У пошуках самасці

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Зірнеш на беларускі тэатральны рэпертуар апошніх сезонаў -- і міжволі думаеш, што дзяржаўныя тэатры і прыватныя антрэпрызы цалкам памяняліся ролямі і месцам у грамадстве. Дзяржаўныя і нацыянальныя з галавою кінуліся ў пошукі забаўляльнага мастацтва: маўляў, сучасны глядач прыходзіць у тэатр, каб забыцца на свае будзённыя клопаты, весела правесці час і выйсці з незатлумленай галавой.

 /i/content/pi/mast/3/58/U-poshukah-samasci1.jpg
Адсюль -- засілле на сцэне прывабных актрыс мадэльнага тыпу ў шыкоўных, экзатычных касцюмах (як на подыуме!), надзвычай дарагога сцэнічнага афармлення (каб уразіць багаццем і раскошай) і душашчыпальных гісторый пра няўдалае каханне (людзі заўсёды схільныя суперажываць няшчасным закаханым).
У той жа час прыватныя тэатральныя ініцыятывы, здаволіўшыся прывазной маскоўска-піцерскай антрэпрызай «на траіх» і імкнучыся даказаць сваё права тэатрам звацца, звярнулі ўвагу на творы сур’ёзнага, калі не сказаць класічнага, рэпертуару. Скажам, наш Сучасны мастацкі тэатр за гады існавання прапанаваў гледачам «Мяшчанскае вяселле» тэарэтыка эпічнага тэатра Бертольда Брэхта, «Дванаццатую ноч» Уільяма Шэкспіра, «Старэйшага сына» Аляксандра Вампілава. А гэтым летам, падчас тэатральных «вакацый», прадзюсерскі цэнтр «Мэджык» адрасаваў сталічным гледачам прэм’еру спектакля «Войцэк» паводле п’есы нямецкага драматурга Георга Бюхнера ў пастаноўцы польска-нямецкага рэжысёра Монікі Дабраўлянскай.
Імя М.Дабраўлянскай вядомае беларускім тэатралам. Яна ўдзельнічала ў праекце on-line, падчас якога ажыццявіла пастаноўку п’есы «Падары мне білет» Паўла Пражко. Запомніўся і монаспектакль «Нататкі вар’ята» паводле Мікалая Гогаля, у якім галоўную ролю выканаў беларускі акцёр Анатоль Кот. А вось з творчасцю нямецкага рамантыка Г.Бюхнера наша публіка практычна незнаёмая. Прынамсі, «Войцэк» ніколі на беларускай сцэне не ставіўся.
Калі гаварыць пра «біяграфію» гэтай п’есы (аднаго з трох драматычных твораў аўтара, які памёр у 24 гады, захварэўшы на тыф), варта зазначыць, што свет яна ўбачыла толькі праз сорак гадоў пасля смерці Г.Бюхнера. Знойдзены рукапіс незакончанай п’есы меў непранумараваныя старонкі, да таго ж чарніла, якім яна была напісана, настолькі выцвіла, што тэкст удалося прачытаць толькі пасля прымянення спецыяльных хімрэактываў (якія практычна знішчылі паперу).Твор у наш час зазнаў шэраг цікавых інтэрпрэтацый -- ад амаль класічнага фільма Вернера Херцага з Клаусам Кінскі ў галоўнай ролі да напаўабсурдысцкай пастаноўкі Боба Уілсана з персанажамі-лялькамі (музыку да спектакля напісаў кампазітар Том Уэйтс, які склаў незвычайны аркестр з марымбы, банджа, кларнета, трубы, акарыны, глакеншпіля, віяланчэлі, дробнай перкусіі, баса і флейты-пікала).
Сярод гучных спектакляў апошніх гадоў можна ўзгадаць «Войцэка» ў пастаноўцы
 /i/content/pi/mast/3/58/U-poshukah-samasci2.jpg
ўладальніка «Залатой Маскі» піцерскага рэжысёра Юрыя Бутусава ў Тэатры імя Ленсавета. Бліскучае трыо ўлюбёных гледачамі (і рэжысёрам) модных піцерскіх акцёраў тэатра і кіно склалі «касцяк» спектакля: знаны «кінадазорца» Канстанцін Хабенскі -- у ролі дурня Карла, неўміручы «спецагент» Міхаіл Парэчанкаў -- у ролі Капітана, і не менш вядомы на постсавецкай прасторы «мент» Волкаў -- Міхаіл Трухін, які сыграў самога Войцэка. Гэты трагіфарс крытыкі называлі ці не самай вясёлай пастаноўкай п’есы, але адначасова і лаканічна-жорсткай, шмат у чым безапеляцыйнай. Дарэчы, існуе і маскоўская версія гэтага твора, пастаўленая ў Цэнтры драматургіі і рэжысуры акцёрам і рэжысёрам Аляксандрам Назаравым з Рыгорам Сіятвіндам у галоўнай ролі.
У праграме чацвёртага фестывалю новага еўрапейскага тэатра NET на сцэне Цэнтра імя Меерхольда ў Маскве гучную версію «Войцэка» прадставіў Жазэф Надж -- французскі рэжысёр і балетмайстар венгерскага паходжання. Без адзінага слова ён разгортвае перад намі вялікае палатно, на якім людзі-марыянеткі нагадваюць пачвар -- персанажаў вялікага катаклізму. Матэрыялізаваныя жахлівыя істоты то лепяць з гліны ўласныя твары-маскі, то прымаюць «пясочны душ», а то вырываюць адна ў адной з цела кавалкі натуральнай свежыны... Пры гэтым рэжысёр не адсылае нас да якіх-кольвек звыклых асацыяцый і ўяўленняў. Сваёй задачай ён, хутчэй, бачыць стварэнне адзінай, статычнай кампазіцыі, дзе нават Войцэк -- фігура не канфліктуючая з кампазіцыйнай дамінантай, а цалкам адпаведная агульнай гармоніі пастановачнай канструкцыі. І спектакль паўстае бездакорным механізмам, недаступным для «сярэдняга» розуму, але надзвычай прывабным па дасканаласці і прадуманасці.
 /i/content/pi/mast/3/58/U-poshukah-samasci3.jpg
 Г.Хітрык і А.Гарбуз (Зазывалы).
Ну і, канешне ж, нельга не ўзгадаць ці не самую знаную і раскручаную сёння нямецкую пастаноўку «Войцэка», ажыццёўленую Томасам Остэрмаерам -- дырэктарам тэатра «Шаубюне» і адным з самых модных і «тусовачных» рэжысёраў сучаснай Германіі. Дзеянне п’есы Т.Остэрмаер пераносіць на ўскрайкі сучаснага мегаполіса, і яго «Войцэк» мае ўсе прыкметы сацыяльнай драмы. Бетонная труба, брудная калюжына пасярэдзіне сцэны ды палатка фаст-фуда з біяпрыбіральняй. Каларытныя рокеры, панкі, прастытуткі, бамжы, скінхэды, гатовыя з задавальненнем адлупцаваць першага, хто трапіць ім на шляху... Войцэк тут, у адрозненне ад бюхнераўскай п’есы, аніякі не салдат (як і іншыя персанажы спектакля, пазбаўленыя пагонаў), хутчэй -- мясцовы маргінал, крыху дурнаваты: ён ловіць у калюжыне жаб і збірае водарасці. Час ад часу трапляецца на шляху скінхэдаў і тады становіцца для іх зручнай баксёрскай грушай. А каб бядак не сканаў, доктар дае яму нейкія незразумелыя лекі. Сваім «кліентам» -- Капітану, Тамбурмажору -- Войцэк вымушаны галіць не толькі твар. Ён з усіх сіл намагаецца быць непрыкметным, але як на грэх штораз аказваецца ў непатрэбны час у непатрэбным месцы. І, здаецца, увесь свет жадае толькі аднаго -- паздзекавацца з беднага Войцэка. Нават яго з Марыяй дзіця -- непрыгожае і пачварнае -- успрымаецца як апафеоз гэтага здзеку (ролю выконвае карлік)...
Т.Остэрмаера мала цікавяць узаемаадносіны маленькага чалавека і соцыуму, нашмат больш яго займае пільнае назіранне за тым, як нявінная душа ператвараецца ў забойцу і саслізгвае ў бездань, як Войцэк не вытрымлівае ўціску навакольнага свету і паддаецца яму, адказваючы на абразу сілай. І вось ён кідае забітую Марыю ў невялічкую брудную лужыну, а кабета... знікае ў ёй.
Між тым, М.Дабраўлянская, якая з 2002 года жыве ў Берліне, у адрозненне ад Т.Остэрмаера лічыць, што першаасновай спектакля мусіць быць не рэжысёрская фантазія, а драматургія, нават такая недасканалая, як у Г.Бюхнера (з пераблытаных і непранумараваных старонак п’есы кожны рэжысёр сёння складае свой варыянт). Таму гаварыць пра пераемнасць якіх-кольвек пастановачных традыцый у беларускім «Войцэку» М.Дабраўлянскай наўрад ці варта: з тутэйшымі, як прызналася рэжысёрка, яна не вельмі знаёмая, а нямецкія наўрад ці прыжывуцца на чужой глебе. Менавіта гэтая акалічнасць і прывабіла бліскучы акцёрскі ансамбль, дзе большасць склалі маладыя зоркі Купалаўскага тэатра: Алег Гарбуз (Капітан, Зазывала, Яўрэй), Аляксандр Малчанаў (Тамбурмажор), Святлана Зелянкоўская (Марыя), Ганна Хітрык (Доктар, Маргарыта, Зазывала). Яны ці не ў адзін голас зазначалі, што работа ў гэтым спектаклі дала ім магчымасць сыграць ролі, адрозныя ад тых, якія яны іграюць у Купалаўскім тэатры. Для Г.Хітрык -- агідная, «слізкая» да фізічнай антыпатыі бясполая істота замест чарады лірычна-інфантыльных дзяўчат-муз. Для С.Зелянкоўскай -- наіўна-ласая да простых эмоцый і вонкавага бляску безмаральная
 /i/content/pi/mast/3/58/U-poshukah-samasci4.jpg

  С.Зелянкоўская (Марыя)

дзяўчына замест правільных гераінь-сімвалаў. Для А.Малчанава -- закамплексаваны і да звону пустагаловы прыгажунчык замест шматзначных творцаў, што проста-такі струменяць грамадскі пазітыў. Для А.Гарбуза -- істоты, у якіх мудрасць і іронія выказванняў вынікаюць не з разумнасці і прадуманасці, а з абсалютнай абыякавасці да ўсяго навакольнага (у тым ліку і да людзей), замест дзіўных прынцаў і дурных сялян, што ўвесь час вымушаны заваёўваць глядацкія сімпатыі.
Галоўную ролю ў спектаклі выконвае акцёр Дзяржаўнага тэатра лялек Сяргей Кавальскі. І факт яго «лялечнай» спецыялізацыі паўплываў на вобраз Войцэка. Выканаўца не падкрэслівае хваравіты розум персанажа. Не хвароба, а пэўная недаразвітасць праглядае ў Войцэку -- у першую чаргу, за кошт нязмушанай, але вытрыманай ад першай да апошняй сцэны лялечнай пластыкі: паставы цела, нібыта падвешанага ў паветры; выразу твару, амаль пазбаўленага яркіх зменлівых эмоцый; адсутнасці хоць нейкай пэўнасці ва ўчынках ды ўласнай жыццёвай пазіцыі. Гэтая сацыяльная мізэрнасць Войцэка выяўляецца нават у тым, што іншыя персанажы нязменна звяртаюцца да яго ў трэцяй асобе.
Тэма маленькага чалавека для М.Дабраўлянскай паўстала, здаецца, не толькі ў сувязі з дадзенай пастаноўкай. Не менш пранізліва праблема чалавечай адзіноты, непачутасці і непатрэбнасці ў свеце машын і камп’ютэрнай аргтэхнікі гучала ў монаспектаклі «Нататкі вар’ята», дзе ролю Папрышчына бліскуча выконваў А.Кот. Але «Войцэк» уваскрэсіў у памяці зусім не Мікалая Гогаля, а -- класіка беларускай літаратуры Янку Купалу з яго «Адвечнай песняй». Па сутнасці, і Войцэк, і купалаўскі Мужык -- аднаго поля ягады. Яны не толькі не маюць уласнага голасу -- ім няма часу на балбатню і філасофію. А працаваць хто будзе? Пранізлівае адчуванне тутэйшасці, так ярка выпісанае стагоддзе таму Песняром, раптам выбліснула ў нямецкім «Войцэку» з новай сілай. Чалавек не мае права быць маўклівым і паслухмяным цяляткам, якое залежыць ад кожнага сустрэчнага, ён мусіць сам быць кавалём і свайго шчасця, і свайго няшчасця. Вось толькі ў дадзенай гісторыі нават забойства каханай Марыі, на якое рашаецца Войцэк, наўрад ці можна назваць свядомым выбарам і ўласным учынкам -- магутны сацыяльны прэсінг даводзіць яму ў страшнай, пачварнай форме, што нельга жыць у грамадстве і быць вольным ад яго...
Рэжысёр пазбаўляе спектакль якіх-кольвек канкрэтных прасторава-часавых прывязак -- аніякай канкрэтыкі ні ў месцы дзеяння, ні ў часе. На сцэне вялізны белы круг ды гэткая ж белая паласа праз увесь заднік (сцэнаграфія А.Ігрушы), якія ствараюць адчуванне, нібыта ты разглядаеш персанажаў спектакля пад мікраскопам. Альбо -- у цыркавым промні святла, калі героі аказваюцца на арэне сам-насам з сабою. Гледачам бачны кожны рух мускулаў на іх тварах, і адзінае выратаванне для героя -- трук, існаванне ў рытме «пан альбо прапаў». Дарэчы, пра тое, што ўсё навокал -- вялікі і даволі грубаваты, без вытанчанасці цырк, нам даюць зразумець у сцэне з зазываламі, што разыгрываюць гісторыю ператварэння малпы ў салдата (тут пра сваю лялечную адукацыю ўзгадвае ўжо Г.Хітрык, беручы ў рукі марыянеткавую малпу-салдата).
І бюхнераўскае пытанне аб адказнасці Войцэка за забойства Марыі зноў выяўляе актуальнасць свайго гучання. Каго вінаваціць больш: грамадства, якое стварае невыносныя ўмовы, што падпарадкоўваюць жорсткаму ладу слабыя чалавечыя істоты? Ці ўсё ж большым подзвігам варта лічыць спробу асобнай марыянеткі-чалавека прыняць адказнасць за ўласныя ўчынкі? Нават усведамляючы, што прадыктаваны яны нейкім невядомым і недаступным лялькаводам… 

«Войцэк» паводле Георга Бюхнера.
Рэжысёр Моніка Дабраўлянская.
Сцэнограф Алена Ігруша.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

                                                                                                    Таццяна КОМАНАВА
                                                                                                    
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА.