Сумны прарок

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Гранды еўрапейскага тэатра. Рамэо Кастэлучы

Гэтым артыкулам адкрываецца новы цыкл, які мае на мэце пазнаёміць чытачоў з некаторымі найбольш яркімі асобамі ў тэатральным свеце сучаснай Еўропы. Вядомая старая ісціна: «У кроплі адлюстраваны акіян». Так і ў дзейнасці кожнага творцы адлюстроўваецца бурная, супярэчлівая, іншым разам небяспечная і абавязкова прываблівая сваёй загадкавай глыбінёй стыхія нашага часу.

Хто ён? Факты

Ягонае імя — Рамэо Кастэлучы. Ён нарадзіўся ў Чэзена ў 1960 годзе. Скончыў аддзяленне сцэнаграфіі і жывапісу Акадэміі прыгожых мастацтваў у Балонні. З 1980-га працуе як тэатральны рэжысёр. У 1981 годзе разам з Клаўдыяй Кастэлучы і К’ярай Гвідзі заснаваў тэатр «Суполка Рафаэля», але заняткі жывапісам не кідаў — рабіў выставы. З тае пары Кастэлучы здзейсніў шмат пастановак у якасці аўтара, рэжысёра, сцэнографа, мастака па касцюмах і святле, гукарэжысёра. Яго ведаюць у Італіі і за мяжой як пастаноўшчыка, што імкнецца да татальнага ўздзеяння тэатра на аўдыторыю. Частка гледачоў схіляецца перад ім, частка катэгарычна не прымае... Але гэта не перашкодзіла Кастэлучы напісаць шэраг тэарэтычных артыкулаў пра тэатр, якія грунтуюцца на ягоным асабістым творчым вопыце.

Сярод першых спектакляў Кастэлучы вылучаецца «Санта-Сафія-Кхмерскі тэатр» (1986). Але неўзабаве Рамэо Кастэлучы і «Суполка Рафаэля» канцэнтруюцца на блізкаўсходняй культуры; з’яўляюцца такія спектаклі, як «Сыходжанне Інанны» (1989), «Гільгамеш» (1990), «Ісіда і Асірыс» (1990).

Потым Рамэо Кастэлучы звяртаецца да еўрапейскай класікі: «Гамлет. Шалёны вонкавы бок смерці малюска» паводле Шэкспіра (1992), «Арэстэя. Арганічная камедыя?» паводле Эсхіла (1995), «Юлій Цэзар» паводле Шэкспіра (1997).

У далейшым творчы шлях Кастэлучы прыводзіць яго да музычнага тэатра; ён ставіць вакальна-інструментальны канцэрт «Падарожжа на край ночы» па творы Луі-Фердынанда Селіна і «Паядынак» на музыку Клаўдыо Мантэвердзі і Скота Гібанса.

Урэшце Кастэлучы засяроджваецца на рытуалах і міфах. У 2001 годзе ён пераасэнсоўвае старажытнагрэчаскую трагедыю, змяшчаючы яе ў сучаснае абрамленне і змяняючы структуру.

У 2002-м стварае цыкл «Tragedia Endogonidia» (г.зн. «Трагедыя, што нараджаецца з самой сябе») — нізку з дзесяці спектакляў-эпізодаў, якія адпавядалі еўрапейскім гарадам, сапрадзюсерам пастановак (праект фінансаваўся Культурнай праграмай ЕС). Гэта былі: Авіньён (Авіньёнскі фестываль 2002 года), Берлін (Hebbel Theater), Брусель («Kunsten Festival des Arts»), Берген (Міжнародны фестываль Бергена), Лондан (LIFT — Лонданскі міжнародны тэатральны фестываль), Парыж (Адэон — Тэатр Еўропы і Асенні фестываль), Рым (фестываль «Romaeuropa»), Страсбург («Le Maillon» — тэатр Страсбурга), Марсэль (тэатр «Les Bernardines»). Кастэлучы стварыў спектакль новага тыпу: адкрыты паказ, які знаходзіцца ў руху — накшталт жывога, лагічна ўладкаванага, функцыянуючага арганізма.

І — нечакана — новы паварот: эпічнае палатно змяняецца спектаклем «Hey, girl!», поўным загадкавых вобразаў, якія даюць абсалютную свабоду фантазіі гледачоў.

Рамэо Кастэлучы ніколі не мяняе свой творчы калектыў — гэта заўсёды «Суполка Рафаэля». Усе ягоныя работы зроблены менавіта тут — відавочна, давер паплечнікам і аднадумства, праверанае часам, маюць для яго самадастатковае значэнне.

У 2005 годзе Рамэо Кастэлучы ўзначаліў тэатральную праграму 37-й Венецыянскай біенале, якой даў назву «Пампеі. Раман аб праху». Галоўная ідэя праграмы — пераасэнсаванне паняцця «прадстаўленне», стварэнне новай канцэпцыі тэатральнага відовішча, новай сцэнічнай мовы, далёкай ад традыцыйнай.

Рамэо Кастэлучы не ўнікае і педагагічнай дзейнасці: ён часта чытае лекцыі і ўдзельнічае ў семінарах па тэорыі драмы ў тэатральных і ўніверсітэцкіх цэнтрах Еўропы. У 2005 — 2006 гадах выкладаў рэжысуру ў Венецыянскім універсітэце. Вось пералік апошніх кніг Кастэлучы па тэорыі тэатра: «Тэатр “Суполка Рафаэля”» (2001), «Рыторыка. Мене, тэкел, фарэс» (2000), «Эпапея праху» (2001), «Вандроўнікі матэрыі» (2001). Яго па-ранейшаму прыцягвае выяўленчае мастацтва: у Італіі Кастэлучы падрыхтаваў шэраг персанальных выставак — у Палерма, Балонні, Сіене і Рыме. Натуральна, кінематаграфія таксама не абдзелена ўвагай рэжысёра: ён аўтар відэафільмаў «Ромул і Рэм», «Адрынутыя», «Мартырыён», «Інтэрферон», «Эпітафія» і чорна-белай кароткаметражкі «Брэнтана».

Застаецца пералічыць узнагароды Рамэо Кастэлучы: спецыяльны прыз UBU (італьянская тэатральная прэмія) «За стойкасць», прысуджаны пасля адмены міністэрскай датацыі «Суполцы Рафаэля»; прызы UBU розных гадоў — за «Юлія Цэзара», «Генезіс», «Tragedia Endogonidia», за тэатральную праграму Венецыянскай біенале; Еўрапейская тэатральная прэмія «Новая тэатральная рэчаіснасць» (2000), «Залатая маска» на фестывалі тэатра дзвюх Амерык у Манрэалі за «Арэстэю», прыз за «Генезіс» як лепшы тэатральны спектакль на фестывалі ў Дубліне. Тытул Кавалера Ордэна Мастацтваў і Літаратуры быў прысуджаны Рамэо Кастэлучы ў 2002 годзе міністрам культуры Францыі.

Што ён робіць? Уражанні

Рамэо Кастэлучы вядзе пустэльніцкі лад жыцця, ягоная асноўная творчая пляцоўка — тэатр «Суполка Рафаэля» ў італьянскім горадзе Чэзена. Але хвалююць рэжысёра зусім не прыватныя праблемы; ён мысліць глабальна, і жанр, у якім ён працуе, — трагедыя. Невыпадкова адзін са сцэнічных цыклаў, прысвечаных гарадам Еўропы, ён назваў «Трагедыя, што нараджаецца з самой сябе».

Спектаклі Кастэлучы літаральна прычыняюць боль (быць можа, катарсіс) не толькі агрэсіяй гуку і святла, не толькі энергетычнай магутнасцю акцёраў, але і дзіўнай фантасмагарычнай прыгажосцю, і дзёрзкасцю выхаду за межы дазволенага. Забарон для Кастэлучы не існуе, ягоныя пастаноўкі падобныя на візуальныя творы арт-мадэрна. Гэта — «тэатр мастака». Значэнне мае толькі прастора, але не час; толькі рытм, але не сюжэт; толькі цела, але не рух...

«Слова ў тэатры мяне не цікавіць, — толькі мова, — кажа Рамэо Кастэлучы. — Прырода тэатра не ў тым, каб быць проста адгалінаваннем літаратуры. Гэта мастацтва плоці, самае блізкае да жыцця і самае небяспечнае мастацтва».

Так, спектаклі Кастэлучы нясуць пагрозу, гэта адчуваеш усёй сваёй істотай. Ягоны свет — «сон розуму, які нараджае пачвар». У сацыяльную перабудову грамадства рэжысёр не верыць і з гэтага боку выратавання не чакае. Значыць, чалавецтва асуджана і надзеі няма? Кастэлучы прапануе нам прайсці ўсе кругі апраметнай, убачыць чысцілішча і рай, каб знайсці адказ...

Сцэнічная фантазія на тэмы «Боскай камедыі» Дантэ была створана Кастэлучы спецыяльна для Авіньёнскага фестывалю і паказана на ім. «Пекла» Кастэлучы не зблытаеш з Дантавым, тут няма асобаў, толькі натоўп. Гэтае пекла надзвычайна прыгожае — і настолькі ж жахлівае... Псы, якія ўгрызаюцца ў чалавека, і гэты чалавек не хто іншы, як сам Кастэлучы; адзінокі храбрэц, што караскаецца на вертыкальную сцяну; дзеці, што гуляюць у шкляным кубе; пары, якія нашэптваюць словы кахання, а потым раптоўна перарэзваюць адно аднаму глоткі; белы раяль, палаючы як паходня, і белы конь — ці не той самы, апакаліпсічны?

Насельнікі Пекла безыменныя, імя ім — легіён

І толькі адзін персанаж «Пекла» мае твар і імя: гэта Эндзі Уорхал, кумір поп-арта, галоўны д’ябал у апраметнай... Ён з’яўляецца з разбітага — відавочна пасля жудаснай аварыі — аўтамабіля (літаральная дэманстрацыя «бога з машыны»), а над ім, на апошнім паверсе Папскага палаца запальваецца слова «etoiles» — «зоркі». Потым літары з грукатам падаюць па адной, разам з маніторамі, дзе «знаходзіліся», і застаецца толькі «toi» — ты.

Жан-Поль Сартр лічыў, што «пекла — гэта іншыя». «Пекла — гэта мы», — кажа Кастэлучы. А што ж тады «Чысцілішча»? Гэта наша паўсядзённае жыццё.

Мы бачым зашклёную з боку глядзельнай залы кватэру; у ёй жывуць маці, бацька і дзіцё, якое адзінока пакутуе ў сваім свеце-«акварыуме».Сям’я паглыблена ў прадчуванне бяды, і нявымаўленыя фразы плывуць па экране ў выглядзе радкоў. Імёнаў у гэтай троіцы няма, яны названы Першая зорка, Другая зорка, Трэцяя зорка. Садысцкая жорсткасць бацькі, ахвярная пасіўнасць маці, рахманае ўсёдараванне сына — алегорыі амаль біблейскія...

Застаецца апошняя надзея — «Рай». Але туды ўвайсці нельга...

Праз круглае акенца ў сцяне закінутай царквы, укленчыўшы (адтуліна знаходзіцца нізка), можна толькі зазірнуць у прастору, залітую вадой і напоўненую цудоўным і сумным святлом. Адзінокі напаўспалены (ці не пякельным полымем?) белы раяль, ціхая светлая музыка і лёгкія парыванні тагасветнага ветру — ён узнімае штосьці чорнае, падобнае на крыло (але чаму чорныя крылы ў анёлаў?), і пырскі вільгаці далятаюць да нашых твараў у акенцы...

Рай як небыццё, рай як спакой... Але — не для нас, — кажа Рамэо Кастэлучы.

 Ніна Мазур