Эпоха ў каляровым шкле

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Вітражы ў Савеце Рэспублікі

/i/content/pi/mast/31/521/11.jpg

Аляксандр Ксяндзоў. Вітраж. Цэнтральная частка (фрагмент).

...Вітражоў з рыжскага шкла, зробленых па сярэднявечнай тэхналогіі (роспіс з абпалам у печах, свінцовая пайка з абодвух бакоў), амаль ніхто не бачыў, нават студэнты Акадэміі мастацтваў не ведалі пра іх існаванне.

Гісторыя гэтых манументальных вырабаў пачалася ў Творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР, заняткі ў якіх вёў Міхаіл Савіцкі. Пасля чатырох гадоў вучобы Віктару Альшэўскаму і Аляксандру Ксяндзову для справаздачы прапанавалі ўпрыгожыць вітражамі будынак Інстытута гісторыі партыі пры ЦК кампартыі Беларусі, у якім зараз размяшчаецца Савет Рэспублікі.

Зразумела, тэмы, якія мусілі распрацоўваць маладыя манументалісты, былі ідэалагічна вытрыманыя: першы паверх — рэвалюцыя і грамадзянская вайна, другі — партызанскі рух, Вялікая Айчынная, Перамога, трэці — развіты сацыялізм і дасягненні ў асваенні космасу.

Распачаўшы працу, Ксяндзоў з Альшэўскім ездзілі ў камандзіроўкі па мясцінах, дзе захаваліся вельмі старыя вітражы: у Вільнюс, Рыгу, Львоў, Талін. Наведвалі сярэднявечныя саборы і дамы, у якіх раней знаходзіліся купецкія гільдыі, вывучалі, звярталі ўвагу на тэхналагічныя прыёмы, рабілі слайды... Такім чынам, перад тым, як прыступіць да эскізаў, манументалісты ўжо мелі ўяўленне пра класічны вітраж і тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся для яго стварэння.

Пасля грунтоўнай падрыхтоўчай работы мастакі «падзялілі» паверхі: Віктар Альшэўскі займаўся першым, а Аляксандр Ксяндзоў — другім. Праца выконвалася на базе Літоўскага мастацкага камбіната, на якім рабілася вялізная колькасць вітражоў для ўсяго Савецкага Саюза. У Вільнюсе мастакі распісвалі шкло, рабілі абпал і мантаж.

— У нас было цікавае, непаўторнае шкло, з пузыркамі, — распавядае Аляксандр Ксяндзоў. — Калі глядзець на прасвет, бачна, як яно гуляе. Саскрэбці роспіс, аксід металу, немагчыма, бо ён вельмі моцна спякаецца (толькі ў адным месцы на «ваенным» вітражы чамусьці адслаілася фарба).

Падчас працы мастакі выкарысталі сваё тэхналагічнае «ноў-хаў»: звычайна фарба задувалася кампрэсарам ці аэрографам, а калі-нікалі мастакі карысталіся пэндзлямі, прычым бралі не простыя, а спецыяльныя, наборныя, вымалі ворс, а ўзамен устаўлялі іголкі — атрымоўваліся своеасаблівыя шчотачкі, пры дапамозе якіх наносіўся далікатны слой фарбы.

— Калі карыстацца мяккім пэндзлем, то слой сціраецца адразу, а калі «шчоткай», то застаецца дастаткова графічная фактура, — тлумачыць спадар Аляксандр. — Мы хацелі наблізіцца да ўзораў, якія бачылі ў старых саборах. Паглядзіце на палітры: якія жоўты, чырвоны, аранжавы, гама карычневых... Не ведаю, ці маюць магчымасць сённяшнія студэнты Акадэміі мадэляваць на такіх тонкіх адценнях.

Каб упрыгожыць трэці паверх і стварыць эфект зорнага неба, Ксяндзоў з Альшэўскім заказвалі спецыяльныя прэс-формы на шклозаводзе «Нёман», дзе аб’ёмныя маленькія модулі — паўсферы і пірамідкі — адліваліся вялікімі «блінамі» і складваліся ў наборы па дзесяць штук. Модулі везлі на оптыка-механічны завод, дзе ў кожнай дэталі трэба было абрэзаць і адшліфаваць краі, якія апраўляліся ў свінцовую жылу. Потым пірамідкі і паўсферы загортвалі ў паперу, як цукеркі, акуратна складвалі ў скрыню і адпраўлялі ў Вільнюс. Вітражоў з такімі дэталямі ў тыя часы не рабілі.

Праца актыўна ішла на працягу 1983— 1985 гадоў, але...

— Грымнула перабудова, стала развальвацца савецкая сістэма, не хапала фінансаў, — расказвае Аляксандр Ксяндзоў. — Працу мы спынілі, паспеўшы зрабіць два паверхі, а ад «касмічна-нябеснага» праекта захавалася ў мяне толькі невялічкая фатаграфія ў эскізнай частцы. Яшчэ ў 1985 годзе мы на энтузіязме нешта заканчвалі, але не стала ідэалагічнай устаноўкі, і ідэя паціху загінула.

Усе матэрыялы і скрыні засталіся ў Вільнюсе і, па словах Ксяндзова, «канулі ў Лету». Гаспадарчыя службы не парупіліся, не было адкрыта фінансаванне, а працягваць займацца гэтым бясплатна, на грамадскіх пачатках, мастакі не захацелі, бо трэба было аплачваць пражыванне і карміць сям’ю... У 2003 годзе выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Таццяна Папельская здолела завяршыць справу, распачатую старэйшымі таварышамі: для аздаблення трэцяга паверха яна зрабіла вітражнае акно «Подых летапісаў».

— Магчыма, зараз нашы працы выглядаюць крыху архаічна, — разважае Аляксандр Паўлавіч. — Хоць мы прыклалі ўсе намаганні, каб вітраж не стаў той ідэалагічнай «балванкай», у якую можа пераўтварыцца работа на ваенную ці рэвалюцыйную тэму. Мы імкнуліся, каб нашы творы выконвалі перш за ўсё эстэтычныя і мастацкія функцыі.

Але сапраўдны талент здольны пазбегнуць таннага пафасу і штампаў, якія асабліва небяспечныя для тых, хто шчыруе на манументалісцкай ніве.

...Парадны лесвічны марш, тры вузкія вокны вышынёй прыкладна па тры метры. На цэнтральнай частцы вітража, зробленага Аляксандрам Ксяндзовым, — Парад Перамогі на Чырвонай плошчы. На бакавых частках мастак распрацоўваў партызанскую тэму і тэму Савецкай Арміі.

Пранізанае сонцам каляровае шкло гуляе ў цені і водбліскі. У гэтым багацці колераў знайшлося месца і для зусім не вітражнага шэрага — для выяў помнікаў. Але буяюць візантыйскай раскошай кветкі і дубовыя лісты на вянках. Сонечны прамень праламляецца на ўсе колеры спектра праз вітражнае шкло. Гэты матэрыял, крохкі і далікатны, аказаўся здольным надзвычай пераканальна перадаць боль і змрочнасць на тварах, радасць Перамогі, мяккія складкі на пунсовых палотнішчах. Замест журботных абліччаў святых — выявы мацярок, што адпраўляюць сыноў-падлеткаў у партызаны, камандзіра са сцягам, вакол якога, як апосталы, згуртаваліся салдаты...

...У савецкія часы будынак Інстытута гісторыі партыі быў недаступны для свабоднага наведвання, потым яго займалі розныя арганізацыі, якія часткова перарабілі першы паверх. Так атрымалася, што выява вітража ніколі не друкавалася нават фрагментамі, так што сёння ён — сапраўдная terra incognita.

Каб надаць вітражу статус мастацкай і гістарычнай каштоўнасці, які прадугледжвае дзяржаўную ахову, неабходна ўвага экспертнай камісіі Міністэрства культуры. Патрэбны і грошы на рэстаўрацыю: дзе-нідзе патрэскаліся шкельцы, «паплылі» ці сцерліся фарбы. Будзем спадзявацца, што пасля рашэння камісіі вітраж набудзе другое жыццё.

Алена Каваленка