«Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы. Генрых Грыгоніс (Нічыпар).
У пераважна маладой акцёрскай трупе Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяперашняга Нацыянальнага акадэмічнага імя Янкі Купалы) дваццатых гадоў мінулага стагоддзя рэзка вылучаліся тры буйныя постаці — Уладзімір Крыловіч, Фларыян Ждановіч і Генрых Грыгоніс. За апошнім замацавалася найменне першага коміка.
Генрых Грыгоніс прыйшоў у калектыў у час яго арганізацыі, маючы ў творчай кайстры больш як дзесяцігадовы сцэнічны вопыт. Пачынаў і працяглы перыяд працаваў у расійскіх тэатрах Далёкага Усходу. Потым былі Пецярбург, Вільня.
На беларускай сцэне ў дваццатыя гады ўвасобіў нямала вобразаў, выступаў ледзьве не ў кожным спектаклі. Іграў камедыйна-характарныя ролі, зазвычай буйныя, каларытныя. Да іх большасць выканаўцаў ідзе пакручаста цяжкім і даволі доўгім шляхам. Такі шлях Генрых Грыгоніс адолеў да Беларускага тэатра, тут жа ён, што называецца, цараваў.
З трыццатых гадоў Генрых Грыгоніс, за рэдкім выключэннем, выконваў эпізадычныя ролі. Але яны, якімі б ні былі спектаклі, свяціліся зіхатліва ўражлівым бляскам. Шэраг роляў па ювелірна тонкай распрацоўцы ўзнімаліся да шэдэўраў, няхай і невялікіх па сцэнічнай прасторы. Адна з такіх прац — Нічыпар у камедыі Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім». У пастаноўцы надзіва арганічна і моцна спалучаліся дзве мастацкія плыні: амаль да гратэску востра сатырычная і да найменшых драбніц жыццёва верагодная, псіхалагічная. Тэатральны вобраз Нічыпара цалкам уваходзіў у другую з іх.
У спісе дзейных асоб гэты персанаж займае трэці радок знізу, а з тых, хто мае ўласнае імя, дык і ўвогуле на апошнім месцы. Нічыпар працуе дворнікам пры навукова-даследчым інстытуце геалогіі і непасрэднага ўдзелу ў падзеях, якія тут разгортваюцца, здавалася б, не прымае. Але п’еса пачынаецца са сцэны — класічны ўзор экспазіцыі — прыбіральшчыцы цёці Каці і дворніка Нічыпара. У вестыбюлі інстытута яны вядуць гамонку пра парадкі, якія тут існуюць, і найбольш пра людзей — асноўных дзейных асоб камедыі.
Цёця Каця — хітрушчая кабета, якой трэба ўсё бачыць і пра ўсё ведаць. З агеньчыкамі ў вачах, умее даваць з’едлівыя характарыстыкі. Нічыпар стараецца патрапіць ёй у тон, але чалавек ён зусім іншы. Прамы, бясхітрасны і, можа, часам да наіўнасці даверлівы. Тут, у гэтай установе, ён служыць верай і праўдай.
Збольшага абмяняўшыся думкамі і навінамі, цёця Каця застаецца, каб і з іншымі мянціць языком ды даведвацца пра што-небудзь новенькае, а Нічыпар спяшаецца падмятаць двор.
Другі раз ён выходзіць на падмосткі ў самы разгар падзей, калі яны, дасягнуўшы апагея, імкліва набліжаюцца да развязкі. У час чытання дырэктарам Гарлахвацкім навуковага даклада пра дагістарычную «мамантаву свінню» папрасіў дазволу папрысутнічаць на пасяджэнні Нічыпар. Уваходзіць разам з цёцяй Кацяй — з кім жа яшчэ яму тут таварышкавацца. Пасля працы скінуў дворніцкую апранаху, прыкасцюміўся (можа, таму і прыпазніўся на пачатак).
Нічыпар слухае ўважліва, з асалодай, ловіць кожнае слова дырэктара — прыйшоў жа розуму набірацца. І калі пасля траскучага выступлення Зёлкіна ва ўхвалу свайго шэфа наступіла паўза, нечакана для ўсіх і, мабыць, для самога сябе папрасіў слова дворнік Нічыпар. Распазнаўшы костку, якую прывалок сабака Цюлік і якой у час даклада арудаваў Гарлахвацкі, дзівіцца з яго вялікага розуму. Гаворыць нібыта шчыра і сур’ёзна, а на справе прыводзіць факты шарлатанства ў навуцы, прайдзісвецтва, што ў спектаклі набывала асабліва камічны рэзананс.
Раз’юшаны Гарлахвацкі і яго падпявала Зёлкін вінавацяць Нічыпара ў тым, што ён п’яны, і прапаноўваюць ісці праспацца. Пакрыўджаны дворнік моўчкі ідзе на сваё месца. І толькі пасля заканчэння пасяджэння просіць дазволу прыбраць са стала злашчасную костку і выкідвае яе праз акно назад Цюліку, кленучы таго, што ўсё так адбылося.
Акцёры-купалаўцы з першага пакалення ведалі цану сцэнічнаму слову. Cлова ў іх вуснах набывала маляўнічую сакавітасць. У высокай ступені гэтым валодаў Генрых Грыгоніс. Ягонае «Цюлік», апошні раз прамоўленае больш як паўстагоддзя таму, гучыць у памяці і сёння. А ролю Нічыпара, адну з яркіх залацінак, акцёр іграў, не ведаючы сабе роўных, пачынаючы з прэм’еры 1939 года і, уласна, да канца жыцця.
Анатоль Сабалеўскі