Таццяна Арлова ...І павароты яе лёсу

№ 7 (328) 01.07.2010 - 30.07.2010 г

Сярод тых творчых асоб, што маюць непасрэднае дачыненне да сцэнічнага мастацтва, Таццяна Арлова лічыцца адной з самых уплывовых.

Яе прафесійны аўтарытэт беспярэчны. Унёсак у тэатральную крытыку важкі і грунтоўны. Стасункі з дзеячамі сцэны ўзорныя і тактоўныя. Многія з іх у яе публікацыях знаходзяць палкага аборонцу. Калі нехта з пачынаючых крытыкаў усё яшчэ захоўвае адданасць сцэнічнаму мастацтву, дык гэта ў многім дзякуючы яе намаганням і досведу. Аналітык і тэарэтык паводле прафесійнага прызначэння, яна адначасова з’яўляецца выніковым тэатральным практыкам. Як гэта ні парадаксальна гучыць. Яе ўважлівыя парады і ацэнкі самым непасрэдным чынам уплываюць на тэатральны працэс. Раней падобныя асобы лічыліся інтэлектуальнымі аўтарытэтамі. Цяпер іх становіцца ўсё менш, а значыць, іх прафесійны досвед робіцца яшчэ больш важкім. А па сённяшнім часе нават унікальным.

Амаль сорак гадоў Таццяна Арлова працуе на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яе педагагічная дзейнасць — асобная старонка для доследу і разваг. Зрэшты, уся яе праца знаходзіцца не толькі ў полі эмацыйных ацэнак. Таццяна Арлова — кандыдат мастацтвазнаўства, доктар філалагічных навук, аўтар шматлікіх кніг па тэатру і журналістыцы. Член рэдкалегіі «Мастацтва», пастаянны і заўсёды жаданы аўтар нашага часопіса. Істотная акалічнасць, дзякуючы якой Таццяна Дзмітрыеўна пагадзілася адказаць на мае пытанні.

Людміла ГРАМЫКА

/i/content/pi/mast/33/563/29.jpg
— Бадай, пачну з таго, што не люблю даваць інтэрв’ю, хоць гэта цяпер асноўны жанр у тэатральнай крытыцы. Герой публікацыі што заўгодна можа распавесці журналісту, а мы часцей за ўсё даем яму веры. Мне здаецца, больш цікава не проста працытаваць тое, што пачуў, напрыклад, пра тэатр, прыватнае жыццё, планы на будучыню, а самому ва ўсім разабрацца. Бо акцёры вельмі часта дадумваюць свае біяграфіі, а чытачы прымаюць жаданае за сапраўднае. Таму я і сама ніколі не згаджаюся адказваць на пытанні карэспандэнтаў. Гэтым разам раблю выключэнне.

Колькі слоў давядзецца сказаць у абарону жанру... Мне заўсёды цікава размаўляць з людзьмі і пачуць ад іх тое, што яны самі могуць распавесці пра сябе. Пра астатняе — здагадацца. Важна, каб гутарка была шчырая і глыбокая.

— Так, з табой цікава размаўляць. Ты мяне даўно ведаеш, мы даўно ў прафесійнай звязцы. Тут іншы варыянт, а калі прылятае дзяўчынка, якая бачыць цябе ўпершыню, перад ёй раскрывацца не надта хочацца...

Дзякуй. Прызнацца, мяне найбольш здзіўляе і захапляе ваша... шматмернасць. Абсалютная загадка — якім чынам усё паспяваеце... Такіх педагогаў, як вы, цяпер на журфаку па пальцах можна пералічыць. Маеце не проста ўдзячных вучняў — школу. Хоць сёння паняцце «вучань» увогуле напаўзабытае. Калі гаворка заходзіць пра тэатральную крытыку, у ліку першых згадваецца ваша прозвішча. Вучні вашага бацькі, знакамітага Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова, дагэтуль з удзячнасцю прыходзяць да вас, паважаюць і шануюць. Што ўвогуле, па сённяшнім часе, неяк не прынята. Няўжо лепшы спосаб творчай рэалізацыі — калі работа становіцца жыццём? Такім чынам?

— Цяжка адказаць — якім. Яшчэ студэнткай прыйшла працаваць у «Знамя юности», з таго часу — спрэс цякучка і абавязкі. Маё пакаленне так было выхавана: паабяцаў — трэба зрабіць. Дазволіць сабе нічога не рабіць або не стрымаць слова — неяк не атрымлівалася. Заўсёды была цікаўная. Гатовая сунуць свой нос нават туды, куды не просяць. Журналістыка і крытыка ў маім жыцці перакрыжоўваюцца. Па чарзе выходзяць на першы план. Журналістыка — неабходнасць пастаянна выдаткоўвацца. Хлеб надзённы. А тэатр — штосьці накшталт хобі. Начны роздум. Калі выйшла замуж за Яўгена Шабана, упершыню трапіла ў вёску. І вельмі яе палюбіла. Лёгка знаходжу агульную мову з простымі людзьмі, убіраю ўсё, што наўкол. Такі жыццёвы досвед дапамагае разважаць пра змястоўнасць спектакляў. Магу сказаць, што самы плённы перыяд майго творчага жыцця прыйшоўся на яго другую палову. Калі нічога ўжо не трэба даводзіць, заваёўваць. Я стаўлю перад сабой маленькія задачы і кожны дзень мушу штосьці зрабіць. Інакш дзень для мяне страчаны. Не магу проста ляжаць або сядзець і нічога не рабіць. З маленькіх спраў набягае штосьці сур’ёзнае. Некалі я шмат пісала артыкулаў для газет і часопісаў. Думала, што напісаць кнігу — задача непасільная. У 1969 годзе быў выданы першы зборнік маіх артыкулаў — «Купалаўцы». Страх перад вялікай формай прайшоў. Цяпер мне нецікава працаваць у газетным фармаце, хочацца пісаць кнігі. Іх у мяне ўжо чатырнаццаць. Дарэчы, памяць працуе вельмі адмыслова. Я магу не ўспомніць нейкіх жыццёвых падрабязнасцей, магу іх не зафіксаваць, але спектакль, калі гэта сапраўды была падзея, здатна ўзнавіць праз шмат гадоў. Хоць ніколі нічога не занатоўваю на памяць. Апошнія 50 гадоў развіцця беларускага тэатра прайшлі праз мяне. Я ўсё гэта бачыла: спектаклі, рэжысёраў, акцёраў. І зараз нібы жывая гісторыя, якая абсалютна нікому не патрэбна. Але дагэтуль гляджу ўсе спектаклі, што з’яўляюцца ў нашых тэатрах. Для мяне важны працэс. Бо калі глядзець іх раз-пораз, змяняецца кропка адліку. Я вельмі лёгкая на пад’ём. Не прапускаю магчымасці паглядзець прэм’еры ў абласных гарадах. Мне наогул падабаецца падарожнічаць. Любімы занятак — сесці ля акна ў аўтобусе, ехаць, глядзець, думаць...

Мяркую, няправільна называць тэатральную крытыку, якой вы так грунтоўна займаецеся, словам «хобі». Бо на справе — таксама работа, як і выкладанне. Але ж якая з іх любімая?

— Складана адказаць адназначна. Увогуле, ніколі не думала, што ў мяне ёсць педагагічны талент. У БДУ трапіла выпадкова. Калі працавала ў «Беларускай Энцыклапедыі» навуковым рэдактарам, упершыню ў жыцці апынулася ў сітуацыі млына. Былі неверагодная колькасць сумнай працы, жорсткі графік і кепскае непасрэднае кіраўніцтва. Думала, як збегчы. Калі Барыс Стральцоў запрасіў на журфак, пагадзілася без ваганняў. Хоць педагогіка ў той час была для мяне закрытай кнігай. Напачатку займалася вельмі сумнымі і афіцыйнымі прадметамі. Потым адчула, хоць і неўсвядомлена, што выкладанне — своеасаблівы тэатр. А менавіта — уменне распавесці і зацікавіць студэнтаў. Быццам паводле сістэмы Станіслаўскага... Здатнасць назіраць, натхняць, захапляць неабходная ў абедзвюх прафесіях... І цудоўна ўспрымаецца студэнтамі. Нібы адчыняе нейкія новыя вокны...

Вы са знакамітай тэатральнай сям’і. Магчыма, адпаведныя гены спрацавалі?

— Так. Дзяцінства прайшло ў тэатры. Мама, тата — акцёры. З маці ездзіла на гастролі, жылі ў грымёрцы, і я штовечар сядзела ў аркестравай яме і глядзела на сцэну. Але мушу прызнацца, што ў тэатральным плане ад бацькоў я не надта шмат узяла. Як заўсёды бывае — потым спахопліваешся: не пагаварыў, не распытаў, не даведаўся, не паназіраў. Тое, што ўвайшло, — уваходзіла інтуітыўна. А наконт генаў... Бацькі ў адзін голас казалі: толькі не тэатр! Ідэю стаць журналісткай дружна ўхвалілі. Толькі я ўсё роўна прыйшла ў тэатр праз аспірантуру. Дарэчы, у маім жыцці павароты лёсу заўсёды адбываюцца, калі нешта не складваецца на працы. У «Знамени юности» я кіравала аддзелам культуры. У хрушчоўска-кукурузны перыяд добра атрымліваліся рэпартажы з сельскай мясцовасці. І начальства вырашыла перавесці мяне ў сельгасаддзел. Тады я падумала: «Куды збегчы?» І паступіла ў аспірантуру. Такі паварот да навукі маім бацькам вельмі спадабаўся. Усё пераадолела. Абараніла дысертацыю. Потым замест доктарскай быў яшчэ адзін паварот лёсу. Асабістае жыццё. Шмат гадоў я існавала толькі інтарэсамі мужа, ягонымі справамі і клопатамі. За яго змагалася, лячыла, бо ў Шабана было слабае сэрца. І другая дысертацыя ўзнікла не так і даўно, толькі ў 2000 годзе.

Імкненне пераадольваць цяжкасці — рыса характару, сіла волі, магутная энергетыка? Што?

— Не магу сказаць, што ў мяне моцная воля. Я чалавек мяккі, гнуткі, адыходлівы. Паводле жыцця — аптыміст. Дэпрэсіі, уласцівыя кожнаму, не бываюць доўгімі. З любой сітуацыі спрабую знайсці выйсце. Канешне, жыццёвыя абставіны часам да нечага падштурхоўваюць. Ды толькі... я ніколі не ўмела, не ўмею і, мабыць, ужо не навучуся штосьці рабіць пад прымусам. І ўсё жыццё раблю тое, што мне хочацца.

Вы шчаслівы чалавек.

— У гэтым сэнсе, безумоўна, шчаслівы. Але ж я нічога не магу рабіць па загадзе. Проста катастрофа! Калі мне не хочацца, не цікава, нізавошта не буду рабіць. Тады і прыдумваю сабе павароты лёсу.

Што, на вашу думку, адбываецца сёння з крытыкай?

/i/content/pi/mast/33/563/30.jpg

На факультэце журналістыкі. Пачатак 1970-х.

— Крытыка ператварылася ў тэатральную журналістыку. Гэта агульны працэс, які ўласцівы не толькі Беларусі. І, уласна, гэта тэма маёй доктарскай дысертацыі. Для сур’ёзных навукоўцаў засталося тэатразнаўства, але яно не ўваходзіць у зону грамадскай увагі. Сур’ёзныя крытыкі, якія змаглі прыстасавацца да такога працэсу, робяць вельмі якасную тэатральную журналістыку. Умеюць рабіць гэта цікава, карыстаючыся жыццёвымі асацыяцыямі. Але большасць тэатральных крытыкаў робяць сваю справу сумна, млява. А сумнае ніхто не чытае. Што датычыцца беларускай крытыкі і мяне, дык, мушу зазначыць, ад пачатку і дагэтуль я — кошка, якая гуляе сама па сабе. І ніколі ні да каго не далучалася. І заўсёды была ў баку ад усяго астатняга. Ад любога кшталту карпаратыўнай барацьбы. У іншым выпадку цярпела паразу. Не ўмею грукнуць кулаком. Я адступлю на свае пазіцыі, але буду, наколькі магчыма, адстойваць уласны пункт гледжання. Дарэчы, да 50 гадоў я лічылася маладым крытыкам і ў афіцыйных колах, дзе існавалі свае мэтры, была толькі на падхопе. А потым адразу, без пераходнага ўзросту, аказалася на пазіцыях сталага крытыка. І нядаўна нават пачула ад вельмі паважанага чалавека, што ён мяне ўспрымае як спадчынніцу савецкай эпохі. Вось чым я ніколі не была! Усё напісанае было шчырым, з поўнай верай, нават тое, што з пазіцый сённяшняга дня некаму падаецца смешным. Вельмі часта падтрымлівала любое новае слова ў тэатры, любы рух і захаплялася гэтым надзвычайна. Таму мяне часта білі мае калегі: і публічна, і ў прэсе, і па-ўсялякаму. За мае погляды, бо падабалася не тое, што іншым. Таму і лічу, што ў крытыцы я адзіночка. Але сёння больш прыхільная не да постмадэрнісцкіх, а да класічных традыцый. Хоць прымаю любое новаўвядзенне і гульню. Магу сказаць: мне гэта падабаецца, але — не маё. А тое, што маё, застаецца пры мне.

А што адбываецца з беларускім тэатрам?

— Ну, гэта бязмежнае пытанне. Таму што ў любым артыкуле, выступленні, за «круглым сталом» мы заўсёды высвятляем, што адбываецца з нашым тэатрам. Мастацтва змяняецца ў прынцыпе. І змяняецца ўсё ў жыцці. Прадбачыць змены, якія адбываюцца ў мастацтве сёння, у тым ліку ў тэатры, было проста немагчыма. Расквітнела маскультура, за гэтым — прыстасаванне публікі да сучасных рэалій. Вядома, можна з маскультурай не лічыцца. Але ж камерцыйная і эканамічная сітуацыя лічыцца прымушае. І яна прымушае слухаць грамадскія чаканні. Чаканне сур’ёзнага мастацтва. Калі гэтаму падуладная большая частка публікі, атрымліваецца ўжо грандыёзны аб’ём. Але ж натуральны працэс развіцця мастацтва, у тым ліку тэатральнага, ідзе крывым, не вельмі плённым шляхам. Аднак лямантаваць: «Да, были люди в наше время, не то, что нынешнее племя...», на мой погляд, няправільна і старамодна. І зразумець гэта мне дапамагае не столькі тэатральная публіка, колькі мае студэнты. Мне цікавы іх погляд на мастацтва, на рэчаіснасць, нават калі ён разыходзіцца з маім. Бо — новая эпоха, новая публіка, новае ўспрыманне. Гэта важна. Як інакш рухацца ў часе, змяняцца разам з ім? У галоўным яны застаюцца ранейшымі, але і я лічу сябе гнуткім чалавекам, свабодна ўспрымаю новае.

Мяне заўсёды захапляла ваша здольнасць быць сваёй сярод моладзі, здатнасць знаходзіць з імі агульную мову. Прызнацца, думала пра тое, што сіла і энергія, вастрыня сучаснага мыслення перадаецца праз студэнцкую аўдыторыю. Своеасаблівы энергетычны абмен, як паміж акцёрам і публікай.

— Мне заўсёды неабходна бачыць іх вочы. Дарэчы, цяпер надта вялікія курсы, па 200 чалавек, і цалкам авалодаць іх увагай цяжка. Не атрымліваецца. Вялізны масіў.

Калі перад табой штогод праходзяць сотні маладых людзей, натуральна, некага запамінаеш, і запамінаеш яго імя на ўсё жыццё. Цікава, але сваіх першых выпускнікоў (іх было тады значна менш) памятаю лепш, чым сённяшніх, якія ідуць вялікай плынню. Цяпер з сотні вылучаеш толькі дзве-тры асобы. Гэта мала. З першымі маімі студэнтамі, у якіх ужо дзеці прыйшлі на журфак, дагэтуль падтрымліваю вельмі цёплыя адносіны. Новае пакаленне — неяк праскоквае.

А што вам не падабаецца ў маладых крытыках?

— Мне заўсёды незразумела, калі крытык паглядзеў спектакль і кажа: «Мне было сумна. Звычайны спектакль, нічога асаблівага». Ды яшчэ піша пра гэта. Як жа так? Калі крытыку на спектаклі сумна, значыць ён займаецца не сваёй справай. Гэта як у сямейным жыцці. Жывуць муж і жонка, хіба штодня яны чакаюць адкрыццяў і ўзрушэнняў? Тады ўзнікае натуральнае пытанне: калі чалавек цябе расчароўвае, калі ён нецікавы, чаго ты з ім жывеш? Чаму не збег? Таму што ёсць будні, ёсць святы. Свята — значыць нейкі ўзлёт. Будні — калі людзі моўчкі ўсё разумеюць і адчуваюць. Тэатр і крытык таксама мусяць разумець і адчуваць адзін аднаго, як у добрай сям’і. Калі сумна — сыходзь з прафесіі. У бухгалтэрыю, яна заўсёды дае цудоўны імпульс. Апрануў нарукаўнікі, лічы чужыя грошы і думай, што калі-небудзь яны будуць у цябе таксама.

Такім чынам, наперадзе жыццё і праца?

—Тут у мяне зноў намячаецца паварот лёсу. Хоць у юбілейны год, магчыма, не варта пра гэта казаць. Але я чалавек цвярозы і прадчуваю, што мая педагагічная праца неўзабаве скончыцца. Бо ўсё з большай цяжкасцю разумею пазіцыю кіраўніцтва журфака. Я пралічваю сітуацыю наперад, думаю, як буду жыць тады, калі ўсё будзе па-іншаму. Буду вырошчваць кветкі, якія вельмі люблю. Буду шмат чытаць. Магчыма, больш шчыльна займуся тэатрам. Зрэшты, усе гэтыя пенсіённыя радасці па магчымасці хацелася б адсунуць. Я вельмі ўдзячна часопісу «Мастацтва» за тое, што на яго старонках заўсёды пішу так, як думаю, і мяне ў рэдакцыі ніколі не правяць і не перарабляюць. Гэта вельмі каштоўная якасць. І гэта, бадай што, адзіны за ўсё маё жыццё варыянт. Таму ваш часопіс вельмі люблю.

У мяне засталася адна незавершаная праца, якой таксама мушу заняцца. Я хачу напісаць гісторыю арлоўскага роду і ўжо дакапалася амаль што да Рурыкаў. І адшукала шмат вельмі цікавых нітачак. Але гэтаму трэба аддаць увесь свой час, нельга рабіць мімаходам. Яшчэ хачу напісаць пра бацьку, пра маці, бабулю, дзеда, людзей, якіх ведала, інтэлігенцыю ў некалькіх пакаленнях. І думаю, што гэта мой абавязак на зямлі.