Водгулле няўмольнага часу

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

З неапублікаванай кнігі ўспамінаў

1944 год. Мар’іна Горка

/i/content/pi/mast/33/570/53.jpg

Выкладчык кансерваторыі. 1960.

З Пензенскай вобласці, з горада Новакузнецка, дзе пасля партызанскіх блакад і ранення мы з маці лячыліся ў шпіталі № 2917, нас адправілі цягніком на захад, у Беларусь. У кішэнях даведкі, выпіска са шпіталя і ні капейкі грошай. Мы не трымалі іх у руках два гады. Праўда, бачылі, калі ў шпіталі раненыя гулялі ў карты.

На ўсё жыццё засталася ў памяці карціна. Мы праязджалі Смаленск. На велізарнай плошчы, да самага далягляду, стаяць падбітыя, пакарабачаныя, абгарэлыя танкі, самалёты, машыны, гарматы. Суцэльны «буралом»! Мешаніна такая, як бачыш, калі па тэлевізары паказваюць агромністыя гарадскія звалкі. Жудасць!

На беларускай зямлі за акном вагона мільгалі коміны спаленых вёсак. А вось і родны Мінск! Стаю на прывакзальнай плошчы, перад вачыма суцэльныя разваліны. Увесь горад ляжыць у руінах. З вакзала бачу будынак фізкультурнага інстытута (той, што насупраць цяперашняга ЦУМа).

Праз нейкі час зразумелі: у Мінску ўладкавацца на працу немагчыма. Да вайны маці працавала выкладчыкам і завучам школы ў вёсцы Гарэлец. Школа знаходзілася на тэрыторыі Пухавіцкага раёна і яму падпарадкоўвалася. Там маму добра ведалі і маглі дапамагчы.

У трох кіламетрах ад чыгуначнай станцыі месціўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Маму ўзялі на работу ў бухгалтэрыю, а мне далі пасаду сакратара школы жывёлаводаў, што існавала пры тэхнікуме. Пасялілі ў сям’і рабочай вучгаса (пры тэхнікуме мелася вучэбная гаспадарка, і рабочыя яе абслугоўвалі). У куце пустога пакоя, на падлозе, расклаўшы посцілку і падушку, якія падарожнічалі з мамай з моманту яе ранення, мы і ўладкаваліся, замёрзлыя і галодныя. Праз некалькі дзён павінна адзначацца 27-я гадавіна Кастрычніка...

Гаспадыня завіхаецца на кухні: забілі кабана, робяць каўбасы, сальцісон. Водары, якія далятаюць з іхняй паловы хаты, літаральна дурманяць галаву. Акрамя вады, з ранку ў роце нічога не было. Апошнія грошы, рэшткі таго, што маці атрымала ў Штабе партызанскага руху, скончыліся.

7 лістапада 1944 года. З суседняга пакоя чуваць вясёлы рогат, рэплікі, стол ломіцца ад самагону і ежы. Але грамчэй за ўсё, як удар бізуна, гучаць словы, адрасаваныя нам: «Ну што, партызаны, даваяваліся?!» Пад акупацыяй рабочыя вучгаса супрацоўнічалі з немцамі. І тады ім жылося заможна, і цяпер. Вось яна, «жыццёвая праўда»! У душы панавалі крыўда і адчуванне несправядлівасці.

Праз некалькі дзён нам далі дзесяціметровы пакойчык у камунальнай кватэры ў будынку вучэбнага корпуса. Адно акно, пліта, жалезны салдацкі ложак без матраца. Грамадская прыбіральня для студэнтаў — у двары, за 100 метраў ад дома. Мы з мамай абжываем гэты куток, прахадны з двух бакоў. «Валетам» спім на аднаспальным ложку. Пад бокам — дошкі. Накрываемся футрам, атрыманым у якасці гуманітарнай дапамогі. Не памятаю, як разжыліся адным кубкам. Купіць не толькі няма за што, але і няма дзе — усё па талонах. Перад Новым годам паехала ў Мінск да сяброўкі. Яна падзялілася, дала мне дзве талеркі, два кубкі, каструльку. Як жа беражліва я ўсё несла, калі крочыла 3 кіламетры ад станцыі. На прыступках з палёгкай уздыхнула. І... упала. Увесь бясцэнны посуд разбіўся на друзачкі.

Зарплата мамы — 350 рублёў, мая — 250. У той час кілаграм мяса або сала каштаваў 500 рублёў, бохан хлеба — 150-200. Нашай ежай быў нязменны бульбяны суп, запраўлены цыбуляй з алеем.

Памятаю, райвыканкам выдзеліў нам, як партызанам, па талону на сукенку. Адразу, нават не раскрыўшы іх, абмянялі будучыя сукенкі на кілаграм сала. На хлебную картку давялося зарабляць у шпіталі. Два разы на тыдзень на падмосткі выкочвалі піяніна, на насілках выносілі параненых, і я іграла для іх песні, нават выконвала некаторыя вальсы і накцюрны Шапэна, п’есы Шуберта, Чайкоўскага. Усё гэта — на слых, але гармонія захоўвалася так, як у нотах. Раненыя цёпла дзякавалі.

Трэба збіраць грошы на пакупку піяніна. У суседнюю вёску дэмабілізаваны салдат, сын калгасніка, прывёз з Германіі два трафейныя піяніна. Прасіў тры з паловай тысячы рублёў. Па тым часе вельмі танна, але для нас — багацце! Збіраючы патроху ад усіх падпрацовак і адкладваючы ад зарплаты маёй і мамінай, марудна рухаліся да мэты. Нарэшце, сабраўшы ўсе слёзныя грошы ды яшчэ ўлезшы ў даўгі, купілі піяніна. Гэта свята! З’явіліся два прыватныя ўрокі.

Аднойчы ранняй вясной мы з Ядвігай, жонкай дырэктара тэхнікума, вярталіся з Мар’інай Горкі. Па дарозе ад майго бота адвалілася падэшва. Ядзя рагоча, аж заліваецца, мне не да смеху. Зняла пояс з сукенкі і прывязала падэшву. Ногі мокрыя, так і дачыкільгала да дому.

Неяк назбірала грошай і паехала ў Мінск, на Чэрвеньскі рынак, каб купіць туфлі. На таўкучцы мора народу. І чаго толькі няма! Каструлі, прымусы, рыззё. Гандлююць усе, нават старэнькія прафесары, шмат інтэлігенцыі. Нарэшце ўбачыла туфлі-лодачкі. Памерала правы — падышоў. Левы не стала, бо на нагах цяжка ўтрымацца ў гэтай сумятні. Памятаю, каштавалі лодачкі 1000 рублёў. Ох, як нялёгка яны мне даліся, першыя туфлі... Выбралася з натоўпу, зайшла за кіёск, прытулілася да сценкі, каб памераць левы туфель. О, жах! Ён на паўтара памера большы! Заплакала, але што рабіць, хіба знойдзеш у такім натоўпе прадаўца? Запхнула палову газеты, так і знасіла...

1946 год. Аднаўленне ў кансерваторыі

Ішоў час. Жабрацкае, бесперспектыўнае існаванне маральна і фізічна прыгнятала. Дні і ночы — думкі пра вучобу. Калі згадаць, як апантана я займалася, якія поспехі мела, якія былі перспектывы, надзеі, дык жыццё без музыкі здавалася цяжкім выпрабаваннем. Але што рабіць? Майму сыну Валерыку паўтара года, мама працуе педагогам, у яе хворае сэрца, ходзіць на мыліцах...

Але аднойчы яна сказала: «Усё! Калі хочаш зрабіцца чалавекам і даць адукацыю сыну, трэба аднаўляць вучобу!» Толькі мая маці магла рашыцца на такі гераічны ўчынак. Я расплакалася. У мяне адна сукенка, па адной пары бялізны і падраных ботаў, няма грошай... «Ты мяне, як шчанюка, кідаеш за борт!» У адказ: «Нічога, выплывеш!»

Пачыналася новая паласа ў жыцці. Мне 24. Мінск. Кансерваторыя на плошчы Свабоды. Акрамя яе, у невялікі трохпавярховы будынак музычнай школы «ўціснуліся» музычнае вучылішча, некалькі класаў агульнаадукацыйнай школы. У правым крыле 3-га паверха жылі прафесар Бяссмертны, дацэнты Шаршэўскі і Шыфрын, кампазітар Падкавыраў. У 5-метровым тамбуры канцылярыя музычнай школы. Заняткі пачыналіся ў 7 раніцы і ішлі да поўначы.

Рэктарам кансерваторыі стаў кампазітар Мікалай Ільіч Аладаў, мой даваенны педагог па кампазіцыі. Ён прыветна прыняў мяне і паведаміў, што атрымаў з Калымы ліст: нас шукае бацька. Першае радаснае паведамленне! Бацька ведаў, што да вайны я вучылася ў Аладава, і калі пачуў пра вызваленне Мінска, адразу напісаў яму пісьмо з просьбай паведаміць пра наш лёс.

Мікалай Ільіч даў мне расклад сваіх заняткаў па кампазіцыі, але для такога кшталту штудый не было ніякіх умоў: ні жылля, ні інструмента, ні сродкаў да існавання. Вырашыла: буду спецыялізавацца як тэарэтык, а там паглядзім.

У кансерваторыі сустрэла Сцяпана Сцяпанавіча Маркоўскага, намесніка па гаспадарчай частцы. Адначасова ён быў загадчыкам кафедры ўдарных інструментаў. Маркоўскі цёпла павітаўся і запрасіў да сябе на абед. І вельмі дарэчы, бо я была страшэнна галодная. Па дарозе абмаляваў становішча: інтэрната няма, сталовак таксама. Прадукты можна атрымаць толькі па прадуктовых картках (250 грамаў хлеба на дзень, 200 грамаў круп) або купіць на рынку за вялікія грошы.

Жыллё знайшла ў бараку на вуліцы Першамайскай. У 8-метровым пакоі здымала палову ложка, спалі на ім разам з гаспадыняй, якая служыла ў ваеннай арганізацыі. Грошы ёй не патрэбны, плата за начлег — ежа, а ў мяне, акрамя прадуктовай карткі, нічога няма. Даводзілася дзяліцца тым, што ёсць. Адна надзея — знайсці заробак, пошукамі заняты ўвесь час, вольны ад заняткаў.

Аднойчы гаспадыня на некалькі дзён з’ехала ў камандзіроўку. Пакінула запіску, сякеру і двухметровае абледзянелае бервяно. Трэба было яго пасячы, а я ў жыцці ніколі сякеру не трымала. Напакутавалася з ім, праклінаючы ўсё на свеце. Але паліць у печы трэба, маразы зімой 1946 — 1947 гадоў былі лютыя.

У сваіх туфлях-лодачках, купленых на Чэрвеньскім рынку, часам не адчувала ног, тым больш што яшчэ ў партызанах яны былі моцна абмарожаныя. Пачалася жорсткая ангіна, з высокай тэмпературай. Усё ноч праседзела над пліткай, дыхала гарачай парай з чайніка. А ранкам пабегла да Малінай, жонкі другога сакратара ЦК партыі (з яе дачкой я займалася музыкай), каб папрасіць таблетак чырвонага стрэптацыду. Так на нагах і перахадзіла цяжкую хваробу.

Пошукі заробку мелі плён — знайшла 11 прыватных вучняў. Два з іх бясплатныя — толькі за дазвол займацца на фартэпіяна дзве гадзіны на дзень. Акрамя беганіны па прыватных уроках, працавала канцэртмайстрам у педінстытуце, акампанавала хору і салістам. Неўзабаве прапанавалі ў 1-й музычнай школе выкладаць тэорыю музыкі і сальфеджыо.

Мае выкладчыкі

Не магу не згадаць сваіх кансерваторскіх выкладчыкаў. Інструментоўку, чытанне партытур і сачыненне вёў Мікалай Ільіч Аладаў, фартэпіяна — Яфім Лявонцьевіч Жыў. Гісторыю заходняй музыкі чытаў Браніслаў Сільвестравіч Смольскі, а гісторыю рускай музыкі — Сіма Герасімаўна Нісневіч. Лекцыі яе былі доўгія і нуднаватыя. Студэнты за вочы называлі яе «малой тэрцыяй».

Поліфанію вёў у нас Юліян Лятэцкі. Дагэтуль у мяне захоўваюцца дзве фугі, якія сачыніла яшчэ ў студэнцкі час. Мікалай Ільіч Аладаў, надзвычай скупы на ўхвалу, аднойчы на экзамене прапанаваў мне іх сыграць. Гэта было знакам адабрэння. Макс Рыгоравіч Шыфрын вёў сальфеджыо, гармонію, аналіз форм. Гэта ён, прыехаўшы ў Парычы да сваякоў пасля заканчэння Маскоўскай кансерваторыі, паслухаў мяне, пацвердзіў меркаванне бабруйскіх педагогаў і паведаміў пра гэта дырэктару музычнай школы Ізраілю Рыгоравічу Герману. Макс Рыгоравіч маімі поспехамі ганарыўся і неаднойчы казаў: «Мінянкова — мая вучаніца!»

Паколькі я аднавілася на 2-і курс, а лекцыі па рускай музыцы аказаліся непраслуханымі, дык на З-м курсе іх павінна была прачытаць мне Лідзія Саулаўна Мухарынская. Заняткі ладзіліся ў яе дома. Педагог здымала пакой, дзе стаялі казённае піяніна, стол, два крэслы і тапчан, на якім яна спала, накрыўшыся сваім шэрым штучным футрам.

Мухарынская была чалавекам надзіва сціплым і надзвычай адукаваным. У кансерваторыі чытала курсы савецкай музыкі і народную творчасць. Для экзамена задавала вывучыць на памяць 300 народных песень... Студэнты, абцяжараныя сем’ямі і рознымі жыццёвымі праблемамі, не заўсёды добрасумленна ставіліся да яе лекцый. Але часткова ў гэтым была вінаватая і выкладчыца. Яе перапаўняла велізарная колькасць ведаў, захапіўшыся, яна збочвала ад асноўнай тэмы, так што часам слухачы траплялі ў сферу хіміі, фізікі, агульнай гісторыі...

Калі з Лідзіяй Саулаўнай мы пачалі вывучаць рускую музыку, яна сказала: «Усе казкі (біяграфія, творчы шлях кампазітараў) вы прачытаеце самі, а мы будзем займацца аналізам музыкі, разборам твораў». Як цяпер памятаю, сядалі за піяніна і ў чатыры рукі ігралі сімфанічную паэму «Рамэо і Джульета» Чайкоўскага. Лідзія Саулаўна прасіла вызначаць — па характары музыкі, гармоніі, мелодыі, фактуры — дзеянні герояў, падзеі, што адбываюцца. Часам так захапляліся, што не заўважалі часу, і замест дзвюх гадзін Лідзія Саулаўна трымала мяне ўсе чатыры! Праз шмат гадоў, калі я сама выкладала ў кансерваторыі, студэнты расказвалі, як Лідзія Саулаўна, калі імкнулася паўшчуваць іх, казала: «Вось была ў мяне студэнтка, Мінянкова, дык яна замест дзвюх патрэбных гадзін трымала мяне ўсе чатыры!»

Надзвычай удзячна я Лідзіі Саулаўне, што яна не проста фармальна займалася аналізам, як звычайна прынята, а скіроўвала на творчае разуменне выразных сродкаў музыкі, яе вобразнага зместу. І калі пазней я выкладала той жа прадмет, заўжды імкнулася з’яднаць са зместам выразныя сродкі музыкі — гармонію, меладычную мову, форму, фактуру. Інакш для чаго патрэбен аналіз?

Акампаніруючы Ворвулеву

Міжволі згадваецца пасляваенная атмасфера. Людзі згаладаліся па відовішчах. Канцэрты доўжыліся не дзве гадзіны, як цяпер, а чатыры і нават болей. Успамінаю пярэдадзень 1947 года. Навагодні вечар. Хор выканаў некалькі песень, далей мастацкае чытанне, танцы. Зала паўнюткая...

На канцэрт запрошаны вядомы барытон, саліст Опернага тэатра Мікалай Ворвулеў (пазней народны артыст БССР). Я павінна была яму акампаніраваць (перад тым акампаніравала студэнтам, якія спявалі). На некалькі гадзін Ворвулеў даў мне ноты — пазнаёміцца з фартэпіяннай партыяй. Ён мусіў спяваць арыі з опер «Кармэн» і «Дэман» (лепшага Дэмана ніколі не чула, у дадатак уражвала і яго знешнасць). Вядома, выкананне ішло на «ўра», Ворвулеў усхадзіўся, бо зала стагнала, і пачаў спяваць «на біс» украінскія народныя песні. Нот няма. Але для мяне не праблема, бо амаль усе яны на слыху, і я пыталася толькі, у якой танальнасці зручна спяваць. Усё было цудоўна, але каштавала неймавернага напружання. Раптам Ворвулеў аб’яўляе песню, якую ніколі не чула. Ціха кажу, што іграць не буду, бо не ведаю мелодыю. А ён мне: «Выкруцішся, ты ўмееш, і лепей, чым нашы канцэртмайстры, якія іграюць толькі па нотах...» Не магу ж я на сцэне спрачацца з ім!

Спытала танальнасць і... Акампанемент, вядома, мой, але гармонія была бездакорная. Прычым, прадчуваючы, што прагучыць далей, рабіла невялікую паўзу. Як высветлілася, усе народныя і масавыя песні часткова або цалкам будуюцца амаль па адной гарманічнай схеме. Усё прайшло добра, ніхто не заўважыў імправізацыі. Трапіўшы за кулісы, я расплакалася, назваўшы паводзіны артыста хуліганствам! А Ворвулеў — раз! — на калені і спявае: «О, Маргарыта, я ля ног тваіх...» (з арыі Фаўста). Схапіў мяне за руку — і зноў на сцэну. Канцэрт ішоў да трох ночы...

Чым жыў пасляваенны Мінск

За сваё жыццё пашчасціла пачуць шмат выдатнай музыкі. Калі ў 1937-м прыехала на вучобу ў Мінск, пабывала на многіх спектаклях Опернага тэатра. Студэнты музычнага тэхнікума і кансерваторыі траплялі туды бясплатна, па пропусках. У беларускіх спектаклях зіхацеў талент Ларысы Александроўскай, Доні Кроз, Рыты Млодэк, Соф’і Друкер, Тамары Ніжнікавай, Лідзіі Галушкінай, Ісідара Балоціна, Мікалая Ворвулева.

Пашчасціла трапіць на канцэрт харэаграфічнай трупы, у якой выступалі апошнія вучні знакамітай Айседоры Дункан. Гэта быў 1946 год. Моцны мароз, 25-27 градусаў, а я ў лодачках і шаўковых панчохах бегла ў Дом афіцэраў, ногі адмярзалі. А канцэрт застаўся ў памяці незабыўным відовішчам! Склад трупы жаночы, касцюмы неверагоднай прыгажосці, танцавалі толькі басанож. Здзіўлялі назвы твораў і музыка, як быццам не прызначаная для танца. Напрыклад, народная песня «Дубінушка», «Рэвалюцыйны эцюд» Шапэна, «Элегія» Рахманінава. Многія гледачы ў зале плакалі...

Пасля вайны філарманічныя канцэрты часта ладзіліся ў клубе Дзяржынскага. Цяжка забыць выступленне спявачкі Зары Далуханавай. Голас у яе не надта вялікі, але філігранная апрацоўка кожнага сказа пакідала незабыўнае ўражанне. Лепшага вакальнага выканання не чула, хіба ў Галіны Вішнеўскай, якая чаравала слухачоў тонкай трактоўкай вобразаў. Падзеяй у вакальнай музыцы падаўся канцэрт перуанскай спявачкі Імы Сумак. Нічога агульнага з прынятым разуменнем вакалу, гэта быў жывапіс з дапамогай гукаў. Неверагодны дыяпазон ахопліваў гукі ад вялікай актавы да 4-й. Манера выканання вяла ў таямнічы свет гукаў дзікай прыроды, калі артыстка пераймала яе насельнікаў. Усё пачутае здавалася незвычайным!

Яркімі з’явамі ў жыцці Мінска былі гастролі амерыканскіх знакамітасцей — піяністаў Артура Рубінштэйна і Уладзіміра Горавіца (апошні прыязджаў з уласным раялем). Перад беларускім слухачом выступалі піяністы Якаў Зак, Якаў Фліэр, Эміль Гілельс, Леў Аборын, скрыпач Давід Ойстрах. Велізарную цікавасць выклікалі канцэрты Генрыха Нейгауза і Святаслава Рыхтэра.

Яшчэ раз пра раяль Пушчына

А цяпер прыспеў час расказаць пра раяль, які быў героем майго ранейшага аповеду і сапраўды належаў дзекабрысту Пушчыну. У 1988 годзе ў газеце «Агні камунізму» краязнаўца Уладзімір Мігай апублікаваў артыкул «Пушчыны».

Як вядома, Пушчыны належалі да старадаўняга дваранскага роду, у якім былі сенатары і адміралы. Маёнтак Парычы імператар Павел І падараваў аднаму з прыдворных вяльмож, Пятру Іванавічу Пушчыну, дзеду братоў Пушчыных — Івана Іванавіча (блізкага сябра Пушкіна) і Міхаіла Іванавіча. Абодва ўваходзілі ў Паўночнае тайнае таварыства. Пасля паражэння паўстання Івана Іванавіча прыгаварылі да пакарання смерцю, якое замянілі пажыццёвай катаргай. Міхаіла Іванавіча разжалавалі, пазбавілі дваранскага звання і саслалі ў Краснаярск. Падчас руска-персідскай вайны яго пераводзяць на Каўказ. З 1835-га былы дзекабрыст жыў у маёнтку ў Парычах.

Марыя Якаўлеўна, жонка Міхаіла Іванавіча, у 1860 годзе ажыццявіла сваю мару пабудаваць у Парычах жаночае вучылішча. Спачатку вучылішча было трохкласным, пазней рэарганізавана ў шасці-, а потым у васьмікласнае. Выпускніцы мелі права працаваць хатнімі настаўніцамі і выкладаць у пачатковых класах. Вучылішча існавала да 1917 года. Пасля рэвалюцыі ў яго велізарным будынку размяшчаліся дзве школы — беларуская і яўрэйская. Там вучыліся і мы з братам. А канцэртны раяль Пушчыных застаўся незапатрабаваным. Яго адправілі на стайню, дзе яго і ўбачыў мой бацька.

Калі разважаць пра музычны інструмент як пра адухоўленую істоту, дык можна сказаць, што мой раяль выканаў свой грамадзянскі абавязак. Ён лашчыў слых і сэрца дзекабрыстаў Пушчыных, іх знакамітых сяброў, а можа, нават самога Пушкіна. Выратаваны раяль даў мне магчымасць знайсці прафесійны шлях у музыцы. Ён адыграў велізарную ролю ў выратаванні людзей ад смерці, бо перашкодзіў карнаму атраду фашыстаў спаліць вёску Гарэлец у 1941-м. Сваім гучаннем натхняў сэрцы партызан, калі ішла нарада каманднага складу атрадаў (яны мелі за мэту аб’яднацца ў брыгаду). Пад гукі жалобнага марша Шапэна ў апошні шлях праводзілі партызана, які памёр у нашым доме, што фактычна быў шпіталем.

Калі пры канцы 1942 года некалькі партызан і я прыйшлі ў Гарэлец, маю родную вёску, дык убачылі, што ўся яна спалена. На папялішчы нашага дома сярод дагараючага вуголля корпаецца суседка Агапа і ўбітым у палку цвіком імкнецца дастаць струны майго беднага раяля. Яны патрэбны ёй, каб аплятаць гаршкі. Мае вочы напоўніліся слязьмі. Гледзячы на рэшткі раяля, я думала: «Бывай, мой сябра! І ты загінуў, як герой!»

Мае вучні, або Замест эпілога

Вярнуся ў мірнае жыццё. Любоў да прафесіі давала сілы пераадольваць цяжкасці, натхняла шукаць новыя метадычныя прыёмы, якія дапамагалі б маім выхаванцам вырашаць складаныя тэарэтычныя і практычныя пытанні. З’явіўся першы вучань-кампазітар. Гэта Дзіма Смольскі, з якім трэба прайсці курс тэорыі музыкі, сальфеджыо і гармоніі. Дзіма аказаўся здольным маладым чалавекам, займацца з ім лёгка і цікава. Ён з бляскам паступіў у Маскоўскую кансерваторыю, атрымаў «выдатна» па сальфеджыо і гармоніі. Заканчваў кансерваторыю ў Мінску. Цяпер Дзмітрый Смольскі — народны артыст Беларусі, аўтар трох опер, трынаццаці сімфоній.

Наступная група тэарэтыкаў складалася з чатырох вучняў, адзін з якіх, Сяргей Картэс, прыехаў з Аргенціны. Дарослы чалавек (яму тады споўнілася 20 гадоў), ён меў музычную падрыхтоўку, але ўзроўню патрабаванняў школы ніяк не адпавядаў. Давялося займацца з ім дома дадаткова. Аднойчы Картэс сарваў мне ўрок. У класе цішыня, усе вучні слухаюць тлумачэнне педагога, і раптам — крык! Усе здрыгануліся: што такое? Ускрыкнуў Картэс, паказваючы на акно: з неба ляцелі першыя сняжынкі. Сяргей нарадзіўся ў паўднёвай краіне і ніколі такога не бачыў. Аднакласнікі са смехам выцягнулі яго на двор і пачалі абсыпаць снегам.

Успамінаю яшчэ адзін выпадак. У час перапынку ў калідоры чамусьці незвычайна ціха, а дзверы ў клас зачынены. Адтуль даносіцца нягучны спеў. Адкрываю дзверы і чую: «Боже, царя храни...» За раялем — Ігар Лучанок, а вакол усе вучні класа. У Мар’інай Горцы на гарышчы дома Ігар знайшоў ноты і наладзіў у класе «канцэрт». У той час гэтая гісторыя магла б зрабіцца падсуднай, палітычнай справай! Я схапіла ноты і пайшла. Калі б даведаліся органы, дырэктара дакладна знялі б з работы.

Віктара Капыцько, тады шасцікласніка англійскай школы, прывяла да мяне за руку маці. Віця ведаў на памяць кавалкі з опер, прападаў у Оперным тэатры, вывучаў біяграфіі кампазітараў, трызніў музыкай. Зразумела, куды яму трэба ісці! Але практычныя навыкі абмежаваныя фартэпіяннымі п’есамі для пачаткоўцаў. І гэта прэтэндэнт на тэарэтычнае аддзяленне?! Ідэя мне падалася цалкам нерэальнай. Але паўтара года Віця старанна засвойваў курс сальфеджыо і тэорыі музыкі. У 8-ы клас разам з іншымі трымаў экзамен на тэарэтычнае аддзяленне. Справіўся з усімі цяжкасцямі. Пачаў займацца кампазіцыяй, скончыў 11-ы клас і з выдатнымі адзнакамі паступіў у Ленінградскую кансерваторыю.

Падводзячы вынікі працы ў школе, з задавальненнем згадваю: Маскоўскую кансерваторыю скончылі 12 маіх выхаванцаў, Ленінградскую — 10, Інстытут імя Гнесіных — 10. У маім класе атрымалі прафесійную падрыхтоўку 16 кампазітараў, 7 дактароў навук, 15 музыказнаўцаў-кандыдатаў навук, 6 народных артыстаў. Сёння мае вучні працуюць у буйнейшых кансерваторыях гарадоў СНД, зрабіліся вядомымі вучонымі, абаранілі кандыдацкія і доктарскія.

Будзе несправядлівым не назваць тых маіх выхаванцаў, якія не напісалі дысертацыі, але твораць сапраўдныя цуды педагагічнага майстэрства, займаючыся тэарэтычнай падрыхтоўкай абітурыентаў для Беларускай, Маскоўскай, Пецярбургскай кансерваторый. Гэта Вера Густова, Ірына Дзянісава, Святлана Братухіна, Ірына Казанцава, Наталля Перкас, Галіна Грынчук.

Нават пасля выхаду на пенсію я працягвала займацца любімай справай. У выніку з’явіліся два выданні па сальфеджыо (па заказе і просьбе выкладчыкаў-тэарэтыкаў Мінска і Брэста) — «Гарманічнае сальфеджыо» (Мінск, 2001) і «Развіццё аналітычных навыкаў у працэсе працы над музычнай дыктоўкай» (Брэст, 2002). Радасна чуць ад выкладчыкаў добрыя словы пра мае дапаможнікі.

Шчаслівая, калі адчуваю клопат і ўвагу былых вучняў, многія з якіх зрабіліся маімі сябрамі. Удзячная лёсу за тое, што мела магчымасць на працягу ўсяго жыцця займацца любімай справай. Яна заўжды была для мяне святам, пошукам, адкрыццём таямніц неспасцігальнай музыкі...

Маргарыта Мінянкова