Асаблівасці нацыянальнай рыторыкі

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Год да Венецыянскай біенале

/i/content/pi/mast/33/565/37.jpg

Тобіяс Рэбергер. Тое, што любіш, прымушае нас плакаць. Інсталяцыя. 2009.

Міжнародная біенале мастацтваў у Венецыі — найстарэйшая выстава з мноства біенале, трыенале і квадрыенале — рэгулярных маштабных арт-падзей, якія зоркамі ўспыхваюць на паверхні зямнога шара адпаведна з двух-, трох- і чатырохгадовай цыклічнасцю. У інтэрнацыянальным фармаце яна была заснавана ў 1895 годзе і да сённяшняга часу захоўвае статус самай прэстыжнай пляцоўкі для дэманстрацыі найноўшых тэндэнцый сусветнага мастацтва. Пад брэндам Венецыянскай біенале паступова з’явіліся і набылі ўласны аўтарытэт Архітэктурная біенале, а таксама міжнародныя форумы кіно, тэатра, сучасных музыкі і танца. Што да традыцыйнай мастацкай часткі, то за апошнія дзесяцігоддзі яе схема практычна не змянялася: асноўны куратарскі праект, нацыянальныя павільёны краін-удзельніц і сетка сатэлітных экспазіцый займаюць цэнтр італьянскай «культурнай сталіцы» на ўсё лета кожнага няцотнага года.

Хоць глабалізацыя і ўносіць пэўныя карэктывы ў адладжаны механізм венецыянскага арт-шоу, яго галоўная асаблівасць паслядоўна захоўваецца — найбольш значныя і цікавыя з’явы мастацтва розных краін дэманструюцца ў нацыянальных павільёнах. І няважна, што адным пашчасціла мець свае ўласныя капітальныя пабудовы ў Садах Джардзіні — гістарычным сэрцы Венецыі і біенале, а іншыя вымушаны арандаваць экспазіцыйныя плошчы. Істотна тое, што кожная краіна прад’яўляе свету свой, так бы мовіць, афіцыйна зацверджаны арт-вобраз (звычайна арганізацыяй нацыянальных павільёнаў займаюцца адпаведныя міністэрствы культуры або эквівалентныя ім установы).

Нягледзячы на значныя міжнародныя поспехі асобных мастакоў, Беларусь — свайго роду terra incognita на арт-карце свету. І з пункту гледжання дзяржаўнай рыторыкі — тут цалкам зразумелыя энтузіязм і вялікія спадзяванні нашага Міністэрства культуры — лагічным выглядае імкненне прэзентаваць наша мастацтва на гэтым прэстыжным форуме.

Аднак недастаткова прывезці ў Венецыю тыповую зборную экспазіцыю з удзелам лепшых беларускіх творцаў. Канцэпт «выстаўкі дасягненняў айчыннага мастацтва» выклікае сумненні праз няяснасць знешніх крытэрыяў ацэнкі і нявызначанасць зместу таго, што мяркуецца данесці да інтэрнацыянальнага гледача. Невыразнае першае венецыянскае выступленне Беларусі ў 2005 годзе відавочна гэта пацвердзіла.

У 2009-м была паказана іншая версія беларускага павільёна, якая прадэманстравала нам чарговыя дасягненні — на гэты раз тутэйшага «актуальнага» мастацтва. На шчасце, да Венецыі гэты павільён не даехаў: у міжнародным біенальным фармаце ён глядзеўся б па меншай меры дзіўна.

У адрозненне ад папярэдніх, Павільён Рэспублікі Беларусь на 54-й Венецыянскай біенале арганізуецца загадзя. У лютым 2010-га краіна падала афіцыйную заяўку, якая была прынята аргкамітэтам. Павільён ладзіцца на базе нашага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Камісарам павільёна прызначана яго дырэктар Наталля Шаранговіч. На конкурснай аснове з кандыдатур, прадстаўленых у Міністэрства культуры творчымі арганізацыямі, сфармаваны куратарскі калектыў, які ўзначаліў вядомы беларускі мастак і мастацтвазнаўца, прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. Асістэнтамі галоўнага куратара сталі дырэктар Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Зінкевіч, прадстаўнік Міністэрства культуры Аляксандр Зіменка і аўтар гэтых радкоў.

Сёння наша першачарговая задача — знайсці экспазіцыйнае памяшканне, дастаткова вялікае і прыдатнае для тэхнічных патрэб сучаснай выставы. Паралельна ідзе выпрацоўка канцэпцыі павільёна. Я пакуль не магу раскрыць усіх падрабязнасцей гэтага працэсу, таму далей буду агучваць сваё ўласнае меркаванне. Куратарская група адкрыта для прапаноў, прымаюцца і разглядаюцца матэрыялы ад мастакоў (таксама — дызайнераў, рэжысёраў, артыстаў, мультыплікатараў і прадстаўнікоў любых іншых творчых прафесій). Плануецца, што да канца ліпеня 2010 года будуць дакладна вызначаны агульная канцэпцыя нацыянальнага павільёна і канчатковы спіс экспанентаў. З гэтага часу пачнецца праца над каталогам і іншымі друкаванымі матэрыяламі, якія павінны быць выданыя ў сакавіку наступнага года. Да сёлетняга лістапада адбудзецца грамадская прэзентацыя павільёна, а з сакавіка 2011-га пачнецца дэманстрацыя праекта ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і на іншых пляцоўках Беларусі.

І, нарэшце, у чэрвені/верасні 2011 года Павільён Беларусі будзе працаваць у Венецыі — не толькі ў якасці статычнай выставы, але і як культурна-асветніцкі асяродак, прызначаны для знаёмства з сучасным беларускім мастацтвам. Плануецца чытанне лекцый, паказ фільмаў, прэзентацыі асобных беларускіх мастакоў і творчых суполак, кірункаў і стратэгій.

Спынюся на базавых канцэптуальных момантах будучай венецыянска-беларускай рыторыкі.

Паводле меркавання паўночнаамерыканскага крытыка і куратара Бруса Фергюсана, любая выстава — гэта выказванне. Каб быць пачутым і зразуметым, наша нацыянальнае выказванне павінна быць выразным. Хто кажа? Звяртаючыся да каго ці для каго? Пры якіх акалічнасцях? — такія, паводле Фергюсана, галоўныя пытанні любога выставачнага праекта. Калі наконт акалічнасцей усё ясна — яны мусяць спрыяць максімальнай чутнасці прамоўленага спіча, то экспазіцыйных наратываў (вызначаных, у першую чаргу, тым, хто кажа і з якой матывацыяй) у нашым выпадку некалькі. З іх мне падаецца важным найперш такі: мастацкая супольнасць Беларусі артыкулюе свае бягучыя арт-практыкі з мэтай прыцягнення міжнароднай увагі. Зразумела, павільён — гэта шматгалоссе ў дыяпазоне самых розных танальнасцей — і сольныя мастацкія самарэпрэзентацыі павінны зліцца а капэла з інстытуцыянальнымі одамі. Але ўсё ж (бо наш павільён — нацыянальны) абавязкова будзе акцэнтавана наступнае: дзяржава дзеля падтрымкі свайго прагрэсіўнага іміджу заяўляе пра існаванне ў нашай краіне найноўшага мастацтва. Менавіта гэта, як мне здаецца, з’яўляецца галоўнай інтэнцыяй для нашага новага міністра культуры, які ініцыяваў афіцыйнае беларускае прадстаўніцтва на будучай біенале.

Экспазіцыйная рыторыка павільёна павінна грунтавацца на ўзаемадзеянні з гледачом. Сучасныя творы мастацтва — гэта даўно ўжо не прыгожыя прадметы для адхіленага сузірання і атрымання эстэтычнага задавальнення, а сферы ўзаемадзеяння, якія прыводзяць у рух (як сведчыць куратар і тэарэтык Нікаля Бурыё) мадэлі сацыяльных узаемасувязяў, то-бок «мадэлі ўзаемадзеянняў з гледачамі ў рамках прапанаванага ім эстэтычнага досведу, а таксама камунікацыйныя працэсы ў сваіх пэўных вымярэннях — у якасці прылад, якія могуць быць скарыстаны для збліжэння пэўных індывідаў і груп людзей».

Таму выстава сучаснага мастацтва — не проста карціны, развешаныя на сценах, і скульптуры, расстаўленыя на подыумах, а «вынік супрацоўніцтва з гледачом», як вызначае сучасную выставачную мадэль сам Бурыё ў адным з інтэрв’ю. І нам неабходна арганізаваць працуючую экспазіцыйную прастору — пажыўнае асяроддзе, у якім беларускае мастацтва зможа эфектыўна камунікаваць з інтэрнацыянальным наведвальнікам. Таму будзе правільным зыніцыяваць творчыя пошукі ў рамках вызначанай праблематыкі і прапанаваць мастакам стварыць адмысловыя працы пад біенальны праект.

Выстава, паводле Фергюсана, павінна з’яўляцца «стратэгічнай сістэмай рэпрэзентацый», якая нясе асэнсаванае адрэжысаванае і важнае «пасланне» ці даследуе пэўную спецыфічную праблематыку. Менавіта таму экспазіцыю нашага павільёна неабходна пралічыць, тэарэтызаваць і выбудаваць, а не рабіць наўдалую. Усё павінна быць дасканала выверана — ад кантэкстуалізацыі да этыкетажу. І тут падыход куратарскага калектыву досыць стандартны. Ён прадугледжвае папярэдняе даследаванне, збор інфармацыі, яе аналіз з наступным выкрышталізоўваннем (рэалізацыяй) відовішчнага складніка праекта. Сама ж сабраная база даных можа ўтварыць паўнавартасную і важную інфармацыйную частку павільёна. Дарэчы, яго прасторавае вырашэнне будзе распрацоўваць запрошаны архітэктар.

На мой погляд, галоўная мэта беларускага венецыянскага праекта — уступіць у дыялог з сусветнай мастацкай супольнасцю, знайсці агульныя інтарэсы і праблематыку. Звышзадача куратарскай групы — паспрыяць гэтаму дыялогу.

І тут мы падыходзім да сучаснай біенальнай спецыфікі. Біенальны рух у першую чаргу накіраваны на камунікацыю, а не на дэманстрацыю. Менавіта з-за патрэбы ў актывізацыі міжнацыянальных мастацкіх стасункаў штогод расце колькасць разнастайных бі-, тры- і квадрыенале. Карацей кажучы, калі ўзнікае неабходнасць далучыць нейкую лакальную геаграфічную кропку да глабальнага мастацкага працэсу, ладзіцца біенале. Спецыяльна запрошаны куратар альбо каманда куратараў («варагі» + «тутэйшыя») ствараюць вялікі арт-праект, у якім мясцовыя мастакі ўдзельнічаюць разам з прыезджымі зоркамі. Гэты ж прынцып працуе і ў Венецыі, з той толькі розніцай, што прагныя далучэння нацыянальныя супольнасці групуюцца на венецыянскай тэрыторыі.

Не стану адмаўляць наяўнасці ў павільёна і шэрагу іншых задач, акрамя камунікатыўных. Сярод іх — актывізацыя мастацкіх працэсаў і каталізацыя крытычнага дыскурсу менавіта тут, на радзіме. Апошняе, здаецца, ужо атрымліваецца.

Не лішнім будзе згадаць і пра некаторыя прынцыповыя моманты, якія выявіліся падчас апошніх біенальных дыскусій.

Найперш: Венецыянская біенале — статуснае, але не камерцыйнае мерапрыемства. Для арт-бізнесу існуе разгалінаваная сістэма спецыялізаваных інстытуцый — незлічонае мноства лакальных галерэй і прыватных калекцый, велізарная колькасць міжнародных арт-кірмашоў («Арт-Базель», «Фрыз Арт»), аўкцыённыя дамы (галоўныя з іх — «Крысці» і «Сотбі»). Камерцыйным эквівалентам біенале з’яўляецца якраз арт-кірмаш — маштабны і экспазіцыйна бессістэмны распродаж «арт-прадукту», які адначасова нагадвае вулей і супермаркет. Калі біенале — гэта дэманстрацыя ідэй і абмен імі, то арт-кірмаш — выстава-продаж тавару.

У задачы Павільёна не ўваходзіць прасоўванне айчыннага прадукту і яго вытворцаў, а таксама «працісківанне» ў пэўныя сегменты арт-рынку. Для гэтых мэт існуюць іншыя — згаданыя вышэй — месцы. Дарэчы, значна больш прыдатныя для аўтараў, заклапочаных павышэннем капіталізацыі ўласнай творчасці.

Дагэтуль усе беларускія павільёны канцэптуальна-прасторавай неарганізаванасцю і адсутнасцю цэльнага куратарскага рашэння імітавалі якраз арт-кірмашовую экспазіцыйную мадэль. Спадзяюся, у нас атрымаецца пазбегнуць памылак папярэднікаў і паспяхова справіцца са спецыфічнымі біенальна-камунікатыўнымі задачамі.

Проста трэба быць творчымі, адкрытымі і, па магчымасці, шчырымі. Мастацтва ўвогуле (цвёрда перакананы) — рэч не камерцыйная, толькі творы з’яўляюцца аб’ектамі спажывання, куплі і продажу. Але калі паглядзець шырэй, мастацтва — як ні банальна гэта гучыць — адмысловы спосаб пазнання навакольнага свету, які дазваляе рабіць адкрыцці/выказванні, немагчымыя, напрыклад, на мовах навукі і рэлігіі. Там жа, дзе тырчаць вушы камерцыі і прамоўшэну, узнікаюць сумненні ў шчырасці творчага выказвання. А нам трэба быць шчырымі — каб прэтэндаваць на інтарэс, неабходны для паўнавартаснага дыялога. Мы можам праўдзіва паказаць, што сабой уяўляем, не падрабляючыся пад сярэднебіенальныя гаварок і праблематыку, інакш атрымаецца толькі другасная стылізацыя пад модныя арт-брэнды, а не сапраўднае наша мастацтва. У гэтым выпадку мы рызыкуем пачаць гутарку з агульных месцаў, у прынцыпе не новых і не цікавых патэнцыйным
/i/content/pi/mast/33/565/39.jpg

Кшыштаф Вадзічка. Госці. Інсталяцыя. 2009. Павільён Польшчы.

суразмоўцам.

Для ўдзелу ў біенальнай экспазіцыі для чысціні і выразнасці рыторыкі дастаткова ад аднаго да пяці аўтараў. Гэта звычайная колькасць экспанентаў практычна любога нацыянальнага павільёна. Сярод работ удзельнікаў агульнай прасторы таксама павінен адбывацца дыялог — выразна акрэсленыя стасункі, якія не пераходзяць у кірмашовае рознагалоссе. Таму ў Венецыю, на жаль, немагчыма ўзяць адразу ўсіх годных творцаў. Але адчайвацца не варта — хваравітая фіксацыя менавіта на Венецыянскай біенале неразумная: існуе мноства іншых праектаў. Біенальны рух сёння на піку. Падобных, раскіданых па ўсім свеце вялікіх падзей каля ста трыццаці. І кожны мастак вольны экспанавацца на любой з іх. Для ўласнага выказвання ёсць лепшыя месцы: касэльская «Дакумента» (антытэза Венецыянскай біенале, якая прэзентуе канцэптуальную, чыстую творчасць) ці «Маніфеста», дзе выстаўляюцца маладыя мастакі...

Крытыка венецыянскай мадэлі даўно стала агульным месцам. Традыцыйна ганіцца яе «дзяржаўная рэпрэсіўнасць», а таксама механістычнасць, недасканаласць і неактуальнасць. Аднак што рабіць, калі існуюць рэгламентаваныя схемы нацыянальнага ўдзелу... Трэба проста ім адпавядаць і стварыць лепшае з таго, на што мы здатныя ва ўсталяваных межах.

Я захапіўся практычнымі аспектамі венецыянскага праекта і выпусціў з-пад увагі яго тэарэтычны складнік, дзе мы трапляем на тэрыторыю структуралізму — постструктуралізму — дэканструктывізму, на якой мастацтва разглядаецца як спецыфічны від камунікацыі. У нашым выпадку рабочымі будуць посткаланіяльны і постсавецкі дыскурсы, а таксама модны фемінізм — усе гэтыя разнавіднасці філасофскіх палемік маюць дачыненне да нашага павільёна ў той іх частцы, якая тычыцца надання магчымасці выказвання тым, хто раней быў выключаны з прасторы камунікацыі. Так, трэба даць беларускаму мастацтву права голасу, і мы павінны стварыць аптымальныя ўмовы, каб ён прагучаў. Трыбуна ў нас будзе. Галоўнае — каб было што сказаць.

Павел ВАЙНІЦКІ