Елізар’еў. «Спартак». Каір

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Паўстанне рабоў... у Егіпце

На сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета Каіра адбылася прэм’ера балета «Спартак». Пастаноўшчыкам спектакля выступіў вядомы беларускі балетмайстар Валянцін Елізар’еў. Каірская прэм’ера і зрабілася падставай для нашай размовы.

 

Валянцін Мікалаевіч, як узнікла ідэя пастаноўкі «Спартака» менавіта ў гэтым горадзе?

— Тэатр оперы і балета ў Каіры існуе 120 гадоў. Ён на 40 гадоў старэйшы за беларускі. Але «Opera-hause», будынку, у якім цяпер ідуць спектаклі, усяго 25. Менавіта па заказе Каірскай оперы Джузэпе Вердзі напісаў «Аіду». Я быў на плошчы, якая дагэтуль называецца плошчай Оперы. Раней там знаходзіўся Тэатр оперы, які згарэў. Новы оперны тэатр узведзены ў Каіры на самым прэстыжным месцы — на востраве Замалек. Калі краіна была англійскай калоніяй, тут месціліся дамы багатых англічан, тэнісныя корты, іпадромы, футбольныя палі. Замалек — самае прыгожае месца ў Каіры. Тут знаходзіцца вялікі культурны комплекс, часткамі якога з’яўляюцца Музей егіпецкай цывілізацыі, Музей сучаснага егіпецкага мастацтва, будынкі нотнай бібліятэкі, бібліятэкі па мастацтве, тэатральныя майстэрні, а таксама Тэатр оперы і балета. Тэатр існуе стацыянарна, пры магутнай дзяржаўнай падтрымцы. Ён мае магчымасць запрашаць на пастаноўкі першых асоб з усяго свету, у Каіры працавалі Марыс Бежар, Лорка Мясін.

Дырэктар Каірскага тэатра адначасова з’яўляецца намеснікам міністра культуры краіны. Вучыўся ў Пецярбургу, у Акадэміі танца імя Ваганавай. Доўга працаваў у Італіі, у тэатры «Ла Скала».

/i/content/pi/mast/31/531/44.jpg

Вольга Дзірда (Фрыгія), Хэні Хасан (Спартак).

Егіпет я адкрыў для сябе даўно. У краіну трапляў тройчы, разам з беларускім балетам, які паказваў там «Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спартак». Дырэктару тэатра вельмі спадабаўся апошні спектакль. Таму я атрымаў запрашэнне, паехаў, паглядзеў трупу. Яе мужчынская частка вельмі моцная, у большасці сваёй складзеная з егіпцян, падрыхтаваных пераважна рускімі педагогамі, якія працуюць там дагэтуль. Салісты добра гавораць па-руску, таму праблем з перакладам не было. Жаночую частку трупы гэтак жа высока, як мужчынскую, ацаніць не магу, але годныя выканаўцы ёсць. Па мусульманскіх законах, як толькі дзяўчына выходзіць замуж, яна развітваецца са сцэнай. Таму сярод балерын пераважаюць або незамужнія, або прыезджыя.

Каірскі тэатр мае адметны рэпертуар — і оперны, і балетны. Ідуць «Шчаўкунок», «Рамэо і Джульета»; а «Лебядзінага возера» няма: для яго патрабуецца вялікі жаночы склад.

Тэатр робіць добрае ўражанне сваёй аснашчанасцю. Цікава выбіраюцца ў Егіпце тканіны для дэкарацый: непасрэдна на рынку, дзе неверагодная колькасць матэрыялаў і аздабленняў. Тканіны купляюцца дзесяткамі метраў, бакі таргуюцца наконт коштаў... Падчас працы над «Спартаком» марыў увасобіць на сцэне Каірскага тэатра славутую сцэнаграфію Яўгена Лысіка, але яго жонка, мастачка Аксана Зінчанка, не змагла адшукаць усе эскізы. Абмежаваліся касцюмамі.

У 1980-м вы паставілі славуты «Спартак» у Мінску. Ён стаўся яркай падзеяй і вось ужо 30 гадоў ідзе на сцэне. Думаю, зрабіць проста копію з мінскай пастаноўкі вам было нецікава...

— Я не імкнуўся да поўнага ўзнаўлення беларускага спектакля. Развіў многія пластычныя матывы, ускладніў партыі салістаў, сцэны баёў. Іначай паставіў сцэну з куртызанкамі ў 2-й дзеі. Фантазія ў мяне ёсць, выканаўцы былі цікавыя, адна — егіпцянка, другая — родам з Самары.

Супраціўлення складанай харэаграфіі не адчуваў, трупа з ёй справілася. Падалося, што артысты «згаладаліся» па цікавай пластыцы, таму рэпеціравалі з задавальненнем і змагаліся, хто станцуе прэм’еру. Былі падрыхтаваны чатыры склады. Адбыліся тры генеральныя. А потым — шэсць спектакляў запар, прычым штодзень. Вядучыя выканаўцы мяняліся, а кардэбалет быў той самы... Раней у Каіры «Спартак» ніколі не ішоў, музыка Хачатурана ў Егіпце гучала ўпершыню.

Раскажыце пра вашы ўражанні ад маляўнічага і экзатычнага паўднёвага горада...

— Каір вельмі прыгожы. Мегаполіс, які насяляюць больш за 20 мільёнаў чалавек. Ад праспекта Гіза, дзе я жыў, была магчымасць блізка пад’ехаць да трох знакамітых пірамід. Уявіце: гарадская забудова, едзеш на машыне, і раптам адкрываецца далягляд — пустыня, пяскі і піраміды...

Цікавасць да старажытнарымскай культуры, якая адлюстравана ў «Спартаку», напэўна, уласцівая сучасным жыхарам Егіпта...

— Сапраўды, грэка-рымская культура — складнік культуры Егіпта. Тут яе ўспрымаюць як сваю. Невыпадкова ў Александрыі ў свой час пераважала грэка-рымскае насельніцтва. Грэка-рымскі музей існуе ў Каіры як частка Нацыянальнага музея. Па памерах ён — як Эрмітаж, там можна хадзіць шмат дзён. Кожны раз, калі трапляю ў Егіпет, бываю тут. Уражанні неверагодныя! Бачыш рэчы, адшуканыя ў грабніцах, у пустыні, у моры. Бо старажытная Александрыя апусцілася пад ваду, а там былі палацы... Фрагменты горада можна ўбачыць і цяпер.

Але вернемся ў тэатр...

— У Егіпце тэатр оперы і балета толькі адзін. Сучасны будынак, зала з трыма ярусамі, на 1600 месцаў, сцэна з нахілам. Білеты каштуюць 60-70 долараў, самыя танныя — па 15.

Ці задаволены вы працай салістаў, узроўнем іх тэхнічнай узброенасці, глыбінёй разумення вобразаў?

— Былі салісты, з якімі цікава працаваць. Хоць глыбокія артысты ў любой трупе трапляюцца рэдка. Тыя, хто можа вобраз прачуць, хто можа рэзаніраваць, а не проста ўзнаўляць прапанаваны малюнак. Падрыхтоўка спектакля заняла два месяцы. Увесь расклад тэатра «падстройваўся» пад нас. Рэпетыцыі ішлі штодзённа, па 10 гадзін, я літаральна не выходзіў з залы. Пахудзеў ажно на 7 кілаграмаў. «Спартак» — не той спектакль, які можна расказаць на словах.

У Каіры пакуль пастаноўшчык у зале, ніхто не мае права пакінуць рэпетыцыю. Няхай прайшла гадзіна або дзве... Дысцыпліна бездакорная. Бо калі балетмайстар папросіць танцоўшчыка выйсці, дык апошні згубіць працу. Але калі артыстам цікава, тады і бізун не патрэбен. Трупа рэпеціравала з вялікай ахвотай — з першага моманту да апошняга. Гэта тычылася не толькі салістаў, але і аркестра, дзе шмат музыкантаў з былога Савецкага Саюза.

Падчас пастаноўкі ў Каіры вашымі асістэнтамі выступалі вядомыя беларускія артысты Вольга Лапо і Віктар Саркісьян...

— Яны паехалі ў Егіпет раней за мяне. Працавалі з кардэбалетам і з салістамі, не занятымі ў бягучых спектаклях. Вольга і Віктар паказалі сябе вельмі добра. Тым больш што такой практыкі не мелі. Калі ездзілі за мяжу, дык у якасці педагогаў. Вольга танцавала ў мінскім «Спартаку» Фрыгію, Віктар — Краса. Але ім трэба было рэпеціраваць з кардэбалетам, выканаўцамі невялікіх сольных і вядучых партый. Таму перад тым, як ехаць у Егіпет, вывучылі спектакль. Праца ішла адначасова ў дзвюх залах. Шмат дапамагалі рэпетытары-егіпцяне, якія ў свой час скончылі ГІТІС. Яны ставіліся да нас з вялікай павагай. Ганаруся, што быў першым харэографам, якога ў Егіпет запрасілі з абсягаў былога Савецкага Саюза. І з цеплынёй успамінаю час рэпетыцый...

Якія работы ў вас як балетмайстра наперадзе?

— За апошні год зрабіў шэраг невялікіх пастановак у розных тэатрах (у тым ліку ставіў танцы ў операх). Вяду перамовы адразу з некалькімі тэатрамі. Большасць іх, асабліва на постсавецкай прасторы, небагатыя — акрамя Марыінскага і Вялікага. Выбіраю, каб была моцная, падрыхтаваная трупа. Каб сама прапанова — назва, музыка, тэма — падалася цікавай. Прапазіцый хапае, але далёка не ўсе задавальняюць...

Ад Каірскага тэатра атрымаў яшчэ адно запрашэнне. Хутчэй за ўсё, гэта будзе балет «Эсмеральда» або «Сабор Парыжскай Божай Маці». Сюжэт той самы, але музыка розная. У першым выпадку — Цэзара Пуні, у другім — Марыса Жара. Калі тэатр звяртаецца да партытуры Пуні, гэта нічога не каштуе. А калі да партытуры Жара, дык трэба заплаціць велізарныя грошы. Бо аўтарскія правы захоўваюцца 75 гадоў. (У нас — 50, хоць мы падпісалі Жэнеўскую канвенцыю.) Прэм’ера запланавана на студзень-люты 2011 года.

Восенню 2010-га буду ставіць спектакль у Токіо, у Тэатры оперы і балета. Падпісаны таксама кантракт на пастаноўку балета ў Кіеве, у Нацыянальнай оперы Украіны.

Сёлета восенню набіраю новы курс балетмайстраў у Беларускай акадэміі музыкі. Сярод тых, хто спрабуе сябе ў гэтай справе, ёсць цікавыя асобы. Але, як кажуць, гэта тэма іншай размовы...

Таццяна Мушынская