Любоў Кунейка.
Творчасць неаддзельная ад эгаізму. Звычайна творца любіць усё, што звязана з ім і яго прафесійнай дзейнасцю. Ён — самотнік, паглыблены ў сябе і адарваны ад рэальнасці...
Меркаванне, што толькі так можа нарадзіцца твор, які здзівіць, уразіць, узрушыць, распаўсюджанае і зрабілася штампам. Дзейнасць Валерыя Іванавіча Карэтнікава, кампазітара і педагога, абвяргае гэты штамп ці не цалкам.
Напісанае па замове
Часам ён нагадвае класічнага прафесара, старамоднага, рассеянага і забыўчывага. Мабільніка не заводзіць, сайта і электроннай скрынкі не мае. Па тэлефоне, бывае, дазваніцца немагчыма — лінія гадзінамі занятая. Рэкламаваць сябе не ўмее. Пра зорныя поспехі — хоць бы пра сумесны творчы праект з флейтыстам Бруна Маерам, у выніку якога ў далёкай Швейцарыі быў выдадзены дыск з музыкай айчынных кампазітараў, — як след і не раскажа.
Але дзіва дзіўнае! Гэтага «несучаснага» кампазітара выконваюць ахвотна і часцей, чым вядомых і «раскручаных». Дастаткова згадаць, што толькі на апошнім гарадскім конкурсе сучаснай музыкі «Новыя гукі свету» яго творы прагучалі 16 (!) разоў. У чым прычына папулярнасці? Магчыма, у тым, што ён працуе ў накірунках надзіва запатрабаваных — музыцы камерна-інструментальнай і адрасаванай дзецям. Толькі для фартэпіяна Карэтнікаў сачыніў больш за восемдзесят п’ес.
Валерый Іванавіч прызнаецца: амаль уся яго камерная музыка створана па замове — як адказ на просьбы выканаўцаў прапанаваць твор для інструмента ці ансамбля. Таму невыпадковыя шматлікія прысвячэнні: кампазітар удзячны абставінам і асобам, якія спрыялі натхненню. Так узніклі Трыо для скрыпкі, альта і віяланчэлі, Фартэпіяннае трыо №2, Квінтэт для флейты і струннага квартэта — вынік супрацоўніцтва са Струнным квартэтам філармоніі і з вядомым беларускім віяланчэлістам Мікалаем Шчарбаковым. Шчасце для творцы — быць запатрабаваным!
У сачыненнях Карэтнікава яднаюцца рэдкаспалучальныя якасці: выразная меладычнасць і дакладнае веданне магчымасцей музыканта, пранікнёнасць і строгасць пабудовы. У іх няма халоднага захаплення формай дзеля формы, няма авангардных плыняў, дзе пануе рацыяналізм, які не кранае душу.
Збіранне зорных россыпаў
Ужо не адно дзесяцігоддзе Карэтнікаў паслядоўна і мэтанакіравана стварае рэпертуар для дзяцей-выканаўцаў. І для тых, хто робіць першыя крокі ў ДМШ, і для музычна адораных, якія часта выпраўляюцца на прэстыжныя міжнародныя конкурсы. Немагчыма ўразіць журы творамі даўно зайгранымі, перамагчы можна дзякуючы свежаму сачыненню, якое адпавядае ўзросту, псіхалогіі, вобразнаму свету дзіцяці.
Не дзіўна, што Валерый Іванавіч узначальвае секцыю музыкі для дзяцей і юнацтва ў Беларускім саюзе кампазітараў, бярэ на сябе клопат арганізацыі канцэртаў «дзіцячай» музыкі падчас з’ездаў. Добрае веданне твораў калег, якія працуюць у той жа галіне, прывяло кампазітара ў яшчэ адну сферу дзейнасці: ён укладальнік і рэдактар шматлікіх зборнікаў, дзе сабраны творы нашых кампазітараў для юных музыкантаў. За такую працу мала хто рызыкне брацца. Шмат клопатаў вымагае пералажэнне з аднаго інструментальнага складу на іншы. Патрэбныя паслядоўнасць, прафесійны досвед, жаданне ваджацца з «чужой» музыкай. Па прапанове Міністэрства адукацыі Валерый Іванавіч падрыхтаваў шэраг выданняў. Сярод іх першы і другі выпускі зборніка «Люблю наш край». Творы самога Карэтнікава склалі «Альбом п’ес для дзяцей і юнацтва» і «Пятнаццаць фантазій». Ёсць у яго і замежныя выданні, напрыклад, «Крышталёвая катрынка», выданая ў Пецярбургу, адной з музычных сталіц Расіі.
Грунтоўная праца кампазітара — «Хрэстаматыя беларускай музыкі 2-й паловы ХХ стагоддзя», што выйшла ў 2006-м, ёмісты том у 400 старонак, успрымаецца няйначай як прыжыццёвы помнік. Тут Карэтнікаў выступіў у якасці ўкладальніка і музычнага рэдактара. Хрэстаматыя дае панараму развіцця айчыннай музыкі, таму вялікім клопатам кампазітара быў адбор сачыненняў і пералажэнне фрагментаў сімфанічных твораў для клавіра.
Цікава, што выдавецкія праекты справакавалі з’яўленне ў творчасці Карэтнікава спачатку фартэпіяннага цыкла «Поры года», вельмі папулярнага ў піяністаў, услед за ім з’явіўся і сімфанічны цыкл з такой жа назвай. Пазней узнікла сюіта «Дзюймовачка» для фартэпіяна. Цяпер яна — частка музыкі аднайменнага балета, над аркестроўкай якога кампазітар працуе не першы год.
У кансерваторыю — праз армію
Цяжка паверыць, але шлях Карэтнікава да будучай прафесіі быў складаным і пакручастым. Сачыненне музыкі — сфера элітарная, ёю немагчыма авалодаць без адпаведнай адукацыі, якая звычайна пачынаецца ў 5-6 гадоў. У кампазіцыю Валерый Іванавіч прыйшоў вельмі позна. Тое, што ён хоча менавіта сачыняць музыку, Карэтнікаў зразумеў у 24 гады, калі заканчваў армейскую службу. Паступленню ў кансерваторыю папярэднічала шмат музычных заняткаў. У гуртку народных інструментаў у гарадскім Доме піянераў хлопец вывучаў нотную грамату і «прыручаў» домру, мандаліну, скрыпку. Пазней займаўся на вячэрнім аддзяленні музычнай школы, на тэарэтычным аддзяленні вучылішча, наведваў заняткі ў класе Яўгена Глебава. А перш за ўсё дапамог велізарны слыхавы багаж класічнай музыкі, якой былі насычаны ў той час праграмы Беларускага радыё. У кансерваторыі, куды Карэтнікаў паступіў у 1965-м, яго педагогам аказаўся вядомы кампазітар Пётр Падкавыраў. Ён развіваў здольнасці вучня, але амаль не выпраўляў яго сачыненні, бо лічыў іх дастаткова прафесійнымі.
Адкрыць талент
Педагагічную дзейнасць Карэтнікаў пачынаў у Магілёве, працаваў у Маладзечне. Больш за 20 гадоў выкладае кампазіцыю ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі. Часам Валерый Іванавіч нагадвае Драсельмеера з вядомага гофманаўскага «Шчаўкунка». Умее неўпрыкмет ладзіць цуды, адкрываць таленты, пра якія не падазраюць іх уладальнікі. На ўроках па кампазіцыі яго ўзаемаадносіны з вучнем будуюцца без сентыментальнасці і «сюсюкання». За далікатнасцю прыхаваная любоў да маленькіх вундэркіндаў і павага да найскладанай праграмы іх навучання. За добразычлівасцю — уменне бачыць перспектыву, выявіць індывідуальнасць, тактоўна накіраваць фантазію. Адначасова ідзе навучанне базавым асновам тэорыі, гармоніі, музычнай формы. Таму і не дзіўна, што ў Карэтнікава столькі вучняў і яны такія розныя!
Яго выхаванцы станавіліся пераможцамі ўжо ў 1970-я гады, калі ў Мінску пачаў ладзіцца Рэспубліканскі конкурс юных кампазітараў (з 1992-га мае міжнародны статус і праходзіць у Гродне). Сярод выхаванцаў Валерыя Іванавіча больш за 40 лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Так, пасля гімназіі яны працягваюць спасцігаць законы кампазіцыі ў нашай Акадэміі музыкі або ў замежных ВНУ (Цімур Шчарбакоў — у Іспаніі, Кацярына Гігевіч — у Пецярбургу...). Але менавіта ў класе Карэтнікава адбываецца фарміраванне асобы, выяўляюцца індывідуальныя рысы, засвойваюцца азы прафесіі.
Атрымаць працяг у вучнях
Напярэдадні 70-годдзя кампазітар правёў шэраг творчых сустрэч-прэзентацый — у Жодзіне, Слуцку, Салігорску, Маладзечне, Магілёве, дзе выконваліся яго сачыненні. А пляцоўку Малой залы імя Шырмы філармоніі падараваў вучням, якія надалі завершанасць юбілейнаму канцэртнаму фестывалю настаўніка.
Не кожны кампазітар можа быць выканаўцам, не кожны сядзе за раяль. Юбілейны канцэрт Карэтнікава-педагога пераканаў: вучні яго класа — выдатныя інтэрпрэтатары ўласных сачыненняў. Пяціразовы лаўрэат конкурсаў Аркадзь Чубрык у 2001-м стаў пераможцам міжнароднага спаборніцтва кампазітараў і піяністаў імя Сланімскага ў Пецярбургу. Творы Аркадзя адметныя спалучэннем інтэлектуалізму, рацыяналізму і яркай вобразнасці. На вечары настаўніка ён бліскуча выканаў «Тры мімалётнасці» і «Голас неспакою».
Навучэнка 2-га курса Акадэміі музыкі Алена Сердзюкова, якая ўмее ўвасобіць багатую гаму адчуванняў, дыяпазон разнастайных музычных вобразаў ад драматычных да гумарыстычных, агучыла дзве п’есы для альта сола. Першакурсніца Любоў Кунейка, дыпламант Сімферопальскага конкурсу кампазітараў, падаравала слухачам Тры мініяцюры для скрыпкі і віяланчэлі і Тры п’есы для фартэпіяна. Яе опусы пазначаны шчырасцю і непасрэднасцю эмацыянальнага выказвання. Абедзве дзяўчыны паспелі паўдзельнічаць у беларуска-французскім праекце, для якога пісалі музыку. Як пераможцы фестывалю кінаказак трапілі ў Парыж, дзе самі выконвалі ўласныя сачыненні.
Вучань 9-га класа Юрый Васілеўскі (Гран-пры Гродзенскага конкурсу кампазітараў, 2007) прэзентаваў уласную Паэму для скрыпкі і фартэпіяна і 1-ю частку Струннага квартэта, у якіх сам выконваў скрыпічныя партыі. Юнак мае прыродны меладычны дар, аналітычны склад мыслення дазваляе яму ўжо цяпер засвойваць складаныя поліфанічныя формы. Вучань 2-га класа гімназіі Мікіта Шастакоў (самы юны ўдзельнік) упэўнена распачаў канцэрт мініяцюрай «Вальс», гэткай жа абаяльнай, як і выканаўца.
У фінале прагучалі творы юбіляра — Саната «Развітальная» для дзвюх скрыпак і фартэпіяна (1995) і чатыры п’есы з цыкла «Поры года» (2002). У першым сачыненні кампазітар адлюстроўвае глыбокі псіхалагізм спасціжэння чалавекам філасофіі жыцця. У другім творы ён паўстае эмацыянальна тонкім і чуйным мастаком-пейзажыстам, які стварае маляўнічыя музычныя акварэлі.
Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН,
Таццяна МУШЫНСКАЯ