Малюе памяццю рука...

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Этналагічныя аспекты жывапісу Віктара Барабанцава

/i/content/pi/mast/31/530/38.jpg

Заслаўе. Алей. 2003.

Мастацтва Віктара Барабанцава нясе ў сабе пасыл да мінуўшчыны — прычым не толькі праз тэмы і сюжэты: у ім прасочваецца пэўная аналогія са старажытнымі беларускімі тканымі вырабамі. У ходзе творчага развіцця мастака выразна распазналася таямніца прыцягальнасці яго жывапісу: ключ да яе — у каларыстычнай гаме і рытміцы малюнка, у знакавай, энергетычнай повязі з мелодыкай узораў слуцкіх паясоў — скарбніцы кодаў беларускай этнакультуры.

Слуцкія майстры, вырабляючы іх для беларускай магнатэрыі, перанялі тэхналогіі вырабу персідскіх паясоў, але замянілі ва ўзорах усходніх арнаментаў гваздзікі ды ружы на краскі беларускіх палёў і лясоў — рамонкі, валошкі, званочкі і іншыя, а жорсткі малюнак — на мяккую, цякучую пластыку ліній. У выніку паўстала гармонія зместу (кветкі беларускай прыроды), пяшчотнага, прасветленага каларыту (пастэльныя колеры родных кветак) і пластыкі (павольная мелодыка ліній малюнка арнаментаў). Вось у чым сакрэт шэдэўраў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія побач з Крыжам Еўфрасінні Полацкай і пячаткай Ізяслава (сына Рагнеды і ўнука Рагвалода) сталі сакральнымі сімваламі жыцця, гісторыі і культуры нашага народа.

Такім жа пяшчотным і мілагучным каларытам свецяцца творы Віктара Барабанцава, яго пейзажы і нацюрморты, дзе незлічона кветкавых лугоў і панарамных краявідаў. Гэты чароўны каларыт атачае выявы шматлікіх беларускіх храмаў, без якіх амаль ніколі не абыходзяцца яго жывапісныя панарамы. Прыгадаем хаця б творы «Подых вякоў. Зямля Навагрудская» (2001), «Зімовы дзень. Жыровічы» (2002), «Заслаўе. Апошнія промні» (1992).

Гістарычнае мінулае, духоўныя традыцыі народа і яго культура сталіся вызначальнай харызмай усёй творчасці мастака і кожнай яго работы. Храмы, народныя святы, старажытныя гарады — такое кола інтарэсаў майстра.

Мабыць, ні адзін з мінскіх жывапісцаў так часта не прыязджае ў старажытнае Заслаўе. Цікава не толькі тое, што Віктар Барабанцаў неаднаразова маляваў гістарычны ландшафт, заслаўскія Каляды ды Купаллі. Увагу мастака прывабіла вобразнасць захаванай з часоў сярэднявечча старажытнай вулачкі Вялікай, што ідзе ад Рынкавай плошчы: спачатку ўгару — каля касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, потым уніз — да магічнай, поўнай паданняў ракі Чарніцы, далей — да Чорнай гары, дзе тысячу гадоў таму стаялі капішчы, і нарэшце да курганных могільнікаў на выездзе з горада.

Каб неяк ахапіць гэта ўнікальнае не толькі для Беларусі (сярэднявечных вуліц з традыцыйнай назвай Вялікая ў старых гарадах усёй Еўропы не набярэцца і з дзесятак) месца, мастак намаляваў яго з вышыні птушынага палёту. Пры гэтым не былі страчаны дэталі гістарычна-знакавых аб’ектаў, ім быў нададзены статус носьбітаў глыбокай павагі, любові і захаплення. Такім Заслаўе яшчэ ніхто не маляваў, нягледзячы на тое, што, мабыць, ні адзін старажытны беларускі горад не прыцягваў гэткай пільнай увагі мастакоў.

/i/content/pi/mast/31/530/40.jpg

Калядная зорка да нас завітала. Алей. 2006.

З першых крокаў у мастацтве Віктар Барабанцаў дэклараваў сваю прыхільнасць да архетыпаў беларускай ментальнасці: ён не толькі аддаваў даніну павагі гістарычнаму мінуламу праз увасабленне вобразаў, вартых услаўлення (партрэты Міколы Гусоўскага (1980), Кірылы Тураўскага (1990), Сымона Буднага (1991), Максіма Багдановіча (1999), Адама Міцкевіча і Фрэдэрыка Шапэна (1999)), было ў манументальных роспісах і станковых карцінах гэтага жывапісца штосьці магнетычнае для айчыннага гледача, кшталту энергетыкі ў творы «Стары беларус з люлькай» Міхася Філіповіча або ў партрэтах беларусаў, намаляваных і напісаных Пётрам Сергіевічам у 1930-я — 1940-я гады, калі «паўстала пытанне асаблівага стылю сучаснай беларускай мастацкай культуры». На нацыянальных тэарэтычных платформах грунтаваўся стыль мадэрн, які ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя нібы хваля свежага паветра захліснуў Еўропу, у тым ліку і ўсходнія яе часткі — Расію, Прыбалтыку і Беларусь. Па часе гэты стыль праіснаваў нядоўга, але ён пусціў карэнне ў нацыянальных культурах народаў. Творчасць Віктара Барабанцава ў пэўнай ступені таму доказ.

Напрыклад, творца Міхась Філіповіч неабходнасць пошуку нацыянальнай формы ў мастацтве адчуў і ўсвядоміў, як ні дзіўна, у часы навучання ў Маскве, у Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях пад апекай Канстанціна Каровіна, дзе быў сведкам станаўлення нацыянальнай школы рускага жывапісу, ідэолагамі і стваральнікамі якой былі Віктар Васняцоў, Іван Рэпін, Васіль Паленаў, Васіль Сурыкаў, Абрам Архіпаў, што надалі рускаму мастацтву канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя статус носьбіта высокіх ідэй адраджэння і рэканструкцыі традыцый айчыннай гісторыі і культуры. Іх ідэйныя паслядоўнікі Барыс Кустодзіеў, Іван Шышкін, Ісаак Левітан, настаўнік Філіповіча Канстанцін Каровін сваім творчым прыкладам заклалі ў свядомасць маладога мастака прагу да духоўнага, патрыятычнага пачатку, якую ён з энтузіязмам наталяў на радзіме, калі вярнуўся з Масквы, і далей — цягам усяго жыцця.

«Стары беларус з люлькай» — паказальны твор Філіповіча, у якім сфакусіравана вастрыня характару, выразна сфармулявана праз мастацкі вобраз тыпалогія беларуса. Адметны гэты твор лагоднай і пры гэтым не пазбаўленай пачуццёвай дынамікі каларыстыкай, выверанай праз адметныя фарбы і адценні беларускай прыроды. Барабанцаў выдатна засвоіў творчы досвед свайго папярэдніка. Ён верны яму ў серыі партрэтаў, сярод якіх найболей красамоўныя «Паэтка Людміла Рублеўская» (1998), «Паслушнік Алег (Бембель)» (1998), «Партрэт Еўфрасінні Полацкай» (2005). Пранікнёныя і далікатныя вобразы беларусаў — і ў іншых творах Барабанцава, такіх як «Партрэт кампазітара Анатоля Багатырова» (1999), «Партрэт пісьменніка Ніла Гілевіча» (2002), «Партрэт мастака Міколы Ісаёнка» (2002), «Партрэт пісьменніцы Вольгі Іпатавай» (2002), «Партрэт айца Уладзіміра» (1995) і яшчэ ў дзесятках увасабленняў слынных дзеячаў культуры і рэлігіі, поўных годнасці і высакародных пачуццяў. Але ў першых трох можна назіраць самую выразную сувязь творчых здабыткаў Віктара Барабанцава з пошукамі этна-адметнасцей у партрэтах Філіповіча.

Партрэт Алега Бембеля, вядомага беларускага філосафа, што пакінуў свецкае жыццё і пайшоў у інакі, мае найбольшую набліжанасць да партрэтнага жывапісу Міхася Філіповіча, хоць ёсць тут і відавочныя адрозненні, скажам, ад работы «Стары беларус з люлькай».

Калі вобраз Алега Бембеля вызначаецца сканцэнтраванасцю героя на стыхіі ўнутраных развагаў і пачуццяў — узірання ў сябе, углыб, то стары ў партрэце Філіповіча ўедліва пазірае на гледача, на нас з вамі.

Тым не менш, пры ўсіх вонкавых адрозненнях вобразных характарыстык абодва мастакі ўвасобілі складаны ўнутраны свет беларусаў, сваіх сучаснікаў і суайчыннікаў. Пры кампазіцыйнай збліжанасці партрэтаў, — паварот на тры чвэрці, умоўна паясныя, — яны распавядаюць пра розныя рэчы: адзін пра палымяную, філасофскую натуру, якую, падаецца, нават скуф’я не можа ўтаймаваць; другі прамаўляе пра ўніверсальны характар народнага тыпу чалавека, які не можа быць іншым, чым пільным, уважлівым і мудрым у гэтым жыцці, поўным не толькі радасцей і хараства, але і каверзаў, жорсткіх выпрабаванняў і спакус.

Абодва партрэты характарызуюцца знешняй ураўнаважанасцю вобразаў, спакойным каларытам. Лучыць іх трапнасць выяўлення характараў і феерыя энергетыкі персанажаў — а гэта адметныя рысы беларускай традыцыйнай скульптурнай пластыкі, якую Міхась Філіповіч мог назіраць у шматлікіх экспедыцыях па Беларусі, калі ён у 1930-х гадах быў супрацоўнікам Беларускага мастацкага музея, а Віктар Барабанцаў мог асэнсаваць гэты досвед у выніку сваёй мастацкай практыкі ў якасці манументаліста, спецыяліста па царкоўным роспісе, дзе таксама ўжываюцца падобныя мастацка-вобразныя прыёмы.

У партрэце Еўфрасінні Полацкай Віктара Барабанцава заварожваюць ілюзія срэбнага каларыту карціны, поўная фантастычнай унутранай энергіі постаць манахіні — засяроджанай, сканцэнтраванай на сваіх думках, што вядуць у вечнасць, да зор, да Бога.

Характарыстыка гераіні прынцыпова разыходзіцца з вобразамі Еўфрасінні Полацкай, створанымі ў беларускім мастацтве за апошнія 20-30 гадоў. Партрэт Барабанцава вылучаецца натуральнасцю, праўдзівасцю рысаў гераіні. Складаецца ўражанне, што перад гледачом звычайная беларуская дзяўчына — такіх, вонкава вельмі блізкіх да намаляванай, у нас сустракаецца шмат! Тыповасцю створанага вобраза мастак наблізіў Еўфрасінню — як і яе ўнутраны свет, пачуцці, рэлігійныя перакананні — да нас, нібы прамовіўшы: жыццёвы подзвіг даступны кожнаму.

Не менш прыцягальнымі якасцямі вылучаецца партрэт паэткі Людмілы Рублеўскай. Гэты твор таксама вызначаецца ўнутранай энергетыкай гераіні. Яго вобразная фабула асацыятыўна звязвае постаць партрэтаванай са з’явамі і праявамі беларускай прыроды, напрыклад, з вобразам пяшчотнай галінкі магутнага дрэва. У ім можна «пачуць» узнёслы запамінальны радок класічнага музычнага твора. Вібрацыя фону, на якім напісаны партрэт, яго напоўненасць далікатнымі, але лёгка пазнавальнымі выявамі анёла і голуба — сімваламі дабрыні, міралюбства і духоўнай узнёсласці, выглядае каштоўнай аправай перліны — вобраза добрай і разумнай жанчыны.

Калі з часавай адлегласці азіраеш творчасць Віктара Барабанцава, становіцца зразумелым, што каштоўнасць мастака палягае не столькі ў ракурсе яго шуканняў, колькі ў скіраванасці да пошукаў і здабыткаў адраджэнскіх плыняў у беларускім мастацтве 1920—1930-х, 1970—1980-х — бо замацоўвае іх станоўчыя прыклады і ўрокі з адаптацыяй на нашу эпоху. Творчы даробак жывапісца найболей цікавы і важны як вектар мастацка-вобразных рэканструкцый, сентэнцый на тэму гістарычных і культурных здабыткаў беларускага народа, яго духоўнай спадчыны.

Таццяна Гаранская