Цені Вострай брамы

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Віленская элегія

/i/content/pi/mast/33/571/last.jpg

Ян Булгак. Вільня. Вострая брама. 1930-я.

Гэты майстар займае асаблівае месца ў гісторыі нашай культуры. Фатограф з сусветным імем, тэарэтык, пісьменнік, ён пакінуў пасля сябе велізарную мастацкую спадчыну, на ўзорах якой выхоўвалася не адно пакаленне творцаў.

Ян Булгак нарадзіўся ў 1876 годзе непадалёк ад Навагрудка ў мястэчку Асташын, што на рацэ Сервач. Гэты прыгожы і паэтычны край падараваў сусветнай культуры цэлы шэраг выдатных творцаў, сярод іх асаблівым арэолам пазначана імя Адама Міцкевіча. Да гэтых выбітных постацей, несумненна, адносіцца і Ян Булгак.

У 1897 годзе, пасля заканчэння класічнай гімназіі ў Вільні, ён паступіў на філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, але, правучыўшыся ўсяго два курсы, мусіў перарваць вучобу. Фатаграфіяй заняўся выпадкова. Існуе легенда: Булгак дапамагаў жонцы асвойваць падараваны фотаапарат і так захапіўся гэтай справай, што больш ніколі не пакідаў яе. Яго дасягненні заўважылі, і ў 1912 годзе Фердынанд Рушчыц запрашае Булгака ў Вільню працаваць гарадскім фатографам. Менавіта ў гэтым горадзе расквітнеў талент Булгака. Ён пераняў эстафету ад такіх прызнаных майстроў, як Юзэф Чаховіч, Станіслаў Флёры, Мірон Буткоўскі. Майстар фатаграфаваў Вільню, Варшаву, Гродна, возеры Нарач і Свіцязь, любімы Навагрудак, Перасеку, дзе жыла яго сям’я. Зрабіў дзесяткі тысяч здымкаў. Загадваў фоталабараторыяй Універсітэта Стэфана Баторыя, пазней там жа выкладаў фатаграфію. У 1936 годзе яму было прысвоена званне дацэнта. Ян Булгак напісаў мноства артыкулаў па фатаграфіі, якія друкавалі самыя сур’ёзныя часопісы Варшавы, Масквы, Вільні, Санкт-Пецярбурга. Выдаў дзве тэарэтычныя працы: «Фотаграфіка. Апісанне мастацкай фатаграфіі» (1931) і «Эстэтыка святла. Асновы фотаграфікі» (1936), якія зрабілі яго вядомым у свеце.

Здымак «Вільня. Вострая брама» захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў невялікай папцы з паэтычнай назвай «Віленская элегія», дзе, апроч гэтай, знаходзяцца яшчэ дваццаць пяць арыгінальных работ Булгака, надрукаваных у яго майстэрні.

Гэтая фатаграфія — з альбома «Вандроўкі фатографа ў слове і вобразе», вельмі адметнага праекта... Булгак працуе ў Вільні амаль дваццаць гадоў. Ён — майстар, поўны ідэй і ведаў для ўвасаблення новай вялікай работы. Усё сышлося разам: і давер Фердынанда Рушчыца, які запрасіў яго ў гэты горад, і працы вялікіх папярэднікаў, што натхняюць на творчасць. Вільня Булгака — гэта не толькі напоўнены архітэктурнымі шэдэўрамі горад, дзе жывуць людзі, цячэ Нерыс, квітнеюць сады. У пышным вычварным стылі барока майстар здолеў разгледзець элегічны сум, мяккасць, няпэўнасць сілуэтаў, тактоўную нярэзкасць. Кожны здымак прасякнуты святлом, адметны неабдымнай шырынёй танальных пераходаў, асаблівай пабудовай кадра. У пэўнай меры — і элементамі піктарэалізму, які толькі зараджаўся.

Булгак заўсёды змагаўся з натуралізмам за тое, каб фатаграфічная выява была не «пратаколам», не «інвентарным спісам», а паэтычным мастацкім творам. Таму не магу пагадзіцца, калі гэтага фатографа называюць этнографам. Ён першым увёў ва ўжытак паняцце «фатаграфіка», якое аддзяліла мастацкую, творчую фатаграфію ад бытавой, што выконвалася на заказ. «Дарагія сябры, фатаграфуйце сэрцам», — заклікаў ён пазней сваіх калег падчас стварэння Саюза польскіх мастакоў-фатаграфікаў.

З тых часоў фатаграфія прайшла вялікі шлях. Змяніліся яе тэхнічныя складнікі. Але заклік Булгака застаецца: «Фатаграфуйце сэрцам, сябры!»

Юрый Васільеў