«Я — адсутнасць...»

№ 8 (329) 01.08.2010 - 31.08.2010 г

Без Людмілы Русавай

30 мая ў Мінску ва ўзросце 56 гадоў памерла самая вядомая асоба з беларускіх канцэптуалістаў — мастачка Людміла Русава.

Людміла Русава нарадзілася ў Архангельскай вобласці Расіі. Скончыла Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава (1972), аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускагадзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1979). Была сябрамСаюза мастакоў Беларусі, удзельніцай творчых аб’яднанняў «Форма» і «Плюраліс». 15 гадоў прапрацавала на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.Займалася геаметрычнай абстракцыяй (жывапіс, тэкстыль) і «метафізічнай» паэзіяй, была аўтарам некалькіх канцэптуальныхпраектаў, перавагу аддавала перформансу.Працы Русавай знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Музеі Цімерлі (ЗША), у муніцыпалітэце Бона (Германія), а таксама ў прыватных калекцыях Мінска, Вільнюса, Рыгі, Гданьска, Варшавы, Стакгольма, Берліна, Бостана.

/i/content/pi/mast/35/589/50.jpg

Праект «Месца танцаў-2003». Фотасерыя Аляксея Велікжаніна. 2003.

Паводле меркавання мастацтвазнаўца Вольгі Капёнкінай, «творчая біяграфія Людмілы Русавай супадае з біяграфіяй беларускага авангарда, час актыўнага праяўлення якога прыпадае на сярэдзіну 1980-х. Менавіта тады адбывалася рэабілітацыя шматлікіх кірункаў мадэрнізму, у тым ліку і традыцыі абстрактна-знакавага малюнка ў жывапісе, што стала індывідуальным стылем Русавай. Даследаванні ў вобласці знака ў працах 1980-х прымусілі Русаву звярнуцца да творчасці Казіміра Малевіча і іншых майстроў першага перыяду рускага авангарда...»

У 1970 — 1980-я гады ў Мінску фармавалася паралельнае мастацкае асяроддзе, пачатак якому паклала дзейнасць тандэма мастакоў Ігара Кашкурэвіча і Людмілы Русавай, якія збіралі ў сваім прыгарадным доме сталічную культурную публіку для «пасвячэння» ў актуальнае мастацтва. Пасля гэтыя кантакты былі перанесены ў Мінск: мастакі стварылі групу «Плюраліс». Сустрэчы праходзілі на базе тэатра «Хрыстафор» і былі адкрыты для ўсіх. Творцы актыўна займаліся перформансамі, выяўляючы, на думку Вольгі Шпарага, стылістычную сувязь з сучасным заходнім мастацтвам (у прыватнасці, з Ёзэфам Бойсам) і з традыцыямі віцебскага авангарда пачатку ХХ стагоддзя.

У 1980 — 1990 гадах Людміла Русава была ўдзельніцай шматлікіх групавых праектаў, рэалізаваных у рэспубліцы і за яе межамі, што пэўным чынам задавалі тон эстэтычнага абнаўлення культуры Беларусі. Дастаткова ўспомніць такія мастацкія праекты, як групавая выстава «Ажыўленне Казіміра» (Мінск, Палац мастацтва, 1989), «Супрэматычнае ўваскрашэнне Казіміра» (Масква, 1990), выставы мастацтва актуальнай пазіцыі «Іn-formation» (Віцебск, 1994, 1995, 1996), персанальны праект Людмілы Русавай «Т» (Мінск, галерэя «Шостая лінія», 1995).

У 1997 годзе Русава ўдзельнічае ў Тыдні перформансу, прысвечаным рэжысёру і рэфарматару сцэны Антанену Арто (Мінск, галерэя «Шостая лінія»). Паводле дырэктара галерэі Ірыны Бігдай, гэта была першая спроба сабраць творчыя сілы рэспублікі, якія займаюцца праблемамі перформансу. Праз год галерэя планавала правесці рэспубліканскі фэст перформансу, але дзейнасць яе неўзабаве спынілася.

З 1999 года ў Мінску пачынае праводзіцца міжнародны фестываль перформансу «Navinki»; да першых чатырох імпрэз спрычынілася і Людміла Русава.

Адзін з арганізатараў гэтага фестывалю Зміцер Раманоўскі пісаў у каталозе 2002 года: «Людміла... актыўна ўплывала на фармаванне мастацтва перформансу ў Беларусі як у васьмідзесятыя, так і ў дзевяностыя гады. Яе перформансы, як правіла, злучаны паміж сабой і часта з’яўляюцца працягам ці рэфлексіяй падзей яе ўласнага жыцця».

На «Navinki-2002» Людміла апранулася ў вышываны золатам гарнітур, упрыгожыла галаву пёрамі і стала нагадваць казачную птушку — ці то Сірына, ці то Фенікса. Раздала гледачам кнігу сваіх вершаў «Наскрозь». Пасля пад фанаграму рогату стала рваць уласны асобнік кнігі...

Прэзентацыя кнігі Людмілы Русавай «Наскрозь» адбылася ў 2000 годзе ў галерэі візуальных мастацтваў «NOVA». У яе ўвайшлі тэксты 1994 — 1999 гадоў, якія складаюць цэласны, структураваны аўтарскі тэкст, а таксама графічныя працы «Муміфікаваны знак», што неаднаразова дэманстраваліся раней на выставах у Беларусі і за мяжой.

У гэтым жа годзе там жа адбыўся «фотапраект як фотаперформанс» Людмілы Русавай і Сяргея Ждановіча «Гульня ў лялькі».

«...канцэпт застылага кадра і наратыў

неназойлівасці нерухомасці (фота)

акцэнтуецца дакучлівасцю рухомасці (відэа)

людзіна ру

мінск

24.09.2000»

У 2003 годзе галерэя «NOVA» прадставіла новы сінтэтычны праект Людмілы Русавай «Месца танцаў-2003»: «Статычнае візуальнае цела праекта фармуюць фотамантажныя працы Сяргея Ждановіча і хранікальная фотасерыя Аляксея Велікжаніна. Дынамічнае аўдыёвізуальнае асяроддзе праекта ствараюць відэастужка Наталлі Зубовіч, музыка Аляксея Варсобы і перформанс “жывая скульптура” ў выкананні Ірыны Сіманоўскай».

Гэта быў апошні праект у публічнай прасторы.

Пасля...

была толькі сфера прыватнага, працяглыя тэлефонныя гутаркі, хвароба, рэдкія візіты замежных гасцей, дзякуючы якім засталіся фатаграфіі... Бліжэй да канца трубку паднімалі сваякі і камунікацыя вялася праз пасрэднікаў. Потым была бальніца і крэмацыя...

Людміла Русава сышла ў «хатні індывідуалізм», у прастору ўнутранай свабоды, якая давала абмежаваную магчымасць весці паралельнае існаванне.

/i/content/pi/mast/35/589/51.jpg

Па-за часам. ДСП, алей. 1980.

У 2000 годзе, за тры гады да канчатковага «сыходу» з публічнай прасторы, мастачка пісала:

«жыццё па-ранейшаму бясконца таямнічае,

(а я дагэтуль не магу прывыкнуць да яго паўсядзённасці),

жыццё — рух, яго выява таксама ў руху,

лад жыцця, выява руху, — у 5 гадоў і праз 40 гадоў...

зірнуўшы ў люстэрка, — убачыць яго, пачуць яго і

пайсці на вельмі важную сустрэчу, — да Яго...

яшчэ раз здымаю капялюш перад Лёсам...

я, Ён, Іншы...

я — адсутнасць,

яно — прысутнасць,

паміж намі — Іншы,

паміж намі — складкі пакінутага і спыненага руху,

складка, — як памяць руху, —

і ў гэтым ненадакучлівы наратыў нерухомасці...»

Людміле Русавай удалося быць і застацца ў станаўленні, не дасягаць нейкай вызначанай формы (атаясамлення, мімесісу), а знаходзіць участкі суседства, неадрознасці — паміж свабодай і сучаснасцю, паміж «гульнёй у лялькі» (інфантылізмам) і паэтычнымі нападамі на мову (эксперыменты з сінтаксісам), паміж публічным і прыватным.

Усё гэта і робіць яе Аўтарам, які сцвярджае Ідэі.

Ірына CАЛАМАЦІНА