Рэтрарэалізм

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Вялікая Айчынная вачыма ворага — на калекцыйных фотаздымках

/i/content/pi/mast/31/520/8.jpg

Мінск. Знішчэнне помніка Леніну. 1941.

На выставе «Беларусь. Рэха вайны ў памяці пакаленняў» у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што праходзіла ў рамках праекта «У пошуках страчанага», філакартыст Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў калекцыю нямецкіх фотакартак, на якіх — зруйнаваная, скалечаная Беларусь. Фашысты спадзяваліся на перамогу, фатаграфавалі і адсылалі карткі дадому.

Цяжка вызначыць дакладна, колькі ж «аўтараў» у гэтай выставы. Ліхадзедаў называе прыкладную лічбу: больш за сорак — пры тым, што ў яго калекцыі знаходзіцца каля тысячы здымкаў. Арыгінальныя фатаграфіі, зробленыя нямецкімі салдатамі ў гады Другой сусветнай вайны, былі прывезены з Германіі. Там яны захоўваліся ў сямейных архівах былых вайскоўцаў, нашчадкі якіх цяпер пачалі прадаваць здымкі прыватным гандлярам фота, здаваць у антыкварныя і букіністычныя магазіны, выстаўляць на інтэрнэт-аўкцыёнах.

— Раней людзі збіралі сямейныя альбомы, перадавалі іх з пакалення ў пакаленне, а зараз... намагаюцца пазбавіцца, прадаюць здымкі за капейкі, — расказвае калекцыянер. — Мяняецца стаўленне да гісторыі, да культуры, сучаснікі імкнуцца зарабіць любымі спосабамі.

Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў супрацоўнічае з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўжо трэці год. Сваю калекцыю ваенных рэтравыяў ён збіраў праз інтэрнэт, у паездках, набываў у іншых калекцыянераў. У нямецкіх магазінах, якія займаюцца продажам фота, усё завалена ваеннымі здымкамі, але выяў Беларусі там няшмат. Асабліва вялікі наплыў старых фатаграфій быў 10 — 20 гадоў назад. Самыя каштоўныя экземпляры пакрысе аселі ў прыватных калекцыях. Цана здымка можа вагацца ад 1 да 200 еўра (ці нават больш). Для фатаграфіі гэта даволі дорага, але, зразумела, непараўнальна з карцінамі, за якія іншым разам плацяць мільёны.

...Падчас Першай сусветнай нямецкія вайскоўцы пісалі родным лісты, падчас Другой — адпраўлялі фотакарткі невялікага памеру: 5 х 8 або 6 х 9. Подпісы на іх складаліся з некалькіх кароткіх дзелавых радкоў: дата, месца... Гэта нават нельга назваць лістом з фронту.

Некаторыя здымкі не былі падпісаны, аднак архітэктура горада часам дазваляла вызначыць яго назву.

На выставе былі прадстаўлены адсканаваныя і павялічаныя фатаграфіі. Па словах Ліхадзедава, якасць арыгінальных здымкаў нядрэнная, але падчас Першай сусветнай яна была лепш:

— У фотапаперу дабаўлялі больш срэбра і сама папера была даражэйшая. Узгадайце фатаграфіі 60 — 70-х гадоў мінулага стагоддзя, якія рабілі нашы дзяды і бацькі ў хатніх умовах: яны жоўтыя, бо срэбра ў паперы не было. Ваенныя здымкі амаль не жаўцеюць, але з-за структуры паперы з часам пачынаюць згінацца, скручвацца.

/i/content/pi/mast/31/520/9.jpg
Полацк. Адпраўка мясцовых жыхароў на працу ў Германію. 1942
На гэтых фота мы бачым бязлітасна жорсткую, задакументаваную праўду. Абгарэлыя лёсы. Занатаваныя хвіліны вусцішу. Так было. Так было. Так было. Хроніка, раўнадушная і страшная, якую бачыш не на экране тэлевізара, не на міргаючым маніторы камп’ютэра, не на папяровых старонках прэсы, а — у музеі, узмацняе адчуванне трагедыі. Прымерваеш усю сітуацыю роўненька на сябе. Размалёўваеш фота ў звыклыя крыклівыя колеры будзённасці. І робіцца яшчэ больш жудасна. Бачыш разбураныя храмы, спаленыя хаты, няшчасных людзей, якія з нейкай надзеяй глядзяць у камеру, некаторыя нават пасміхаюцца! Так і ты мог сядзець на цючках, і ты мог высыпаць зерне з мяшка, і ты мог стаяць у шэрагу перад нямецкімі афіцэрамі, слухаючы загад аб накіраванні на працу ў шчаслівую будучыню Вялікай Германіі. І ты мог ляжаць у чыстым полі, адзін, бездапаможны, абгарэлы. Мёртвы. І свабодны. А хтосьці шчоўкнуў у гэты момант затворам фотаапарата. І боль, які пасмяротна застаўся жыць на тваім твары, і пах згарэлага жалеза, які разліваўся ў той сонечны дзень над полем, заўсёды будуць жыць пад музейным шклом.

— Калі гаварыць пра адметныя сюжэты, то такія выявы, як абгарэлы лётчык ці адпраўка мірнага насельніцтва ў Германію, сустракаюцца зрэдку, — каментуе Уладзімір Ліхадзедаў. — «Адпраўка на працу...» (Полацк,1942) — невялічкая аматарская фотасерыя, якую здымалі недалёка ад месца, дзе дыслацыраваўся чыгуначны батальён. Яшчэ — выява шыльды полацкага гета, якая прадпісвае яўрэям знаходзіцца толькі на гэтай закрытай тэрыторыі. Выбірацца ў горад ім было дазволена толькі ў пэўныя гадзіны.

Варта звярнуць увагу на бежанцаў: па іх тварах можна здагадацца, што яны яшчэ не разумеюць усёй трагедыі, не ўсведамляюць, што адбылося. Сядзяць побач з пыльнай дарогай, па якой усё едзе і едзе нямецкая ваенная тэхніка, і не ведаюць, што рабіць, куды ісці. Чырвоная Армія адступіла, іх вёску, магчыма, захапілі ці спалілі. Хтосьці босы. Людзі пакідаюць родныя мясціны, паспеўшы прыхапіць толькі пару клункаў з рэчамі — што маглі, тое ўзялі. Яшчэ адна выява бежанцаў у першыя дні вайны: яны спакойна пазіруюць нямецкаму фотааматару, жанчына нават пасміхаецца ў камеру. Як склаўся іх лёс?

З серыі рэдкіх здымкаў — «Спаленне беларускай вёскі»: на задымленае мястэчка, на палаючую хату (у якой, магчыма, знаходзяцца людзі) салдаты і афіцэры глядзяць, як на атракцыён, заклаўшы рукі за спіны. Са славутай нямецкай педантычнасцю «фоталетапісцы» здымалі ўсё. Забойствы ў тым ліку.

Любілі яны фатаграфавацца і на фоне паваленага «сімвала камунізму» — помніка Леніну, які стаяў у кожным савецкім горадзе. На здымку «Мінск. Знішчэнне помніка Леніну» (1941) вялізны манумент валяецца на зямлі, ціснучы на яе сваёй масай. А побач застылі нямецкія салдаты. Стаяць, нядбайна пазіруюць, прыжмурваюцца (сонца б’е ў вочы), шапкі набакір, каўняры расшпіленыя... Дзіўна, але на здымку прысутнічае адчуванне разгубленасці.

— Не такія ўжо яны былі і бравыя, — зазначае калекцыянер. — Напрыклад, паглядзіце на гэтых ваякаў, што шпацыруюць па Полацку: разбоўтаныя, неахайныя, рукавы формы падкасаныя... Банда, а не войска.

Некаторыя здымкі зроблены быццам бы прафесіяналам — выдатна пабудавана кампазіцыя, ёсць і сюжэт, і ўнутранае напружанне, і драма. Вось Бешанковічы: на першым плане — помнік Леніну з адарванай кісцю правай рукі, на заднім — царква без макавак-купалаў, а паміж імі, па ўсёй тэрыторыі, растуць з зямлі коміны-коміны-коміны — цагляныя напаміны пра згарэлыя хаты.

Цікавы фотаздымак «Нарыхтоўка зерня» — павялічаная прапагандысцкая паштоўка, на якой пажылыя барадатыя яўрэі з маладзечанскага гета высыпаюць зерне з мяхоў.

Дом культуры ў Давыд-Гарадку выглядае як старажытныя разваліны: калоны, сцены і крохкая цэгла.

Суцэльны ваенны «баявік» на здымку «Гродна» (1941). Аўтамабіль стаіць ля зруйнаванай падваротні: тут была бойка — магчыма, падпольшчыкі ўчынілі тэракт, бо нямецкая машына яўна ўзарваная і абстраляная.

Вось яна, праўда, сфатаграфаваная захопнікамі. Выстава «Беларусь. Рэха вайны ў памяці пакаленняў» расказвае пра яе — тым, хто не ведаў, і нагадвае — тым, хто асмеліўся забыць.

Алена Каваленка