«Застаў ансамбль у цяжкім стане...»

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Невядомы ліст Рыгора Шырмы

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь зберагаюцца ўнікальныя дакументы, што тычацца лёсаў беларускай творчай інтэлігенцыі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Частка з іх уключана ў зборнік дакументаў і матэрыялаў «Беларусы ў савецкім тыле», які да 65-годдзя Вялікай Перамогі падрыхтаваны да выдання беларускімі і расійскімі архівістамі. Значную цікавасць выклікаюць лісты дзеячаў мастацтва, што накіроўваліся ў ЦК Кампартыі Беларусі. Прапануем увазе чытача ліст Рыгора Раманавіча Шырмы на імя сакратара ЦК КП(б)Б Цімоха Гарбунова аб праблемах Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца.

Ансамбль створаны ў 1940 годзе ў Беластоку: Рыгор Шырма сабраў сваіх былых харыстаў, паклікаў моладзь. У маі 1941-га калектыў быў запрошаны на гастролі ў Маскву. У вайну эвакуіраваны ў Краснаярск, дзе Рыгора Шырму арыштавалі. Неўзабаве яго вывезлі ў Маскву, на Лубянку. Менавіта там пачуў ад следчага, што «расправіліся і з апошнім вашым галоўным нацыяналістам — Янкам Купалам». Рыгора Шырму выслалі ў Паўночны Казахстан, у Мар’еўку, дзе ён працаваў настаўнікам у сярэдняй школе.

У 1943-м вярнуўся ў ансамбль — спачатку хормайстрам.
У Маскве сустрэўся з Цімафеем Гарбуновым, пра што згадвае ў лісце. Ліст пісаўся доўга, у красавіку — маі 1943 года, у вагоне, якім карысталіся артысты падчас гастроляў. У ліпені — жніўні 1943-га ансамбль выступаў у Маскве, у снежні вярнуўся ў вызвалены рэгіён Беларусі, на Гомельшчыну. Ліст Рыгора Шырмы чытаецца як унікальны дакумент ваеннага часу, прасякнуты клопатам пра развіццё беларускага мастацтва.

Дакладная запіска Р.Шырмы сакратару ЦК КП(б)Б Ц.С.Гарбунову пра работу Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца*

Красавік — май 1943 г.

Высокапаважаны Цімафей Сазонавіч!

Прашу прабачыць мне, што доўга затрымаўся з адказам на Вашы пажаданні, выказаныя мне ў Маскве. Расказаць пра ансамбль ёсць што, але ўмовы пастаянных пераездаў і праца над стварэннем рэпертуару забірае ўвесь вольны час.

Застаў ансамбль у цяжкім стане: каля дзесятка артыстак хварэлі на горла, вынік таго, што з самым дасканалым музычным інструментам — чалавечым голасам — працавалі няўмелыя рукі.

Хор страціў чысціню выканання, таму з рэпертуару выпала шмат песень. Ад празмернага націску на галасавыя педалі спевакі страцілі ў голасе метал. Патрабуецца адпачынак ад крыклівых спеваў і ўпартая метадычная праца для ўзнаўлення правільнага дыхання, чысціні гучання, музычнай пабудовы фразы. Усё гэта можна зрабіць і лёгка скіраваць, калі ансамбль стане на стацыянар, дзе ў спакойных і нармальных умовах можна будзе ўзяцца за выпраўленне ўсіх недахопаў. Гэта патрэбна як для харавой, так і для балетнай групы. Балетная група не ўкамплектавана. Віна ў гэтым дырэкцыі. З рэпертуару танцавальнай групы выпалі наступныя танцы: «Юрачка», «Качан», «Круцёлкі», «Падушачкі», «Рэчанька» і літоўскі «Сукцініс». Выконваем толькі «Чарот», «Крыжачок» і «Янку» (з хорам), «Лявоніху» (з хорам), дуэты салістаў «Бульбу» і «Казу» і два польскія народныя танцы: «Абэрак» і «Траяк» (апошні з хорам). Праўда, у апошні час польскія зняты з рэпертуару па патрабаванні кіраўніцтва, відаць, з-за разрыву сувязей з урадам Сікорскага.

Аднак, нягледзячы на ўсе недахопы, ансамбль мае ў сабе здаровую, прываблівую сілу і гордасць, шчырасць, прастату і дысцыпліну.

Колькі перажыў калектыў у Сярэдняй Азіі! Перш за ўсё быў пазбаўлены магчымасці мець хлебныя карткі, даваў канцэрты ледзьве не за суп, нячыстыя рукі крыўдзілі калектыў эканамічна, таму ўсе члены яго перахварэлі тыфам і дызентэрыяй. З аповедаў, якія чую ад сваіх маладых сяброў, даведваюся, што калектыў быў пастаўлены пад удар: ці разваліць яго, ці перавесці да палякаў. Былы дырэктар ужо марыў перавезці яго ў Еўропу. Але ніякая агітацыя не мела поспеху. З дырэкцыяй вялася жорсткая барацьба з боку членаў калектыву за яго захаванне. Прасілі нават начальніка музычных устаноў Усесаюзнага камітэта па справах мастацтва т. Сурына даць іншага дырэктара. І цяпер яшчэ, верагодна, не ўсе з калектыву разумеюць, што з боку былой дырэкцыі прыкладаліся намаганні збіць калектыў з савецкіх пазіцый, таму і ствараліся такія жахлівыя бытавыя і вытворчыя ўмовы.

Але любоў да сваёй справы і ўсведамленне таго, што маладым талентам толькі тут можна пракладаць сабе дарогу, перамаглі ўсё. Калектыў мацней за сваіх дырэктараў-круцялёў і адміністратараў.

Мне ставіліся абвінавачванні ўсімі кіраўнікамі, якія прыходзілі пасля мяне, што я зрабіў памылку, калі набіраў асноўнае ядро з працоўнага асяроддзя. Аднак я лічу, што маю рацыю. Калектывы, набраныя з мяшчанска-буржуазнага балота, даўно расталі і апынуліся там, куды злачынная рука накіроўвала наш ансамбль.

У пытаннях набору не заўсёды згодны і з сённяшнім кіраўніцтвам. Дырэктар Бярковіч аднойчы выказаў пажаданні прымаць у ансамбль толькі «спецыялістаў». На маю заўвагу, што трэба прымаць не толькі спецыялістаў, але і таленавітую моладзь, якая мае ўсе артыстычныя даныя ад прыроды — голас, слых, пачуццё рытму і самае галоўнае — квітнеючую маладосць, мне зазначылі: «У нас не студыя». Праўда, у ансамблі ўжо ёсць некалькі «спецыялістак», але гэта аказалася проста зношаная старызна...

Ад новапрыбыўшых «спецыялістаў» калектыў нярэдка чуе: «Якая нудота — беларуская песня» ці «Баюся парушыць сваю лінію беларускім народным танцам», а то яшчэ падчас танца «спецыялістка» падымае спадніцу да «благодарю покорно», чаго ніколі ў народзе не дапускаецца. Вось такі фальш, няшчырасць, жаданне мець толькі выгоду, не даючы ўзамен нічога ад сябе, ансамбль вельмі тонка адчувае і такіх хутка перавыхоўвае. Цяпер усе пастаўлены на свае месцы і шчыра працуюць над стварэннем рэпертуару.

У мастацтве, як і ў жыцці, ненавіджу мяшчанскую пошласць. Аднак, як гэта ні балюча, а павінен сказаць, што наша праграма засмечана ёю. Дастаткова таго, што ансамбль у сваёй праграме выпускае на сцэну: вальс «Прыгожая ружа», «Чардаш» нейкага Монці, убогія папуры савецкіх і ўкраінскіх песняў у брыдкім выкананні акардэона ці беларускую «папулярную жартоўную песню», якая проста адштурхоўвае сваім бульварным гумарам.

Вось узор:

1. — Ой ты, казача, мой міленькі,
А дзе ж мы будзем з табой спаць?
— Ой, у садочку цёмным зялёным,
Ты, мая любая, дарага!

2. — Ой ты, казача, мой міленькі,
А што ж мы будзем з табой слаць?
— Сцялі радзенца, ты, маё сэрца,
Ты, мая любая, дарага! і г.д.

Такія нумары праграмы, мажліва, прыдатныя для «Пінскай шляхты» ці «Моднага шляхцюка» часоў Дуніна-Марцінкевіча. Але ва ўмовах савецкай рэчаіснасці я асабіста хачу бачыць ансамбль з непадробным беларускім іскрыстым гумарам.

З мэтай абнавіць і асвяжыць праграму я звярнуўся да савецкіх кампазітараў па рэпертуар. Напісаў Аладаву, Цікоцкаму, Чуркіну, Пуксту, Багатырову і Залатарову.

Цяпер працую над беларускімі песнямі Залатарова. Увесь калектыў знаходзіць у гэтай працы глыбокае задавальненне. На нас павеяла жыватворным дыханнем «магутнай кучкі». Бо Залатароў ад Рымскага-Корсакава нясе творчы вопыт у беларускую народную стыхію. Беларуская народная песня зіхаціць неверагоднымі фарбамі. Не сорамна будзе зноў паказаць яе вялікай Маскве.

Паўсотні цудоўных народных мелодый даў кампазітарам для апрацоўкі. Залатарова прашу напісаць для нас сюіту — «Чатыры пары года» — у якой будуць сабраны ў адно цэлае характэрныя каляндарныя песні: «Валачобная», «Купальская», «Дажынкі», «Восень», «Цярэшка», «Каляда».

Для таго, каб падняць ансамбль і зрабіць яго роўным лепшым мастацкім калектывам Савецкага Саюза, па-мойму, неабходна:

1. Паставіць яго на стацыянар для выпраўлення ўсіх недахопаў вытворчага характару.

2. Павялічыць харавую групу да 60 чалавек, танцавальную да 16 чалавек (8 пар).

3. Даць суправаджэнне: 2 скрыпкі першыя, 2 — другія, 2 альты, 2 віяланчэлі, 2 духавыя драўляныя — флейта і габой (замест жалеек), 2 баяны, 1 акардэон, 1 кантрабас, 1 арфа.

4. Інструментаваць мелодыі танцаў і суправаджэнне для некаторых песняў. Інструментоўку пажадана было б, каб зрабілі такія майстры, як Залатароў і Аладаў.

5. Тэрмінова пачаць афармленне ансамбля, адпусціць матэрыялы і раздаць нашым дзяўчатам для вышывання кашуль. Пашыць абутак. Наш стаптаўся.

Абвясціць конкурс на стварэнне трох лепшых песняў для ансамбля: пра Сталіна, пра Айчынную вайну, партызанскую — на беларускі тэкст нашых паэтаў. Прычым песні павінны быць вытрыманы ў стылі беларускай народнай песні, як, напрыклад, песня пра Сталіна Хачатурана ў стылі народаў Усходу ці песні Захарава ў ансамблі імя Пятніцкага — «Два сокалы», «Дарожка», «Ой, туманы мае, растуманы», у якіх так ярка і выдатна адчуваецца трапятанне рускай стыхіі. Пабудова гэтых песень павінна быць абавязкова поліфанічная, але ясная, меладычная, душэўная. У песні пра Сталіна пажаданы былінны настрой, як народ спявае пра сваіх магутных волатаў. Рэпертуар на беларускай мове пра другую Айчынную вайну вельмі бедны. У нас толькі тры песні: Цікоцкага (дарэчы, выдатная партызанская на словы Броўкі), Пукста і Багатырова. У параўнанні з паэтамі і мастакамі кампазітары плятуцца ў хвасце. Стварэнне рэпертуару — гэта самае важнае, самае сур’ёзнае пытанне. Прыкладаю спіс назваў народных мелодый (не публікуецца. — В.С.) з тэкстамі, высланымі кампазітарам для аранжыроўкі. Песні цудоўныя. Хай толькі папрацуюць над імі як след, і гэта будзе найкаштоўны ўнёсак у савецкую культуру беларускага народа.

З таго часу, калі пісаўся гэты ліст, сёе-тое ў ансамблі змянілася. Адпала некалькі «спецыялістак». Мы маем новага дырэктара. Але ўсё ж пастаўленыя мною пытанні не губляюць сваёй вастрыні і актуальнасці. Таму бяру на сябе смеласць прасіць Вас падтрымаць іх сваім высокім аўтарытэтам, а мы прыкладзём усе намаганні, каб апраўдаць аказаныя нам высокую ўвагу і давер з боку партыі і нашага Урада. Калектыў выдатны, моцны, усё зробіць, каб стаць лепшым калектывам у Саюзе.

Р.Шырма.

Рэзалюцыя: т. Рашчупкінай. Азнаёмцеся з гэтым лістом. Дайце Вашы меркаванні. Ц.Гарбуноў. 26.VI.43 г.

* НАРБ. ф. 4п. воп. 47. с. 3. л. 150-152адв. Арыгінал. Рукапіс.

Прадмова і публікацыя

Вячаслава селяменева,

віталя скалабана