Вецер пад крыламі

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Рыбакі з вёскі Хатляны

8 мая 1923 года. Па заданні Народнага Камісарыята асветы з Мінска ў Ігуменскі павет выправілася этнаграфічная экспедыцыя — адна з першых, арганізаваных у Савецкай Беларусі. У яе планах было праехаць па вёсках і мястэчках, зрабіць апісанні, замалёўкі і фатаграфічныя здымкі «прыроды, жылля, побыту, тыпаў насельніцтва...» Матэрыялы збіраліся ў сувязі з падрыхтоўкай Беларусі да ўдзелу ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе, што мелася адбыцца ў Маскве ў жніўні гэтага ж года. У беларускім павільёне для перадачы сялянскага побыту планавалася пабудаваць тыповую вясковую сядзібу з хатнім начыннем, гаспадарчымі прыладамі і вырабамі. Частка матэрыялаў, здабытых падчас экспедыцыі, па дамоўленасці з выставачным камітэтам павінна была паступіць у фонды Беларускага дзяржаўнага музея.

Склад экспедыцыі быў невялікі: намеснік загадчыка Дзяржаўнага архіва Міхась Мялешка і супрацоўнік гэтай установы Аляксандр Шлюбскі, член Інбелкульта географ Мікалай Азбукін і фатограф Леў Дашкевіч. За 12 дзён яны наведалі больш за дзесяць мястэчак і вёсак — сярод іх Даўгінічы, Лоша, Сяргеевічы, Кавалевічы, Цытва, Сярэдзіна, Лявонавічы, Шацк...

Адзін з пунктаў прыпынку — вёска Хатляны (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці). На зробленым там фотаздымку мы бачым звычайны для таго часу, але даволі рэдкі сёння элемент беларускага краявіду — шатровы вятрак. Механічная энергія ветру, што прыводзіла ў рух ягоны механізм, выкарыстоўвалася не толькі для размолу зерня на розныя гатункі мукі, круп і на корм для жывёлы, але таксама для часання воўны і вырабу сукна. Непадалёк, на пракладзеных па ўзараным полі сцяжынках, ідуць людзі. На плячах аднаго з мужчынаў кломля — прыстасаванне для лоўлі рыбы; магчыма, яны накіроўваюцца да бліжэйшага стаўка.

Партрэты мясцовых жыхароў, вясковыя хаты і сядзібныя пабудовы, сялянскае вяселле — усё гэта мы можам сёння ўбачыць дзякуючы пранікліваму воку экспедыцыйнага фатографа Льва Урбанавіча Дашкевіча (1882–1957). Выдатны майстар, таленавіты вучоны і педагог, чалавек універсальных ведаў, ён яскрава сябе праявіў у розных галінах дзейнасці — у мастацтвазнаўстве і публіцыстыцы, у прыродазнаўстве і медыцыне, у педагогіцы і філалогіі. Нарадзіўся Леў Дашкевіч у Мінску, але вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Дыжонскага ўніверсітэта ў Францыі (1911); таксама вучыўся на фатаграфічным аддзяленні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы (1909). Менавіта апошняй акалічнасцю тлумачыцца яго выключнае валоданне фатаграфічнай тэхнікай, выдатнае адчуванне кампазіцыі і тэхнічная дасканаласць здымкаў.

Пасля вяртання на Радзіму Дашкевіч выкладае французскую мову, фізіку, прыродазнаўства ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. У канцы 1930-х гадоў у якасці навуковага супрацоўніка 1-га Клінічнага гарадка ён вывучае з’яву люмінісцэнцыі і магчымасці яе практычнага выкарыстання ў сферы медыцынскай дыягностыкі. Пасля вайны працуе ў Інстытуце тэарэтычнай медыцыны, а затым — у Інстытуце фізіялогіі.

Цягам усяго жыцця фатаграфуе. У 1920–1930-я гады Леў Дашкевіч — гэта ўжо сталы, дасведчаны фотамастак, працы якога экспануюцца на розных выставах, змяшчаюцца ў айчынных альбомах і ілюстраваных часопісах. У гэты час з’яўляюцца зробленыя ім партрэты такіх вядомых дзеячаў беларускай навукі і культуры, як Янка Купала, Якуб Колас, Стэфанія Станюта, Язэп Лёсік, Мікалай Байкоў, Змітрок Бядуля і іншыя. Менавіта Леў Дашкевіч першым на Беларусі распрацоўвае і пачынае чытаць курс фатаграфіі ў ВНУ (1921). Праграма курса была вельмі грунтоўнай і ахоплівала як тэарэтычныя, так і практычныя пытанні фатаграфічнага працэсу.

На жаль, многае з таго, што стварыў гэты таленавіты майстар, страчана. Шмат чаго ён не паспеў ці не змог увасобіць у жыццё, бо не хапіла часу або не склаліся неабходныя ўмовы. Але тое, што ацалела, выклікае шчырае захапленне нашчадкаў.

 Надзея Саўчанка