Юрый Хілько. Крокі па сваіх слядах

№ 6 (327) 01.06.2010 - 30.06.2010 г

Загадчык кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — па пасадзе, мастак — па прызванні, філосаф — у душы, шукальнік і эксперыментатар — у тэматыцы, у стылістыцы і пластыцы, Юрый Хілько застаецца верным беларускай мастацкай традыцыі.

Крокі па сваіх слядах

/i/content/pi/mast/32/545/29.gif

Вершнік. Акрыл. 2001.

Майстэрня яго — дзіўны храм, прытулак тонкіх пэндзляў, простых алоўкаў, сухіх кветак, гліняных збаноў ды пыльных бутэлек — з тоўстага шкла, аплеценых лазой, чыгунных прасаў, кавалкаў дрэва, камянёў і званочкаў — гліняных ды металічных. А яшчэ там вісіць рагамі ўверх падкова і пасміхаецца паўмесяцам, які безліч разоў сустракаецца ў работах Хілько.

Мастак плыве да свайго Авалона, контуры якога, яўна ці не, праступаюць на кожным палатне. Аблокі і хмары ператвараюцца ў брамы, плывуць паднятыя ў паветра па волі ўсемагутнага чараўніка лятучыя караблі і замкі, вырастаюць з туману масты і фантаны, палаюць у фантастычным святле дрэвы — іх лісце ўжо даўно пажоўкла і асыпалася, але яны жывыя, жывыя! Галовы птушак, перагорнутыя кубкі, свечкі — нібы сведкі імкнення пераступіць мяжу залюстроўя і варажыць над уласным лёсам. Творчы дыяпазон — ад святога Георгія да ката Бегемота, ад шэрых капішчаў — да фіялетава-залатога багацця ікон і праваслаўных алтароў.

У гісторыі і веры ён шукае свае сляды. Наслаенні фактур, напружаныя, пякучыя выбухі фарбы нагадваюць электрычныя разрады. На бледна-малочных, густа-чорных ці барвова-аксамітных паверхнях палотнаў, як россып канфеці, квітнеюць каляровыя пырскі. Графічныя абстрактныя работы Хілько, на перасячэннях фарбаваных плоскасцяў якіх толькі зрэдку з’яўляюцца фантастычныя здані, дзіўныя птушкі-інсекты і скарабеі, разлічаны, перш за ўсё, на эмацыянальнае ўспрыманне. Але на гэтым камунікацыя з гледачом не заканчваецца: тлумачэнні псіхалагічных і гістарычных рэфлексій, уласнага настрою і настрою колераў мастак раскрывае ў назвах сваіх твораў. То ён «Сцішаны і пакорлівы» пасля «Неастылага сну», то гарыць «Дрэвам-полымем», то стыне «Пагаслай свечкай», то плыве «Воблакам-брамай», то радасна замірае ў «Вечным трыумфе», то пытае строга «Куды ідзеш?» у завітаўшага на выставу.

«Quo vadis?» — спытаемся і мы. Адкуль і куды ідзе мастак з Баранавіч, як жывецца яму пад харызматычным ціскам сваіх настаўнікаў, што перамагае ў спаборніцтве розуму і інтуіцыі падчас працы над творам, і, нарэшце, што такое «пасляслед», распавядае ён сам.

Шукаецца сааўтар!

— ...У дзяцінстве дачка Марыя называла творы, зробленыя мною, «Трэцяе вока». Сапраўды, непадрыхтаванаму гледачу складана сутыкнуцца з тым, што ён не бачыць звыклых і зразумелых вобразаў і з’яў, але гэта незразумеласць не адштурхоўвае, а наадварот — вабіць, прымушае задумацца і паразважаць. У красавіку я ладзіў персанальную выставу «Пасляслед», прысвечаную маім бацькам, Івану і Марыі Хілько, у Баранавіцкім краязнаўчым музеі. Пасля стварэння экспазіцыі разам з экскурсаводам Ганнай Сваяко прайшоўся па зале і расказаў пра кожны свой твор, а потым ужо спадарыня Ганна, вельмі трапна падбіраючы словы, распавяла, што бачыць на маіх карцінах яна, — вось так і з’яўляюцца ў мастакоў сааўтары! Дарэчы, я захоўваю водгукі тых, хто наведвае мае выставы, — працытую запіс, які пакінула студэнтка Яўгенія: «Не ведаю чаму, але пры праглядзе вашых прац ува мне пасяліліся бясконцасць і супакаенне».

Пах дзяцінства

— Вельмі добра памятаю той дзень, калі бацька з мамкай купілі для мяне невялічкую каробку з акварэльнымі фарбамі. Гэта была сапраўдная ленінградская акварэль, водар якой я адчуваю да гэтай пары. А тады мне было гадкоў сем, і радасці маёй не было канца: мог падняцца ўначы, адкрыць скрынку і ўдыхаць пах камедзі. Дагэтуль я маляваў каляровымі алоўкамі на вялікіх аркушах упаковачнай паперы. А свае першыя прафесійныя веды пра малюнак, жывапіс і кампазіцыю атрымаў у студыі выяўленчага мастацтва пры Доме афіцэраў у Баранавічах, якой кіравала ў той час Надзея Бранавец.

Трошкі пазней у мяне з’явіліся алейныя фарбы і — першыя эцюды, напісаныя па памяці на аснове замалёвак, зробленых падчас невялікіх падарожжаў з бацькамі: на сваёй «капейцы» мы аб’ездзілі шмат райцэнтраў і мястэчак — Нясвіж, Сноў, Клецк, Сталовічы, Завоссе, Гарадзішча, Дзятлава... З гэтых вандровак чамусьці асабліва запомнілася падлога касцёла Перамянення Божага ў Наваградку: яна была выкладзена з чэсаных, шчыльна падагнаных адзін да аднаго камянёў, якія захавалі кожную выбоіну і былі нібы насычаныя духам стагоддзяў. Па іх, пэўна, ступала нага бацькоў Адама Міцкевіча падчас яго хрышчэння 12 лютага 1799 года. Цяпер усё гэта хараство заліта бетонам і выкладзена сучаснай пліткай.

З тых часоў засталіся цікаўнасць да гістарычнай тэматыкі, асабліва — гісторыі Вялікага княства Літоўскага (ёсць у мяне серыя прац, прысвечаных Міндоўгу: «Час кароны», «Будоўля сталіцы», «Лёс караля») і захапленне старадаўнім іканапісам — ён натхняе сваім каларытам, дасканалай кампазіцыйнай пабудовай, асаблівым, строга-ўрачыстым настроем. Такі настрой не нясе рэлігійнага сэнсу — гэта, хутчэй, жаданне дакрануцца да тайны.

Графіка

— Скончыўшы Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава ў 1980 годзе, я вельмі хацеў паступіць на аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу ў БДТМІ. Але прыйшла павестка з ваенкамата. На два гады абуў салдацкія боты, служыў далёка ад роднай зямлі, але не губляў сувязі са сваімі аднакурснікамі па мастацкай вучэльні, якія ўжо былі студэнтамі аддзялення графікі тэатральна-мастацкага інстытута. Ад іх я даведаўся, што такое афорт, літаграфія. Прыйшоўшы з войска, пачаў захапляцца лінарытам, не забываў пра колер і малюнак. Мяне вабіў сам працэс стварэння графічнага твора ў тэхніцы афорта і літаграфіі, хоць апошняй я трохі пабойваўся з той прычыны, што вынік працы ў ёй залежаў не толькі ад мастака, але і ад майстра-друкара. Толькі ў 1985 годзе давялося стаць першакурснікам аддзялення графікі. Мае сябры ўжо былі «на дыпломе» і шмат у чым дапамагалі мне.

Спадар выкладчык

— Ужо 17 гадоў я працую ў Акадэміі — гэта 17 выпускаў і 89 мастакоў-графікаў, многія з якіх вядомыя і на радзіме, і за яе межамі. Педагагічная праца забірае шмат часу, выкладаць і разам з тым быць мастаком вельмі няпроста. Калі вяртаешся ў майстэрню са студэнцкай аўдыторыі, гадзіну-дзве прыходзіш у сябе, бо вобразы прац вучняў, іх памылкі і недахопы ўсё яшчэ з табой і патрабуюць вырашэння, парады, дапамогі. Затое вельмі радасна, калі работа студэнта ўдалася. Яшчэ адзін пазітыўны момант выкладання — праца ў калектыве разам з сябрамі і аднадумцамі. Калі кагосьці не пабачыш на працягу тыдня, то пачынаеш трошкі сумаваць, бо адчуваеш, што на кафедры не хапае аўры гэтага чалавека.

Таленты і паклоннікі

— Аднойчы на занятках па кампазіцыі ён сказаў: «У жыцці няма праблем, акрамя адной — мастак і творчасць». З усіх настаўнікаў (а іх у мяне было шмат) Уладзімір Савіч вылучаецца не толькі сваёй харызмай — ён, у першую чаргу, прыклад таго, як трэба служыць мастацтву. Бо далёка не кожны можа сказаць: «Я за месяц зрабіў 200 акварэляў». На кафедры мы не вельмі любім выкарыстоўваць слова «талент» — можна мець выдатны прыродны дар, але гэта нішто без працаздольнасці — аднаго з паказчыкаў творчай энергіі мастака. Уплыў магутнай энергетыкі Савіча я адчуваю на сабе.

Ab ovo

— Творчы працэс пачынаецца з ідэі. На маё разуменне, гэта даволі складаная і ў той жа час простая катэгорыя. Яна мае два бакі. Адзін — інтуітыўны, бо, як правіла, ідэя ўзнікае раптоўна, імгненна, на ўзроўні падсвядомасці. У гэты момант яна, падобна маланцы, асвятляе душу і розум. Другі бок ідэі — разумовы, калі пачынаюцца разважанні, пошукі, параўнанні, іншымі словамі — праца над будучым творам. Гэты этап можа быць і даволі працяглым, і кароткім.

Ніколі не скарджуся на недахоп ідэй — у мяне іх процьма. Не баюся паўтарацца, таму што жыву днём сённяшнім. Наступны дзень будзе іншым, і праца будзе іншай — я не магу скапіраваць ніводнага свайго твора. На жаль, далёка не ўсё рэалізуецца. На тое свае прычыны: элементарны недахоп часу, педагагічная дзейнасць, знешнія абставіны, банальныя фінансавыя перашкоды, бо некаторыя ідэі для свайго ўвасаблення вымагаюць пэўных матэрыяльных затрат: каб аздобіць графічны твор, трэба ўкласці нямала грошай — гэта кошт матэрыялаў, рамы, паспарту, шкла і задніка. А ёсць і такія ідэі, што паступова страчваюць сваю прыцягальнасць і адыходзяць на другі план.

Працую ў самай звычайнай тэхніцы: папера або палатно, акрыл, з часоў студэнцтва люблю афорт. Бывае, карыстаюся лакамі, алейнымі фарбамі і калажом. З усіх графічных сродкаў — плямы, лініі, колеру,тону — я не здолею вылучыць першасны, бо пляма для мяне — гэта вобраз, лінія — накірунак, колер нясе эмоцыі, а тон — святло і цень.

Рытм

— Любы твор выяўленчага мастацтва, выкананы ў двухмернай прасторы, мае канструкцыю, якая, у сваю чаргу, утвараецца з кампазіцыйнага, вобразна-пластычнага, танальна-каларыстычнага строяў. Гэтыя складнікі трымаюцца на адным стрыжні, што завецца «яго вялікасць Рытм». Ён пранізвае ўвесь свет, ён — крыніца жыцця і тайны, схаванай ад нас вялікай задумай Тварца. Гэта не прадукт мастацтва, а першапачатковая сутнасць, якая ляжыць у глыбіні нашага існавання. Рытм прымушае адчуць цэласнасць мастацкай формы — маналітнасць межаў і субардынацыю яе частак, першаснае і другаснае, вялікае цэлае і дэталь, частку. Зараз я займаюся даследаваннем прыроды рытму ў выяўленчым мастацтве: некаторым яго відам уласцівы хаатычны рытм, які адпавядае анархіі, — на такой аснове даволі часта будуецца кампазіцыйны строй маіх твораў.

Unique

У сваіх дзённіках Дэлакруа пісаў, што з часоў Ноя на дрэвах не было двух падобных лісточкаў, на ўзбярэжжы не знойдзецца дзвюх аднолькавых пясчынак. Тое ж адбываецца і з індывідуальным успрыманнем колеру, прапорцыі: кожны мастак па-свойму рэагуе на гэты свет. Я люблю каларыт суседніх і ахраматычных колераў, стрыманы і някідкі, люблю гармонію ў прыродзе і чалавечых адносінах, сямейнае цяпло і спакой. Не выяўляю асобна дрэва, неба, зямлю, птушку, святло, цень — малюю ўсё гэта разам.

Пасляслед

— Калі чалавек нараджаецца, гэта не значыць, што ён прыйшоў у свет безабаронным і вольным. Разам з чалавекам нараджаецца лёс, які трэба адчуць і якому трэба спрыяць раз

вагамі, верай і ўчынкамі. Дзеля гэтага дастаткова ў думках перанесціся на хвіліну ў будучыню, убачыць там сябе, сваю справу — і пакінуць невялікі ліхтарык, на святло якога ты пойдзеш з дня сённяшняга і ўжо ніколі не памылішся. Вось і атрымоўваецца, што ідзеш ты не па чужым следзе, а па сваім, асабіста вызначаным. Ідзеш, пакідаючы пасляслед.

Алена КАВАЛЕНКА