Ад «песні» да «рэквіема»

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Галерэя твораў Міхаіла Савіцкага

Восьмага мая ў Музеі гісторыі Мінска на вуліцы Рэвалюцыйнай адкрылася галерэя твораў Міхаіла Савіцкага. Сімвалічна, што такі падарунак горад атрымаў менавіта напярэдадні свята 65-годдзя Вялікай Перамогі. Міхаіл Савіцкі вельмі чакаў гэтай падзеі і даваў парады, дзе і як размясціць тую ці іншую карціну. Больш за 40 работ мэтра суровага стылю знаходзяцца ў шасці выставачных залах (чатыры былі аддадзены вучням і паслядоўнікам).

На адкрыцці гэтай галерэі не было доўгіх урачыстых прамоў — творчасць мастака гаварыла сама за сябе. Штамп, але — яго імя сапраўды ўпісана залатымі літарамі ў старонкі сусветнай культуры (у сваёй прамове Мікалай Апіёк назваў Савіцкага «хрыбтом выяўленчага мастацтва не толькі Савецкага Саюза, але і ўсёй Еўропы»).

Працы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, сабраны з калекцый некалькіх музеяў рэспублікі: у першую чаргу — Нацыянальнага мастацкага музея і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць тут і цыкл работ «Чорная быль», які Міхаіл Андрэевіч перадаў у дар Мінску ў лютым гэтага года.

Галерэю ўпрыгожваюць вялікія постэры з выявамі Савіцкага: Міхаіл Андрэевіч пазіруе то з тонкім пэндзлем, урачысты, то з жоўтымі яблыкамі, шчаслівы (мастацкім афармленнем галерэі займалася Алена Матросава). Залы чаргуюцца: са светлых і гулкіх, прасякнутых лірычнасцю маладосці, у якіх прадстаўлена творчасць выпускнікоў Творчых майстэрняў, мы трапляем у бардовыя, змрочныя, дзе пануюць Вайна і Чарнобыль. Атрымоўваецца ўражальная вандроўка па кантрастах: узлёт на крылах простых чалавечых радасцяў — працы, песні, прагулкі, чаяпіцця — да самых глыбінь смутку і жалю — вялікія вочы Мадоннаў, ахвяр канцлагераў, анёлаў...

У першай зале экспазіцыі прадстаўлена ранняя творчасць мастака. Тут вісіць яго дыпломная работа — цудоўная карціна «Песня» (1957). Гэта дзіўны першы крок чалавека, які скончыў інстытут імя Сурыкава і прысвяціў сваю выніковую працу не канцлагерам, не ваенным падзеям, а сваёй вёсцы Звянячы (якія б пейзажы ён ні пісаў, на іх заўсёды прысутнічаў каларыт родных мясцін). Прысвяціў песні народа, да якога належыць і духам якога жывіцца ўсё жыццё.

Экспазіцыя працягваецца заламі, у якіх прадстаўлены работы вучняў Савіцкага, навучэнцаў Творчых майстэрняў Акадэміі мастацтваў СССР (першы выпуск студэнтаў майстэрні адбыўся ў 1983 годзе). Многія з іх ужо і самі сталі знакамітымі мастакамі, дастаткова ўзгадаць Ігара Бархаткова, Уладзіміра Кожуха, Віктара Альшэўскага ці Аляксандра Ксяндзова.

У цэнтры залы, прысвечанай трагічнаму, гераічнаму цыклу «Лічбы на сэрцы» — аўтапартрэт мастака «Вязень 32815». Пэўна, няма беларуса, які б хоць раз у жыцці, на рэпрадукцыі ці ў музеі, не бачыў бы прац з гэтага цыкла: «Мадонна Біркенау», «Спяваючыя коні», «Наглядчык», «Канада», «Уцёкі», «Танец з факеламі», «SOS», «Летні тэатр» — ад карціны да карціны пераходзіш між ударамі заміраючага сэрца.

Асобная экспазіцыя склалася ў калідорах, што вядуць гледача ад залы да залы, — гэта фотагалерэя, у якой прадстаўлены розныя перыяды жыцця мастака, падзеі і выставы, сустрэчы з сябрамі-мастакамі, педагогамі-паплечнікамі, першымі выпускнікамі творчых майстэрняў. Ёсць і сапраўды псіхалагічныя фотапартрэты, на якіх гэты інтэлігентны і глыбокі чалавек раскрываецца напоўніцу.

Нечаканыя, радасныя інтанацыі — у невялічкіх залах, прысвечаных творчасці 1960— 1970-х гадоў: мірнае жыццё, нялёгкая праца, спакойны адпачынак. Ёсць тут і знакаміты «Куст руж», які мастак перапісваў некалькі разоў па просьбе жонкі.

Завяршае экспазіцыю зала «Чорнай былі» — філасофскага, сімвалічнага асэнсавання чарнобыльскай трагедыі, у цэнтры якога ўлюбёны вобраз Савіцкага — Жанчына, Мадонна з дзіцем на руках.

...Новы культурны цэнтр будзе прыцягваць і жыхароў, і гасцей сталіцы, у якіх з’явілася выдатная магчымасць блізка і падрабязна пазнаёміцца з творчасцю выбітнага беларускага класіка. Адзначым, што галерэя твораў Міхаіла Савіцкага, якая папоўніцца новымі экспанатамі, пераедзе ў будынак на плошчы Свабоды, 15 пасля завяршэння яго рэканструкцыі (так сталічныя ўлады павіншуюць мінчан напярэдадні Дня горада ў 2011 годзе).

Алена Каваленка