Тарас Паражняк. Пераплаўленае ў твор

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Мастак Тарас Паражняк — сведка цэлай эпохі. Для нашага мастацтва — асоба слынная, бо ён з таго «львоўскага дэсанту», які ў пачатку 60-х вызначыў новы віток развіцця беларускага прамысловага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

/i/content/pi/mast/31/525/18.jpg

Максім Багдановіч. Дэкаратыўнае блюда.Роспіс. 1996.

Тарас Мікалаевіч родам з Украіны, у чэрвені 1941-га пайшоў добраахвотнікам на фронт. Пасля заканчэння Маскоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва працаваў у Львове.

З 1965 года — у Мінску. У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце напачатку вёў спецыялізацыю «мастацкае шкло», выхаваў шмат майстроў, якія працавалі пасля на Барысаўскім і Нёманскім шклозаводах. З 1979-га па 1988-ы загадваў кафедрай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Тарас Паражняк — мастак са сваім пазнавальным почыркам. Ён аўтар і манументальных пано, і невялікіх кампазіцый, дэкаратыўных і станковых скульптур, і дасканалых ужытковых рэчаў — вазаў, келіхаў, падсвечнікаў, чайнікаў. Гэтыя ўжытковыя рэчы — вытанчаныя мастацкія аб’екты, носьбіты красы і гармоніі. Многія з іх — апавядальныя, тэматычныя. Змест гэтых аповедаў чытаеш не толькі з дапамогай дэкору, нанесенага на паверхню, але і з дапамогай формы. Лінія сілуэта можа быць мяккай і напружанай, какетлівай і ўрачыстай. Гармонія формы і дэкору стварае пазнавальны почырк майстра, які заўсёды шчодра дзяліўся з вучнямі сваімі тэхналагічнымі адкрыццямі.

На апошнюю выставу, якая падчас нашай гаворкі толькі рыхтавалася, ён прадставіў вялікую дэкаратыўную вазу з шамоту. Згарманізаваныя, мяккія формы, цёплы каларыт. З аднаго боку — выява салдата (гэткім жа маладым лейтэнантам быў калісьці і сам Тарас Мікалаевіч), шчырыя словы: «Дзякуй за жыццё». На супрацьлеглым баку вазы — маладая дзяўчына, вясна, сімвал адраджэння зямлі.

Пра перыпетыі ўласнага лёсу, пра вайну і абставіны, якія прывялі яго ў Беларусь, Тарас Мікалаевіч няспешна распавядае ў сваёй майстэрні.

Алеся Белявец

 

/i/content/pi/mast/31/525/20.jpg

Архар. Маёліка. 1963.

— На момант пачатку вайны ў мяне за плячыма былі 9 класаў. Пайшоў у ваенкамат добраахвотнікам, бо не меў яшчэ 18-ці. Паехаў вучыцца ў Харкаўскае авіяцыйнае вучылішча, схлусіўшы, што скончыў дзесяцігодку. Перад самай здачай горада курсантаў перавезлі ў Сярэднюю Азію, у Фергану, дзе я займаўся ўжо ў артылерыйскім супрацьтанкавым вучылішчы. Там жа ўпершыню наведаў студыю выяўленчага мастацтва. Удзельнічаў у баях за Сталінград. У студзені 1943 года, за тыдзень да капітуляцыі паўднёвай групіроўкі войскаў Паўлюса, быў паранены. Ампутавалі левую руку. Пасля ранення дзевяць месяцаў ляжаў у шпіталі ў Арэнбургу. Калі змог уставаць, мяне пацягнула маляваць. Аднойчы сяджу, малюю каня, падыходзіць нейкі мужчына, хваліць. Гэта аказаўся мастак з Кіева Уладзімір Касцецкі. Ён мяне падтрымаў, запрасіў у студыю, якую вёў пры шпіталі, параіў сур’ёзна вучыцца мастацтву. У мяне былі замалёўкі, партрэты параненых, што ляжалі са мной у палаце. Па абвестцы ў газеце даслаў свае малюнкі ў Маскоўскі інстытут дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва, дырэктарам якога быў Аляксандр Дайнека. Атрымаў выклік, без экзаменаў быў залічаны на першы курс і паехаў у Самарканд, дзе інстытут знаходзіўся ў эвакуацыі. Прыязджаю, а там якраз дзяжурыць знакаміты Уладзімір Фаворскі, ён і прыняў у мяне дакументы. «Памятаю, — кажа, — як адобрылі мы вашы малюнкі». У канцы снежня 1943-га інстытут вярнуўся ў Маскву. Для абароны дыплома я выканаў дэкаратыўную вазу, прысвечаную маладагвардзейцам Краснадона. Яна цяпер знаходзіцца ў музеі гэтага горада.

Па размеркаванні патрапіў разам з жонкай у Львоўскі інстытут дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва (ён быў заснаваны ў 1947 годзе). Адпрацаваў там 16 гадоў.

Чаму выбралі менавіта дэкаратыўна-прыкладное мастацтва?

— Выкладчыкі былі выдатныя! Скульптуру вяла Вера Мухіна. Аляксандр Дайнека хадзіў па майстэрнях. А калі ён, лежачы на калідоры, набіраў мазаіку «Варатар» (памятаеце такі твор з гісторыі мастацтваў?), студэнтам даводзілася цераз яго пераступаць... Жывапіс вёў Сяргей Герасімаў.

Нейкі час, праўда, хацеў перавесціся на гістарычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, бо вельмі люблю гісторыю, з дзяцінства захапляюся.

Львоўская школа істотна паўплывала на развіццё нашага мастацтва. Творцы, што сюды прыехалі — Гаўрыла Вашчанка, Аляксандр Кішчанка, Міхаіл Бяляеў, Віктар Гаўрылаў, вы, — былі сталымі майстрамі са сваім стылем, з веданнем тэхналогій дэкаратыўна-прыкладнога і манументальнага мастацтва...

— Паўплывала не толькі львоўская школа. Віктар Гаўрылаў сапраўды быў выпускніком са Львова, а мы заканчвалі іншыя ўстановы. Мастакі па шкле Людміла Мягкова і Уладзімір Мурахвер прыехалі з Ленінграда. Майстры адусюль прыязджалі. Потым ужо мясцовыя выпускнікі кафедры станавіліся выкладчыкамі і майстрамі на прамысловых заводах. І канешне ж — творцамі. Калі я пачынаў рыхтаваць мастакоў па шкле ў тэатральна-мастацкім, то стараўся грунтавацца на вытоках мясцовага шкла, на традыцыях.

Прамысловыя аб’екты ў 1960-я арыентаваліся найперш на сярэдні густ. Ці магчыма было дасягнуць кампрамісу паміж мастацтвам (якое нацэлена на стварэнне ўнікальных аб’ектаў) і вытворчасцю?

— Любы мастак, які працуе на заводзе, заўсёды марыць стварыць аўтарскую рэч. Але масавы аб’ект таксама можа быць цікавы па форме. Творца паводле сваёй прыроды заўсёды арыентаваны на стварэнне новага. Давайце звернемся да гісторыі керамікі і згадаем грэчаскія вазы — гэта рэчы надзвычай высокамастацкія. Нельга параўноўваць і супрацьпастаўляць арт-аб’екты і прамысловыя вырабы — і там, і там мастацтва. У прамысловым мастацтве працуюць форма, дэкор, тое, што эстэтычна выхоўвае чалавека. Згадаю яшчэ прыклад з гісторыі мастацтва. Рускі граф Варанцоў на дзень нараджэння жанчыны, якой сімпатызаваў, вырашыў падараваць яе партрэт. Ён заказаў яго на фарфоравым блюдзе. Майстры, праўда, знайшліся толькі ў Францыі. Сёння партрэт захоўваецца ў Стакгольмскім музеі. Граф правільна вызначыў, што гэта будзе вечны твор. Дык вось: прамысловыя заводы не толькі выпускалі посуд, яны рабілі ўнікальныя рэчы, якія сёння захоўваюцца ў музеях. Не выгараюць — у адрозненне ад жывапісу ці акварэлі.

Цяпер модна заказваць партрэт на кубку...

— Гэта будзе дэколь, масоўка, гэта — пераводная карцінка.

Мне падаецца, што галоўная небяспека канвеернай вытворчасці — вузка зразуметая ўтылітарнасць. У аб’ектах арта — форма больш змястоўная і больш, так бы мовіць, эмацыянальная. Адбываецца жывы дыялог мастака з матэрыялам.

— Ёсць даволі пашыранае меркаванне, што прыкладное мастацтва — увогуле не мастацтва. Але менавіта ДПМ найбольш блізкае да чалавека, гэта тое, з чым ён сутыкаецца штодня, і гэта тое, што падымае яго агульную культуру.

Творы старажытнай Грэцыі, што дайшлі да нашага часу, рабіліся найперш для ўжытковых мэтаў, але яны данеслі да нас сапраўднае мастацтва і выключнае майстэрства.

Дзе заканчваецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і пачынаецца дызайн?

— Масавая рэч мусіць быць функцыянальнай, а дэкор не павінен разбураць форму. Тут прынцыпы стварэння ўжытковых прадметаў агульныя — што ў дызайне, што ў ДПМ. Але мастацкі твор данясе да нас і погляды аўтара, і яго светаадчуванне...

Для мяне прыкладам росквіту мастацтваў, іх узаемасувязі, сінтэзу з’яўляюцца храмы. Там усё працавала на вобраз — і архітэктура, і скульптура, і вітраж, і музыка, і абрад, і рытуал. Якія ў гэтыя часы былі створаны ўзоры ў розных відах мастацтва! Сёння сінтэз знік, пануе эклектыка. Таму і з’яўляюцца розныя безгустоўныя рэчы, кіч.

Тэма вайны не адпускае?..

— Так, гэтая тэматыка дасюль пануе ў маіх творах. Мае «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Што мной кіравала пры стварэнні работы? Думка пра тое, што менавіта Беларусь прыняла на сябе першы ўдар вайны. Баі тут ішлі страшныя. Я некалькі разоў ездзіў у крэпасць, каб уявіць і ўзнавіць гэтыя падзеі. Вялікае пано «Партызаны» знаходзіцца ў Палацы культуры Наваполацкага нафтаперагоннага завода. Рабіў юбілейныя вазы да 40-годдзя і 50-годдзя Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Да выставы ў Палацы мастацтва, прысвечанай гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай, зрабіў вазу з шамоту.

Ці змянілася трактоўка ваеннай тэмы сёння, па меры аддалення ад непасрэдных падзей?

— Мне заўсёды падабалася, як тэму вайны вырашае Міхаіл Савіцкі. Гэта выглядае пераканальна. Маладыя мастакі спрабуюць гэтую тэму падымаць, але яны не перажылі вайну, і таму няма таго напалу і праўдзівасці ўражання... Яны могуць сімвалічна абагульніць, прапанаваць цікавыя кампазіцыйныя і каларыстычныя знаходкі. Многія творы мне падабаюцца па плямах, па фармальных знаходках. Нават толькі праз каларыт, праз абстрактную форму можна вырашыць тэму вайны і пакутаў. І пачуцці, стаўленне мастака, ідэя, усё гэта будзе прачытвацца гледачом. Тэма вайны ў мастацтве мае глыбокія карані. Напрыклад, лічу вельмі цікавым мастаком рускага творцу Верашчагіна, непасрэднага ўдзельніка руска-японскай вайны (ён і загінуў на ёй). Сёння маладыя шмат вывучаюць, яны маюць перад вачыма вялікую колькасць гатовых твораў. Нашмат важней вырашаць гэтую тэму вобразна, манументальна, каб работа ўплывала на пачуцці. А гэта цяжка, калі ты не быў непасрэдным сведкам. Ваенная тэма найперш апелюе да пачуццяў. І, канешне, яна звязана з балючымі пытаннямі ахвярнасці, пакутаў, смерці.

Мне давялося перажыць смерць. Калі ў баі пад Сталінградам на мне разарвалася міна, я нібы праглынуў цэнтр разрыву, адчуў гарачы метал і тое, як я зліваюся з зямлёй. Першая мая думка была: «Гэта канец». Але прыйшла і другая: «Як добра людзі паміраюць». Калі апрытомнеў, не мог падняцца, а сваю руку адчуваў як нейкі старонні прадмет. Рука прыняла удар на сябе.

Вось такія ўражанні на ўсё жыццё засталіся. Але я вельмі люблю прыгажосць і прыроду. Неба, першую маладую лістоту... Рыбалку люблю, калі ты нібы выпадаеш з плыні часу. Той, хто любіць прыроду, любіць і жыццё, а мастаку надзвычай важныя такія адчуванні. Я пішу краявіды. Вось на карціне —двайная вясёлка на Іслачы, у кастрычніку яе пабачыў.

Мастаку з адной рукой цяжка працаваць… А калі б міна зачапіла правую, усё роўна б спрабавалі стаць мастаком?

— Спрабаваў бы, бо яшчэ ў дзяцінстве маляваў. Cёння мне сын дапамагае, таксама мастак. Я займаўся раней вельмі тонкай працай, рабіў музычныя інструменты, нават скрыпку змайстраваў. І на ёй іграў, і на гітары. Першыя гады пасля ранення страшна перажываў, што няма рукі. Возьмеш гітару — і ніяк...

Выбраўшы мастацтва, вы пайшлі ў чымсьці наперакор лёсу?

— Яшчэ падчас навучання часта хадзіў у тэатр (нават працаваў рабочым сцэны ў тэатры Вахтангава), у Траццякоўку. І я па-сапраўднаму палюбіў мастацтва. Таму ваганняў не было. Памятаю Пергамскі алтар, які быў выстаўлены ў Піцеры, памятаю, як пабачыў Рафаэлеву мадонну...

Дух мацнейшы за цела...

-- Атрымліваецца, што так.