Суровы стыль трагічнай эпохі

№ 5 (326) 01.05.2010 - 31.05.2010 г

Доўгіх 65 гадоў прамінула з таго пераможнага мая, калі адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны. Мастакі, што прайшлі яе дарогамі, паступова сыходзяць з жыцця, пакідаючы пасля сябе творы, што ўслаўляюць і ўвекавечваюць не столькі героіку ваеннага часу, колькі саміх аўтараў. Яны выклікаюць пачуццё асаблівай павагі як дакументы, рэліквіі, помнікі эпохі, што захавалі часцінку перажытага, маючага дачыненне да кожнага чалавека, кожнай сям’і.

/i/content/pi/mast/31/518/3-.jpg

Андрэй Дубінін. Выратуй і захавай. Алей. 2009.

Выстава «Фарбы пераможнай вясны», якая адкрылася напярэдадні 65-годдзя Перамогі ў Палацы мастацтва, была рэтраспектыўнай толькі часткова — на ёй паказваліся галоўным чынам працы апошніх гадоў, у тым ліку і творы мастакоў-ветэранаў, якім у знак павагі была адведзена асобная зала. Выстава ўспрымалася як натуральны працяг юбілейных экспазіцый удзельнікаў вайны Фёдара Бараноўскага, Іосіфа Белановіча і Івана Дмухайлы, якія праходзілі там жа на апошнім паверсе, і давала магчымасць паразважаць пра суадносіны фармальнага і зместавага, актуальнага і гістарычнага ў асэнсаванні твораў пра Вялікую Айчынную, пра ролю і месца тэмы вайны ў нашай самасвядомасці і культуры. У розных залах, але ў адзінай ідэйна-мастацкай прасторы сустрэліся некалькі пакаленняў, каб аддаць даніну гэтай тэме, якая надзвычай моцна паўплывала на вобразную сферу і сродкі выразнасці нашага мастацтва і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вызначала яго твар сярод іншых нацыянальных школ.

Многія даследчыкі канстатавалі, што комплекс уяўленняў пра Вялікую Айчынную вайну з’яўляецца найбольш значным для станаўлення сучаснай беларускай ментальнасці. Велізарная роля апошняй сусветнай вайны ў гістарычнай памяці народа ўласціва Беларусі нароўні з іншымі еўрапейскімі краінамі, у якіх сёння як ніколі моцнае імкненне да пераацэнкі ўстойлівых міфалагем. Змянілася не толькі наша краіна, але і палітычная карта Еўропы, а разам з тым гістарычныя, ідэалагічныя і эстэтычныя падыходы да мінулага. У пошуках адказу на пытанне «архаіка ці не пафас Перамогі?» усё часцей прадпрымаюцца спробы перагляду, пераасэнсавання ўяўленняў пра акупацыю, супраціў, калабарацыянізм, пра паняцці гераічнасці і ахвярнасці.

Пасля распаду Савецкага Саюза тэма вайны, якая раней уваходзіла ў спіс ідэалагічна абавязковых, аказалася на постсавецкай прасторы малазапатрабаванай. Наша мастацтва змагло і праз 65 гадоў захаваць да яе сур’ёзнае, паважлівае стаўленне. Ніводны з буйных мастакоў, чые імёны ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры (Заір Азгур, Валянцін Волкаў, Андрэй Бембель, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Міхаіл Савіцкі, Віктар Грамыка, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў, Васіль Сумараў і іншыя), не змог застацца ўбаку.

/i/content/pi/mast/31/518/3.jpg

Леанід Шчамялёў. Акупацыя. Алей. 2001.

Міфалагема вайны ў Беларусі мае сваю спецыфіку: і маштабы партызанскай барацьбы, і шырокая ўлучанасць у ваенныя дзеянні мірнага насельніцтва, і велізарная колькасць ахвяр — усё гэта вызначыла асаблівага кшталту «апантанасць вайной» нацыянальнага мастацтва, замацавала яго ідэйна-эмацыйную дамінанту — гераізацыю страт і самаахвярнасці. Гэта нараджала, як адзначалася яшчэ крытыкай савецкіх часоў, «суровыя, апаленыя вайной выявы». Ваенная эпоха — гэта цэлы вялікі свет пачуццяў і перажыванняў са сваімі сацыяльнымі, палітычнымі, псіхалагічнымі, маральна-этычнымі асаблівасцямі, і кожнае пакаленне мастакоў шукала ўласны ключ да раскрыцця гэтага свету.

Мастацтва 1940—1950-х гадоў, якое з’яўляецца кропкай адліку ў развіцці ваеннай тэмы, прынята сёння папракаць у ідэалагізацыі, лакіроўцы, залішняй пастановачнасці. Аднак, разглядаючы адпаведныя творы, не варта забываць, што гэтая, на наш цяперашні погляд, «лакіроўка» перадавала шчырыя пачуцці. З’яўляючыся адначасова і дакументам эпохі, і асабістым перажываннем мастака, і часткай агульнанароднага духоўнага ўздыму, яны могуць быць адэкватна зразуметы толькі ў гэтым адзіным кантэксце. Да літаратурнасці і інсцэніровачнасці прыводзіў сам мастацкі метад «вялікага стылю», які патрабаваў шматлікіх падрыхтоўчых эцюдаў і эскізаў, прыводзіла ўласцівая беларускай школе сацыялістычнага рэалізму ўстаноўка на дакладную перадачу натуры. Мастацтва гэтага часу было непасрэдным водгукам на падзеі. Адсюль вастрыня і ўсхваляванасць выказвання, пэўнасць намаляванага, разгорнутасць драматычнай фабулы. Хоць творы часта не дасягалі псіхалагічнай глыбіні, вядучыя мастакі пакалення знаходзілі выяўленчыя рашэнні, што вызначылі творчае даўгалецце іх прац. Класікай сталі маштабныя шматфігурныя кампазіцыі Яўгена Зайцава, Сяргея Раманава, Івана Ахрэмчыка, Валянціна Волкава, скульптурныя партрэты Заіра Азгура і Андрэя Бембеля. Немалаважную ролю ў фармаванні ваенна-патрыятычнай іканаграфіі адыгралі франтавыя малюнкі і эцюды, у якіх аўтарамі былі зафіксаваны значныя і будзённыя імгненні вайны (на выставе прадстаўлены невялікі і сціплы, але выключнай непасрэднасці эцюд Мікалая Валынца «Сталінградская бітва», датаваны 1943 годам). Ужо ў тыя гады былі выпрацаваны сюжэты і матывы, што сталі ў далейшым архетыпічнымі: трагедыя гібелі героя, супрацьстаянне, горыч страт, драматычныя калізіі бою, бедствы вайны і акупацыі, партрэты-тыпажы. Вядучае месца сярод іх заняў партызанскі эпас, які раскрываў мноства разнастайных жыццёвых, маральных і філасофскіх аспектаў вайны, шмат у чым вызначыўшы эвалюцыю беларускага мастацтва паваеннага перыяду.

/i/content/pi/mast/31/518/5.jpg

Надзея Лівенцава. Год 1941. Алей. 2009.

З цягам часу стаўленне да ваеннай тэмы пачало змяняцца. У 1960—1970-я гады з’яўляюцца іншыя матывы і акцэнты, галоўным становіцца не дакументальная дакладнасць, а асобасная афарбоўка мастацкага выказвання, раскрыццё глыбокага філасофскага сэнсу падзей, сувязі часоў, абагульненне і публіцыстычнасць. У другой палове гэтага перыяду, найбагацейшага цікавымі творамі пра вайну, развіваецца суб’ектывізм. Не ўсё тут аднолькава каштоўна, аднак несумненна, што гэты кірунак узбагаціў і пашырыў гарызонты беларускага мастацтва, і ваенна-патрыятычная тэматыка, магчыма, адыграла тут галоўную ролю. Яе з поспехам распрацоўвалі Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, Віктар Грамыка, Мікалай Назарчук, Мікалай Назаранка, Барыс Аракчэеў. Маральна акрэсленыя матывы, што амаль не сустракаліся ў творах раней, становяцца вядучымі — на палотнах паўстае драма пералому чалавечых лёсаў, расстанняў з роднымі, з якіх пачыналася паўсядзённая гераічнасць народа. Узаемапранікненне асабістага і абагульненага, сучаснага і вечнага адбілася ў драматычных кантрастах выяў, незвычайным эмацыйным ладзе твораў, рамантызацыі мінулага. Наватарскімі ў вырашэнні тэмы сталі «Партызанскае вяселле» Мая Данцыга, «Маё нараджэнне» Леаніда Шчамялёва, творы Міхаіла Савіцкага, у якіх вялікае значэнне адыгрывае асацыятыўна-жанравая аснова. З дапамогай метафар і знакаў пераўтвараюцца шараговыя падзеі, іх змест узмацняецца пластыкай, выразнасцю сілуэтаў і каларыту. Перажытае ўжо немагчыма перадаваць з дапамогай разгорнутага апавядальнага сюжэта, таму асобныя эпізоды нібы манументалізуюцца, што характэрна для прадстаўленых на юбілейнай выставе прац Фёдара Бараноўскага «Ішоў салдат, ішоў», «Коштам жыцця», якія вылучаюцца дынамікай і вастрынёй кампазіцыі, незвычайнымі ракурсамі, закліканымі ўзмацніць эмацыйнае ўражанне, спалучэннем насычанага рэалістычнага пісьма з маштабам герояў, шчыльна набліжаных да гледача.

У 1970—1980-я гады зноў абуджаецца цікавасць да дакументальных падрабязнасцей, творы некаторых мастакоў адзначаны імкненнем вярнуцца ў мінулае, адчуць яго ва ўсёй праўдзівасці (шматфігурныя кампазіцыі Івана Ціханава, Анатоля Шыбнёва, Сяргея Раманава). У гэты час Міхаіл Савіцкі стварае адзіную ў сваім родзе серыю «Лічбы на сэрцы», заснаваную на аўтабіяграфічным матэрыяле: палотны яе — не проста драматычны аповед пра выпрабаванні вайны, але напружана-экстатычны маналог удзельніка і сведкі жудасных падзей. Яго трактоўка ваеннай тэмы як трагічнага парушэння жыццёвай гармоніі рэзка вылучаецца сваёй эмацыйнасцю і сілай на фоне праграмных канонаў гістарызму, якія канчаткова сфармаваліся ў 1970-я гады.

Для многіх мастакоў, у тым ліку і для ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, з цягам часу галоўнымі ва ўвасабленні вайны становяцца звязаныя з ёй разнастайныя чалавечыя эмоцыі, што знаходзяцца па-за ідэалагічнымі рамкамі. І эмоцыі гэтыя пазбаўляюцца былой вастрыні, нібы пакрываюцца пацінай часу, вызначаюцца стрыманым сумам ці элегічным настроем. Такія працы «Салдаты», «У неўміручасць» Іосіфа Белановіча, «Вясна», «Трывожная зіма» Кіма Шастоўскага. Часта творцы звяртаюцца да тэмы «жанчына і вайна», якая шырока вар’іруецца ад сюжэтаў пра бежанцаў, самотных удоў, спустошанай зямлі да больш абагульненых, сімвалічных выяў. Напрыклад, на карціне Іосіфа Белановіча «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць» постаць маці ў жалобным шалі з дзіцем на руках асацыюецца з класічным матывам аплаквання. З лірычнай мяккасцю гэтая тэма вырашана ў адной з самых знакамітых карцін Фёдара Бараноўскага «Лазня». Жыццярадасны побытавы сюжэт, які апявае жаночую прыгажосць, стварае ашаламляльны кантраст з нечалавечымі стасункамі ваеннага часу. Пачынаючы з 1970-х гадоў усё часцей паўстаюць кампазіцыі сімвалічнага плана, у якіх тэма падаецца апасродкавана, праз людзей, прыроду, архітэктуру, прадметы (напрыклад, у «ваенным» нацюрморце Барыса Няпомняшчага «Я прайшоў па той вайне», у «Партрэце сына» Мікалая Куйчыка). Падобны падыход атрымаў шырокае распаўсюджанне і ў працах апошніх двух дзесяцігоддзяў, не дасягаючы, аднак, ранейшай глыбіні асэнсавання тэмы, а выкарыстоўваючы, хутчэй, яе вонкавую атрыбутыку. Як працяг гэтай лініі ўспрымаюцца выкананая ў завострана-мінімалістычнай манеры карціна Уладзіміра Кожуха «Стары генерал і хлопчык», пабудаваная па прынцыпе фрагментарнага кінакадра «Выратуй і захавай» Андрэя Дубініна, рэлігійна-сімвалістычныя сюжэты ў Рыгора Несцерава («Імгненні вечнасці»), Надзеі Лівенцавай («Год 1941»).

Адна з праблем сучаснай трактоўкі тэмы вайны, якая відавочна праявілася і ў апошняй экспазіцыі, у тым, што ўжо знойдзены і скарыстаны практычна ўсе вобразныя і мастацкія рашэнні. Неаднаразова звярталіся мастакі да выяўлення зла, разрухі, мужнасці і гераічнасці, перадаючы ўсё гэта знаёмымі, хрэстаматыйнымі сродкамі. Многія жывапісцы працягваюць выкарыстоўваць спадчыну савецкага батальнага жанру ў адлюстраванні ваенных эпізодаў — як на гістарычным (Уладзімір Уродніч, Міхаіл Меранкоў, Святаслаў Федарэнка), так і на сучасным матэрыяле (Генадзь Лойка, Леанід Дударанка, Уладзімір Гардзеенка, Мікалай Апіёк). Як пластычнае ўвасабленне часу захоўваецца ў жывапісе і скульптуры традыцыйны партрэт ветэрана («Партрэт бацькі» Уладзіміра Гладкова, «Партрэт Героя Савецкага Саюза палкоўніка Зотава» Мікалая Валынца, «Аднапалчанін» Уладзіміра Слінчанкі, «Партрэт пераможца» Аляксандра Батвінёнка).

Характэрна, што мастакі-ветэраны прадставілі на выставе галоўным чынам лірычныя пейзажы і нацюрморты, за выключэннем невялікіх сюжэтна-тэматычных кампазіцый скульптара Андрэя Заспіцкага. Але тэма вайны ўсё яшчэ вяртаецца да іх — то праз выбар пейзажнага матыву («Над Буйніцкім полем мірнае неба» Барыса Аракчэева), то як успаміны далёкага мінулага, што вылучаюцца пазачасавай абстрагаванасцю ці запаволенасцю дзеяння («Франтавыя дарогі» Аляксея Зінчука, «Акупацыя» Леаніда Шчамялёва, «Год 1945. З маёй біяграфіі» Мікалая Назарчука, «Слаўным разведчыкам майго палка прысвячаецца» Віктара Грамыкі).

На жаль, мы не ўбачылі на выставе прац маладых мастакоў постсавецкай эпохі. Нямногія рашаюцца звярнуцца да тэм так званага «грамадзянскага гучання», якія прадугледжваюць вялікую адказнасць аўтара. І справа тут не ў самім матэрыяле, патэнцыял якога яшчэ далёка не вычарпаны, а ў пэўным супраціўленні гэтага матэрыялу. Тэма вайны, як свайго роду соцыякультурны феномен, не патрабуе абавязковай пафаснасці мастацкай мовы. Яна заўсёды была і застаецца блізкай вечным праблемам дабра і зла, шчасця і пакутаў, жыцця і смерці, вернасці і здрады — словам, усяму таму, што і з’яўляецца фундаментальнай асновай для творчасці ў любым стылі, кірунку і матэрыяле. І наватарскае прачытанне тэмы, накшталт таго, як гэта адбылося ў беларускім мастацтве ў 1960—1970-я гады, можа з’явіцца толькі ў выніку пошукаў актуальных канцэпцый, вольнага творчага пераасэнсавання традыцыйных увасабленняў вайны. Гэты вынік будзе шмат у чым залежаць ад патрабаванняў часу, прафесійнага майстэрства і інтэлектуальнага досведу новага пакалення мастакоў.

Марына Эрэнбург