«Лілі Марлен» для Франца і Паліны

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

«Не мой» у Купалаўскім. Думкі з нагоды

/i/content/pi/mast/31/519/7.jpg

Святлана Анікей (Паліна), Раман Падаляка (Франц).

...Чароўны голас Марлен Дзітрых спявае пра тое, што салдата з нябыту вернуць да жыцця вусны каханай, каб зноў сустрэцца ў святле ліхтара... Досыць нечакана — «Лілі Марлен» як эмацыянальная дамінанта фіналу беларускага спектакля пра вайну...

Гісторыя гэтай песні ўнікальная. Ханс Ляйп напісаў свой немудрагелісты верш у 1915 годзе, калі навабранцам у чаканні адпраўкі на фронт Першай сусветнай, атрымаўшы звальненне, блукаў па берлінскіх вуліцах, сустракаўся з дзяўчатамі і імкнуўся асабліва не думаць пра вайну. Надрукаваны ў 1937-м тэкст пад назвай «Песня маладога вартавога» трапіў на вочы спявачцы кабарэ Лале Андэрсен, якая адчула ў ім хіт і замовіла на яго музыку. Кампазітар Норберт Шульц спачатку сачыніў лірычную мелодыю, а пасля перааранжыраваў яе ў маршавым рытме.

Германскаму прапагандысцкаму ведамству песня прыйшлася не даспадобы, яе нават забаранілі як упадніцкую, «саладжавую пусцяковіну з душком мярцвячыны». Але было позна, «Лілі Марлен» набыла самастойнае жыццё. Са жніўня 1941-га яна штодня ў 21.55 гучала на хвалях франтавой радыёстанцыі, якая вяшчала на афрыканскі корпус Ромеля і, адпаведна, прымалася ў месцах дыслакацыі 8-й брытанскай арміі. Здарылася надзвычайнае — песня палюбілася салдатам варагуючых бакоў. Мелодыя распаўсюджвалася з хуткасцю вогнішча на вятру, трапляла ў акопы, казармы і шпіталі, гучала паўсюль, дзе мужчыны ў вайсковай форме, магчыма, за крок да смерці з тугой успаміналі такія простыя рэчы, як спатканне з дзяўчынай у святле ліхтара.

Немцы слухалі Лале Андэрсен, Бі-Бі-Сі трансліравала англамоўную версію ў выкананні Веры Лін (у СССР, дарэчы, спявачку параўноўвалі з Клаўдзіяй Шульжэнка). Падлічана, што «Лілі Марлен» перакладзена на сорак восем моваў, існуе і тагачасны рускі варыянт, агучаны славутай Вольгай Чэхавай. Але класічным стала выкананне Марлен Дзітрых, якая аб’ездзіла з ёй усе франты, на якіх змагаліся амерыканскія і брытанскія саюзнікі.

Цікава, што ўсе далучаныя да поспеху песні жылі доўга. Марлен Дзітрых здолела ўвасобіць вобраз часу і дагэтуль з’яўляецца эталонам стылю. Лале Андэрсен пасля вайны працягвала кар’еру спявачкі (нават заняла ў 1961 годзе першае месца на «Еўрабачанні») і напісала аўтабіяграфічны раман «У неба шмат фарбаў», паводле якога Райнер Вернер Фасбіндэр зняў кінашэдэўр «Лілі Марлен» (1980). Ханс Ляйп пражыў дзевяноста гадоў, быў паспяховым тэлежурналістам і літаратарам, ды ў гісторыю ўвайшоў адзіным вершам. Норберт Шульц як аўтар шматлікіх сачыненняў, што ўслаўлялі нацысцкую ідэалогію, быў асуджаны, але прынёс публічнае пакаянне і вярнуўся да кампазітарскай дзейнасці. Незадоўга да смерці ў 2003 годзе ён выдаў кнігу мемуараў, на старонках якой прызнаўся, што ніколі не лічыў «Лілі Марлен» творчай удачай, а незвычайная папулярнасць песні была для яго заўсёдным цяжарам...

Чаму мне падалося істотным выкласці гэтыя факты? Здавалася б, усяго толькі песенька, «папсовы шлягер», гаворачы па-сённяшняму, ды які чáсавы ахоп — цэлае стагоддзе... Мяркую, што сапраўдная гісторыя, а не версіі і трактоўкі, пішацца па канве прыватнага, уласным вопытам усвядомленага і выпакутаванага. Жыццёвыя сюжэты перадаюцца з пакалення ў пакаленне, эмацыйна афарбоўваюцца, перагукаюцца, рыфмуюцца, зліваюцца ў няспынную плынь. Так далёкае робіцца блізкім, выпадковае паўстае сімвалічным.

Гісторыя салдата гітлераўскай айзатцкаманды Франца і беларускай дзяўчыны Паліны — таксама выпадковая прыватнасць. Алесь Адамовіч напісаў аповесць «Нямко» ў 1992-м як водгук на тую непрымірымую жорсткасць, з якой вырашаліся нацыянальныя, кланавыя і палітычныя спрэчкі на абсягах нядаўна агульнай дзяржавы. Сюжэт «з мінулай вялікай вайны, з часоў фашысцкага азвярэння цэлых краін і кантынентаў» прыдаўся пісьменніку своеасаблівым доказам ад процілеглага — юнак і дзяўчо, зусім яшчэ дзеці, «здолелі пераступіць праз магутныя нацыяналістычныя і дзяржаўна-ідэалагічныя міфы, догмы і выканаць на зямлі сваю Чалавечую місію — быць братам, сястрой, быць каханнем, быць чалавекам для іншага чалавека». Так Адамовіч абгрунтоўваў слушнае пытанне: зноў пра вайну, навошта?

Адказаць на гэтае пытанне найперш мусіў і Аляксандр Гарцуеў, прымаючыся за інсцэнізацыю твора на купалаўскіх падмостках. У гісторыі нашага тэатра было шмат ваенных спектакляў, а пералічыць этапныя, натуральна, хопіць пальцаў адной рукі. І ўзнікалі яны з выразна ўсвядомленай патрэбы выказацца — маштабна, значна (напрыклад, «Трыбунал» Андрэя Макаёнка па-наватарску раскрываў тэму ў трагікамічным ключы, у «Радавых» Аляксея Дударава на трываласць выпрабоўвалася біблейскае «не забі»).

«Гэты спектакль для мяне не пра вайну, а пра каханне, — тлумачыць сваю задуму рэжысёр. — Вайна — толькі фон, жорсткія, жахлівыя абставіны, з якімі каханне мусіць змагацца. Гэта гісторыя — як “Рамэо і Джульета”, толькі ў значна большых маштабах, бо закаханыя належаць не да розных сем’яў, кланаў, як у Шэкспіра, а да варожых народаў».

Для мяне відавочна, што Аляксандр Гарцуеў удумліва прачытаў аповесць і што спектакль «Не мой» — не шараговы ў ягонай творчай біяграфіі. Пра амбіцыйнасць намераў сведчаць буйная форма відовішча, складаныя пастановачныя эфекты... Іншая справа, наколькі пераканаўчы ўласна тэатральны тэкст, які сачыніў пастаноўшчык?

Сваю задуму ён акрэслівае адразу, пэўна і катэгарычна, шэраг эпізодаў разгортваецца накшталт эфектнай кінастужкі з пазначанымі сэнсавымі блокамі. Грукат цягніка, стрэлы, выбухі... Напалоханыя людзі. Жыхары беларускай вёскі, як на дула пісталета, кінутыя немцамі на аб’ектывы фотакамеры. У натоўпе вылучаюцца асобныя постаці, абліччы... Урачыста шэры колер мундзіраў нямецкіх салдат, іх ухмылістыя твары кантрастуюць з наіўна-выразным абліччам маленькага дзіцяці, разам з бабуляй прыгнанага сфатаграфавацца для гісторыі. Гэты прыём не раз спрацоўвае цягам спектакля ў якасці неабходнага тут цэментуючага элемента. Але ў наступным эпізодзе ўпэўнена забіваецца галоўны рэжысёрскі цвік. Дзея працягваецца ў сялянскай хаце, дзе асталяваліся акупанты. Тут Кучарыха (Тамара Міронава), да самага носа захутаная ў вялізную хустку яе дачка Паліна (Святлана Анікей), сапраўдны фашыст Ота (Георгій Маляўскі) і рахманы нямецкі салдат Франц, які, па ўсім відаць, вымушана-выпадкова патрапіў на вайну. Хустка нечакана спаўзае з галавы Паліны, і не толькі Францу, але і нам, гледачам, адкрываецца яе надзвычайнае хараство. Дзяўчына працягвае хлопцу беларускі ручнік (у яго перапэцканыя рукі), і якраз у гэты момант іх маланкай працінае каханне... Дзякуючы такому пастановачнаму ходу толькі што распачаты сюжэт даводзіць нам усё і адразу. Ды толькі куды ж нам падзецца ад уласнага духоўнага вопыту, ад вялікай колькасці ўбачанага, усвядомленага, трансліраванага ў сэрца мастацкімі творамі, у тым ліку і спектаклямі пра вайну? Што ў такім разе ёсць быкаўская «Альпійская балада», шчыра і пранізліва інтэрпрэтаваная на купалаўскіх падмостках рэжысёрам Уладзімірам Савіцкім некалькі гадоў таму на мяжы чалавечага і акцёрскага адкрыцця? Пытанне ў гэтым разе рытарычнае. Бо спектакль «Не мой» пасля першага эпізоду замыкаецца сам на сабе. Ствараецца ўражанне, што ў ім проста адсутнічае драматургічны стрыжань (інсцэніроўка Алены Калюновай і Аляксандра Гарцуева), што рытмічная запаволенасць непераадольная, а кожны новы эпізод распачынаецца як новы сцэнічны твор.

Хоць па-за падобнай катэгарычнасцю і пэўнасцю апынаецца асветленая драматычнымі выбухамі работа Святланы Анікей. А галоўная — «цяжкая артылерыя» — сцэнаграфія Барыса Герлавана. Канцэнтраваная гульня колераў і рэчавых знакаў-сімвалаў, уражлівая сцэнічная трансфармацыя — тлеючыя чырвонымі вуглямі сялянскія хаты — самадастатковы спектакль у спектаклі.

Корпус мастацкіх твораў пра вайну для нас даўно з’яўляецца эстэтычнай рэальнасцю. Але ж Аляксандр Гарцуеў з прыватнай тэмай і болем у яе не прарываецца, застаючыся ў звыклай тэатральнай сістэме каардынат з распрацаванымі пастановачнымі эфектамі. І не таму, што ён проста звыкла імі карыстаецца, — але ж адпаведна ўсталяванаму спосабу сцэнічнага мыслення. Барыс Герлаван таксама існуе ў падобнай сістэме каардынат. Ды толькі для яго — гэта заўсёды натуральны працяг творчых усведамленняў, распачатых задоўга да спектакля «Не мой» і найбольш яскрава ўвасобленых у «Страсцях па Аўдзею».

Спектакль, прысвечаны купалаўцамі 65-годдзю Вялікай Перамогі, з удзячнасцю шануе памяць бацькоў. Ускласці кветкі да манумента — прыгожа і высакародна. Але ж замала для мастацкага прарыву і духоўнага адкрыцця.

Андрэй Ганчароў