Арыстакрат і сялянка

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Фатаграфія з французскага музея

/i/content/pi/mast/30/517/57.jpg

Бенедыкт Тышкевіч. Сялянка. 1898.

У мінулым годзе культура Беларусі ўзбагацілася яшчэ адным выдатным іменем. Выстава фатаграфій нашага земляка Бенедыкта Тышкевіча ў Мінску стала магчымай дзякуючы зладжаным высілкам Беларускага грамадскага аб’яднання «Фотамастацтва», Пасольства Францыі ў Беларусі і Нацыянальнага гістарычнага музея. Цікавае паходжанне калекцыі: альбом з фатаграфіямі Тышкевіча быў куплены ў парыжскага антыквара. Сёння гэтыя 86 здымкаў захоўваюцца ў фондах музея Нісефора Ньепса ў французскім горадзе Шалон-на-Соне.

Граф Бенедыкт Тышкевіч, адзін з найадукаванейшых людзей свайго часу, больш быў вядомы як падарожнік, караблі якога пабывалі ў самых экзатычных мясцінах свету. Але, як высветлілася, ён быў і паспяховым фатографам канца ХІХ стагоддзя.

Фатаграфічныя доследы граф праводзіў і ў сваім маёнтку Вяла ў Налібоцкай пушчы. Сённяшнія руіны толькі нагадваюць пра калісьці квітнеючы аазіс на беразе ракі Іслач паміж Івянцом і Валожынам. Сам дом быў разбураны пасля 1939 года, але захаваўся гасцявы будынак з вялізнымі праёмамі вокнаў на другім паверсе. Гэтую верхнюю частку Бенедыкт Тышкевіч дабудаваў для свайго здымачнага павільёна. Фатаграфія ў той час толькі набірала моц і была справай няпростай: майстры карысталіся грувасткімі штатывамі і вялікімі камерамі, даволі складаным быў і мокра-калоідны хімічны працэс фіксацыі выявы. Неабходны былі святло, працяглыя экспазіцыі, доўгае пазіраванне. Фатографы рэдка выходзілі з павільёна, граф жа звычайна здымаў сваіх падданых. Тут патрабаваліся праўдзівасць і дакладнасць у перадачы побыту, абрадаў, касцюмаў і вобразаў. Ужо тады нейкія сцэны Бенедыкт Тышкевіч фатаграфаваў на вуліцы, некаторыя яго здымкі маюць рэпартажны характар, але многае было зафіксавана за вялікімі вокнамі на другім паверсе гасцявога дома. У тым ліку і гэты партрэт сялянкі.

Усё ўражвае ў ім: святло, пластыка, погляд, дэталі касцюма. Але найбольш — сама мадэль. Колькі ў ёй годнасці і простасці адначасова! У гэтым майстэрства аўтара. Ён нібы адчуваў, прадбачыў, што нам, нашчадкам, тое будзе цікава. І не памыліўся.

У ХХІ стагоддзі тысячы жыхароў Мінска, Гомеля і Полацка наведалі выставу знакамітага земляка. Інтарэс у кожнага быў свой. Нехта чуў пра графа ад бацькоў, кагосьці цікавілі аўтэнтычныя касцюмы — і, канешне, вабіла сама фатаграфія таго часу, які ўсё часцей называюць перыядам фатографаў-арыстакратаў. Зразумела, што работы Тышкевіча маюць этнаграфічны характар. Часам яны наіўныя — як знятыя ў павільёне бытавыя сцэны. Але гэткія ж праўдзівыя, як і ўвогуле сама старая фатаграфія — найкаштоўнейшы дакумент у пытаннях даследавання гісторыі этнасу. Працу фатографа Бенедыкта Тышкевіча на нашых землях пазней працягнулі Флеры, Ян Булгак і (ужо ў савецкі час) Леў Дашкевіч.

Асоба Бенедыкта Тышкевіча і яго работы зоймуць належнае месца ў анталогіі беларускай фатаграфіі, першы том якой з’явіцца ўжо ў гэтым годзе. Але вывучэнне творчасці майстра яшчэ патрабуе часу і высілкаў. Шмат пытанняў засталося пасля выставы. Тое, што паказаў на ёй музей Нісефора Ньепса, верагодна, не вычэрпвае ўсёй спадчыны Бенедыкта Тышкевіча. Што ён фатаграфаваў у Францыі, дзе пасля смерці жонкі жыў з 1883 года? Дзе знаходзяцца работы з выставы ў Філадэльфіі, якая адбылася ў 1876 годзе? Што са спадчыны Тышкевіча захоўваецца ў Каралеўскім замку ў Варшаве? Гэта ўсё і наша гісторыя...

Юрый Васільеў