«Зямля запаветная» Аліны Безенсон. Акадэмічны хор і аркестр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
Беларускі саюз кампазітараў набліжаецца да свайго 80-годдзя.
Сёлета ў лістападзе адбудзецца ХV з’езд яго прадстаўнікоў.
Традыцыйна такія падзеі адзначаюцца шэрагам канцэртаў
беларускай музыкі, якія ладзяцца на розных сцэнічных пляцоўках.
Але галоўным месцам дзеяння, безумоўна, застаецца Беларуская дзяржаўная філармонія. Менавіта тут у вялікай зале з гэтай нагоды была прадстаўлена прэм’ера камернай оперы Аліны Безенсон «Зямля запаветная».
З’яўленне ў творчасці Аліны Безенсон опернага сачынення на біблейскі сюжэт невыпадковае. Яно пісалася для конкурсу маладых кампазітараў, які ладзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 2002 годзе. Згодна з умовамі, трэба было сачыніць камерную оперу для маладзёжнага хору і салістаў (барытон, мецца-сапрана) на прапанаванае лібрэта. Кампазітар абрала лібрэта, у якім адлюстроўваецца сюжэт Кнігі Выхаду з Пяцікніжжа Маісея, але прадугледжаныя часавыя рамкі (15-30 хвілін гучання) аказаліся парушанымі. Таму прайшла толькі на другі тур. Праз год зрабіла новую рэдакцыю твора, замяніўшы аднародны склад хору на змешаны.
Прэм’ера «Зямлі запаветнай» атрымала шырокі рэзананс, прыцягнула ўвагу прафесіяналаў і слухачоў. Невыпадкова ў вялікай зале філармоніі надарыўся аншлаг. Як высветлілася, пра оперу Безенсон марыла даўно. Пакуль шукала літаратурную аснову для лібрэта, напісала шмат іншых сачыненняў. Музычныя сцэны «Вечны горад» і «На прыступках Калізея» для барытона, хору, аргана і ўдарных (прэм’ера ў 2008-м) уразілі тэатральнай вобразнасцю і схільнасцю аўтара да опернага пісьма, хоць з’явіліся яны значна пазней за «Зямлю запаветную».
З другога боку, згаданая опера мае рысы аратарыяльнасці (бо хор тут вельмі важкі дзейсны персанаж), а па сюжэце набліжаецца да містэрыі. Адначасова тэатральна-сцэнічная скіраванасць «Зямлі запаветнай», нягледзячы на канцэртнае выкананне, абуджае фантазію і ў рэчышчы магчымага харэапластычнага ўвасаблення, пра што марыць і аўтар. Лібрэтыст Мікалай Голь прадугледзеў такія сцэны, як песня-танец стражнікаў і прыгнечанага народа «Супрацьстаянне» і агульны танец-пакланенне Залатому Цяльцу «Малітва куміру». Таму «Зямля запаветная» — не проста камерная або канцэртная опера. Яна сведчыць пра нетрадыцыйнае стаўленне аўтара да музычна-тэатральнага сінтэзу і ўтрымлівае багатыя магчымасці для надзвычай уражальнага пастановачнага вырашэння.
У аўтарскім спісе твораў Аліны Безенсон — два канцэрты для сімфанічнага аркестра і фартэпіяна, камерна-інструментальная музыка, творы для фартэпіяна, вакальныя цыклы, песні, музыка для дзяцей, апрацоўкі беларускіх народных песень. Але сферай творчых інтарэсаў з’яўляюцца пераважна харавыя жанры. Магчыма, справа ў шэрагу стасункаў і ўплываў. У дзяцінстве яна слухала касцельныя харавыя спевы з арганам, потым сама спявала ў маладзёжным хоры, які існаваў пры касцёле святога Роха. Настаўнікамі яе ў розныя часы былі Андрэй Бандарэнка і Андрэй Мдывані, добра вядомыя майстры харавога пісьма, але ні адзін ні другі не культывавалі ў працэсе навучання харавыя жанры і не заахвочвалі сваю вучаніцу. Да таго ж Акадэмія музыкі вымагала адпаведнасці патрабаванням тыповай праграмы па кампазіцыі. Першы курс — трохчасткавая форма, якую Аліна ўвасобіла ў Струнным квартэце, на другім — Ронда для віяланчэлі і кларнета і варыяцыі, апрабаваныя ў Сямі камбінаторных інвенцыях для габоя сола. Санаты для кларнета і для віяланчэлі — трэці курс. І адразу сачыненнямі Аліны Безенсон цікавіліся айчынныя і замежныя выканаўцы. На чацвёртым і пятым курсах, як вынік засваення буйных музычных жанраў, з’явіліся маштабныя творы: Сімфанічная паэма «Hosanna in exсelsis» («Слава ў вышніх») і Кантата «Laudamus Te, Domine» («Хвала табе, Госпадзі») для хору, аргана і ўдарных.
Сёння сачыненні Аліны Безенсон выконваюцца рознымі калектывамі і салістамі краіны, артыстамі з замежжа, уваходзяць у рэпертуар вучняў музычных школ, каледжаў, студэнтаў Акадэміі музыкі, запісаны на кампакт-дыскі. Яе творчая біяграфія змешчана ў энцыклапедыі «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь» і ў кнізе «Памяць», што выдадзена да 1000-годдзя яе роднага горада Ваўкавыска. Не так даўно бельгійскі кларнетыст Хедвіг Швімберг, які выступаў у Мінску, пасля знаёмства з музыкай Аліны даслаў ёй ліст, у якім выказаў шчырую цікавасць да яе сачынення і папрасіў выслаць ноты яе «студэнцкіх» Інвенцый і Санаты.
Між іншым, паводле сярэдняй спецыяльнай адукацыі Аліна — дамрыстка. Але нягледзячы на тое, што ў Гродзенскім музычным вучылішчы яна чатыры гады іграла ў народным аркестры, сачыненнем твораў для домры пакуль не натхнілася. Затое сярод самых першых юнацкіх опусаў — «Нясвіжскі пейзаж» і Тры мініяцюры для хору. Першым харавым творам пасля заканчэння Акадэміі музыкі зрабіўся цыкл «Пара веснавая» на словы Ніла Гілевіча.
Сапраўдным гонарам кампазітара стала араторыя «Страцім-лебедзь» на вершы Максіма Багдановіча, дзе, дарэчы, знаходзіць арыгінальнае праламленне тэма сусветнага патопу. У 2001 годзе араторыя прагучала ў выкананні хору і аркестра Гродзенскай капэлы, а ў 2004-м была запісана ў выкананні хору і аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Калі Аліна рызыкнула паказаць сачыненне Віктару Роўду, вельмі хвалявалася, але майстар, зірнуўшы ў ноты, не раздумваючы адказаў: «Гэты твор варты ўвасаблення!»
Відавочная цікавасць кампазітара да апрацовак грыгарыянскіх песнапенняў, стварэння духоўных гімнаў, да жанру месы. Да таго ж рэлігійна-філасофская канцэпцыя такіх твораў, іх глыбіня, стылёвая выразнасць, экспрэсія пачуццяў выяўляюць дакладнасць і акрэсленасць мастацкай ідэі, уласную аўтарскую пазіцыю ў стаўленні да агульначалавечых тэм, праблем. Усё гэта сталася прыступкамі да стварэння оперы.
Аўтар «Зямлі запаветнай» вельмі чуйны да слова. Дасканала акрэсліваючы з дапамогай шэрагу лейтматываў і іншых сродкаў сімфанізму, а таксама тэмбравых фарбаў аркестра, хору і салістаў як вонкавы характар падзейнага развіцця оперы, так і глыбінную скіраванасць руху кампазітарскай думкі, Аліна Безенсон засяроджана на выяўленні ідэі духоўнай свабоды чалавека, які пераадолеў не толькі фізічнае рабства. Таму такімі важкімі падаюцца словы Маісея — збавіцеля народа Ізраіля ад егіпецкага палону («Адказ Маісея»). Сорак гадоў вадзіў ён яўрэяў па Сінайскай пустыні ў пошуках Ханаана (Зямлі запаветнай), пакуль не пакінула свет старэйшае пакаленне, якое зведала рабства, і не з’явілася маладое, ад пачатку вольнае.
Опера мае стройную кампазіцыйна-драматургічную будову, якую ўтвараюць дванаццаць эпізодаў. Яны размеркаваныя ў адпаведнасці з мастацкім абагульненнем менавіта тых сюжэтна-падзейных сцэн, якія абраны лібрэтыстам. Дарэчы, нават без спецыяльных разлікаў прафесіянал можа канстатаваць, што драматычная кульмінацыя твора, сцэна звяржэння Залатога Цяльца, знаходзіцца менавіта ў кропцы «залатога сячэння». Гэта — пералом дзеяння, пасля якога гучаць Дзесяць Запаведзяў — сапраўдная кампазітарская знаходка ў музычным вырашэнні — і, урэшце, «Хвала Ханаану!» — упэўненая фінальная кропка без усялякіх катарсічных сентэнцый.
Выкананне оперы салістамі (Канстанцін Батурын — Маісей, Святлана Даражок — Марыям, Аляксандр Міхнюк — Аарон), Акадэмічным хорам (мастацкі кіраўнік Вольга Янум, дырыжор Андрэй Саўрыцкі) і сімфанічным аркестрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь (дырыжор Вальтэр Мнацаканаў) было пераканаўчым і амаль бездакорным.
Аліна Безенсон відавочна схільная да тэатральнага пісьма і таму, мяркую, не спыніцца ў сваіх творчых пошуках. У прыватнасці, не зусім задаволеная якасцю лібрэта, яна задумала зрабіць пераклад яго тэксту на беларускую мову.
Вера Гудзей-Каштальян