Грані і адценні гукакосмасу

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Цымбалы. Скрыпка. Кантрабас

У шэрагу філарманічных праектаў апошняга часу прадстаўлены адметныя праграмы, якія даюць магчымасць паразважаць пра развіццё пэўных жанраў айчыннай інструментальнай музыкі. Чым цікавыя творы нашых кампазітараў, напісаныя для цымбалаў, скрыпкі, кантрабаса, увогуле струнных?

У год правядзення XV з’езда Беларускага саюза кампазітараў натуральным з'яўляецца актыўнае гучанне нацыянальнай музыкі. А для ўсіх, хто неабыякавы да падзей, што адбываюцца ў прасторы акадэмічных жанраў, хто ўдзельнічае ў працэсе захавання нацыянальных традыцый і індывідуальнага каларыту ў кантэксце сусветнай культуры, гэты час успрымаецца як перыяд канцэнтрацыі пошукаў і адкрыццяў.

У сё пачутае і ўбачанае ў канцэртных праграмах прымушае задумацца. І ў першую чаргу пра тое, што развіццё сучаснай музыкі акадэмічных жанраў непасрэдна залежыць ад узроўню выканальніцкага майстэрства (сяброўства «кампазітар — выканаўца», якое склалася гістарычна, цяпер асабліва актуальнае) і падрыхтаванасці слухацкага ўспрымання. Безумоўна, важная і рэакцыя — вусная і пісьмовая, эмацыйная і інтэлектуальная, ацэнка музычных падзей, выказаная аматарамі і прафесіяналамі, бо самым страшным для творчага чалавека з’яўляецца маўклівая абыякавасць. Для сучаснай беларускай музыкі ўзаемадачыненні «кампазітар — выканаўца — слухач» вызначаюць яе далейшае развіццё.

«Цымбальны баль» Веранікі Прадзед

/i/content/pi/mast/31/527/27.jpg

Гаспадыня цымбальнага балю Вераніка Прадзед.

Арыгінальныя музычныя праграмы, якія сведчаць пра актыўны і разнастайны творчы пошук у жанравай і моўнай сферах кампазітараў розных краін, пакінулі незабыўны і яркі шлейф уражанняў. Найперш варта адзначыць нацыянальны каларыт многіх сачыненняў, якім была афарбавана серыя камерных канцэртаў.

«ЦымБАЛЬны баль» — гэтая назва гучыць празрыста-шчымліва, узнёсла... і паэтычна. Менавіта такой інтанацыяй была прасякнута музычная сустрэча, у цэнтры якой апынуліся цымбалы. Іх роля ў нашай культурнай прасторы адметная. Інструмент асэнсоўваецца як знак нацыянальнага, беларускага і ўспрымаецца як тэмбравы архетып Спадчыны. Імя гаспадыні балю добра вядома і прафесіяналам, і шырокаму колу аматараў: лаўрэат міжнародных конкурсаў Вераніка Прадзед, выпускніца Акадэміі музыкі па класе народнага артыста Беларусі Яўгена Гладкова. Сустрэчы з маладой таленавітай артысткай заўсёды цікавыя, бо яна прапануе слухачам арыгінальныя ідэі, новы музычны матэрыял, натхняе слухача светлай энергетыкай і глыбінёй інтэрпрэтацыі твора, жаданнем прадставіць цымбалы ў розных абліччах-выявах, праз найтонкія грані-адценні гукакосмасу.

У чарговы раз разбураючы міф пра адназначнасць трактоўкі інструмента, ідэя сустрэчы абумовіла і выбар музычнага матэрыялу, і драматургію вечара, у якой чаргаванне сольных нумароў і ансамбляў у 1-м аддзяленні змянілася панарамай канцэрта як жанру (у выкананні цымбал і ансамбля «Класік-Авангард»). Увогуле праграма прадставіла слухачам інтанацыйны свет арыгінальных сачыненняў айчынных кампазітараў для цымбал, у кожным з якіх па-свойму акцэнтавалася своеасаблівасць інструмента, яго тэмбравая шматзначнасць.

Дата правядзення канцэрта сімвалічна супадала са святкаваннем Міжнароднага дня роднай мовы. Гэтая падзея надала сустрэчы адценне шчырай гутаркі ад сэрца да сэрца, якая закранае генетычныя струны падсвядомасці. Хтосьці вельмі дакладна заўважыў, што гукі мовы — гэта набор інструментаў, з дапамогай якіх мы ствараем свет вакол нас і свет у сабе адначасова. Сапраўды, словы — ДНК мовы, гукі — ДНК музыкі, іх жыццё і эвалюцыя ўяўляюць сабой бясконцы працэс. Рэальная музыка — толькі мікрачасцінка велізарнага гукавога свету, пачутая аўтарам і зафіксаваная ў выглядзе тэксту. Наколькі ж вялікая роля інтэрпрэтатара, на якога ўскладзена функцыя медыятара паміж светам ідэальным, абстрактным і тым, што гучыць!

Давер да музыканта-выканаўцы, яго інтуіцыі і майстэрства ў сучаснай музыцы шмат у чым вызначае ступень разумення аўтарскай задумы. Падкрэслю, што гэтае пачуццё даверу салісту ў цымбальным праекце дамінавала ў абсалютнай ступені.

Вераніка Прадзед не толькі віртуозна валодае інструментам (невыпадкова яна — аўтар сістэмы «Рацыяналізацыя ігравых рухаў цымбаліста»). Яе выканальніцкая манера вылучаецца асаблівай рамантычнасцю, інтэлектуальнасцю, высокай культурай гуку і надзвычайным пачуццём адказнасці — перад кожнай нотай і аўтарскай рэмаркай.

У ансамблях, прадстаўленых у праекце, варта асабліва вылучыць дуэт Веранікі Прадзед і Дашы Мароз. Разам яны зрабілі ўжо шэраг яркіх праграм айчыннай камернай музыкі, захоплена прынятых у нас і за мяжой: на фестывалі «Міжнародны тыдзень кансерваторый» (Санкт-Пецярбург), Міжнародным фестывалі «Збіраем сяброў» (Масква), у Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра (Вільнюс). Маладыя музыканты апантаныя гарачым жаданнем адкрываць новыя сачыненні беларускіх аўтараў.

Дуэт прадставіў слухачам прэм’еру п’есы Галіны Гарэлавай «Bombo»: назва азначае хуткі часты паўтор адной ноты. І сапраўды, прыём пульсаваннем току працінае ўсю віртуозную п’есу, у тканіне якой дэталізавана кожнае музычнае імгненне. Нельга не згадаць, што яшчэ адзін падарунак, у выглядзе выканання Сюіты для цымбал, дуэт паднёс кампазітару Сяргею Картэсу падчас ягонага юбілейнага канцэрта ў Тэатры оперы і балета. На «Балі» адзначым прэм’ерныя выкананні інструментальных цыклаў «Вяснянка» і «Песня псалтырыёна» Людмілы Шлег. Апошні ўяўляе дыялог габоя (саліст Іван Філіпаў) і цымбал, якія — праз зварот да біблейскіх малітваў-псальмаў — увасабляюць сакральную прастору хрысціянскага свету. Музычны роздум стварае прасторавы эфект галасоў святочных званоў, на фоне якіх сплятаецца бясконцая кантылена і будуецца «храм, у якім мастак творыць па законах Прыгажосці» (думка кампазітара Эдысона Дзянісава).

Канцэрты Дзмітрыя Смольскага (№№ 2 і 3) і Уладзіміра Кур’яна, выкананыя Веранікай Прадзед сумесна з «Класікам-Авангардам», здолелі раскрыць неверагодную глыбіню і сілу эмацыйнага ўздзеяння цымбалаў і іх адметнага тэмбру. Што датычыць зместу твораў, дык варта нагадаць словы Сэмюэля Батлера, які пісаў, што кожны опус мастака — гэта ягоны аўтапартрэт.

Слухаючы Другі канцэрт Дзмітрыя Смольскага, прысвечаны Іосіфу Жыновічу, успамінаеш гісторыю яго стварэння. Выдатны цымбаліст прасіў напісаць для яго сачыненне, але сыграць яго, хоць просьба была хутка выканана, ужо не паспеў. Надзвычайная экспрэсія, трагічныя вобразы твора, прасякнутыя нацыянальнымі інтанацыямі, нязменна ўзрушаюць аўдыторыю. Невыпадкова на фестывалі ў Варшаве ў кастрычніку мінулага года публіка — пасля бурных апладысментаў і шматразовых выклікаў салісткі Веранікі Прадзед і дырыжора Аляксандра Анісімава — запатрабавала выканання Другога канцэрта «на біс». Што датычыць Канцэрта № 3, дык у ім кампазітар імкнецца адчуць прыроду цымбал, іх тэмбравую і фактурную арыгінальнасць.

Гэтая ж ідэя развіваецца ў Канцэрце Уладзіміра Кур’яна. Яго цымбалы — гэта яркі тэмбр-персанаж інструментальнага тэатра, якому не патрэбныя словы, каб выказаць думкі. Адмысловую пластыку музычнай мовы, нечаканыя, часам парадаксальныя тэмбравыя знаходкі (напрыклад, перайманне голасу гавайскай гітары), спалучэнне сумных і гарэзлівых, пяшчотных і трагічных вобразаў-кадраў вянчае ў гэтым сачыненні віртуозная імправізацыя саліста. А яна чарговы раз пацвярджае ролю выканаўцы, здольнага ўласнай харызмай і прафесіяналізмам задаць імпульс, што нараджае гукавую цэласнасць.

Водарам «Іспанскага танца» Уладзіміра Кур’яна (яшчэ адной прэм’еры, створанай кампазітарам спецыяльна для праекта) напоўніўся апошні акорд цымбальнага балю. Вечарына пакінула вострае жаданне зноў апынуцца ўнутры такой дасканалай гукатворчасці.

Вакол кантрабаса

Аматары класічнай музыкі атрымалі яшчэ адзін шыкоўны падарунак — праект «Кантрабас у крузе сяброў», прэзентаваны салістам Андрэем Шынкевічам (ён, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускнік гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі па класе прафесара Мікалая Крывашэева, скончыў Hochschule музыкі і тэатра ў Мюнхене і Нюрнбергу, а цяпер з’яўляецца другім канцэртмайстрам сімфанічнага аркестра Дзяржаўнай оперы Гамбурга). Андрэй прадставіў слухачам арыгінальную праграму, сабраўшы на адной сцэне музыкантаў-выканаўцаў, сяброў і аднакласнікаў, вучняў і выпускнікоў гімназіі-каледжа. Канцэрт быў прысвечаны памяці вялікага віяланчэліста, кампазітара, навукоўца-тэкстолага Аляксандра Стагорскага і ладзіўся ў сувязі з ягоным 100-гадовым юбілеем. Выдатны рэдактар віяланчэльных сюіт Баха, Варыяцый на тэму ракако Чайкоўскага, сачыненняў Шумана, Брамса, Сен-Санса, унікальны педагог, які працяглы час працаваў у Мінску, Аляксандр Стагорскі зрабіў велізарны ўплыў на фарміраванне айчыннай выканальніцкай школы ігры на струнных.

Як жа заяўленая ідэя ўвасобілася?

У сучасным мастацтве да кантрабаса стаўленне асаблівае, шмат у чым ініцыяванае бліскучым маналогам-эсэ Патрыка Зюскінда «Кантрабас», на старонках якога можна прачытаць сапраўдную оду інструменту, яго тэмбравай прыгажосці, яго фундаментальнасці ў аркестравай вертыкалі. Аўтар захапляецца ім, асновай усёй «музычнай светабудовы», на якой узвышаецца мелодыка-гарманічнае багацце.

Жаданне адкрыць новы свет, якім уяўляецца творчасць кожнага кампазітара, пашырыць геаграфію імёнаў і ў той жа час агучыць старонкі класікі абумовілі характар праграмы, дзе арганічным кантрапунктам прагучалі творы Антоніо Вівальдзі, Франца Шуберта, Джавані Батэзіні і музыка сучасных кампазітараў-кантрабасістаў, здольных адчуваць найтонкія гукавыя вібрацыі інструмента. У гэтым шэрагу — сольная п’еса сірыйскага музыканта Франсуа Рабата «Пірэнейскі паўвостраў», якая яднае традыцыі еўрапейскай і ўсходняй культур. Выразна і драматургічна цэласна ў выкананні Андрэя Шынкевіча і Аляксандра Баравікова (фартэпіяна) прагучала «Саната 1963» амерыканскага кампазітара Франка Прота. Нараджэнне опуса было ініцыявана нярэдкай у нашай прафесійнай сферы сітуацыяй: для выпускных іспытаў маладому аўтару не хапала п’есы, і ён запоўніў гэты прагал. Аднак па сваёй мастацкай каштоўнасці твор застаўся ў гісторыі музыкі як энцыклапедыя выканальніцкіх прыёмаў ігры на інструменце, а ў стылявым плане — як сінтэз найноўшых тэхнік кампазіцыі і арыгінальнага аўтарскага стылю.

Імя яшчэ аднаго мэтра ў сучаснай кантрабасавай школе было прадстаўлена ў праекце — Фрэд Кац і яго джазавы дуэт «J&A», названы ў адпаведнасці з імёнамі першых выканаўцаў (віяланчэліст Jerome Kessler і кантрабасіст Arni Egilsson).

Гучанне зорнага неба

/i/content/pi/mast/31/527/29.jpg

Вольга Бялкоўская (скрыпка).

Шматколернасцю музычных фарбаў і адмысловымі гармоніямі поўніўся камерна-інструментальны канцэрт з цыкла «Гукі роднага краю». Па задуме аўтара праекта, кампазітара Аліны Безенсон, ён прэзентуе слухачам сачыненні, створаныя для аднаго ці групы роднасных інструментаў нашымі кампазітарамі розных пакаленняў.

У шэрагу твораў для скрыпкі, альта і віяланчэлі, якія прагучалі на вечарыне, адзначым сімвалічна шматзначную «Самотную птушку» для скрыпкі Міхаіла Васючкова (салістка Вольга Бялкоўская). Абраная кампазітарам міфалагема выклікае шэраг музычных асацыяцый і стварае адпаведны кантэкст, у якім яднаюцца філасафічнасць і элементы прыпавесці. У жанрава характэрных п’есах для альта і фартэпіяна Галіны Гарэлавай (саліст Аляксей Ермалаеў) выразна гучыць аўтарская інтанацыя, праніклівая, лірыка-філасофская, якая ўвасабляе вобразы Часу. Яна яднае зачараванасць асобным імгненнем, мудрасць традыцыі і паэзію сучаснасці. Ідэя паглыблення ў адметную семантычную прастору, «амузычвання» сакральных топасаў відавочная ў творы Аліны Безенсон «Званы разбураных храмаў» (для віяланчэлі, ударных і фартэпіяна).

Камерны цыкл «Абліччы сузор’яў» Дзмітрыя Лыбіна ўяўляе сабой своеасаблівае касмічнае вандраванне па гукавой прасторы зорнага неба. Рух ажыццяўляецца ва ўсіх напрамках, у тым ліку і ўглыб, што дазваляе апынуцца нібыта ўнутры сакральнага гучання Часу. Тым самым ствараецца адчуванне бясконцасці. У праграме вечарыны таксама прагучалі «Элегія» для струннага ансамбля Ганны Кароткінай, драматургічна шматпланавае Фартэпіяннае трыо Уладзіміра Каральчука, інтанацыйна рэльефны Струнны квартэт №1 Уладзіміра Кур’яна.

Праект «Гукі роднага краю», які прываблівае выканаўцаў розных узростаў, дазваляе адчуць панараму кампазітарскіх пошукаў, асэнсаваць нацыянальную жанравую традыцыю, не можа не ўспрымацца са знакам «плюс». Разам з тым, ён акрэслівае шэраг вострых і набалелых пытанняў пра запатрабаванасць, якасць, перспектывы...

Дзе выканаць і хто выканае?

Якім выглядае партрэт сучаснага маладога беларускага кампазітара? Якая сфера яго інтарэсаў? У якой ступені запатрабавана яго творчасць пасля заканчэння Акадэміі музыкі? Падобныя пытанні не могуць не хваляваць. Па-ранейшаму актуальнай, вострай і нават хваравітай застаецца сітуацыя, калі паміж музыкай напісанай і выкананай прасціраецца сапраўдная бездань. Яе немагчыма хоць бы часткова пераадолець, калі не адказаць на тры рытарычныя пытанні: дзе выканаць? хто выканае? для каго? Але і іх можна дэталізаваць. У якой ступені запатрабавана беларускім слухачом айчынная музыка? Ці ўспрымаецца аўдыторыяй наведванне такіх канцэртаў, як прэстыжная акцыя? Якія параметры мае сацыялагічны партрэт сучаснага слухача? Хто і калі вывучаў гэты кантынгент, яго ўзроставыя і адукацыйныя характарыстыкі? Ці падрыхтаваны слухач да ўспрымання менавіта сучаснай музыкі?

Сёння немагчыма не заўважыць і такую немалаважную праблему ў айчынным акадэмічным музычным жыцці, як адсутнасць матываванай зацікаўленасці маладых кампазітараў ва ўдзеле ў творчых праектах, якія прапануюцца вядучымі канцэртнымі і грамадскімі арганізацыямі. Агляд канцэртных праграм, дзе гучаць творы беларускіх кампазітараў, сведчыць, што іх напаўненне часам бывае досыць эклектычным. На жаль, у большасці выпадкаў праграмы падобных «зборных» канцэртаў складаюцца па прынцыпе «хто што іграе». Здараецца, адсутнічае адзіная драматургічная лінія, што прыводзіць да гукавой і стылявой стракатасці.

Згадаем адну з яркіх старонак гісторыі беларускай кампазітарскай школы — два апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Час супярэчлівы, нестабільны, але неверагодна прадуктыўны. Тады творча актыўнае пакаленне маладых кампазітараў 1980 — 90-х ладзіла штогадовыя фестывалі сучаснай музыкі, запрашала выканаўцаў і калег-кампазітараў з розных краін. Вастрыня пытанняў, пастаўленых на навуковых канферэнцыях і сімпозіумах, выклікала шматгадзінныя дыскусіі. Сёння імёны прадстаўнікоў гэтага пакалення складаюць аснову сучаснай прафесійнай кампазітарскай школы. Настальгія ўзнікае і ў сувязі з адсутнасцю хуткага і прафесійнага крытычнага слова, якое з’яўлялася б адразу пасля канцэртаў.

Але вернемся ў наш час. Варта прызнаць, што жывая цікавасць да асваення новых музычных тэрыторый у большасці маладых музыкантаў-выканаўцаў пачынае згасаць яшчэ на этапе атрымання вышэйшай адукацыі. Часцяком менавіта ад студэнтаў можна пачуць ходкія словы: «Я гэтую музыку не ведаю, не разумею, а значыць, не люблю». Два першыя «НЕ», як правіла, вызначаюць змест апошняга. З іншага боку, калі ў групах навучэнцаў дзіцячых музычных школ, гімназій, вучэльняў ладзяцца прафесійна падрыхтаваныя віктарыны, якія закранаюць сачыненні кампазітараў розных краін і разнастайных стылявых кірункаў, іх вынікі сведчаць, што ўвесь прапанаваны музычны матэрыял выдатна ўспрымаецца і пісьменна асэнсоўваецца! Нават у дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі...

Таму адчуваецца такая патрэба ў творчым імпульсе, якім былі б прасякнуты ўсе этапы навучання і станаўлення асобы. Існуе яшчэ адна абавязковая ўмова інтэнсіўнага развіцця як кампазітарскай, так і выканальніцкай школ. Адкрыты дыялог з музыкантамі суседніх дзяржаў сведчыць, што пры любых матэрыяльных умовах неабходныя найперш наяўнасць ініцыятывы, груп таленавітых энтузіястаў, здольных генерыраваць новыя ідэі.

Сёння такія сілы і ў кампазітарскай, і ў музыказнаўчай, і ў выканальніцкай сферы нацыянальнай культуры ёсць. Наспела неабходнасць стварэння творчага аб’яднання — асацыяцыі маладых кампазітараў і музыказнаўцаў. Тут маглі б нараджацца арыгінальныя творчыя праекты, актыўна развіваліся б міжнародныя сувязі. Безумоўна, важна даваць слова маладым музыкантам розных узростаў: ладзіць адкрытыя форумы, канцэрты «на зададзеную тэму», конкурсы, дыскусіі, майстар-класы. Усе гэтыя формы творчай працы стануцца тым самым электрычным зарадам, якога сёння так не хапае. І тады кожная музычная сустрэча зробіцца магутным стымулам, здольным спрыяць з’яўленню і новых таленавітых опусаў, і новых імён маладых кампазітараў і выканаўцаў.

 

Наталля Ганул