Рэжысёр Рубінчык і яго крыптаграмы

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Яго час на «Беларусьфільме» — 1970–1980-я гады, калі ён рабіў стужкі адначасова з Віктарам Туравым, Валерыем Рыбаравым, Вячаславам Нікіфаравым, Ігарам Дабралюбавым, Леанідам Нячаевым. Гэта былі дзесяцігоддзі даволі плённага спаборніцтва розных творчых натур, кожная з якіх займала сваю нішу ў беларускім кінематографе.

/i/content/pi/mast/30/515/49.jpg

З Мікалаем Яроменкам падчас працы над фільмам "Адступнік".

Калі б Валерыю Рубінчыку давялося апынуцца ў іншай эпосе або ў іншай геаграфічнай прасторы, напэўна, ён ствараў бы выключна эстэцкія фільмы, бо імкненне да экзістэнцыяльных катэгорый — яго мастакоўская прырода. Але ў краіне сацыялістычнага рэалізму гэта не віталася, а ў галіне кінематографа, які арыентаваўся на масавыя глядацкія густы, ціск існаваў найбольшы.

У тым, што Валерый Рубінчык не зрабіўся паслухмяным вытворцам «патрэбных» стужак і не быў спісаны «за борт», ёсць нейкая нелагічнасць тых часоў. Патлумачыць гэтую акалічнасць можна хіба тым, што ён меў трывалую творчую вагу ў вачах кіраўнікоў Дзяржкіно СССР, якія, у рэшце рэшт, вызначалі палітыку ў рэспубліканскім кінематографе. Але ёсць феномен і самога рэжысёра, які ў «абавязковай» для кінастудыі тэме знаходзіў новыя ракурсы і ўзбагачаў яе пластычна-вобразнай кінамовай. А ўвогуле ў кожным фільме атрымоўвалася штосьці звыш сюжэтнай гісторыі, з’яўляліся філасафічныя сентэнцыі мастака, сугучныя настроям і роздуму сучаснікаў. Гарманічная сінкрэтычнасць — спалучэнне суб’ектыўнага светаўспрымання з тагачаснымі канонамі — гэта тое, што давала савецкаму кінарэжысёру Валерыю Рубінчыку магчымасць дыхаць паветрам мастацтва і, хоць бы ў абмежаванай прасторы, самарэалізоўвацца.

Рэакцыя на яго стужкі сярод прафесіяналаў, асабліва ў першае дзесяцігоддзе кінематаграфічнай дзейнасці, была кантрасная. Хтосьці рабіўся яго аднадумцам, а хтосьці... Вось міні-сцэнка. Дзень кіно на рэспубліканскім маладзёжным семінары ў сярэдзіне 1970-х гадоў: дыскусія пасля прагляду фільма «Вянок санетаў». «Няўжо вам не зразумела, што Рубінчык зняў наватарскі фільм?» — дзіву даваўся рэжысёр-«ленфільмавец», паслухаўшы непаважлівыя водгукі некаторых беларускіх калег пра гэтую стужку рэжысёра. Эстэтычныя знаходкі Рубінчыка раздражнялі («Бач ты, Феліні непрызнаны!»).

Яшчэ больш абвінавачванняў чулася з розных бакоў пасля «Дзікага палявання караля Стаха». Дайшло да таго, што на аглядзе-конкурсе стужак «Беларусьфільма» (па выніках 1979 года) дэманстратыўна ўзнагародзілі дыпломамі аператара-пастаноўшчыка Таццяну Логінаву і мастака-пастаноўшчыка Аляксандра Чартовіча за высокае візуальнае майстэрства, а Рубінчык застаўся нібыта ні пры чым (хоць, вядома ж, і аператар і мастак заслугоўвалі найвышэйшай ухвалы, але натхняльнікам і арганізатарам усё ж трэба лічыць рэжысёра).

Атмасферу вакол яго на «Беларусьфільме» паступова змянілі не толькі таленавітыя паплечнікі, якія лічылі за гонар працаваць разам з ім, але і тыя ўзнагароды, што ён атрымліваў на ўсесаюзных і замежных кінафестывалях, і водгукі аўтарытэтных крытыкаў па-за межамі рэспублікі, і любоў гледачоў — аматараў аўтарскага кіно (дарэчы, фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» ў СССР толькі за адзін год паглядзелі 11 мільёнаў 300 тысяч чалавек).

Валерый Рубінчык — бадай, адзіны рэжысёр на нашай кінастудыі, які ў пасляваенны час здолеў утрымацца на шляху метафарычнага кіно (чаго не змог зрабіць іншы адораны рэжысёр Валянцін Вінаградаў, які ў 1969 годзе пакінуў Мінск). Рубінчыка неаднойчы ўпікалі: маўляў, у яго форма дамінуе над зместам. Але ж ніхто іншы, як Бэртальд Брэхт, адзначыў: «Думай пра форму, змест падцягнецца». Гэта якраз пра кінематограф Валерыя Рубінчыка.

/i/content/pi/mast/30/515/51.jpg

«Магіла льва». Валянціна Шэндрыкава (Любава), Алег Відаў (Машэка).

За дваццаць гадоў ён стварыў на «Беларусьфільме» восем фільмаў, героі якіх жывуць у Расіі часоў Тургенева, у рэвалюцыйны час, у гады нэпа, у Айчынную вайну. Ён ухіляўся ад стужак на сучасную тэму, бо не хацеў крывадушнічаць. Але калі знайшоў літаратурны матэрыял, які адпавядаў яго адчуванням, паставіў паэтычную, з драматычным адценнем, кінаакварэль «Культпаход у тэатр» (1982, сцэнарый Валянціна Чарных). У стужцы ўвасобіліся выспелыя думкі і развагі рэжысёра пра тое, як мастацтва ўздзейнічае на жыццё і, наадварот, як рэальнасць прэпаруе мастацтва.

Апеляцыя да музаў у розных іпастасях — адзін з галоўных складнікаў у кінаэстэтыцы рэжысёра. Атрыбуты жывапісу, літаратурныя, тэатральныя і музычныя рэмінісцэнцыі розных эпох — гэта сюжэтыка, фактура, стылістычная асаблівасць яго стужак. Вельмі цікава было назіраць, як ён эксперыментаваў з самім кінамастацтвам. У дэбютнай стужцы Рубінчыка «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1970) ёсць і стылізацыя пад «нямое кіно», і пераўтварэнне персанажа-кінамеханіка з прасцяка ў гераічную асобу, і дэманстрацыя трукавых магчымасцей дзесятай музы.

А ўжо ў сталым узросце ён наўздагон вялікім кінематаграфістам свету — французу Франсуа Труфо, італьянцу Федэрыка Феліні, шведу Інгмару Бергману, якія ў свой час паставілі «кіно пра кіно», — стварыў карціну пра свет сваёй прафесіі і яе фанатыкаў, якія згодныя адправіцца хоць у пекла, але не могуць дыхаць без паветра здымачнай пляцоўкі (маю на ўвазе фільм «Кіно пра кіно», зроблены ў 2002 годзе ў Расіі). Вось цытата з рэцэнзіі расійскага крытыка: «...Гэта фільм пра ўсіх нас, пра мастакоў і немастакоў, пра людзей, якія не страцілі культуры, якія імкнуцца нешта рабіць і застаюцца культурнымі ў грамадстве, што абтрасае культуру, як бруд з калашын»).

У перабудовачны час Валерый Рубінчык ажыццявіў тое, да чаго таемна і відавочна імкнуўся доўгі час: зняў амаль «чысты» дэкаданс — стужку «Нелюбоў» (1991), якая адкрыла сцэнарыстку Рэнату Літвінаву і актрысу Ксенію Качаліну. У гэтым фільме прыгожая жаночая істота жыве «замарожанымі» пачуццямі і ахалоджвае эмоцыі і каханне вакол сябе. Можа, тут субліматыўна адгукнуліся тыя творчыя пакуты, якія падкідвала рэжысёру жыццё? Стужка зноў асвятліла яго постаць — як пражэктарам — ужо ў новым часе. «Я трапіў у прастору любові» — гэта яго словы. Увогуле Валерый Рубінчык будуе ўласнае творчае жыццё такім чынам, каб жыць у зоне годнасці.

 

На здымках «Дзікага палявання караля Стаха».

З Мікалаем Яроменкам падчас працы над фільмам «Адступнік».

«Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана. Тэатр-студыя кінаакцёра.

Валерый Рубінчык: «Крытэрыі, што суадносяцца з вечнасцю...»

Гутарка, якую мы вялі з рэжысёрам некалькі гадоў таму, адкрывае яго творчую лабараторыю і — хоць бы часткова — ягоны ўнутраны свет.

Валерый Давідавіч, што не дазваляла вам пераступіць рысу, за якой пачыналася прыстасаванства да савецкай сістэмы ў мастацтве?

— Пытанне складанае, амаль трагічнае. Адказаць, што гэта была мужнасць?.. Хутчэй за ўсё — інстынкт, інтуіцыя. Значыць, ёсць у чалавеку пэўныя ўнутраныя забароны, асобасныя табу. Я не мог, кажучы шчыра, пераадолець сябе, калі прапанавалі ўступіць у партыю. Хоць мой бацька быў партыйцам з 1932 года і ўгаворваў: маўляў, ты дарэмна такі ўпарты, атрымаеш званне, яшчэ нейкія выгады... Не ведаю. Можа, крытэрыі, якія суадносяцца з вечнасцю, штосьці дыктавалі...

Я і цяпер не магу пераадолець нейкую мяжу, калі размова ідзе пра творчы ўчынак. Вось, напрыклад, прапануюць сцэнарый «пра лёс бізнесмена ў Расіі». Чытаю і думаю: якая лухта, банальнасць на банальнасці, а ў жыцці ж усё дзівосна, непаўторна і індывідуальна! Новая эпоха нарадзіла новую прастору цывілізацыі. Яе патрэбна слухаць і чуць...

Усё ж такі, чым ратаваліся, каб не скруціць сабе шыю, не дайсці да дэпрэсіі? Гарэлка дапамагала?

— Я жыў вольна. Быў «вечным вандроўнікам», таму побыт мяне не ціснуў. Выпіваў, але мала. А былі тыя, каго гарэлка нішчыла, хто нажываў інфаркты, некаторых чалавечае падзенне здымала з прафесійнай дыстанцыі... Магчыма, ёсць штосьці ў маёй псіхіцы, што не дазваляла канцэнтравацца на крыўдах.

Крытыкі савецкага перыяду занеслі ў спіс лепшых стужак ваш фільм «Культпаход у тэатр», а ў гледачоў самы папулярны — «Дзікае паляванне караля Стаха». Такое ўражанне, што вы не вельмі цырымоніліся з аповесцю Уладзіміра Караткевіча...

— У «Дзікім паляванні...» адлюстраваліся пякельныя ўнутраныя праблемы — скаванасць чалавека догмамі, умоўнасцямі, якія пераўтварыліся ў страхі. Гэта іншасказ, ланцужок сноў, дзе зашыфравана тагачасная рэчаіснасць. У Караткевіча ўсё прыхавана дэтэктыўным сюжэтам. У фільме гэтай маскіроўцы надаецца менш увагі. На прэс-канферэнцыі ў Таронта крытыкі пыталіся: як вы змаглі зрабіць антытаталітарны фільм? Яго ацанілі як выклік дзікунству. Алюзіі зусім натуральныя. Я рабіў крыптаграму, якую трэба было разгадваць: што менавіта маю на ўвазе.

Доўгі час шукаў рэжысёрскі «ключ». Неяк разглядаў альбом з рэпрадукцыямі Барысава-Мусатава. Убачыў адлюстраванне сядзібы, жанчыны ў доўгай сукенцы. Назва карціны — «Здані». Тут я пляснуў рукамі. Пайшоў, паглядзеў карціну ў галерэі: так, пейзаж, сядзіба, жанчына... І раптам стала лёгка. Я ўбачыў гераіню ў двары, на лесвіцы, у інтэр’ерах. Калі напрамак зразумелы, у пэўны момант узнікае зрокавы вобраз карціны...

У аповесці Караткевіча адчуваўся магнетызм гатычнага рамана, прыцягвала блізкасць да еўрапейскай традыцыі — сядзіба, дарога, бляклыя інтэр’еры палаца, і я быў рады інтэрпрэтаваць Беларусь як еўрапейскую прастору, дзе жывыя грамадзянскія ідэі. Менавіта гэта яднае мяне з Караткевічам...

У вас абодвух прачытваецца пасланне, якое лічыцца адзінаццатым запаветам Маісея: «Не бойся!» Цікава даведацца: а сцэнарый «Культпаходу ў тэатр» вы таксама трансфармавалі?

— У Маскве існавала Цэнтральная сцэнарная студыя. Мяне ўжо ведалі як рэжысёра «Вянка санетаў» (ён атрымаў Гран-пры на Усесаюзным фестывалі і прэмію Ленінскага камсамола Беларусі), «Дзікага палявання караля Стаха», іншых фільмаў. Дык вось, у сцэнарнай студыі прачытаў маленькую анатацыю да заяўкі пад назвай «Мецэнат». Яна запала ў душу... «Культпаход у тэатр» — гэта фільм пра пошук (магчыма, марны) страчанай гармоніі ў жыцці. Падалося, што гэта чэхаўская тэма. І яшчэ: жыццё і мастацтва — злучаныя сасуды. Мастацтва сілкуе жыццё. І само прыпадае да гэтай жыватворнай крыніцы. У прасторы фільма ўзнікае вельмі сур’ёзная сацыяльная тэма шчасця і няшчасця ў савецкай светабудове...

Скажыце, у фільме «Кіно пра кіно» па сцэнарыі Анатоля Грабнёва вы адпавядаеце таму персанажу, рэжысёру, якога іграе Валерый Нікалаеў? Увогуле, вы — дэспат на здымачнай пляцоўцы?

— Цяжка сказаць. Магчыма, так і ёсць. Але не дэспат, а дыктатар. Або проста лідэр. Ва ўсялякім разе, імкнуся быць скрупулёзным і настойлівым у ажыццяўленні ідэі. Гэта асобная вялікая размова. Праца рэжысёра пакутлівая. Бо заўсёды застаецца адлегласць паміж задуманым і створаным...

Вы адчуваеце часам стомленасць ад жыцця, ад усяго, што суправаджала вас на творчым шляху?

— Гэтае пачуццё, здаецца, спадарожнічала мне ўсё жыццё! Свайго кшталту інертнасць і абломаўшчына. Прызнаюся, мне ўласціва непазбыўная туга па нерэалізаваных задумах, незадаволенасць зробленым (нават калі фільм завершаны)... Працую над рэжысёрскім сцэнарыем — часам здаецца: усё, тупік, не тое. І раптам узнікаюць нейкія ўнутраныя імпульсы...

Праца над фільмам — сама па сабе своеасаблівая псіхатэрапія. Яна дае каласальную магчымасць узаемадзеяння з навакольным светам, кантактаў з людзьмі... Робячы фільм, мы вырашаем не адну, а тысячы праблем. Твор павінен быць больш маштабным, чым яго стваральнік. Гэта яшчэ Леў Талстой заўважыў...

Ала БАБКОВА

З анкеты

Валерый Рубінчык нарадзіўся 17 красавіка 1940 года ў Мінску. Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. На «Беларусьфільме» — з 1968-га па 1987 год. З 1988-га — жыве і працуе ў Маскве.

Кіраваў творчымі майстэрнямі ў розных расійскіх вышэйшых навучальных установах. Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, прызёр усесаюзных, міжнародных і нацыянальных кінафестываляў.

У Беларусі паставіў кіна- і тэлефільмы: «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969), «Магіла льва» (1971), «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Вянок санетаў» (1976), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Культпаход у тэатр» (1982), «Адступнік» (1987), «Пейзаж з трыма купальшчыцамі» (1995, студыя «Патмас», пры ўдзеле студыі «Таццяна»), дакументальны фільм «Мастак Барыс Забораў» (1997, студыя «Таццяна»). У Тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску паставіў спектакль «Камедыя пра Лісістрату». Фільмы, знятыя ў Расіі: «Камічны палюбоўнік, або Любоўныя забавы сэра Джона Фальстафа» (1984), «Камедыя пра Лісістрату» (1989), «Нелюбоў» (1991), «Кіно пра кіно» (2002), «Нанкінскі пейзаж» (2006).