мастакі ствараюць артэфакты, якія ў будучым могуць перайсці ў плынь традыцыі.

Ларыса Лысенка

 

Сонца ў аблоках каменнага пылу

Скульптурныя вандраванні Віктара Копача

/i/content/pi/mast/36/592/8.jpg

Раўнавага (Урумчы, Кітай). Граніт. 2009.

Канец жніўня. Беларускі скульптар Віктар Копач зноў ляціць у Кітай — у горад Тангшан правінцыі Хэбэй. Віктар беражліва пакуе эскіз будучага твора, які ён павінен узяць з сабой. На месцы прызначэння яго будзе чакаць увесь неабходны інструмент і нават некалькі асістэнтаў. Менавіта ў Тангшане Віктару наканавана на працягу месяца стварыць манументальны гранітны аб’ект. Апошнюю на сёння са шматлікіх скульптур, пакінутых нашым майстрам у тузіне краін падчас працы на скульптурных сімпозіумах....

Інтэрнацыянальны скульптурны сімпозіум — з’ява параўнальна новая. Першыя падзеі такога кшталту адбыліся ў канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Сам тэрмін паходзіць з антычнасці (ад грэчаскага symposio — баляванне). Напачатку ён азначаў дружалюбныя стасункі ці гутаркі — сустрэчы-застоллі з удзелам філосафаў, апетыя яшчэ Гамерам і Платонам. Асноўная ідэя сімпозіума, якая стала выключна прадуктыўнай у сучаснасці, простая — гэта сустрэча-камунікацыя паміж членамі інтэрнацыянальнай скульптурнай супольнасці.

Сёння задачы сімпозіумаў паступова выходзяць за рамкі вузкаканфесійных стасункаў. Гэта значныя грамадскія падзеі, якія ўключаюць выставы, семінары, канферэнцыі/абмеркаванні па праблематыцы сучаснай скульптуры, яе месцы і ролі ў развіцці гарадскога асяроддзя. Вынікам з’яўляюцца не толькі зробленыя творы, але таксама тэарэтычныя выданні, каталогі і зборнікі навуковых дакладаў.

Сімпозіумная геаграфія надзвычай шырокая: сярод краін, у якіх ужо давялося папрацаваць Віктару, — Бразілія, Паўднёвая Карэя, Кітай, Турцыя, Іспанія, Тайланд, Польшча, Германія, Сірыя...

Тыповы сімпозіум (ці пленэр, як яго часта называюць у Беларусі) прадугледжвае калектыўную працу мастакоў з усяго свету. Пры тым, што сярод удзельнікаў звычайна прысутнічаюць некалькі тутэйшых скульптараў, большасць складаюць замежныя госці. З нагоды даступнасці мясцовага матэрыялу найбольш папулярныя сімпозіумы па камені. Існуюць таксама пленэры па бронзе, дрэве, зварным метале і іншых матэрыялах, сярод якіх сустракаюцца зусім ужо экзатычныя — напрыклад, «знойдзеныя прадметы». Сярэдняя працягласць вар’іруецца ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. За гэты час аўтары — іх колькасць можа вагацца ад трох чалавек да некалькіх дзясяткаў і нават, у некаторых выпадках, сотняў — ствараюць работы, якія застаюцца ва ўласнасці горада ці інстытуцыі, якая іх запрашае.

Апошні з названых фактаў стаў чыннікам сучаснай камерцыялізацыі сімпозіумнага руху. Правядзенне такіх мерапрыемстваў выгадна яго арганізатарам. Інвестуючы параўнальна невялікія сродкі, яны танна атрымліваюць манументальныя творы сучаснага мастацтва. Усе выдаткі на кожнага асобнага ўдзельніка — пералёт, харчаванне, пражыванне і невялікая стыпендыя — складаюць толькі малую частку рэальнага кошту створанай ім скульптуры.

Але ўсё ж гэта, зразумела, не галоўнае: важнасць скульптурных сімпозіумаў для сусветнага арт-працэсу вызначаюць такія разнастайныя прычыны, як міжнародны культурны абмен, стварэнне значных і турыстычна прывабных аб’ектаў (паркаў скульптуры), знаёмства жыхароў і гасцей гэтых мясцін з сучаснай сусветнай пластыкай. Нарэшце, папулярызацыя мастацтва скульптуры.

Цяпер, як сцвярджае Віктар, асабліва распаўсюджаны два тыпы сімпозіумаў, умоўна названыя ім «паркавымі» і «ўніверсітэцкімі». Калі першыя прадугледжваюць інвестыцыі ў стварэнне паркаў скульптуры, то другія з’яўляюцца практыкай для студэнтаў прымаючых іх устаноў, якія могуць пазнаёміцца з апошнімі тэндэнцыямі сучаснага мастацтва «ўжывую», дапамагаючы запрошаным скульптарам.

У апошнія дзесяцігоддзі сусветны сімпозіумны рух перажывае сапраўдны росквіт. Фактараў, якія спрыяюць гэтаму, некалькі. Па-першае, інтэрнэт і прапануемыя ім камунікатыўныя сродкі. Яны дазваляюць хутка распаўсюдзіць інфармацыю пра будучае мерапрыемства і праз кантакты з вялікай колькасцю патэнцыйных удзельнікаў аператыўна ажыццявіць конкурсны адбор. Па-другое, танныя авіяпералёты. Сёння за дзень скульптар можа трапіць практычна ў любую кропку свету. Па-трэцяе, удасканаленне электрычнага інструмента. Стала магчымым вельмі хутка апрацаваць, напрыклад, велізарны каменны блок.

Істотную ролю адыгрывае таксама і глабалізацыя, якая праяўляецца ва ўзаемнай цікавасці разнастайных культур. Яшчэ — узрослыя амбіцыі лакальных арганізатараў, што імкнуцца прылучыць свае былыя арт-перыферыі да найноўшых тэндэнцый інтэрнацыянальнай скульптуры, і рост нацыянальных капіталаў, якія дазваляюць гэтыя амбіцыі ажыццявіць.

Вынікі сімпозіумаў заўсёды цікавыя. Але вельмі разнародныя. Спецыфічную якасць створаных цягам іх работ можна растлумачыць так: для паспяховага заходняга скульптара месяц, праведзены на пленэры, з’яўляецца марнаваннем часу і грошай — улічваючы кошт майстэрні, якой ён не карыстаўся, і страты ад месячнай бяздзейнасці. Ды Віктар не згодны, што толькі не надта запатрабаваныя мастакі шукаюць шчасця ў сусветным павуцінні і за межамі краіны свайго пражывання.

«Сапраўды, на сімпозіумах я не бачыў скульптараў, якія атрымліваюць сотні тысяч долараў за свае работы, — зазначае Віктар. — Вось для іх візіт на сімпозіум рэальна не апраўданы. Аднак мае паплечнікі — гэта людзі, якія любяць скульптуру з каменя і менавіта такі спосаб яе стварэння: у кампаніі аднадумцаў і на волі, а не за зачыненымі дзвярыма ўпотай ад усіх». Па словах нашага земляка, існуе кагорта яго калегаў, якія гэтак жа, як і ён, раз’язджаюць па свеце. Ён і сам належыць да гэтай незвычайнай супольнасці — нястомны вандровец і ўладальнік прадстаўнічага партфоліа.

Віктар адмаўляе факт незапатрабаванасці сваіх прац на радзіме — і мае рацыю, бо ён запатрабаваны. Але яго сімпозіумныя — фармальна свабодныя — творы наўрад ці маюць шанец на тое, што іх замовяць у Беларусі, бо тут у публічнай скульптуры пануюць постсавецкія формы традыцыяналізму. «Любая вылазка, — кажа ён, — гэта магчымасць рэалізацыі. Мастаку гэтак жа патрэбна сталая практыка, як, напрыклад, хірургу. Я не магу чакаць, а хачу тварыць цяпер».

Можна падумаць, што вандраванні Віктара Копача — спецыфічная разнавіднасць турызму. Нічога падобнага. Часта за клубамі каменнага пылу ён не паспявае разглядзець краіну, у якой знаходзіцца. Таму Віктар часта не можа паказаць фатаграфій скончанага твора з апошняга сімпозіума — у кадр трапляюць фрагменты заводскіх інтэр’ераў і раскосыя ўсмешлівыя асістэнты. «Да поўдня дарэзаў камень, а ўвечары мяне адвезлі ў аэрапорт», — усміхаецца скульптар.

Віктар бачыць сябе чалавекам свету, для яго ў прынцыпе не мае вялікага значэння, дзе будзе знаходзіцца яго твор. «Урэшце, — кажа ён, — для мяне важныя месца, у якім мне трэба працаваць, і людзі, якіх гэта займае. Мне цікава ў цікавым месцы з цікавымі людзьмі». Тым не менш, рызыкну сцвярджаць, што Віктар падарожнічае для беларускага мастацтва. Усё проста:

— яго рэалізацыі прапагандуюць менавіта беларускую школу скульптуры, прадстаўніком якой Віктар з’яўляецца;

— яго аповеды пераконваюць у тым, што айчынная скульптура цалкам адпавядае міжнароднаму ўзроўню;

— яго ўласны — беларускага творцы — прафесійны ўзровень, дзякуючы інтэрнацыянальным стасункам, несумненна, расце;

— яго ўражанні, выкладзеныя ў сяброўскай гутарцы, запаляць не аднаго айчыннага калегу;

— яго досвед можа стацца неацэнным для студэнтаў нашых мастацкіх вучэбных устаноў, да якіх Віктар, цалкам верагодна, прыйдзе ў якасці выкладчыка — хто ведае?

■ ■ ■

Праца ў Тангшане ў самым разгары. Чарговае Віктарава сонца ў аблоках — пакуль у аблоках пылу — пачынае пакрыху выступаць з гранітнага блока. Пажадаем Віктару Копачу поспеху і лёгкага шляху дадому.

Павел Вайніцкі

 

Матылькі на архідэях

Гутарка з Фамой Варанецкім на беразе возера ў цэнтры Еўропы

 /i/content/pi/mast/36/592/f.jpg
 «Лавілі і болей...»
Так сталася, што менавіта акцёры і рэжысёры Купалаўскага тэатра аблюбавалі для летняга адпачынку Глыбоцкі ды Ушацкі раёны. Некалі ўлетку сюды абавязкова прыязджаў Мікалай Яроменка, штогод рыбачылі Аўгуст Мілаванаў і акцёр Рускага тэатра Юрый Сідараў. У вёсках паміж незвычайнага хараства азёрамі, у радыусе пяці-шасці кіламетраў, можна сустрэць Валерыя Раеўскага, Мікалая Пінігіна, Фаму Варанецкага. Вясковая сядзіба для кожнага — прадмет асаблівага гонару.

Яны любяць гэтыя мясціны апантана. Не менш, чым сцэнічныя падмосткі. Гэтым разам мы завіталі да заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Фамы Варанецкага. Ягоны несамавіты летні дамок размешчаны на невялікім узвышшы, проста на ўскрайку лесу, паміж двума азёрамі. Калі нехта хоча скласці ўяўленне пра рай зямны — гэта тут.

Хараство, якое навокал, для вас відаць нейкім чынам з тэатрам сумяшчаецца, бо седзячы ў цэнтры Еўропы на беразе цудоўнага возера Івесь, штораз пра тэатр згадваеце...

— Прырода стварае пэўны кантраст тэатру. Тэатр хоць і публічная ўстанова, але з уласнай атмасферай і правіламі. А ў прыроды свае законы, шкада толькі, што людзі іх усё меней прытрымліваюцца. Паводзяць сябе як спажыўцы.

Цікавае нешта ў прыроды падглядзелі?

— Шмат чаго. Даўно займаюся жывапісам, але з натуры, апрача шаржаў на людзей, нічога не малюю. Уражанні, назіранні, якія назапашваюцца, — гэта, на маю думку, самае цікавае. Тое, што застаецца ў памяці, а потым нейкім чынам перапрацоўваецца. Узнікаюць нечаканыя вобразы, сам не ведаеш адкуль. З натуры добра толькі фотаздымкі рабіць. Усё астатняе — вобразы мастацкія.

Рэальныя толькі вялікае возера Івесь, лес, сосны, маленькае азярцо?..

— На Івесі з братам учора танулі. Лодка перакулілася. Трымаліся гадзіну, пакуль нам дапамаглі выбрацца. А сёння зноў паплылі туды. Гэта цяпер святое месца. Сваё. А маленькае азярцо дзівоснае. Загадкавае. Вось надоечы раптам бачу, як з поля на другі яго бок пачынаюць гадзюкі пераплываць. Вялізныя, па метру, нават больш. Яны сюды з балота на паляванне прыпаўзаюць. А тут спяшаюцца некуды. Літаральна за хвіліну перасякаюць возера. Кажу: «Заўтра будзе спякота».

Маленькае возера ёсць ва ўсіх даведніках. Так і называецца — Азярцо Глыбоцкага раёна, блізу вёскі Шо. Памер 200 метраў на 200. У глыбіню — дзесяць. Праточнае. З Белага, што непадалёку, выцякае рачулка, праходзіць па балоце і ўпадае ў Азярцо. Там усё непаўторнае. Кабаны, ласі… Бабры набудавалі плацін. Унікальны падводны свет. Левы бераг Азярца — каменны. Гэтыя мясціны называюць Цэркаўка. Тут нібыта адшукалі цэнтр Еўропы. Валерый Раеўскі, у якога дом непадалёку, казаў: «У мяне ў двары». Я кажу: «У мяне». Пакуль спрачаліся, цэнтр Еўропы ў Полацк перанеслі...

Жыццё на лецішчы для вас вялікае значэнне мае?

— Здаецца, усё жыццё тут. Бачыце, сосны спіленыя. Я налічыў на іх па 120 гадавых кольцаў… Так мінаюць стагоддзі. Усё наўкол змяняецца. Раптам, невядома чаму, выспа пачала дубкамі зарастаць. Але ж іх не было. Усе ламаюць галовы — адкуль яны з’явіліся? Я для сябе адкрыццё зрабіў: мабыць, адбываецца змена відаў. Відаць, калісьці на выспе быў дубовы гай. Ды выжылі сосны. А цяпер яны пачалі хварэць і сохнуць. І дубы адваёўваюць сваё. Значыць, карані захоўваліся ў зямлі.

Учора а чацвёртай раніцы іду з вудамі ўздоўж кукурузы, пляскаю ў далоні, імітуючы стрэлы, бо ведаю — там мусяць быць дзікі. Раптам бачу, побач з маім месцам каля возера стаяць два велізарныя кныры. На ваўкоў падобныя, доўгія хвасты вісяць. Іду, не спыняюся. Думаю: што будзе, то будзе. Бачу, выходзяць парасят з дванаццаць, ужо падрослых. Потым яшчэ адзін кныр, яшчэ адна мамка. І вось перада мной уся гэтая хеўра махнула ў кукурузу. Дзякуй, кажу, вызвалілі маё месца... Прызнацца, крыху ніякавата было.

Бачыла, як вы зёлкі збіраеце. Шмат тут лекавых раслін ёсць?

— Вельмі шмат. Я каля возера пасадзіў каўказскі дзівасіл. Ён на чатыры метры ўзнімаецца, і на ягоныя яркія жоўтыя кветкі злятаюцца матылькі. Райскія матылькі! Вось яны і навейваюць мне вобразы. На палянцы за Азярцом налічыў дзясяткі два відаў лекавых раслін. І каля трыццаці — матылькоў. Тут нават балотныя архідэі ёсць, чырвоныя і белыя. І павітуха — расліна-паразіт. Яна абвівае іншыя зёлкі, лічыцца атрутнай, але цвіце і надзвычай прыемна пахне. Раслінны свет тут захаваўся, але я пакрысе дадаю да яго новыя фарбы. Лепш за ўсё растуць рададэндраны. Зрэшты, народ не дрэмле. Як толькі штосьці адмысловае пасаджу, тут жа прыробяць ногі. Дык я прывёз выдатны гатунак вінаграду з Панямоння і чаранкоў сто раздаў па вёсцы. Вось такім чынам...

Уявіце: надвячорак, сонейка возера расквечвае неверагоднымі колерамі, а вы глядзіце на ўсё гэта і думаеце: «Якая сцэнаграфія!» Бывае так?

— Канешне, асабліва калі месяц свеціць... Каля вады ўвогуле цуды надараюцца. Мой сябра неяк прыехаў у госці, выйшаў да Івесі ўначы, бачыць — над возерам вісіць вялізны вогненны шар. Напачатку падалося, што гэта месяц такі незвычайны, але ён, аказалася, вісіць зусім з іншага боку.

І што гэта было?

— Хто ж яго ведае. Азёрам гэтым мільён гадоў. І ўсё, што адбываецца ў прыродзе, — суцэльная загадка. Тут ёсць рыбы, плоткі, якія нерастуюць пад ільдом. Іх так і называюць — «падлёдніцы». Тэмпература вады плюс 4. Хіба не дзіва? Неяк з пляменнікам злавілі рыбіну, з выгляду — карась, а на спіне велізарны шып, сантыметраў дзесяць. Круцілі яе, вярцелі. Думаем, да Акадэміі навук далёка. З’елі. На смак рыба таксама нагадвае карася, хоць відавочна рэліктавая. А то аднойчы сяджу каля вады, а праз возера да мяне коціць нейкая башка. З заплюшчанымі вачыма, морда падобная да кашэчай. Даволі буйная. Тулава не бачна. Плыве вельмі хутка. Я два здымкі зрабіў. Паляўнічым паказваў, тыя пытаюцца: што гэта такое? Ніхто не ведае.

Тут кожны дзень усё абсалютна новае. І я навучыўся многае ў прыродзе разумець, па паводзінах звяроў прадказваць, якое будзе надвор’е. Больш за ўсё люблю камяні. Шмат іх маляваў. Калі камень стаіць на адным месцы і ніхто яго не чапае, па моху, што на ім, можна вызначыць, колькі гадоў ён на зямлі. Уладзімір Караткевіч верыў, што камяні насамрэч растуць. Стагоддзямі...

Вярнуўшыся ў цывілізацыю, чым будзеце займацца?

— Цяжка сказаць. Пакуль без справы не сяджу. Устаю ў чатыры гадзіны — і мне не сумна. Калі сыходзіў з тэатра і Акадэміі, надта не журыўся. А потым... Натуральная стомленасць. Дарэчы, Акадэміі мастацтваў аддаў дваццаць гадоў жыцця. Выпусціў у свет пяць акцёрскіх курсаў. Цяпер засталіся толькі рэжысёры-завочнікі. Працуем разам з Валерыем Раеўскім.

На курсе павінна быць няшмат студэнтаў, але займацца з імі трэба вельмі сур’ёзна. Тады яны проста на нашых вачах ажываюць. На жаль, у саміх тэатрах даўно нічога надзвычайнага не адбываецца. Усе грошы зарабляюць, робяць нешта няўцямнае. Некалі мой настаўнік Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў казаў: «Ведаеце, дзетачкі, чаму ў тэатрах Чэхаў не атрымліваецца? Таму што Чэхаў — гэта асаблівы лад жыцця. Гэта значыць, каб сыграць Чэхава, тэатр мусіць жыць па-асабліваму». Ды толькі «жыць па-асабліваму» яшчэ можна ў сценах Акадэміі. Калі ідзе працэс напаўнення душы. А ў нашых тэатрах гэта амаль немагчыма. Каб сыграць Чэхава, трэба доўга працаваць у пэўным накірунку. Калі сёння на сцэне ідзе нейкі вадэвіль Курэйчыка, заўтра — цікавы дэтэктыўчык, наблізіцца з такім багажом да Чэхава проста нерэальна.

З чым Купалаўскі тэатр падышоў да свайго 90-годдзя?

— Не ведаю з чым. Апошняя рэпетыцыя, на якой прысутнічаў, — «Вячэра з прыдуркам». Праўда, гэты спектакль ужо ігралі на рускай мове недзе ў клубе. Бачу, ідзе рэпетыцыя, рагоча рэжысёр. Сядзіць Памазан. Пытаюся: «Чаго ён смяецца?» — «А хто яго ведае, — адказвае. — Гэта гумар такі». Ды мне здаецца, што нельга ісці падобным шляхам. Раз-два, шабляй махнуў — і глядач паваліць?.. Не бывае такога. У сапраўднага тэатра шлях вельмі доўгі, небяспечны. Гэта заўсёды асваенне новай прасторы і ўсведамленне таго, як акцёр у ёй мусіць сябе паводзіць. Зрэшты, наяўнасць асобы цяпер рэдкая з’ява на тэатры. Дзе ёсць асоба, там ёсць і тэатр.

Здаецца, знайшлі адказы на ўсе пытанні?

— Апроч аднаго: з чым Купалаўскі тэатр падышоў да 90-годдзя? Дзіўная афіша... Кепска, што ў рэпертуары няма класікі. Любой — сусветнай, тонкай, складанай. Кепска, калі нічога новага не з’яўляецца. Я ведаю тэатральную моладзь, усіх, хто з’явіўся ў беларускіх тэатрах за апошнія дваццаць гадоў. Сярод іх вельмі шмат таленавітых, арганізаваных артыстаў, гатовых зрабіць штосьці добрае. Яны трапляюць у тэатр і здзіўляюцца. Іх многае расчароўвае. Яны чакалі іншага. Тое, чаму ў Акадэміі вучылі, незапатрабаванае. У такім разе згадваю словы Інакенція Смактуноўскага, які казаў: «Акцёр, нават калі мае лоб на сем пядзей, ніколі не скокне вышэй таго тэатра, у якім працуе, і вышэй той рэжысуры, з якой працуе. Таму, калі адчуў, што становішся акцёрам таго тэатра, у якім працуеш, а ён табе не падабаецца, ты яго не прымаеш, сыдзі». Сам Смактуноўскі менавіта так і рабіў. Тэатр — рухомы, жывы арганізм. А тут ствараецца ўражанне, што ў нас усё размеркаванае да канца гэтага стагоддзя і да сярэдзіны будучага.

Дарэчы, часта бываю ў сябра, дырэктара студыі пры Тэатры імя Лесі Украінкі ў Кіеве. І штораз дзіўлюся, як там творчы працэс арганізаваны. Чатыры сцэнічныя пляцоўкі, а глядзельныя залы ніколі не пустуюць. Рэпертуар цікавы, акцёры без работы не заседжваюцца. Мноства міжнародных праектаў, апошні — «Рамэа і Джульета» сумесна з нямецкімі акцёрамі. А ў нас толькі і чуваць: «Гэта нам не далі, гэта — не купілі». Але трэба нешта самім умець рабіць. Адчыняць патрэбныя дзверы. Зрэшты, быць маладым акцёрам у нашых тэатрах я б не хацеў. Ніякай перспектывы... Рукамі многа махаюць, а на справе...

І ўсё ж ваш погляд на сучасны тэатр, здаецца, не безнадзейны.

— Так, але павінны з’явіцца новыя людзі. Апошнім часам многія маладыя рэжысёры бадзяюцца без справы, не маюць магчымасці штосьці зрабіць. У Акадэміі педагогі стараюцца прывіць моладзі трапятлівыя адносіны да справы. А ў тэатры яны чуюць: «Вас не так выхоўваюць. Рабіце, як усе». Забываюць, што таленавітых людзей трэба ўсім тэатрам збіраць, прывячаць, калекцыянаваць. Потым яны самі разбяруцца, што ім рабіць. Усё астатняе — самавыхаванне. Зрэшты, нашым мэтрам варта часцей успамінаць сябе ў маладосці. Калі рэжысёр заклапочаны і займаецца пераважна сваімі справамі, думае пра тое, каб ацалець, як самавыявіцца,  — гэта ўсё марнае, пустое.

Відавочна, такім чынам нічога не пабудуеш. Гісторыя сучаснага беларускага тэатра таму сведчанне.

— Так. Глядзіце, колькі пакаленняў пры Раеўскім вырасла. І ніводнага насамрэч выбітнага артыста. У Акадэміі я ўнушаю сваім вучням: «Мы толькі размінаем вас для працы. Акцёрамі становяцца ў тэатры». Але як яны ў тэатры акцёрамі стануць? Вось кінулі костку Раману Падаляку, далі сыграць Чэхава на Малой сцэне Купалаўскага тэатра некалькі гадоў таму. А далей што? Акцёру трэба пастаянна расці, узнімацца ў прафесіі з прыступкі на прыступку. Дарэчы, цікавая практыка існуе ў турэцкім тэатры. Напрыканцы сезона кожны акцёр падае заяўку, дзе пералічвае ролі, якія хацеў бы сыграць. У выніку акцёры іграюць ролі, пра якія мараць. Рэпертуар выдатны. Між іншым, яшчэ за савецкім часам у эстонскім горадзе Тарту ў Тэатры Ванемуйнэ, які ўзначальваў Карэл Ірд, працавалі сацыёлагі. Яны дасканала ведалі публіку ў горадзе, прагназавалі, якая п’еса пройдзе з поспехам, а якая не. Загадзя падлічвалі, колькі гледачоў мусяць прыйсці на той або іншы спектакль. Калі ж гэта было! У нас у адказ на творчую прапанову можна пачуць: «Мы самі ведаем, што ставіць». І канкурэнцыя лічыцца недапушчальнай.

Чаму абавязкова вучыце сваіх студэнтаў?

— Галоўнае, каб яны разумелі, што прафесія, з аднаго боку, жорсткая, але з другога — радасная. Бо дае чалавеку надзвычайныя магчымасці! Трэба толькі дапамагчы яму зарыентавацца ў самых складаных сітуацыях, дапамагчы быць добрым. Катэгарычна не прымаю агрэсіўнага тэатра! Увогуле не люблю паляўнічых і палявання! Мастацтва — такая штука, што яго трэба вельмі тонка адчуваць. А не кідацца хутчэй зарабляць грошы, задавальняць нечыя патрэбнасці. Людзі тэатра вінаватыя толькі тады, калі іх праца становіцца нецікавай. Калі надараюцца ўпушчаныя магчымасці. Раю сваім вучням гэтыя магчымасці не ўпускаць. І крытычна ставіцца да сябе. У нас прынята думаць і казаць: «Я лепш за ўсіх. Мой спектакль самы лепшы». А трэба інакш: я вінаваты ў тым, што ў нас нечага не стае. Няма. Не было. Бо не сказаў, прамаўчаў, не зрабіў.

Да слова, учора ў вёсцы заехалі да бабулі па ваду. Ёй ячмень на камбайне змалацілі і высыпалі на асфальт каля хаты. Саўгас не ўзяў, бо пустазелля шмат. Пытаюся: «Што рабіць будзем?» — «А куры ж ёсць», — адказвае. Вось яна — жывы чалавек, у яе яшчэ душа засталася. Так варта і ў тэатры...

Людміла Грамыка

 

Летні час

Ігар Бархаткоў, мастак: «Дзьмухаўцы пад конскімі капытамі...»

Да пераезду ў вёску мы з жонкай жылі ў Мінску, на пленэр ездзілі толькі вясной і восенню. А тут усё змянілася: як і мясцовыя жыхары, уключыліся ў сезонны цыкл працы. У маі квітнеюць сады, пасля распускаюцца жоўтыя дзьмухаўцы, пазней бялеюць, у жніўні паспяваюць яблыкі... А нядаўна ў нас з’явіўся арабскі конь. Конь на фоне дзьмухаўцоў! Прыгажосць незвычайная!

Лета — не лепшы сезон для напісання краявідаў. Пачынаючы з чэрвеня ўсё становіцца зялёным. Няма разнастайнасці і пісаць вельмі цяжка. У пейзажы павінен прысутнічаць трагізм ці рамантызм — пэўная літаратурнасць. Таму многія мастакі летам на пленэры не працуюць.

Затое падчас гэтай надзвычайнай гарачыні мы падключыліся да інтэрнэта, распачалі падрыхтоўку кнігі пра першага тэатральнага мастака Беларусі Аскара Марыкса. Мяне наведаў Раман Заслонаў. Наладзілі Купалле для ўсёй вёскі: робім гэта кожны год, і штораз у нас гасцююць замежныя мастакі. Яны ўвогуле з ахвотай да мяне прыязджаюць. Мы намагаемся весці вясковы лад жыцця (хоць для сялян я гультай — карцінкамі баўлюся), а сёння гэта ўжо экзотыка. Нашы краявіды ні на што не падобныя, яны захапляюць. Галандцы, напрыклад, кажуць: у нас цэніцца не дом, а выгляд з акна.

 

Уладзімір Іваноў, танцоўшчык і харэограф: «На лецішчы ставіў нумары...»

— Па-сапраўднаму лета пачалося для мяне тады, калі ў Мінск прыехалі мае сыны. Абодва яны танцоўшчыкі, скончылі наш харэаграфічны каледж і працуюць за межамі Беларусі. Старэйшы, Уладзімір, — у трупе Тэатра оперы і балета імя Леоша Яначака горада Брно (Чэхія), дзе ён выступае разам з жонкай, таксама выпускніцай нашага каледжа. Малодшы сын, Аляксандр, танцуе ў Санкт-Пецярбургскім акадэмічным тэатры балета пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана.

Калі сыны прыехалі, дык на лецішчы мы найперш адпачывалі, бо танец — не толькі эмацыйная, інтэлектуальная, але і досыць цяжкая фізічная праца. Увогуле наша сям’я часта бывае на дачы. Праводзім тут кожнае лета ўжо дваццаць гадоў. Памятаю, калі дзеці былі малыя, у адным з пакояў стаяў нават балетны станок. Мая жонка, балерына Людміла Цярэнцьева, займалася з дзецьмі. Для фізічнай трэніроўкі і загартоўкі хлопцы рабілі прабежкі вакол лесу, падцягваліся на турніку, адціскаліся, «жалеза» і штангу цягалі. Успамінаю, як аднойчы на лецішчы, на зялёным газоне ставіў для Валодзі харэаграфічны нумар. Потым ён з гэтай мініяцюрай у Чэхіі выступаў. У 2009 годзе, на міжнародным конкурсе ў горадзе Аламоуц. І заняў там 3-е месца...

Мінулае лета цікавае шэрагам адметных творчых падзей. Беларускі акадэмічны музычны тэатр вырашыў аднавіць балет «Мефіста» ў маёй харэаграфіі. А на пачатку верасня тэатр запрасіў мяне стала працаваць у якасці галоўнага балетмайстра.

Уладзімір Кандрусевіч, кампазітар: «Піяніна, печка, яблыкі…»

— Лецішча ў Астрашыцкім Гарадку ў мяне з’явілася даўно, бо пачаў будаваць яго ажно ў 1986 годзе. Ёсць рублены драўляны дом з печкай, лазня. А яшчэ ёсць адзін невялікі дамок, таксама з печкай, які лёгка абагрэць. Тут у мяне стаіць піяніна — даўняе, Барысаўскай фабрыкі, тут штодня і працую. Старыя інструменты лепш пераносяць перамены надвор’я, а на новыя вельмі ўплываюць маразы і вільгаць, іх трэба часта настройваць. Піяніна падараваў мне рэжысёр Андрэй Андросік, калі перабіраўся на новую кватэру, а яму інструмент дастаўся ад бацькоў...

На лецішчы ў мяне прыгожа — шмат кветак і дрэў, зялёны газон, дзве альпійскія горкі. У вокны галіны з яблыкамі зазіраюць... Вядома, тут працуецца непараўнальна лепш, чым у горадзе. Перабраўся сюды ў красавіку, жыву тут і восенню, звычайна ажно да маразоў. За лета некалькі разоў з’ездзіў на рыбалку на Браслаўскія азёры. Атрымаў каласальнае задавальненне! Возера ёсць і недалёка ад Астрашыцкага Гарадка, але тут я толькі плаваю. Прычым, заплываю далёка... Бо ў свой час з вялікай ахвотай і нават азартам займаўся падводным паляваннем. Тады ў Беларусі (напрыклад, на Вілейскім вадасховішчы) было шмат рыбы, памятаю, здабывалі велізарных асобін…

Творчае лета было для мяне вельмі насычаным. Па-першае, напрыканцы чэрвеня Беларускі акадэмічны музычны тэатр паказаў новую версію майго балета «Мефіста». Выдатна, што калектыў вярнуўся да гэтага спектакля. Для яго былі напісаны новыя музычныя сцэны і эпізоды, якія, вядома ж, патрабавалі аркестроўкі. У спектаклі з’явіліся новыя персанажы і выканаўцы.

У ліпені ў Віцебску традыцыйна праходзіў «Славянскі базар». У канцэрт заключнага дня ўвайшоў і мой нумар, які прадстаўляў Беларусь. Музыка арыгінальная, сам сядзеў за раялем. А на сцэне — каля 80 артыстаў: танцоры, жанглёры, паветраныя гімнасты... Рэжысёрам выступіла Марына Раманоўская, у яе было шмат цікавых пастановачных знаходак.

Працаваў і над музыкай да спектакля «Сонечка» (паводле «Злачынства і пакарання» Дастаеўскага), які ўвасабляе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Прэм’ера будзе паказана ў новым сезоне. Акцэнт у «Сонечцы» зроблены на музычных сцэнах, у масавых эпізодах гучаць спевы, рэчытатыў, прысутнічаюць нават элементы оперы.

На кінастудыі «Беларусьфільм» завяршаецца праца над двухсерыйнай стужкай для дзяцей пад назвай «Рыжык» (сцэнарыст і рэжысёр Алена Турава). Цяпер ідзе агучванне карціны. Для «Рыжыка» напісаў амаль дзве гадзіны музыкі. Вельмі прыемна, што ў чэрвені на Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце атрымаў прыз за лепшае музычнае афармленне стужкі «Кадэт» (рэжысёр Віталь Дудзін). Супрацоўніцтва з кінастудыяй і пастаноўшчыкам працягваецца: цяпер займаюся музыкай да яго наступнага фільма «Дотык».

Прырода мяне заўжды натхняе. Калі б не гэты маляўнічы куток, дык хто ведае, можа, шмат з таго, што напісана, і не з’явілася б на свет…