"Горад у горадзе" і Гудвін з Каліфорніі

№ 4 (325) 01.04.2010 - 00.00.0000 г

Мінск. Jazz. 2010

/i/content/pi/mast/30/512/36.jpg
Саксафаніст Мікалай Вінцкевіч.
Джаз, народжаны ХХ стагоддзем, заўсёды ўспрымаўся сімвалам новага часу. А між тым, у яго ёсць і ўласнае мінулае, і агульнапрынятая перыядызацыя, багатая на стракатую змену стыляў, і ўстойлівая класіка з «джэнтльменскім» наборам найбольш распаўсюджаных джазавых тэм ды зорным суквеццем імёнаў. Каб гэта адчувалася хай і не вельмі аддаленай, але ўсё ж гісторыяй, патрэбна сучаснасць — жывая, трапяткая, менавіта сённяшняя. Акурат яе і атрымала публіка, завітаўшы на канцэрты ХХІ Міжнароднага музычнага праекта «Мінскі джаз».

Асаблівасцю цяперашняга фэсту стала тое, што яго «джазавы квадрат» разглядаўся як акно ў будучыню: фестывальныя праграмы былі скіраваны ў ХХІ стагоддзе. Прычым тон задалі не знаныя ў джазавых колах госці, а самі гаспадары — Біг-бэнд Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з прафесарам Міхаілам Фінбергам. Многае з таго, што яны робяць, здаецца ўвогуле немагчымым у рэальнасці. А значыць — успрымаецца як сапраўднае чараўніцтва...

Чараўнік аркестравага горада

Галоўным чараўніком заўсёды быў і застаецца маэстра Фінберг. Можна толькі здагадвацца, як яму ўдаецца на працягу такога няпростага дваццацігоддзя падтрымліваць гэты фестываль, беражліва захоўваць яго традыцыі і пры гэтым увесь час адкрываць перад беларускім мастацтвам новыя далягляды.

Зразумела, вялікую дапамогу аказвае Мінгарвыканкам, які таксама неадменна выступае адным з арганізатараў свята. Але ўвесь цяжар творчага складніка, безумоўна, кладзецца на плечы музыкантаў.

Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі даўно ўжо нагадвае «горад у горадзе», выклікае асацыяцыі з самастойным жывым арганізмам, дзе наладжана бездакорная сістэма жыццезабеспячэння: кожнае з асобных падраздзяленняў працуе як гадзіннік, таму і ўвесь вялізны калектыў — кшталту добра адладжанага механізма, дзе між тым нішто не робіцца механічна — толькі «з агеньчыкам», творчым запалам.

А сам маэстра Фінберг, акрамя звыклага падчас фестывалю месцазнаходжання то за дырыжорскім пультам, то ў закуліссі, дзе пастаянна гучаць рэжысёрскія каманды, асвоіў яшчэ адно — на авансцэне, у якасці вядучага канцэртаў. І ўдалося яму гэта — бліскуча, як і ўсё, што робіць Міхаіл Якаўлевіч. Каментарыі да тых ці іншых джазавых кампазіцый былі дасціпныя, нязмушаныя і багатыя на цікавую інфармацыю пра аркестр і яго іншыя праекты, пра развіццё як беларускага, так і сусветнага джаза. У выніку вечары набылі характар хвалюючых сустрэч з музыкай і музыкантамі сам-насам, без пасрэднікаў.

Заўважана: тое ж «хваляванне душы», якое ідзе ад завадатара праекта, перадаецца ўсім, хто спрычыніўся да джазавай зімовай дамінанты. Не адзін год запар «Мінскі джаз» кватаруе ў зале Клуба імя Дзяржынскага. І яго не самая, здавалася б, дасканалая па абсталяванні сцэна набывае адметныя фестывальныя абрысы. Тэатральны мастак Веніямін Маршак апошнія гады прыдумвае ўсё больш кідкія і канцэптуальныя сцэнаграфічныя вырашэнні. Сёлета ва ўбранні сцэны максімальна канцэнтравалася лічбавая ідэя (21-ы па ліку праект, ХХІ стагоддзе, 2010 год — паўсюль «двойкі» і «адзінкі»), а таксама літарна-алфавітная: розныя варыянты напісання — «jazz» і «джаз» — успрымаліся ледзь не дыскусіяй на тэму «Сусветны джаз і нацыянальныя аспекты яго развіцця». Тым больш што галоўныя ўдзельнікі праекта, «фінбергаўцы», упершыню прадстаўлялі беларускай публіцы музыку Гардона Гудвіна.

Гудвін — новы і непрадказальны

«Казачнае» прозвішча каліфарнійскага музыканта, быццам пазычанае са знакамітага «Падарожжа ў краіну Оз» (перайначанага ў нас у «Чараўніка Смарагдавага горада»), адгукнулася папраўдзе казачнай музыкай. Прынамсі, мы такога яшчэ не чулі! У аркестры абсалютна кожны — саліст і ансамбліст найвышэйшага рангу. Таму, акрамя звыклай зладжанасці і асобных імправізацый, уся партытура насычана то імпрэсіянісцкай каларыстыкай, то незвычайнай экспрэсіяй і шалёнай энергетыкай, то элементамі мінімалізму (а ўсё разам — дзівосна гарманічнай полістылістыкай), то адмысловай драматургіяй, то зусім не ўласцівай джазу мелодыкай, рытмікай, а галоўнае — новай тэмбравай афарбоўкай. Узнікае яна шмат у чым дзякуючы мікрафоннаму падгучванню, неабходнаму ў такой музыцы для лепшай збалансаванасці аркестравых пластоў ці, наадварот, большай акрэсленасці пэўнага інструмента або групы — паказу «героя ў натоўпе», як гэта ўзнікае пры выкарыстанні буйнога плана ў кіно ці святла пражэктара ў тэатры.

Дадамо, што ўсе выкананыя аранжыроўкі былі атрыманы калектывам ад самога Гудвіна, завочнае знаёмства з якім адбылося праз Інтэрнет. Смешна думаць, што амерыканскія джазмены (той жа Гудвін, у адной асобе піяніст, саксафаніст, кампазітар, аранжыроўшчык, кіраўнік аркестра «The Big Phat Band», уладальнік трох тэлепрэмій за музыку да мультфільмаў) апантана мараць, каб да іх творчасці далучыліся беларускія выканаўцы, таму гатовы апошняе аддаць ды яшчэ і прыплаціць: толькі, маўляў, сыграйце. Але Фінберга і яго аркестр у замежжы ведаюць, дый розгалас сярод прафесіяналаў ідзе, што гэты калектыў — надзвычай высокага ўзроўню, таму яму можна смела давяраць складаныя партытуры. Іх не толькі не сапсуюць выкананнем, а інтэрпрэтуюць з творчым падыходам і любоўю. Бо абы-каму сваё дзецішча, нават за грошы, давяраць не асабліва хочацца: неадэкватнае выкананне можа дрэнна паўплываць на прафесійны імідж.

У астатнім — усё адбываецца на афіцыйным узроўні: як любіць паўтараць Міхаіл Фінберг, «па законе». Дый пасля выканання дасланых твораў іх аўтару выплачваецца прадугледжанае ў такіх выпадках узнагароджанне. Але, як кажуць, гульня гэтага каштуе: аранжыроўкі таго ж Гудвіна — фантастыка! Яны знаёмяць нас з прынцыпова новым мысленнем, а значыць, здольныя натхніць і на ўласныя пошукі ў гэтым вельмі перспектыўным кірунку.

«Мы не іграем, — паўтарае маэстра, — аранжыроўкі “мясцовага разліву”: толькі арыгінальныя, высокапрафесійныя. І калі звяртаемся да сучасных амерыканскіх аўтараў, дык выключна да адметных. Да тых, пра творчую індывідуальнасць якіх гавораць: яны, маўляў, нават аловак трымаюць не так, як усе. Але ж і сыграць такія аранжыроўкі па сілах далёка не кожнаму калектыву. Тут патрабуюцца не адзін-два добрыя музыканты, такімі павінны быць абсалютна ўсе».

Мелафон: на мове тэмбраў

На гэты раз сярод фінбергаўцаў асабліва вылучыліся мелафаністы — музыканты групы труб, якія асвоілі новы для іх (а тым больш для нашай публікі) інструмент. Эксперыменты, што вяліся ў былой Чэхаславакіі па ўдасканаленні валторны і сінтэзаванні яе з трубой, прывялі да з’яўлення мелафона. Ці ж не цуд, што цяпер гэты рэдкі інструмент, які выкарыстоўваецца пакуль толькі ў джазе, гучыць і ў нас? Ды не адзін, а адразу чатыры — суцэльнай групай!

«Такім інструментам, — распавядае Міхаіл Фінберг, — ва ўсім былым СССР валодаў толькі адзін калектыў — «ВІА-66», якім кіраваў Юрый Саульскі. Ён быў маім блізкім сябрам і, галоўнае, настаўнікам. Маючы за плячыма не толькі кансерваторскую адукацыю, але і аспірантуру, я працягваў вучыцца, найперш у музыкантаў-практыкаў: пераймаў іх вопыт, звяртаўся па парады. Акрамя Саульскага, гэта Анатоль Крол, Алег Лундстрэм, Вадзім Людвікоўскі — вядомыя расійскія музыканты вышэйшага класа. Яны першымі на савецкай і постсавецкай прасторы даведваліся пра ўсе сусветныя джазавыя і эстрадныя навінкі. Так, у калектыве Юрыя Саульскага быў мелафон, але музыканты скардзіліся, што на ім цяжка іграць. Я зацікавіўся, хацеў прыдбаць, але тады гэта было немагчыма. Мелафон быў нават не ва ўсіх знаных еўрапейскіх аркестрах, бо выраблялі яго толькі ў Чэхаславакіі — як сапраўдны рарытэт. Нарэшце, мы ўсё ж займелі мелафоны, але тагачасны склад аркестра з гэтым інструментам не справіўся. А вось цяперашнія маладыя музыканты — асвоілі. І мы з радасцю ўключаем яго ў адпаведныя канцэртныя праграмы: ён уносіць адметныя фарбы ў біг-бэндавы склад і ўсталёўвае новыя, надзіва гарманічныя суадносіны паміж групамі трамбонаў і саксафонаў».

Госцейкі даражэнькія!

Сёлета гасцямі «Мінскага джаза» сталі расійскія і амерыканскія музыканты: Аляксей Кузняцоў (гітара), Леанід Вінцкевіч (раяль), Мікалай Вінцкевіч (саксафон), Джоэл Тэйлар (ударныя), Кіп Рыд (бас-гітара). Яны прывезлі на наш фестываль праграму «Джаз без межаў», складзеную з уласных кампазіцый з апошняга альбома, запісанага ў ЗША, і рэтраспекцыі твораў Дзюка Элінгтана.

Заўважым, што знаныя госці, якіх за 20 гадоў існавання фэсту было багата, едуць звычайна не проста на канцэрт ці фестываль, а менавіта да Фінберга, па ягоным запрашэнні: спрацоўваюць і асабістыя сувязі, надзвычай актуальныя ў сферы культуры, дзе ўсе ўсіх ведаюць, і «сарафаннае радыё», якому не перашкаджаюць ніякія дзяржаўныя межы. Са многімі музыкантамі маэстра сябруе ўжо вельмі даўно. Да прыкладу, з Леанідам Вінцкевічам ён разам вучыўся ў Курскім музычным вучылішчы. Каля чатырох дзесяцігоддзяў Міхаіл Якаўлевіч сябраваў з Георгіем Гаранянам, які прыязджаў да нас летась, незадоўга да сваёй смерці. Што і казаць, без гэтага гасцявога фестывальнага складніка джазавыя святы былі б нашмат сціплейшымі, не давалі той панарамы джазавага мастацтва, пры якой дасягненні нашых музыкантаў успрымаюцца яшчэ больш значнымі.

Вы музычны «ас»? Калі ласка, у джаз!

«Лепшым джазменам года» сёлета быў названы Дзмітрый Хаменка — цудоўны джазавы піяніст, надзвычай эмацыйны, артыстычны, з вельмі фантазійнымі імправізацыямі, прыгажосцю гукавых адценняў, тонкім адчуваннем музычнай стылістыкі. За дзесяцігоддзе яго працы ў аркестры кампазіцыі калектыву ўзбагаціліся папраўдзе адметным голасам раяля, аргана, клавесіна, сінтэзатара і іх разнастайных спалучэнняў. Але пры ўсёй зменлівасці «колеру» яго ігры — якасць застаецца пастаяннай, выключна высокапрафесійнай. Як-ніяк, за плячыма музыканта — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. І хоць у гэтай навучальнай установе непасрэдна джазу, здавалася б, не надаюць спецыяльнай увагі, выхаванцы набываюць галоўнае — саму культуру выканання, шырокія мастацкія далягляды і глыбокае веданне музычна-гістарычных працэсаў. Астатняе дадаецца штодзённай самастойнай працай і, вядома, практыкай. Бо праца ў славутым аркестры Міхаіла Фінберга — найлепшы майстар-клас.

 

 

Міхаіл Фінберг: «Святкаваць і... вучыцца»

/i/content/pi/mast/30/512/37.jpg
— Фестываль — гэта свята. Але я разумею пад ім і вучобу. Дакладней — павышэнне кваліфікацыі творчага калектыву, што бярэ ўдзел у фестывальных канцэртах. Ужо само далучэнне да падобнага кшталту выступленняў вымагае ад музыкантаў, найперш, сур’ёзнай падрыхтоўкі: ты адказваеш не толькі за сябе і свой калектыў, але і за прафесійны ўзровень усяго свята, які залежыць ад кожнага з удзельнікаў. Да таго ж, сама фестывальная спецыфіка вымушае шукаць кожны год новае, тое, чым можна здзівіць спрактыкаваную публіку. Таму, падбіраючы рэпертуар да кожнага наступнага фестывалю, мы спыняемся не толькі на тых творах, якія падабаюцца нам і могуць зацікавіць слухачоў, але і на тых, якія стануць для аркестра чарговай прыступкай уверх.

Ужо сам па сабе джаз — мастацтва няпростае. Але ж як хутка ён крочыць наперад! Калі яшчэ нядаўна, у 60-я, джаз актыўна засвойвалі музыканты-аматары, дык з цяперашняй яго стылістыкай выканаўцы без грунтоўнай прафесійнай падрыхтоўкі папросту не справяцца. Уласна кажучы, гэта стала зразумелым яшчэ тады, сорак гадоў таму, калі пасля джазавага ўсплёску пачалі адзін за адным з’яўляцца іншыя эстрадныя калектывы — вакальна-інструментальныя ансамблі. Як правіла, яны ўтрымлівалі некаторыя элементы джаза, але не больш за тое. І развіваліся па спрошчаным варыянце, дзе ад джаза заставаўся хіба няўлоўны водар, а не рэальная прысутнасць. Джаз стымуляваў далейшы ўздым эстрады, але сам пайшоў сваёй дарогай, шукаючы новыя далягляды, звязаныя з усё большым павышэннем прафесійнага майстэрства і, калі хочаце, музычнага інтэлекту. Менавіта гэта мы і намагаемся паказаць на нашых фестывалях.

Апошнія гады на «Мінскім джазе» працягваем цыкл «Музыка лепшых аркестраў свету». За гэты час былі выкананы праграмы, прысвечаныя аркестрам Дзюка Элінгтана, Каунта Бэйсі, Кэйсі Джонса, іншым знаным калектывам. Кожны такі праект для нашага Біг-бэнда — своеасаблівая прыступка. У спрэсаваным выглядзе, паскоранымі тэмпамі мы спасцігаем усё, напрацаванае да нас і вакол нас, надаючы гэтаму нацыянальны элемент, шукаючы ўласны падыход. У гэтым і ёсць сутнасць развіцця мастацтва: праз вучобу да ўсё новых вяршынь.

Не забываемся і на сваіх папярэднікаў. Кожны канцэрт калектыву — гэта прамая ці ўскосная даніна памяці такім выбітным музыкантам Беларусі, як Эдзі Рознер, Юрый Бяльзацкі, Барыс Райскі, Яўген Грышман і многія іншыя. Сёння мы можам даць канцэрт джазавай музыкі, пабудаваны выключна на беларускім матэрыяле. І ён будзе нічым не горшы за амерыканскі ці еўрапейскі джаз, за музыку лепшых джазавых калектываў свету. Шкада, што не ўсе слухачы пакуль ставяцца да нацыянальнага мастацтва так, як хацелася б. Таму, зразумела, прадаваць білеты на падобныя мерапрыемствы больш складана, чым на забаўляльныя шоу. Але ёсць спадзеў, што з цягам часу сітуацыя зменіцца і такія канцэрты будуць успрымацца публікай як шыкоўны падарунак. Сапраўды, чым не маленькая сенсацыя — нечаканы джазавы ракурс асобных твораў і мелодый Юрыя Семянякі, Уладзіміра Алоўнікава, Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Дзмітрыя Смольскага і іншых знаных кампазітараў? Заўважце, усе яны — выдатныя майстры буйной музычнай формы, але кожнаму ў той ці іншай ступені ўласцівы элементы джазавага мыслення, закладзеныя на ўзроўні гармоніі, рытмікі, драматургіі, самога адчування музыкі як добра падрыхтаванай, прадуманай імправізацыі, а не проста сканструяванага механізма ці, наадварот, непадпарадкаванай стыхіі. Таму апрацоўваць іх музычны матэрыял, яшчэ больш выяўляючы ў ім «падсвядомы» джаз і пераводзячы яго ў заўважны, свядомы джазавы кірунак — адно задавальненне. Менавіта такая праца была ў свой час зроблена цудоўным музыкантам і аранжыроўшчыкам Віталём Далговым, больш за 15 гадоў ён упрыгожваў сваёй творчасцю наш рэпертуар. На жаль, яго ўжо няма з намі, ён пайшоў з жыцця, але зробленае ім застанецца.

/i/content/pi/mast/30/512/39.jpg

Піяніст Дзмітрый Хаменка — лепшы джазмен года.

Разуменне творчага ўнёску найбольш яркіх музыкантаў у развіццё джазавага мастацтва, жаданне падтрымаць іх маральна і матэрыяльна прывялі наш калектыў да заснавання прэміі «Лепшы джазмен года». Колькасць яе атрымальнікаў у розныя гады была неаднолькавай — у залежнасці не толькі ад творчага складніка, але і ад эканамічных магчымасцей. Грашовыя сумы выдаткоўваюцца не з дзяржбюджэту, а са сродкаў, заробленых самім аркестрам. Калі б фінансавае становішча было іншым, мы, магчыма, узнагародзілі б двух-трох чалавек — таленавітых, апантаных, працаздольных, не схільных да «зорнай хваробы», якая ўласціва многім дзеячам эстрады. Дзяліць жа прэмію на часткі, ператвараючы ў штосьці абсалютна сімвалічнае, таксама не хочацца. Бо яе цяперашняе фінансавае забеспячэнне — тысяча долараў — усё ж даволі адчувальнае. І ўспрымаецца як заслужанае заахвочванне, як прызнанне сапраўдных, а не ўяўных заслуг.

Скажу так: калі музыкантам становіцца лёгка іграць у аркестры, гэта значыць, што творчасць заканчваецца і застаецца хіба капіраванне. Але нават тады, калі музыкант пачынае паўтараць не чужыя, а ўласныя дасягненні, кола замыкаецца і больш не выпускае — ні наперад, ні ўверх. Хіба толькі назад і ўніз...

Больш за 20 гадоў я чакаю, калі ж пачнуць наступаць нам на пяты выпускнікі музычных навучальных устаноў, якія быццам бы спецыялізуюцца на джазе. Але ж на справе — там вучаць пераважна эстрадзе, а зусім не джазу. Так, эстрада сёння ў нас больш запатрабаваная, да таго ж яна, на маю думку, нашмат прасцей. Асабліва на тым узроўні, які існуе ў нас.

У джазе ж трэба ўвесь час пераўвасабляцца: калі канцэрты будуць падобныя адзін на другі, як дзве кроплі вады, калі яны пачнуць тыражавацца (а ў шоу-бізнесе гэта зарука фінансавага поспеху), на іх папросту перастануць хадзіць. Зрабіўшыся калісьці ініцыятарам фестывалю аматарскіх біг-бэндаў і дзіцячага свята «Спяваем з аркестрам», пазней я сам іх і закрыў. Бо заўважыў, што пачаліся паўторы, бег на месцы. Калектывы перасталі працаваць, прыязджалі з ранейшым рэпертуарам, падобныя песні гучалі і ў дзяцей. Такая сітуацыя — не на карысць культуры, і падтрымліваць яе нельга. Многае залежыць ад кіраўніка і яго пазіцыі: калі ён можа натхніць сваёй уласнай апантанасцю, дык за ім пойдуць усе, для каго музыка не абыякавая.

Надзея БУНЦЭВІЧ