Гульні ўсе ўзросты падуладны…

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

У залах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ўлетку прайшла выстава «Арт-лялькі» -- сумесны праект 11 мастакоў, у якім гэтая дзіцячая забаўка была прадстаўлена досыць нечакана. «Гульня», якую меркавалі весці экспанаты выставы, мела не побытавы, а быццёвы характар: гэта жывапіс, аб’екты, скульптура, інсталяцыя, відэа-арт, коміксы, «fachion»-фатаграфія і нават манументальнае мастацтва.

 /i/content/pi/mast/3/56/Gulnya1.jpg
 Р.Вашкевіч. Дзяўчынка з касой і іншыя. Аўтарская тэхніка. 2007. Паліптых.
Арт-лялька (артыстычная лялька) -- кірунак і від актуальнага мастацтва, шырока распаўсюджаны ў свеце. «Радзімай» лялечнай мастацкай тэмы трэба лічыць класічную літаратуру: у творах Гётэ і Гофмана яна пакінула нам безліч дасціпных варыянтаў пігмаліёнаўскага міфа. Візуальныя мастацтвы, аднак, задалі цалкам іншы фармат: тут усё пачалося з рускіх футурыстаў, якія свае творы называлі цацкамі для марсіянскіх немаўлят. Крыху пазней А.Какошка заявіў тэму лялькі як сурагату чалавечнага. Услед за ім Г.Бэлмер зрабіў дзіўнае і досыць хваравітае адкрыццё: ён даследаваў праблему самаідэнтыфікацыі, але не чалавека праз ляльку, а... лялькі праз чалавека. І па сёння гэтыя дзве тэмы дамінуюць ва ўсіх кірунках сучаснага візуальнага мастацтва. Прынамсі, менавіта так працуюць зоркі кшталту Сіндзі Шэрман, Якашы Мурака і Ёшымота Нара.
Наведваць сёння сусветныя выставы артыстычнай лялькі -- не летуценнае баўленне часу: тут хапае жахаў і крыві, часам не толькі штучнай. Падаецца, што ў ХХ стагоддзі гэтая дзіцячая забаўка здолела ўзваліць на свае крохкія плечы цяжар і складанасць праблем, няўздымных для самога чалавека. Гэтыя новыя карыятыды нашай чалавечай заблытанасці набылі выгляд інсталяцый, аб'ектаў і фотаіміджаў, у якіх часам з вялікай цяжкасцю можна адшукаць мілыя з дзяцінства лялечныя рысы.
У мінскай «лялечнай» выставы -- 11 удзельнікаў розных узростаў і мастацкіх кірункаў:
 /i/content/pi/mast/3/56/Gulnya2.jpg

 У.Логвінаў, А.Хацкевіч. Навагоднія маскі. Мантажная пена, фарба. 2006.

Валянцін Борзды, Руслан Вашкевіч, Валянціна Ляховіч, Уладзімір Макаркоў, Аляксей Мартынаў, Дзяніс Нядзельскі, Максім Восіпаў, Уладзімір Цэслер, Аляксей Хацкевіч, Андрэй Шчукін. Крыві не было, бо адсутнасць жорсткасці і брутальнасці ў сённяшнім беларускім мастацтве -- амаль нацыянальная рыса. Адпаведна сусветным тэндэнцыям у экспазіцыі дамінавала не сама лялька, а хутчэй яе ідэя. На выставе вымаляваліся свае ўнутраныя сюжэты, упарадкаваныя і іерархічныя, і бясспрэчна праглядваліся пэўныя пуцяводныя схемы.
Частку твораў яднаў матэрыял непрэстыжнага характару: «смецце» (трэш, фанк), знойдзенае аўтарамі не ў мастацкіх ці антыкварных крамах, а на чалавечай «барахолцы». Але ўключанае ў крэатыўны працэс формаўтварэння, гэтае «смецце» набывае духоўны сэнс і рысы каштоўнасці -- адбываецца свайго роду вобразны рэсайклінг. У гэтым кірунку бясспрэчна лідзіруе Валянціна Ляховіч: яе агромністыя, вышэй за чалавечы рост, выявы «Шкляной пані», «Аматара птушак», «Дзяўчынкі-балбатунькі», «Жанчыны-хвалі», «Хлопчыка, які пісае», яе «Марак» і падвешаны да столі двухбаковы аб'ект з выявамі мужчыны і жанчыны сталі цэнтрамі прыцягнення выставы. Свой «будаўнічы матэрыял» аўтарка не хавае і не маскіруе, але і не выстаўляе напаказ -- гэтае «смецце» толькі часам дамінуе ў творы, прыхаванае вольнасцю
 /i/content/pi/mast/3/56/Gulnya3.jpg
 В.Борзды. Матрошкі. Дрэва, метал. 2006-2007.
фарбы. Тут ёсць мантажная пена, марля, былы мальберт, алюмініевы імбрык, кавалкі дрэва, лямпачкі, спружыны, форма для кекса -- і гэта толькі тое, што можна распазнаць. Своеасаблівы дэмакратызм назіраецца і ў спосабе экспанавання твораў: у іх цалкам адсутнічае статуарнасць выставачнага прадмета (не маюцца на ўвазе рама, вітрына, п’едэстал). І тым неверагодней метамарфозы, у якіх выразна адчуваецца прысмак гумару.
Да таго ж у «Балбатунькі» круціцца і шуміць галава, зробленая з вентылятара, пяшчотна свеціцца сэрца ў «Аматара птушак» (кішэнны ліхтарык), а тулава «Шкляной пані» ззяе каляровымі лямпачкамі, як рэклама ў амерыканскім казіно. Разглядаць скульптуру як сінтэз інжынернага і паэтычнага мыслення распачалі У.Татлін («Летатлін») і П.Мітурыч («хвалевікі») яшчэ стагоддзе таму. Але ў адрозненне ад славутых папярэднікаў у В.Ляховіч няма выразнай тэхнічнай ідэі: рух, святло, гук патрэбны ёй, каб надаць яшчэ большую поліфанічнасць сваёй вельмі жывапіснай форме. Усё ж гэта нешта кшталту інтэлігентнага каларыстычнага жывапісу, які самым неверагодным чынам пакінуў прасторы палатна-радзімы і гарэзліва сочыць за гледачом з гэтых вялізных «пачвар».
Трэш-арт Валянціна Борздага -- з’ява іншага характару. У яго эстэцкіх творах амаль немагчыма пазнаць матэрыял, некалі ўжываны на прамысловасці ці будоўлі. Узровень тэхнічнай апрацаванасці і адшліфаванасці тут настолькі высокі, што набывае рысы своеасаблівага гламуру. «Канёк» гэтага цікавага творцы -- гульнёвы момант яго эстэтыкі. Скульптуры В.Борздага -- неіснуючыя ў рэальным свеце жывёлы і птушкі, загадкавыя «жалезныя» дрывасекі і жаночыя постаці, якія нагадваюць манекены і рыцарскія даспехі адначасова. Нават матрошка -- самы знакаміты прадмет традыцыйнай рускай культуры -- набыла нечаканыя мілітарыстычныя рысы.
Па адносінах да матэрыялу дызайнер Максім Восіпаў больш блізкі да В.Ляховіч. Але калі апошнюю цікавяць жывапіснасць і эмацыянальнасць формы, то асноўным рухавіком «лялечнай» творчасці М.Восіпава стала... асвета. Зорка мексіканскіх тэлесерыялаў «Вероніка Кастра», вынаходніца «пладова-ягадных» пластмасавых упрыгожанняў
 /i/content/pi/mast/3/56/Gulnya4.jpg

 М.Восіпаў. Іма Сумак і яе чатыры актавы. Аўтарская тэхніка. 2007.

«Карміна Міранда» і вось цяпер -- легендарная перуанская спявачка «Іма Сумак»... Гэта асобы рэальныя, але вядомыя больш сур’ёзнай узроставай катэгорыі насельніцтва, чым наш малады аўтар. Формы славутай перуанкі вольныя ды спеўныя, яны нагадваюць хутчэй абрысы вільготнай плямы, што знікае з падагрэтай паверхні, -- вобраз нечага выпадкова прыўнесенага аднекуль, што можа з лёгкасцю знікнуць.
Цэслер і Войчанка -- гэта Цэслер і Войчанка. У некалькіх сказах немагчыма па-новаму ахарактарызаваць гэты знакавы дуэт (брэнд). Прадстаўлены аб'ект (зграбная выява жанчыны-крэсла) просты, бездакорны і дасціпны.Амаль гэткая ж прастата -- як гранічная выразнасць задумы -- вылучае і «Навагоднія маскі» А.Хацкевіча і У.Логвінава. Вольная і нібы неахайная форма гэтых твораў валодае такога кшталту брутальнасцю, што першая рэакцыя на іх -- міжвольнае «Прыгожа!»... Гэта надзвычай яркая і выразная нізка, што дае безліч магчымасцей для экспанавання -- маскі лёгка яднаюцца ў адно цэлае і гэтак жа лёгка «расцягваюцца» па сцяне, набываючы пры гэтым амаль манументальную выразнасць.
Ідэя прыгожай інсталяцыі Уладзіміра Макаркова -- тонкая, крохкая, па-філасофску заглыбленая. Адкрытасць гэтага творцы не значыць «душа наросхрыст», яго складаныя вобразы ўвогуле цяжка пераводзяцца ў словы. Тут пяшчотныя аб’екты, якія нагадваюць лялечныя галовы і рэшткі пакінутага птушынага гнязда... Ёсць шэраг алоўкавых малюнкаў, якія нібы -- каб падкрэсліць дакументальнасць -- па клетачках «перамаляваны» са старых сямейных здымкаў. Прыём зваротнай сімвалізацыі, цалкам адэкватны дзіцячаму мысленню, праведзены на ўзроўні фарматворчасці. Тут і размешчаны ўверсе доўгі рад умоўных жаноцкіх выяў, якія праступаюць аднекуль з цемры... Ці то гімн жанчыне, ці то дэкларацыя чалавечай і мастацкай ідэнтычнасці. Што яшчэ?.. Ідэя захавання жыцця, самадастатковасці.
Мастак верны абранаму жанру арт-кнігі і захоўвае кніжныя прыкметы: тут ёсць ілюстратыўнасць, інфармацыйная насычанасць, памеры выяў і модуляў адпаведныя кніжнаму аркушу. Задачай было стварэнне з гэтай рознасці і «драбнаты» аднаго вялікага, амаль манументальнага твора. Гэта, бясспрэчна, атрымалася.
Руслан Вашкевіч наогул можа называцца адным з галоўных «лялечнікаў» беларускага сучаснага мастацтва. Яго апошнія праекты валодаюць амаль міфалагічнай сістэмнасцю, тут трывала дамінуе ідэя пераходу ў нейкую новую якасць. Амаль усе яго творы -- гэта зварот да лялечнай «памяці жанру», апеляцыя да гульнёвага і дэмакратычнага патэнцыялу дзіцячай цацкі. На вобразных архетыпічных мадэлях ён абыгрывае пэўныя базавыя ідэі, якія знітаваны з самім паняццем «лялька». Гульня, трансфармацыя, ініцыяцыя, рэпрэзентацыя, удакладненне, метамарфозы жывога і нежывога. Лялька -- лялькай, але ж гэта і ёсць выразныя сродкі стварэння яго ўласнай аўтарскай міфалогіі.
Дзяніс Нядзельскі і Андрэй Шчукін прапанавалі фотанізку «My favorite doll». Fachion-фатаграфія мае права існаваць на ўсіх лялечных выставах, бо не так і даўно лялькі паклалі пачатак адной з самых прэстыжных прафесій. Але «Шчукін-Нядзельскі» не проста фатаграфуюць моду. Тут далікатна, але настойліва праходзіць і тэма лялечнай гульні, і тэма штучнага манекена, а назва адкрывае нам, што тут ёсць і крыху замаскіраваны гімн жанчыне. У гэтых вонкава легкадумных твораў -- складаны працэс здымкі, аднекуль знізу, праз вялізнае шкло з накіданымі на яго дэталямі.
Ну а пачыналася мінская выстаўка -- старога добрага жанру калекцыйнай мастацкай лялькі, прадстаўленага Аляксеем Мартынавым. Жанру, які не парывае з адпаведнымі памерамі, антрапаморфнай пластыкай, сцэнічнасцю, складанасцю адзення, разнастайнага па стылістыцы і фактуры.Зрэшты, у жаданні чалавецтва тым альбо іншым чынам гуляць у лялькі прыхавана магчымасць развіцця. Пачакаем, што будзе далей.

Ларыса МІХНЕВІЧ
Фота Андрэя Спрынчана.