Алфавіт любові і Марцін Пар

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Фестывалі фатаграфіі ў Польшчы

/i/content/pi/mast/33/568/45.jpg

Філіп Таледана. З серыі «Дні з маім бацькам». 2006–2009.

Для Беларусі фестываль фатаграфіі — справа пакуль яшчэ даволі экзатычная.
Чацвёрты год запар у выставачнай прасторы «БелЭкспа» праводзіцца так званы
«Фотафорум», мэта якога — паказаць усё лепшае, што ёсць у нас у галіне фатаграфічнага мастацтва, адукацыі, рэкламы і тэхнікі. Аднак такое сціплае вызначэнне намераў несупастаўляльнае з маштабам, які прымаюць аналагічныя акцыі нават у самых блізкіх нашых суседзяў — у Расіі, Літве і Польшчы. Фестываль — гэта, у першую чаргу, знаёмства з новым, а фотафестываль — якраз тое месца, дзе можна даведацца пра актуальныя тэндэнцыі сучаснай фатаграфіі. Нацыянальныя межы размываюцца: фотафэст у Літве зусім не мае
на ўвазе, што там можна паглядзець толькі на літоўскую фатаграфію. Першы ў Прыбалтыцы і самы вялікі штогадовы фестываль «Каўнас фота» дэманструе публіцы фотамастацтва Аўстраліі, Грузіі, скандынаўскіх краін, а сёлета — нават Бразіліі!

Адразу чатыры польскія гарады — Варшава, Кракаў, Лодзь і Бельска-Бяла — спрабуюць сябе ў арганізацыі фестываляў. Але сапраўдная канкурэнтная барацьба разыгрываецца паміж Кракавам і Лоддзю: куратары спаборнічаюць у тым, хто прыцягне больш наведвальнікаў, прыдумае самую арыгінальную канцэпцыю, найлепшым чынам арганізуе выставы і спадарожныя мерапрыемствы, запросіць да сябе самых знакамітых і цікавых фатографаў і арт-крытыкаў. У гэтым годзе абодва фестывалі адкрыліся практычна адначасова — 6-га і 7-га мая, прымусіўшы аматараў фатаграфіі вызначыцца з тым, якому гораду яны ўсё-такі аддадуць перавагу і ў які накіруюцца найперш. Зараз, post factum, арганізатары прагна чытаюць водгукі ў прэсе, аналізуюць свае памылкі і прадумваюць, якім будзе іх «дзецішча» ў наступным годзе, бо падрыхтоўка да чарговага фэсту пачынаецца адразу ж пасля заканчэння папярэдняга.

У 2009-м лідэрства безумоўна было на баку Лодзі. Пра нашумелы фестываль пад назвай «Гумар, абсурд, іронія» да гэтай пары ўсе гавораць з прыдыханнем. «Выбухі смеху, рогат, хіхіканне, востры жарт, гумар, свавольствы... Так з чаго мы смяемся ў сучасным свеце? І чаму? 28 мастакоў з розных краін паспрабуюць расправіцца з усім занадта нудным, сур’ёзным і патэтычным. Хаця... смех не заўсёды бывае смешным», — апісалі куратары задуму свайго мерапрыемства. А рэклама фестывалю была прыдумана нечаканая, правакацыйная і ў нейкім сэнсе шакуючая: яркія карцінкі, на якіх цацачныя чалавечкі робяць розныя маніпуляцыі з кавалкамі мяса і ўнутранымі органамі.

Павесяліўшыся ад душы, у гэтым годзе лодзінскія куратары абралі яшчэ больш гарачую тэму — любоў! Зразумела, яна — невычэрпная, на гэтую тэму знята мноства фатаграфій, напрыклад, знакаміты «Пацалунак каля будынка муніцыпалітэта» Роберта Дуано ці партрэт абдымаючыхся Джона Ленана і Йока Она, зроблены Ані Лейбавіц. «Нам усім патрэбна любоў. Мы не хочам жыць без яе. Любоў для нас — як кісларод. Ці можна ўявіць сабе такі стан, калі мы не будзем нічога адчуваць да іншых людзей?» — піша ва ўступным слове Кшыштаф Кандровіч, дырэктар Міжнароднага фестывалю фатаграфіі і Цэнтра мастацтва ў Лодзі. Мяняецца час, але любоў — гэта тое, што дазваляе нам адчуць жыццё. Як бачаць і разумеюць яе ў ХХІ стагоддзі?

Сярод праектаў, прадстаўленых у галоўнай праграме фестывалю, хацелася б асабліва вылучыць серыю «Дні з маім бацькам (2006–2009)» амерыканца брытанскага паходжання Філіпа Таледана — шчымлівы дзённік апошніх трох гадоў жыцця ягонага бацькі. У здымках і каментарыях аўтар спрабуе прадставіць 98-гадовага старога такім, якім ён яго любіць, ведае і памятае. Дэталёва апісваючы звычкі і характар, здымаючы звычайныя паўсядзённыя сюжэты, Таледана знаёміць нас з чалавекам, дату смерці якога мы ўжо ведаем з назвы фотапраекта. «Я вельмі шчаслівы, што ў мяне былі гэтыя тры гады, — чытаем мы ў каментарыях да апошняга здымка. — Што паміж намі за гэты час не засталося нічога недасказанага. Што мы даведаліся, як моцна мы любім адзін аднаго і не саромеемся гэтага пачуцця. Што я ўбачыў, як бацька радуецца маім жыццёвым дасягненням. І што я змог убачыць, якім вясёлым чалавекам ён быў. Тры гады — цудоўны падарунак».

Адно з галоўных месцаў у экспазіцыі Цэнтра мастацтва занялі фатаграфіі нашага беларускага аўтара Ігара Саўчанкі, якога куратары спецыяльна запрасілі да ўдзелу ў фестывалі. Серыя «Алфавіт жэстаў», зробленая напачатку 1990-х, не страціла сваёй актуальнасці. Крыніцай натхнення для Саўчанкі сталі аматарскія фотаальбомы 1930 — 1950-х гадоў. З фатаграфій ён пераздымаў толькі фрагменты, на якіх былі паказаны жэсты людзей: нялоўкія паставы рук, ног, пяшчотныя дотыкі, асцярожнае трыманне прадметаў — цэлая галерэя мікражэстаў — інтымнага, ледзь-ледзь прыкметнага вымярэння жыцця. На фоне папулярных сёння каляровых фарматных здымкаў «Алфавіт жэстаў», аналагавая чорна-белая кантрасная серыя, выглядаў вельмі арыгінальна. І важна падкрэсліць, што гэта першы выпадак удзелу беларусаў у лодзінскім фестывалі.

Візуальны дзённік і тыпалогія сталіся тымі формамі рэпрэзентацыі, якія фатографы выкарыстоўвалі часцей за ўсё. З прадстаўленых тэм у фокусе перадусім аказаліся не рамантычныя гісторыі кахання, як можна было б чакаць, а эмацыянальнае вымярэнне сямейнага жыцця — узаемаадносіны дзяцей і бацькоў, мужа і жонкі, адчуванне адзіноты ўнутры сям’і, сталенне, старэнне і паміранне. Любоў — гэта не толькі перажыванне шчасця і эйфарыі, але і пачуццё суму, трывогі, страху, адчаю, разгубленасці, нянавісці — увесь рэпертуар эмоцый, які Ралан Барт выдатна апісаў у «Фрагментах прамовы закаханага». Выставачныя праекты, якія не ўвайшлі ў галоўную праграму фестывалю, яшчэ больш пашыраюць і размываюць тэму любові, даследуючы стан медытацыі, трансцэндэнцыю і талерантнасць.

У лодзінскі Цэнтр мастацтва прыйшло звыш тысячы заявак з розных краін свету ад фатографаў, якія жадалі прыняць удзел у фестывалі. Але, як прызнаўся ў інтэрв’ю Кшыштаф Кандровіч, у большасці работ дамінавала праблематыка, звязаная з настальгіяй і адзінотай, і паказаны былі жаданне і патрэба ў любові, а не яе сцвярджэнне і актуальнае перажыванне. Магчыма, гэта і ёсць адказ на пытанне, як мы бачым і разумеем любоў у ХХІ стагоддзі...

Аднак, калі казаць пра сапраўдную сенсацыю гэтага фестывальнага года, то ёю, безумоўна, стаў Марцін Пар, ганаровы госць Кракаўскага месяца фатаграфіі. Брытанец Пар — адна з самых яркіх постацей у сучасным еўрапейскім фотамастацтве. Ён стаў вядомы ў канцы 1980-х дзякуючы сваёй пранізліва іранічнай і крытычнай серыі «Апошні курорт: фатаграфіі Нью-Брайтана» (1986). Пад уплывам амерыканскай каляровай фатаграфіі, у першую чаргу — Уільяма Эглстана і Стывена Шора, Пар развіў свой уласны стыль: маментальныя дакументальныя здымкі, яркі насычаны колер, выкарыстанне ўспышкі, сярэдні фармат, несентыментальны погляд на сучаснае грамадства, адкрытая крытыка канс’юмерызму і глабалізму.

У 1994 годзе разгарэўся скандал вакол уступлення Марціна Пара ў «Магнум» — самае прэстыжнае агенцтва журналістыкі ў свеце. Многія з членаў агенцтва былі супраць, сцвярджаючы, што стыль работы Пара не мае нічога агульнага з фотажурналістыкай. Самы заўзяты праціўнік, майстар ваеннага рэпартажу Філіп Джонс Грыфітс, у адкрытым лісце заявіў: «Прыняць Марціна Пара ў агенцтва не значыць падтрымаць разнастайнасць поглядаў і падыходаў, гэта значыць адкінуць усе каштоўнасці, якімі заўсёды кіраваўся “Магнум” і якія далі агенцтву той статус у свеце, які яно мае сёння». Тым не менш, Пара ў агенцтва прынялі... з перавагай у адзін голас: гэта было прызнанне таго, што гуманістычная традыцыя дакументалістыкі старэе, патрэбныя радыкальны перагляд канцэпцыі сучаснай дакументальнай фатаграфіі і рух да новых формаў рэпрэзентацыі.

За кароткі час Марцін Пар увайшоў у тройку самых камерцыйна паспяховых членаў агенцтва. Яго энтузіязм і працаздольнасць не згасаюць: Пар выкладае, здымае новыя фільмы, калекцыянуе фатаграфіі, курыруе выставы, шукае і падтрымлівае новых аўтараў. А яшчэ на рахунку Пара ўжо больш як 50 кніг, уключаючы двухтомнік «Фотакніга: гісторыя», напісаны сумесна з Гары Баджэрам. Гэтае выданне — беспрэцэдэнтны праект у галіне гісторыі фатаграфіі. Вынік васьмігадовай працы, ён прысвечаны гісторыі кніг пра фатаграфію — пачынаючы з ХІХ стагоддзя і да сённяшніх дзён.

Запрашэнне Марціна Пара ў Польшчу — вялізны падарунак для аматараў мастацтва святлапісу. Істотна, што Пар прыехаў не для адкрыцця сваёй персанальнай выставы, а з больш амбіцыйнай мэтай — пазнаёміць польскую аўдыторыю з набыткам англійскіх фотамайстроў.

/i/content/pi/mast/33/568/46.jpg

Том Хантэр. Дзяўчына піша клятву. 1997.

Галоўнае пытанне, вакол якога выбудоўвалася канцэпцыя фестывалю, — ці існуе брытанская фатаграфія як нешта асобнае, маючае свае ўнікальныя рысы і асаблівы нацыянальны стыль? Ледзь пераступіўшы парог інфармацыйнага цэнтра, наведвальнікі траплялі ў самую гушчу дэбатаў. Мультымедыйны праект «Актуалізацыя. UK» уключаў дзевяць інтэрв’ю з уплывовымі гульцамі фотарынку ў Вялікабрытаніі: куратарамі, фатографамі, рэдактарамі часопісаў і выкладчыкамі навучальных устаноў. Усе яны намагаліся вылучыць найбольш важныя дасягненні ў галіне фатаграфіі за апошнія 10 гадоў, а таксама назваць імёны аўтараў, якія заявілі пра сябе адносна нядаўна, але прэтэндуюць на прыкметную ролю ў далейшым развіцці брытанскай фатаграфіі. Партфоліо названых фатографаў можна было адразу ж паглядзець у суседняй зале. А спецыяльны стэнд з кнігамі даваў магчымасць пагартаць выданні, выдзеленыя экспертамі як найбольш значныя.

У будынку Нацыянальнага музея Кракава размясцілася галоўная выстаўка фэсту «Факты з жыцця. Брытанская фатаграфія 1974–1997», у якой былі сабраны работы дзесяці самых вядомых аўтараў другой паловы ХХ стагоддзя. У адным з артыкулаў фестывальнага каталога Біл Кувенховен іранічна падзяліў усю 175-гадовую гісторыю фатаграфіі ў Брытаніі на два перыяды: «Ад Фокса Тальбата да Марціна Пара» і «Ад Марціна Пара да Марціна Пара і далей», падкрэсліваючы тым самым, што цяжка называць чыесьці імёны на фоне надзвычай яркай асобы, якая, па сутнасці, вывела брытанскае фота на сусветны рынак. Выстава сапраўды адкрывалася серыяй «Апошні курорт: фатаграфіі Нью-Брайтана», але экспазіцыя не зводзілася выключна да праслаўлення творчасці Пара.

Тут можна было ўбачыць і чорна-белыя індустрыяльныя ландшафты Джона Дэвіса, і працятыя клаўстрафобіяй сямейныя хронікі Рычарда Білінгхэма, і работы Тома Хантэра, напрамкі імітуючыя жывапісныя палотны. Тут жа, у Нацыянальным музеі Кракава, можна было пачаць знаёмства з неспакойнай гераіняй новай каляровай фатаграфіі Ганнай Фокс, больш поўную рэтраспектыву творчасці якой узяла на сябе смеласць паказаць галерэя сучаснага мастацтва «Bunkier Sztuki». Дзякуючы стараннай падборцы аўтараў і работ выстава «Факты з жыцця...» прасочвае развіццё брытанскай фотавыявы, паказвае змены як у эстэтыцы фатаграфічнага вобраза, так і ў самім разуменні сутнасці візуальнага дакумента.

Нечаканым, але безумоўным фаварытам польскай публікі аказаўся брытанец Марк Паўэр з яркай і запамінальнай персанальнай выставай «Мелодыя дзвюх песень», цалкам прысвечанай Польшчы. Маляўнічасць, бездакорнасць кампазіцыйных рашэнняў і якасць друку яго вялікіх шырокафарматных фатаграфій адзначылі нават самыя прыдзірлівыя крытыкі.

Ці ёсць падставы казаць пра нацыянальную спецыфіку брытанскай фатаграфіі? Безумоўна, выклікае пэўныя пярэчанні сама пастаноўка пытання: як можна ў сучасным глабалізаваным свеце (і тым больш — у такой краіне, як Вялікабрытанія) рабіць спробу адшукаць спецыфічныя ўнікальныя рысы ў фатаграфіі? Ды і як увогуле вызначыць, што такое «брытанская фатаграфія»? Створаная самімі брытанцамі? Толькі ў Брытаніі? Ці і то і другое адразу? Але, тым не менш, крытыкі настойваюць, што гаварыць пра спецыфіку брытанскага фатаграфічнага погляду магчыма: гэта звычка разглядваць знаёмыя рэчы на адлегласці, уважліва назіраць і, у той жа самы час, дыстанцыравацца, іранічна ставіцца да ўсяго (уключаючы тое, што дорага і любіма) і, перш за ўсё, да самога сябе. Для брытанскіх фатографаў заўсёды актуальнымі застаюцца праблема ідэнтычнасці і пытанне, што значыць быць брытанцам. Тэмамі фотапраектаў часта робяцца ўласны дом і наваколле, звычкі, рытуалы — у выніку гэта выліваецца ў візуальную антрапалогію саміх сябе. Найлепшым прыкладам можа быць неаднаразова адзначаны крытыкамі праект «Мы англічане» (2009) Саймана Робертса, які спалучае ў сабе сацыяльны дакумент і такую любімую брытанцамі ландшафтную фатаграфію.

Любы фотафестываль — гэта не толькі выстаўкі і паказ слайдаў, але і майстар-класы, кірмашы кніг па фота, партфоліо-рэвю, конкурсы, паказ выніковых работ выпускнікоў фатаграфічных школ, публічныя сустрэчы з фатографамі, куратарамі і выдаўцамі, семінары, «круглыя сталы», адкрытыя лекцыі, прэзентацыі новых кніг, часопісаў і інтэрнэт-рэсурсаў, аўкцыёны фатаграфіі, экскурсіі па горадзе, канцэрты і фільмы. Арганізатары намагаюцца сканцэнтраваць усе найбольш значныя падзеі вакол так званага «галоўнага ўікэнду» фестывалю, каб госці з другіх гарадоў і краін маглі ўзяць максімум інфармацыі за кароткі тэрмін. Тым не менш, фестывальныя мерапрыемствы расцягваюцца на цэлы месяц, якім у Польшчы традыцыйна стаў май. У гэтым сэнсе можна пазайздросціць жыхарам Кракава і Лодзі, якія маюць магчымасць пазнаёміцца з усім цікавым у галіне фатаграфіі без неабходнасці выпраўляцца ў далёкія падарожжы. Застаецца спадзявацца, што культура фотафестываляў атрымае сваё развіццё і ў Беларусі.

Святлана паляшчук