— А наогул, дзе яна, тая Японія?
Бальдаб’ю падняў палку, накіраваў яе вышэй за царкву Святога Аўгуста.
— Наўпрост, не збочваючы, — сказаў ён. — І так да самага краю свету.
Алесандра Барыка, «Шоўк».
«Шоўк» паводле Алесандра Барыка. Сцэна са спектакля.
Дзякуючы ініцыятыве Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі мінскія гледачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з новым спектаклем Літоўскага нацыянальнага тэатра «Шоўк» паводле твора сусветна знакамітага італьянскага пісьменніка і журналіста Алесандра Барыка. Паказ адбыўся на Малой сцэне Палаца Рэспублікі. Аўтар інсцэніроўкі, рэжысёр, выканаўца галоўнай ролі — улюбёніца мінскай публікі вядомая літоўская актрыса і паэтка Бірутэ Мар.
«Шоўк» — гэта гісторыя пра гандляра-кантрабандыста Эрвэ Жанкура, які рушыў у Японію за тутавым шаўкапрадам. У краіне ўзыходзячага сонца ён пакахаў жанчыну. Нават голасу яе ён не змог пачуць, але жанчына заняла ўсе ягоныя мары. Пра пачуцці Эрвэ ў роднай Францыі ведала ягоная жонка Алена. І больш за ўсё на свеце ёй хацелася стаць той жанчынай у кімано, якую кахае муж. Гісторыя скончылася нечакана: пасля смерці Алены Эрвэ выпадкова даведваецца, што самы дарагі ліст у ягоным жыцці, дзе кожны іерогліф дыхаў страсцю, напісала не таямнічая каханая з Японіі, а ягоная ўласная жонка. Чалавек, які ўсё жыццё імкнуўся да недасяжнай мары, раптам усведамляе, што мара была нашмат бліжэй, чым здавалася, але цяпер ужо нічога не паправіш...
«Шоўк» можа быць жаночай, а можа быць і мужчынскай гісторыяй — усё залежыць ад таго, хто ставіць. Літоўскі спектакль мае выяўлены жаночы пачатак. З «Шоўку» зніклі гандляры і войны — уся эпічнасць апавядання. Перад гледачамі разгортваецца эфемерная гісторыя крохкіх узаемаадносін. Дзе ва ўяўным трохкутніку закаханых галоўная роля належыць Алене і яе імкненню пераадолець сітуацыю, калі людзі жывуць побач, але не разам.
Згадваць літоўскі тэатр без азначэння «метафарычны» сёння нават неяк непрыстойна. «Шоўкавая гісторыя», увасобленая Бірутэ Мар, цалкам адпавядае гэтаму тэрміну. Спектакль прасякнуты метафарамі на розных мастацкіх узроўнях.
Натуральныя дэкарацыі — пясок, каменне, драўляная брама — узмацняюць адчуванне вітальнасці пачуццяў, іх прыналежнасці да сапраўднага існавання. Бясконцыя згадкі геаграфічных назваў — ад Францыі да Японіі — сімвалізуюць адлегласць паміж людзьмі — непераадольныя абсягі. Прызнацца ў нечым, патлумачыць нешта пра сябе, зразумець не нашмат прасцей, чым пераадолець шлях шоўкавага вандроўніка: на караблі да Сабрыку, адтуль уздоўж кітайскай мяжы да возера Байкал, чатыры тысячы вёрст па сібірскіх прасторах, праз Уральскі хрыбет, да Кіева, потым цягніком праз усю Еўропу...
Чалавечае непаразуменне акрамя слоўных сімвалаў увасоблена і ў матэрыяльных вобразах: падарункі ад Эрвэ (Гедымінас Сторпіршціс) — шоўкавая туніка, веер. Алена ўспрымае іх хутчэй як напамін пра тую, што засталася далёка, чым як клопат пра тую, да якой ехалі.
Сцэнічная прастора, у якой існуюць героі, вырашана ў белым колеры, Алена — у белай сукенцы, са светлымі валасамі. У японскай класічнай паэзіі менавіта белы колер сімвалізуе холад, разлуку, пакуты нераздзеленага кахання. Знаходзіць і разгадваць вобразы можна бясконца...
Але стрыжнем гэтай гісторыі з’яўляецца не метафарычнасць, а хутчэй эмацыйнасць, якой прагнуць сучасныя рэжысёры ў процівагу іроніі постмадэрнізму і халоднасці новай драмы. «Шоўк» Бірутэ Мар — гэта безагляднае раскрыццё чалавечай сутнасці.
Эмоцыі і вобразы... Наўпрост, не збочваючы, рухаецца праз іх услед за каханым Алена Бірутэ Мар — да самага краю свету, каб памерці там у адзіноце....
Алена Мальчэўская